«Круглы стол» часопіса «Дыялог»

На працягу некалькі апошніх гадоў запар рэдакцыя часопіса “Дыялог” праводзіць так званыя “круглыя сталы” у парафіях розных дыяцэзій і прыйшла да высновы, што сустрэчы гэтыя  – шчырыя, пажаданыя, адкрытыя – вельмі прыемная форма абмену думкамі, разважаннямі, якія выкліканы чытаннем Святога Пісання. Разам мы абмяркоўвалі тэмы Дзесяці Божых Запаведзяў, Святой Эўхарыстыі як вяршыні хрысціянскага жыцця, Прыпавесці Езуса Хрыста. Але старонкі Вечнай Кнігі – невычэрпная крыніца хрысціянскай навукі, таму працягваем вучыцца далей.

   І зноў будзем разважаць  над асобнымі  фрагментамі  са Святога Пісання, над якімі заклікаем  і вас схіліцца разам з намі…

 

 

Да Каго звяртаемся

 

 

Малітва

 І калі молішся, не будзь, як  крывадушнікі. Бо яны любяць маліцца, стоячы ў сінагогах і на рагах вуліц, каб паказацца перад людзьмі. Сапраўды кажу вам: яны атрымліваюць сваю ўзнагароду. Ты, калі молішся, увайдзі ў пакой  свой і, зачыніўшы дзверы, маліся да Айца  твайго, які ў таемнасці. А твой  Айцец, які бачыць патаемнае, аддасць табе. Калі моліцеся, не гаварыце шмат, як язычнікі, бо яны  думаюць, што ў мнагаслоўі сваім будуць пачутыя.Не будзьце ж падобнымі да іх, бо ведае Айцец ваш, у чым вы маеце патрэбу, раней, чым вы папросіце ў Яго    (Мц 22, 34-40).

 

 

f-str-17У парафіі Божай Міласэрнасці на Вішняўцы ў Гродне адбыўся “круглы стол”, дзе вернікі засяродзіліся над урыўкам “Малітва” з Евангелля Св. Мацвея. У разважаннях прымалі ўдзел парафіяне Андрэй Дзяшкевіч, Ірына Дашкевіч, Тарэса Канюшок, Ірына Купрыйчук, Станіслава Белахвостава, Марына Наумовіч, Тарэса Грыгаровіч, Надзея, Вацлава Панасюк, Леакадзія Богдан і с. Дарота. Вядучым быў вікарый парафіі а. Аляксандр Пятліцкі, SCI.

 

 Вядучы:

– Мае дарагія, шосты раздзел Евангелля ад Св. Мацвея вучыць нас уласцівай паставе вучняў да практык рэлігійных і дабротаў матэрыяльных. Пан Езус кіруе слова да сваіх апосталаў і заклікае: не збірайце сабе скарбы на зямлі – збірайце ў Небе! Паўтараецца гэтая формула праз увесь шосты раздзел. Прыярытэт заўсёды кла-дзецца ў бок Неба. Тое ж і з малітвай. Малітва служыць таму, каб здабываць пабожнасць. Каб здабываць пабожнасць не дзеля пахвалы іншых, вучні павінны рабіць справядлівыя чыны ў цішыні і ва ўкрыцці, каб Бог, Які ва ўкрыцці, узнагародзіў іх скарбам нябесным. Езус перасцерагае сваіх вучняў, каб не рабілі пабожнасці, якая больш падобна да «паказухі». Адначасова кожны з нас павінен таксама даваць сведчанне сваёй веры. Зараз паразважаем: як спалучыць асабістае вызнанне веры і апавяданне пра Хрыста і пры гэтым, каб мая малітва была добрай і ціхай? Якія ў вас думкі наконт гэтага?

 

Андрэй Дзяшкевіч:

– Калі я толькі пачынаў хадзіць у касцёл, мяне здзіўляла, а можа, нават крыху раздражняла: я стаю, ціха малюся, а побач са мною нехта голасна моліцца, паўтарае за святаром… І я думаў: во, паказвае, што ён пабожны, што ведае лепей за ўсіх … А пасля, калі стаў хадзіць у храм рэгулярна і перажываць святую Імшу як высокую духоўную падзею, мая пастава да ўсяго, што адбываецца падчас службы, карэнным чынам змянілася, зразумеў, што і маліцца ўголас, і спяваць, калі ў цябе гэта добра атрымоўваецца, – гэта нармальна. Калі святар звяртаецца з пытаннем або заклікам да ўсіх, хто прыйшоў, то і адказваць яму трэба голасна, а не шаптаць. І цяпер ужо сам за сабою заўважаю: побач са мною стаяць людзі ціха, а мяне, пэўна, ужо добра чутна… Ці не падобны часам я да фарысея? Але думку гэтую адганяю… І малюся аб тым, каб усе, хто побач, таксама маліліся чутна.f-str-18

 

Ірына Дашкевіч:

– Прызнаюся, што гэтую частку Евангелля ўспамінаю амаль кожны дзень, калі еду ў аўтобусе і малюся Ружанец. Часам заўважаю на сабе чыйсьці погляд, пачынаю ацэньваць сябе з “іх” боку: во якая “дама”, паказвае, што моліцца… А я нікому нічога не імкнуся паказваць… Трымаю ружанец і далей малюся ў сваёй інтэнцыі.

 

Тарэса Канюшок:

– А мне гэта ўсё напамінае наогул нашыя людскія прывычкі і паводзіны. Чаму размаўляць па ма-більніку не сорамна – у любым месцы, амаль пры любых акалічнасцях, на розныя тэмы, а маліцца на ружанцы нязручна?.. Мы прызвычаіліся яго нават крыху прыхоўваць… Але не, старэйшыя людзі не прыхоўваюць, наадварот, трымаюць у руках, моляцца, і гэта цудоўна! Я часам бачу сваіх парафіян з ружанцамі на вуліцы…

 

Вядучы:

– Шаноўныя, у старажытнасці – і ў юдаізме, і ў раннім хрысціянстве – малітва публічная, малітва стоячы заўсёды мела вартасць, вызнаванне веры было чымсьці натуральным, нармальным. І ў гэтым урыўку Пан Езус, гаворачы пра тых, што стаяць “у сінагогах і на рагах вуліц”, перасцерагае апосталаў ад «паказухі». Ён не патапляе ані месца, ані форму, а гаворыць пра сам падыход да малітвы, пра інтэнцыю. Дарэчы, я ўспамінаю, калі быў у навіцыяце і перажываў ігнацыянскія рэкалекцыі, айцец езуіт сказаў, што медытацыю, таксама малітву, разважанне на тэму Пана Бога і Яго спраў можна рабіць нават лёжачы. Для мяне гэта быў шок! А пазней наконт гэтага я сустрэў выказванні Святога Ігнацыя, які казаў, што малітва павінна быць тая, якая больш адпавядае вашаму целу. Ці можаце сказаць, хоць пытанне гэта можа больш асабістае, якая вашая любімая форма малітвы – стоячы, седзячы, кленчачы, на вуліцы ці ў нейкім сваім ціхім куточку? Як клерыкі, мы вельмі любілі маліцца, напрыклад, у парку…

 

Ірына Купрыйчук:

– У мяне быў такі перыяд, калі я ўзяла сабе за пастанову маліцца Пампейскай  навэннай. Садзілася ў машыну, ехала ў лес і там малілася. Я ўсё выканала, як трэба, але пасля вырашыла маліцца больш кароткімі малітвамі. Лічу, што не мае значэння, якою па працягласці малітвай молішся, – кароткаю, за хвіліну, ці доўгаю, у некалькі частак, навэннаю –  важна, каб была яна ад сэрца. Я малюся ў залежнасці ад умоваў, ад сітуацыі, і дома, і ў дарозе, і на працы – ружанчык заўсёды пры сабе. Але, здаецца, што дома найзручней: перад абразом Божай Міласэрнасці, са свечкай, на каленях…

 

Вядучы:

– Так, Пан Езус не забараняў разнастайныя формы малітвы – апекаваўся інтэнцыямі, прагненнямі сэрцаў сваіх вучняў. Усе вы ведаеце, што ў нас у касцёле таксама ёсць малітвы, падчас якіх усе стаяць, кленчаць, сядзяць…  А ці асабіста ў вас ёсць малітвы, ці ёсць час, у які вы моліцеся, якія б адпавядалі, як казаў Святы Ігнацый, вашаму целу, словам, калі вы адчуваеце сябе камфортна?

 

Станіслава Самахвалава:

– Я вельмі люблю маліцца ранкам, яшчэ ў ложку, прачынаюся – і адразу малюся ўсе тыя малітвы, якія прызначыла сабе да адгаворвання ў гэты час. З гэтага пачынаецца дзень, адразу адчуваю палёгку, бадзёрасць, узнёслы настрой. А вечарам маліцца мне значна цяжэй, не магу сканцэнтрыравацца на малітве. Бывае, пачынаю маліцца Каронку да Божай Міласэрнасці, а перайду да Ружанца. Тады вяртаюся і пачынаю “Каронку” ад пачатку зноў…

 

Марына Наумовіч:

– Я таксама прачынаюся і адразу малюся кароткімі малітвамі, з закрытымі вачыма – так мне лягчэй сканцэнтрыравацца. Пасля збіраюся на працу і пакуль даеду – адгавару  і Каронку да Божай Міласэрнасці і Ружанец. У аўтобусе не хаваюся, а чаму павінна хавацца? У нас абсалютная большасць насельніцтва веруючыя, ходзяць у касцёлы, у цэрквы, на Вербную нядзелю ўсе публічна ходзяць з вербачкамі…Дык ад каго хавацца? Лічу, наадварот: калі ты шчыра веруючы, то і малітва твая, і сведчанне тваё павінны быць адкрытымі, ад сэрца.

 

Тарэса Грыгаровіч:

– Я практыкавала розныя формы малітвы, як была маладзейшая: найчасцей – малітва на каленях, калі ў сэрцы жаль, скруха, перажыванне… Цяпер на каленях не магу, таму прыспасобілася маліцца лежма, абы толькі сон не змарыў…

 

Вядучы:

– Шаноўныя, трэба ўясніць для сябе адну вельмі важную рэч. У гэтым урыўку Евангелля Езус крытыкуе не формы, не месца, дзе маліліся людзі, а матывы пабожных габрэяў, бо ёсць ма-літва, якая заносіць прагненні верніка да Пана Бога, у якую ён укладвае сваю душу, а ёсць, на жаль, і карыкатура малітвы, якая ставіць за мэту здабыванне нейкага аўтарытэту або нейкіх дабротаў зямных. Кніжнікі і фарысеі маліліся, каб іх заўважылі, каб іх хвалілі. Але ёсць малітва, адрасатам якой з’яўляецца Сам Бог. Гэтая ма-літва – ўяўленне Пана Бога перад сабой, да Якога звяртаюся беспасрэдна, Якога беспасрэдна бачу і ў Якога прашу дапамогі. Езус даў нам прыклады такой малітвы, калі маліўся сам-на-сам з Богам: і тады, калі выбіраў апосталаў (Ён цэлую ноч праводзіць на малітве), і перад тым, як ідзе на муку… Ён мае Бога Айца як адрасата перад сабой, але не робіць «паказухі». Нам патрэбна вучыцца маліцца, каб не затануць у пуста-слоўі, і засяроджвацца не на ўласных памкненнях, а мець Пана Бога перад сабой, Які ведае нашыя прагненні. А зараз пытанне: пра што я прашу на малітве? Ці з’яўляецца мая малітва размовай з Панам Богам ці толькі заспакойваннем сваіх просьбаў?

 

Тарэса Грыгаровіч:

– Перакананая, што наша ма-літва залежыць ад многіх фактараў: ад абставін, ад акружэння, ад таго, чым занятыя на гэты момант думкі, і гэта складае матыў. Напрыклад, мае дзеці паехалі на адпачынак, далёка, уяўляю, як праводзяць яны там свой час, і прашу Бога аб тым, каб яны глыбей пазнавалі свет і тую прыгажосць, якую зараз там назіраюць, разумелі, адкуль яна і хто Створца паўсюднай зямной прыгажосці. Мне здаецца, што малітву перажываю глыбока, аднак заўважала таксама, што, калі я моцна замучаная, то на такое перажыванне нестае сілы…А мае любімыя малітвы – Ружанец і Гадзінкі.

 

Надзея:

– Хачу вярнуцца да пытання наконт малітвы публічнай. Канечне, калі молімся супольна ў касцёле (а гэта таксама публічна) – адна справа, і зусім іншая, калі ў аўтобусе, на вуліцы, яшчэ ў якім-небудзь грамадскім месцы. Але, па-першае, я маю такі маленькі ружанчык, што хаваць яго няма патрэбы, ніхто яго не бачыць, па-другое, бывала так многа раз, што я ішла па вуліцы, трымала ў руках ружанец і нават ўзмахвала ім – такі ўзнёслы стан духу мела на той час. І з гэтым так: калі маліцца мне будзе нязручна, калі я толькі буду думаць аб тым, што нехта назірае за мною, ці насмяхаецца, я прыму рашэнне памаліцца крыху пазней, у іншы час, у іншым месцы, дзе мне нішто не перашкаджае і не перакрэслівае матыў маёй малітвы.

 

Вядучы:

   –У сваіх малітвах людзі просяць аб здароўі, аб іншых па-трэбных ласках, аб матэрыяльных дабротах, але пытанне ў іншым: ці з’яўляецца гэтая малітва – падкрэслім яшчэ раз – размоваю з Панам Богам ці толькі выпрошваннем таго, чаго самым хочацца. Ці ёсць давер Пану Богу да такой ступені, што нават калі просіш, пасля ўсё ж скажаш: “Пане Божа, я прашу, але хоць мне будзе цяжка, няўтульна, я перш прыму волю Тваю”. Бо так бывае, што Міласэрны Бог, ведаючы нашыя патрэбы, дае  адразу чалавеку тое, што гэтаму чалавеку па-трэбна ў першую чаргу, а не тое, аб чым ён прасіў на малітве…

 

Андрэй Дзяшкевіч:

– У мяне была такая гісторыя, што я адышоў ад касцёла, а пасля, перажыўшы шмат чаго, – вярнуўся ў супольнасць і доўгі час маліўся толькі за сябе. Мне патрэбна было прабачыць сабе, палюбіць сябе, адмовіцца, між іншым, ад курэння. Маліўся за розныя дробязі і зараз разумею, што таксама быў падобны да фарысея – вялікія грахі замоўчваць, а каяцца толькі ў тым, што ў пятніцу з’еў мяса … А праз пэўны час, калі я сапраўды ачысціў сваё сумленне, вярнуўся “да сябе”, прабачыў сабе (Бог, у сілу сваёй бясконцай Міласэрнасці, прабачае нам адразу), я навучыўся глыбока перажываць малітву. Цяпер малюся за іншых, малюся так шчыра і так многа, што ўжо ад гэтага адчуваю ў сабе палёгку, хоць у такія моманты абсалютна забываю пра сябе.

 

Вацлава Панасюк:

– Павінна прызнацца, што адразу мая малітва была як абавязак, які трэба было выконваць. Памятаю, як ксёндз даў нам Святое Пісанне і сказаў: “Каб чыталі! Бо як не будзеце чытаць, то кнігі я вам не дам”. “Ну як гэта не будзем чытаць, – адказала я, – будзем!”. Прачытала, і што – зразумела? Не, адразу не зразумела, але гэта было ўжо вельмі даўно. Маё пакаленне было адкінута ад веры; да духоўнасці кожны павінен быў ісці сваім шляхам. Дзякаваць Богу, час змяніўся, прыйшла ахвота маліцца і прыйшло разуменне сутнасці малітвы: перш за ўсё – гэта ўшанаванне Пана Бога, падзяка Пану Богу, а мы найчасцей усё просім, просім… Трэба зразумець, што, нават калі просім, павінны быць прыгатаваны прыняць волю Божую, а не тое, што самі сабе вызначылі і прыдумалі.

На здымку: айцец Аляксандр Пятліцкі (з левага боку на заднім плане) з удзельнікамі пасяджэння.

На здымку: айцец Аляксандр Пятліцкі (з левага боку на заднім плане) з удзельнікамі пасяджэння.

 

Леакадзія Богдан:

– Напачатку і мая малітва напамінала хутчэй абавязак, чым па-трэбу сэрца. Але, пасталеўшы, прачытала такія фразы: “Шукаю Цябе, Пане”, “Шчаслівы той чалавек шчаслівага роду, які ад маладых гадоў служыць Пану Богу!”. Падумала: канечне, шчаслівы! Зараз жыву ў роднай вёсцы, у касцёл еду роварам за некалькі кіламетраў кожны дзень, такая мая ахвяра. Ранкам памалюся, падзякую за ўсё Богу і цэлы дзень працую: падтрымліваць парадак, прапалоць, абкасіць – усё сама. Вечарам, калі ўся праца скончана і ўжо цямнее, выходжу з хаты, саджуся на лаўку, у небе запальваюцца зорачкі, а я ўглядаюся ў іх, быццам кагосьці шукаю. У гэты момант наступае асаблівая атмасфера малітвы ў цішыні – размаўляю з Марыяй, з Езусам, з Айцом Нябесным, малюся за памерлых, за жывых – і такая сапраўдная асалода ахутвае мяне! У памерлых прашу дапамогі, і яна – прыходзіць! У гэта, відаць, цяжка паверыць, але я адчуваю гэта і сведчу аб гэтым. Есць у мяне і іншая практыка малітвы за памерлых. Восенню цэлы тыдзень ездзіла на могілкі вечарамі, пасля св. Імшы, і малілася за кожнага роднага. А пасля, ужо пакідаючы могілкі, стана-вілася каля брамы і малілася за ўсіх там пахаваных. Тады зноў на ровар – і дамоў. І так мне лёгка ехаць, быццам на крылах лячу, а ўсё ж такі сем  кіламетраў…

 

Вядучы:

– Шаноўныя, і малітва публічная, і малітва ва ўкрыцці, у цішыні – гэта благаслаўлёны час размовы з Панам Богам; важна, каб яна была шчырая і каб галоўнай яе мэтаю і галоўным яе сродкам быў Бог. Калі я прашу Пана Бога аб дапамозе, Ён можа так пакіраваць маім жыццём, што я зраблю рэчы, аб якіх ніколі і не ўяўляў сабе, што зрабіць магу. Галоўнае ва ўсіх малітвах – каб Пан Бог быў нашай мэтай, нашым галоўным матывам. Бо калі не Бог, то да каго мы звяртаемся?

 

 

Запісала Раіса СУШКО.

Здымкі  Карнэлія  КОНСЭКА, SVD

г. Гродна.


 

 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий