«Круглы стол» часопіса «Дыялог»

На працягу некалькі апошніх гадоў запар рэдакцыя часопіса “Дыялог” праводзіць так званыя “круглыя сталы” у парафіях розных дыяцэзій і прыйшла да высновы, што сустрэчы гэтыя  – шчырыя, пажаданыя, адкрытыя – вельмі прыемная форма абмену думкамі, разважаннямі, якія выкліканы чытаннем Святога Пісання. Разам мы абмяркоўвалі тэмы Дзесяці Божых Запаведзяў, Святой Эўхарыстыі як вяршыні хрысціянскага жыцця, Прыпавесці Езуса Хрыста. Але старонкі Вечнай Кнігі – невычэрпная крыніца хрысціянскай навукі, таму працягваем вучыцца далей.

   І зноў будзем разважаць  над асобнымі  фрагментамі  са Святога Пісання, над якімі заклікаем  і вас схіліцца разам з намі…

 

 

Сапраўдная любоў не хлусіць

 

 

Найбольшая запаведзь

 

Калі фарысеі пачулі, што Езус прымусіў замоўкнуць садукеяў, яны сабраліся разам. І адзін з іх,кніжнік, выпрабоўваючы Яго, спытаўся: «Настаўнік, якая запаведзь найбольшая ў Законе?». Езус адказаў яму: “Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёй душой тваёй, і ўсім розумам тваім”. Гэта найбольшая і першая  запаведзь. Другая ж — падобная да яе: “Любі бліжняга твайго, як самога сябе”. На гэтых дзвюх запаведзях  грунтуецца ўвесь Закон і Прарокі».   (Мц 22, 34-40).

 

 

 f-str-17У парафіі Святога Станіслава Косткі ў Ваўкавыску вернікі, сабраныя за “круглым сталом”, разважалі над урыўкам “Найбольшая запаведзь” з Евангелля Св. Мацвея. У пасяджэнні прымалі ўдзел: Яніна Каскевіч, Тэрэса Пячко, Станіслаў Радзівонік, Ірэна Рудая, Ганна Бязносік, Святлана Мурончык, Марыя Гатковіч. Вядучай была катэхетка Жана Вераціла.

 

 

Вядучая:

Будзем разважаць сёння з вамі пра самае светлае і стваральнае пачуццёлюбоў. Згадзіцеся, мы так прызвычаіліся да гэтага слова (менавіта да слова, а не зместу яго), што нават не заўважаем, як хлусіць, не саромеючыся, які-небудзь спявак са сцэны, калі, скончыўшы спяваць, гукае ў мікрафон: “Я вас люблю!”. Словы ласкаюць слых, зала пляскае ў далоні, настрой у яе быццам добры, але што ў гэты момант у глыбіні сэрцаі  спевака, і слухачоў? Пра якую любоў тут  рэч?

Звернемся да ўрыўка. “Якая запаведзь найбольшая ў Законе?”, – спытаў кніжнік ў Езуса. Езус адказаў: “Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёй душой тваёй, і ўсім розумам тваім”. Таму кожны з нас павінен час ад часу задаваць сабе пытанне: “А ці выконваю я гэтую запаведзь? Што яна азначае і ў чым праяўляецца?”.

 

Святлана  Мурончык:

– Гэта азначае цалкам прысвяціць сябе Богу, па Слову Ягонаму жыць, Ягонае Слова распаўсюджваць і быць перакананым  у  яго  непераможнай сіле. Не казаць, што “я адданы Богу”, што “я люблю Бога”, што “кожны дзень малюся рана, удзень і ўвечары”. Мы ўсе молімся, усе просім Яго аб дапамозе ў розных справах, становімся перад Ім на калені, каб сцвердзіць аб сваёй пакоры Яго волі…А пасля адварочваемся, каб з кімсьці не прывітацца, або пачынаем цікавіцца гараскопамі, прыслухоўвацца да забабонаў… І нешта з гэтага ў нашай галаве адкладваецца… Дык якая гэта вера ў Бога? Калі ты адданы Богу, адзіна Яму давяраеш свой лёс, свае думкі, сумненні, ахвяруеш сябе і свае звычайныя жыццёвыя клопаты і праблемы, то што табе да тых махлярскіх гараскопаў?

Мы – людзі грэшныя, няма тых, каторыя ніколі не грашылі. І праз тое, што мы адчуваем гэтую сваю грэшнасць, а таксама праз тое, што любім Бога ўсёй душой, мы і будзем шукаць з Ім сустрэчы, каб ісці да Яго са шчырай споведдзю, з рахункам сумлення, бо ведаем, што Бог міласэрны, усіх нас любіць, адпусціць нашыя грахі, і мы адчуем палёгку. Калі наша душа будзе чыстай, тады яна зможа напоўніцца сапраўднаю любоўю да Бога і адчуе любоў Бога да чалавека. Гэта ўзаемаабагачальны працэс. Калі чалавек будзе адракацца ад кожнага граху, ад усялякага зла, якое перашкаджае любіць Бога ўсім сэрцам, менавіта такое яго стаўленне, такія паводзіны і будуць праяўленнем любові да Бога ўсім сэрцам, усёю душою і ўсім розумам. Такое маё бачанне і адчуванне.

 

Яніна Каскевіч:

– Успамінаю, як аднойчы ў касцёле, у перыяд, калі настрой у мяне быў зусім не аптымістычны, прыйшла да галавы малітва: “Пане Езу, зрабі мяне прыладаю Тваёй любові, адкрый ва мне сэрца жывое, а душу – чыстую”. Гэта здарылася падчас 40-гадзінных чуванняў перад Святым Сакрамэнтам. Пасля я раздумвала: чаму менавіта такая малітва і чаму менавіта ў тую пару, калі стан душы быў сапраўды моцна цяжкі, упадніцкі? І як зрабіць сэрца жывым, адкрытым на любоў Бога? Каб душа была чыстая, Святы Дух напоўніў бы яе сапраўднаю любоўю, але як гэтага дабіцца? Мы лічым, што любім Бога, у той жа час сэрца нашае нейкае нежывое; Пан Бог любіць нас іншаю, глыбіннаю любоўю. Пане Божа, дапамажы навучыцца Тваёй любові, каб любілі мы Цябе так, як любіш нас Ты! Другая частка Найбольшай запаведзі – “Любі бліжняга твайго, як самога сябе”. А як у жыцці? Наш бліжні, бывае, такое ўтворыць, што цяжка вытрымаць, успыхваеш, як спічка, і эмоцыі прарываюцца наружу, словы з вуснаў ляцяць непатрэбныя… І зноў прыходзіць хвіліна роздуму: а Бог любіць мяне такую ж, як і той, на каго абразілася… Бо і я бываю нястрыманаю, слабаю…

 

Святлана Мурончык:f-str-18

– Нам трэба вярнуцца да пачатку: Бог стварыў Сусвет з любові да ўсяго наваколля, у тым ліку – да чалавека. І не было ў гэтым акце ніякай карысці. А сёння любоў стала карыснай, на жаль. Людзі прызнаюцца часам у любові адзін да аднаго, адначасова пытаючыся: “А ты мяне любіш?”. Гучыць быццам патрабаванне: маўляў, я то цябе люблю, але што я буду з гэтага мець? Няма той любові, якою любіць нас Пан, не навучыліся мы так любіць…

 

Тэрэса Пячко:

– Ёсць добрая прымаўка ў народзе: “Без Бога – ні да парога”. Здаецца, няма патрэбы тлумачыць яе сэнс – зразумела. І трэба, каб Бог заўсёды быў на першым месцы. Калі Ён у тваім сэрцы – не будзе ніякіх праблем. Мы хочам, мы імкнемся любіць Бога, але ў нас не заўсёды атрымліваецца. Трэба працаваць над сабою, над сваім сэрцам, маліцца да Духа Святога, да Бога Айца, каб Ён паказаў нам наш грэх, нашыя правіны, бо, як тут казалі, Бог намі апякуецца, любіць усіх нас аднолькава, нам прабачае, сваім словам папярэджвае кожны наш крок. І ў касцёл мы не павінны хадзіць, бо “трэба”, а павінны пры-слухоўвацца, што падказвае сэрца. Моцна шчаслівы той, хто прагне атрымаць Езуса ў Святым Сакрамэнце, парадавацца таму, што ў гэтую хвіліну ён з Богам яднаецца… А той, хто сапраўды Бога любіць, не будзе абвяшчаць пра гэта ўсяму свету – ён любіць моўчкі.

 

Святлана Мурончык:

– Сапраўды, любоў – пачуццё, якое патрабуе цішыні. Чалавек, які любіць Бога, не будзе аб гэтым гаварыць, але ён не будзе красці, не будзе нікога абгаворваць, не будзе прыносіць шкоду іншым людзям і бліжняга таксама будзе любіць моўчкі.

 

Вядучая:

– “Усім сэрцам тваім, і ўсёй душой тваёй, і ўсім розумам тваім…”. Так, нельга любіць Бога напалавіну. Калі твая любоў шчырая, ты прыходзіш у касцёл з поўным любові сэрцам, з трапяткім пачуццем, бо ведаеш, да Каго прыйшоў: Яму ты можаш даверыць усё, у цябе няма ад Яго ніякіх сакрэтаў, цалкам яднаешся з Богам і просіш у Яго дапамогі. І Бог цябе бачыць, і Ён радуецца сустрэчы з табою, таму з храма выходзіш – узрадаваны, напоўнены Святым Духам Божым. Выраз “усім сэрцам тваім, і ўсёй душой тваёй, і ўсім розумам тваім…” азначае таксама выкананне Яго Святой волі. Усе нашыя дзеянні павінны адпавядаць волі Божай, а з гэтым бывае складаней, таму што складаней нам волю Божую распазнаць.

 

Святлана Мурончык:

– Сапраўды, гэта самае складанае. Гардыня, якая жыве ў чалавеку, не дазваляе праявіць пакору, згоду, перашкаджае кантакту і дыялогу з Богам, і як вынік – не дае прыняць Яго волю, дайходзіць да канфлікту з Богам. У нашай малітоўнай групе ёсць жанчына, якая моцна хварэе. Напачатку моцна цярпела, прасіла ацалення, перажывала, а пасля сказала Богу: “Няхай будзе воля Твая!”. Адчула палёгку ад таго, што змагла Богу даверыцца і прамовіць гэтыя словы! Пры-зналася мне: “Як гэта важна – сказаць Богу!”. 

 

Яніна Каскевіч:

– Канечне, мы заўсёды просім Бога аб тым, чаго хочам самі і што самі лічым неабходным, але ўсё ў жыцці адбываецца па волі Божай. Болей таго, Касцёл навучае, што Бог лепей ведае, што патрэбна чалавеку ў дадзены момант, пасылае нам выпрабаванні, каб узмацніць нашу веру, і ў гэтым праяўляецца Яго любоў да кожнага з нас. У мяне быў такі цяжкі перыяд, калі з жыцця адыходзіла мама, і я штодня прасіла ў сваіх малітвах: “Пане Божа, зрабі так, як хочаш Ты, і як лепей ёй!”. Мама адыйшла, мы моцна цярпелі ад гэтай страты, а Бог прадаўжаў падтрымліваць нас, пасылаючы многа розных нечаканых і радасных дробязей. Я падумала, што ў звычайных абставінах я гэтага, можа, і не заўважыла б; зноў жа – на ўсё воля Божая.

 

Святлана Мурончык:

– Прыкладам прысвячэння сябе Богу цалкам і бездакорнага выканання Яго волі быў, святой памяці наш пробашч ксёндз Алег Дуль. Крыж ксяндза Алега не быў лёгкім, але нёс ён яго з вялікай адданасцю Богу. Можна толькі ўявіць сабе, колькі складанасцей пераадольвае той, хто, не маючы добрага фізічнага здароўя, будуе храм. На ўсе складанасці і цяжкасці ў нашага пробашча быў адзін адказ: “На ўсё – воля Божая!”. Пабудаваў прыгожы храм, стварыў духоўны касцёл і такую цёплую атмасферу! Вакол ксяндза Алега гуртавалася моладзь, дзеці, навяртанне перажывалі людзі дарослыя. А колькі пілігрымак па святых мясцінах ажыццявілі мы дзякуючы нашаму пробашчу!

 

Тэрэса Пячко:

–  Тое, што ксёндз Алег любіў людзей і быў заўсёды на іх адкрыты, я адчула на сабе. Памятаю, як прыйшла ў храм першы раз, для мяне гэта была новая парафія, але адразу сустрэла прыязнасць святара, яго дабразычлівасць, далікатнасць і давер. Чатыры гады, як   з жыцця адышоў (па чалавечых мерках, рана, у 47 гадоў), але мы лічым, што ён з намі. Прыносім кветкі, падыходзім да магілы (пахаваны каля касцёла),  молімся.

 

Вядучая:

– Бог ёсць Любоў і нас Ён любіць без умоваў, а калі пасылае выпрабаванні, значыць –  дапамагае нам расці духоўна. Галоўнае – адкрывацца  на  Яго волю.

 

Станіслаў  Радзівонік:

– Згаджаюся  з  тым, што адкрываць  сэрца на Бога неабходна і як найхутчэй, бо ёсць іншая сіла, раўназначная, якая можа падсцерагаць чалавека, чакаць яго, каб пасля адарваць  ад Бога. Я маю ўжо нямала гадоў, але працую. Калі бывае  цяжка, памалюся Ружанец, Каронку  да Божай Міласэрнасці – адкуль толькі сіла пасля бярэцца! А з  тою  сілаю,  якая  чыніць перашкоды людзям на шляху да Бога, трэба змагацца, інакш загубім не адно пакаленне. У нас ёсць Галава, Розум, імя якога – Айцец. “У імя Айца…”

 

Яніна Каскевіч:

– Мая  сястра  журналіст, працуе ў газеце і вядзе рубрыку “Моя деревенька”. І калі пытае ў вяскоўцаў, што дапамагло ім пражыць разам  у  шлюбе пяцьдзесят ці болей гадоў, літаральна ўсе адказваюць: “Шкадавалі адзін аднаго”. “Шкадавалі” азначае “праяўлялі міласць адзін да аднаго, апекава-ліся, любілі”, а любоў – пачуццё у пэўным сэнсе ахвярнае, патрабуе жыць дзеля другога чалавека, прысвячаць  яму  свой асабісты час, цеплыню сэрца. І спагадаць яму, і падказваць яму, і ашча-джаць яго… Карацей кажучы, ахвярная любоў – дарога да святасці.

 

 Святлана  Мурончык:

– На мой погляд, першае, што неабходна, калі гаворым “палюбі бліжняга свайго”,– умець прабачаць яму. Бо, калі няма прабачэння, паяўляецца крыўда, злосць, нянавісць – якасці, моцна разрушальныя. І прабачыць таксама бывае цяжка, асабліва, калі ты робіш дабро, а цябе не разумеюць, ды за гэта яшчэ асуджаюць. У такіх выпадках на прабачэнне, па людскіх мерках, няма сілы, і толькі Слова Божае здольнае дапамагчы табе. Езус навучае нас прабачаць і маліцца, маліцца за ворагаў нашых, за тых, хто нас глыбока абразіў, параніў. Калі так будзем паступаць, Бог напоўніць нашыя сэрцы любоўю.

 

Тэрэса Пячко:

– У Евангеллі ад Св. Мацвея ёсць вельмі добрая для ўсіх падказка: “Ідзі спачатку  памірыся з братам сваім”… 

 

Вядучая:

– З жыцця ведаем, што любіць бліжняга нам зразумела і проста, калі гэты бліжні з’яўляецца тваім родным. Складаней – калі  гэта сусед, калега на працы, настаўнік  у  школе для вучня і г.д.

 

Яніна Каскевіч:

На здымку (злева направа): вядучая Жана Вераціла з удзельнікамі пасяджэння Марыяй Гатковіч, Янінай Каскевіч, Святланай Мурончык, Ірэнай Рудой, Ганнай Бязносік, Тэрэсай Пячко і Станіславам Радзівонікам.

На здымку (злева направа): вядучая Жана Вераціла з удзельнікамі пасяджэння Марыяй Гатковіч, Янінай Каскевіч, Святланай Мурончык, Ірэнай Рудой, Ганнай Бязносік, Тэрэсай Пячко і Станіславам Радзівонікам.

– На маю думку, любоў да бліжняга праяўляецца ўжо тады, калі мы абыходзімся з ім  далікатна, некаторыя іх дзеянні не заўважаем, не акцэнціруем увагу, каб не выставіць гэтага бліжняга на асмяянне, не зрабіць з яго дзівака ці пасмешышча.

 

Вядучая:

– Напрыканцы зноў вернемся да выразу: “Любі бліжняга твайго, як самога сябе”. А як трэба  любіць сябе? Ці ўдаецца нам гэта? Многія наогул лічаць, што любіць сябе – тое самае, што быць эгаістам, што гэта прыкра і непрыгожа, што любіць па-трэбна толькі іншых. Канечне, патрэбна! Патрэбна ўмець у кожным чалавеку – знаёмы табе ён ці не – убачыць Езуса Хрыста і не адварочвацца, а паставіць сябе на месца таго, каго напаткала бяда, як кажуць, падкласці пад яго свае рукі, дапамагчы. Але, аддаючы ўсяго сябе іншым, можна самому згарэць, як свечка. І што будзе  пасля? Мы павінны ахвяраваць сябе людзям, але і думаць пра сябе, пра сваё здароўе, не перакрочыць мяжу адносінаў, за якой наступае бессэнсоўнасць, страта паўнавартаснасці сваёй асабістасці. Бог патрабуе ад нас разумнай, шчырай і роўнай любові як да сябе, так і да тых, хто з намі побач.

 

 

 Запісала Раіса СУШКО.

Здымкі  Карнэлія  КОНСЭКА, SVD

Гродзенская вобласць


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий