«Круглы стол» часопіса «Дыялог»

На працягу некалькі апошніх гадоў запар рэдакцыя часопіса “Дыялог” праводзіць так званыя “круглыя сталы” у парафіях розных дыяцэзій і прыйшла да высновы, што сустрэчы гэтыя  – шчырыя, пажаданыя, адкрытыя – вельмі прыемная форма абмену думкамі, разважаннямі, якія выкліканы чытаннем Святога Пісання. Разам мы абмяркоўвалі тэмы Дзесяці Божых Запаведзяў, Святой Эўхарыстыі як вяршыні хрысціянскага жыцця, Прыпавесці Езуса Хрыста. Але старонкі Вечнай Кнігі – невычэрпная крыніца хрысціянскай навукі, таму працягваем вучыцца далей.

   І далей  будзем разважаць  над асобнымі  фрагментамі  са Святога Пісання, над якімі заклікаем  і вас схіліцца разам з намі…

 

 

 

Каб не нажыць духоўнага паралічу

 

 

 

Аздараўленне паралізаванага

 

Аднойчы, калі Езус навучаў, былі там фарысеі і кніжнікі, якія прыйшлі з усіх вёсак Галілеі і Юдэі і з Ерузалема. І моц Пана была з Ім, каб мог аздараўляць. І вось людзі прынеслі на ложы паралізаванага чалавека, і спрабавалі ўнесці яго ў дом, каб пакласці перад Ім. А калі праз натоўп не змаглі пранесці яго, залезлі на дах дома і праз страху спусцілі яго з насілкамі на сярэдзіну перад Езусам. Убачыўшы іх веру, Ён сказаў: «Чалавеча, адпускаюцца табе грахі твае». А кніжнікі і фарысеі пачалі разважаць, кажучы: «Хто ён такі, што блюзнерыць? Хто можа адпускаць грахі, калі не сам Бог?». Пазнаўшы іх думкі, Езус сказаў ім у адказ: «Як думаеце ў сэрцах вашых? Што лягчэй? Сказаць: “Адпускаюцца табе грахі твае”, ці сказаць: “Устань і хадзі”? Але каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае ўладу на зямлі адпускаць грахі». І сказаў паралізаванаму: «Кажу табе: устань, вазьмі насілкі свае і ідзі да дому свайго». Той адразу, устаўшы перад імі, узяў тое, на чым ляжаў, і пайшоў да свайго дому, славячы Бога. Жах ахапіў усіх, яны славілі Бога і, напоўненыя страхам, казалі: «Дзіўнае мы бачылі сёння».   (Лк 5, 17-26).

 

 

 

f-str-17У парафіі Св. Юзафа ў Ляхавічах сабраныя за “круглым сталом” разважалі над урыўкам “Аздараўленне паралізаванага” з Евангелля Св. Лукі. У пасяджэнні прымалі удзел  Ірына Панфіла, Ірына Баўтрукевіч, Ганна Касперовіч, Марына Завадская, Алена Маліхтаровіч, Жанна Місько, пробашч парафіі кс. Станіслаў Маленькі. Вядучым быў кс. вікарый Аляксандр ФЯДОТАЎ.

 

 

Вядучы:

– Шаноўныя, запрашаю вас паразважаць над вельмі цікавым урыўкам з Евангелля. Скажыце, калі ласка, якое самае першае ўражанне ад прачытанага, што вас адразу найболей уразіла, здзівіла, ці выклікала пытанні. Асабіста мяне ўразіў дах. Як моцна матываваныя былі людзі, якія прынеслі на насілках паралізаванага, каб Езус аздаравіў яго. І якая моцная была іх вера, што яны ні перад чым не застанавіліся, каб толькі дайсці да Езуса – праз дах! Для мяне гэта вельмі пераканаўчы факт. У мяне гэта ўзбуджае станоўчыя пачуцці: маўляў, ідзём да канца, каб толькі дапамагчы сябру.

 

Ірына Баўтрукевіч:

– А ў мяне першая думка – аб грахоўнасці чалавека. Праз нашыя грахі прыходзяць да нас хваробы і няўдачы. Гэты паралізаваны быў моцна хворы, не мог нават гаварыць, маўчаў, значыць, у яго было многа грахоў. І каб яго аздаравіць, адразу трэба было адпусціць яму грахі. Ведаем па сабе і блізкіх: калі чалавек захварэе – куды адразу бяжыць? Да Бога.

 

Ірына Панфіла:

– А я разумею інакш. Душа важней за цела, яна вечна жыве, а цела – часова. Таму ў першую чаргу трэба адпусціць грэх, ачысціць душу.

 

Алена Маліхтаровіч:f-str-18

– Тут прысутнічае яшчэ і моцная “лінія” сяброўства. Праз старанні сяброў, іх шчырае жаданне дапамагчы гэтаму хвораму, праз працу дасягаецца тое пажаданае, да чаго яны імкнуліся. А ў першую чаргу – праз веру. Езус убачыў веру ўсіх чацвярых, а не толькі хворага, і адпусціў грахі ляжачаму. І ў гэтым наогул логіка і плён працы: і матэрыяльныя даброты, і духоўнае ўзрастанне прыходзяць да нас толькі ў выніку працы.  Не будзем працаваць над сабою, над сваім унутраным светам – не будзем мець у сэрцы Езуса.

 

Марына Завадская:

– У гэтым урыўку бачу для сябе вельмі важную выснову: на самой справе не трэба чагосьці бязмерна многа зрабіць, каб атрымаць Божую ласку, любоў і дапамогу. Дастаткова паставіць перад сабою мэту і ісці да яе, і ў гэтым Бог табе заўсёды дапаможа, будзе ісці табе насустрач.

 

Кс. Станіслаў:

– Сябры гэтага паралізаванага не проста яго любілі і спачувалі, а любілі моцна, таму і прынеслі яго да Езуса, пачуўшы, што Ён аздараўляе, праз пэўныя цяжкасці. Натоўп быў вялікі, мноства народу прыйшло з усіх мясцовасцей, яны не маглі нават праціснуцца ў  памяшканне, рызыкнулі разабраць дах і праз яго апусціць хворага…Любоў, толькі любоў падштурхоўвала іх.

 

Вядучы:

– Дзякую, вы агучылі свае першыя пачуцці, якія выкліканыя такім беглым чытаннем. А цяпер папрашу прачытаць па чарзе, асобна кожны верш па парадку і па магчымасці застанавіцца болей падрабязна на яго сэнсе і дадаць свой каментар.

 

Кс. Станіслаў:

– Застанаўлюся на першым вершы урыўка. З Евангелля ведаем, што вестка аб тым, што Езус ходзіць і навучае ў сінагогах і іншых месцах, прапаведвае Евангелле і аздараўляе хворых, хутка распаўсюджвалася, і за Ім хадзілі цэлыя натоўпы  простых людзей.  Фарысеі і кніжнікі з Галілеі, Юдэі, Ерузалема, якія лічылі сябе самымі адукаванымі знаўцамі і блізкімі да Бога, прыйшлі таксама паслухаць Езуса і ўстрывожыліся: хто ён такі, што ён блюзнерыць? Яны  баяліся, што людзі пойдуць за Ім. Але не ведалі яны, што “моц Пана была з Ім, каб мог аздараўляць”.

 

Марына Завадская:

– З наступных вершаў урыўка дазнаёмся, што з-за вялікага натоўпу людзей, якія прысутнічалі на сустрэчы з Езусам, тыя, што прынеслі паралізаванага, не маглі нават праціснуцца і шукалі выйсця з сітуацыі; іншымі словамі – шукалі шлях да Езуса.

 

Алена Маліхтаровіч:

– Так, вось гэтая цытата: “А калі праз натоўп не змаглі  пранесці яго, залезлі на дах дома і праз страху спусцілі яго з насілкамі на сярэдзіну перад Езусам”. Чытаючы гістарычную літаратуру старажытных часоў, мы сустракалі і ведаем, што дах быў прамы і пакрыты чарапіцай, а звонку абавязкова была лесвіца. Значыць, яны разабралі некалькі радоў чарапіцы і спусцілі насілкі праз страху.

 

Ірына  Панфіла:

–…Так, але паралізаваныя людзі надта цяжкія, і якую патрэбна было мець сілу, каб  падняць яго  на дах, ды яшчэ па лесвіцы.

 

Жанна Місько:

– У 20-м вершы гаворыцца аб тым, што Езус, убачыўшы веру тых людзей, якія прынеслі паралізаванага, адпусціў яму грахі. Хворы не мог гаварыць, але Езус ведаў грахі ягоныя, зацаніў веру яго сяброў і сказаў: “Адпускаюцца табе грахі твае”.

 

Вядучы:

– Так, Езус бачыць веру сэрца. Калі мы ўспомнім іншыя біблійныя эпізоды аздараўлення, ачышчэння, – усюды абавязкова прысутнічае вера. Без веры нічога не адбываецца. А памятаеце, што пра моц веры казаў Пан Езус апосталам: ”Калі б  вы мелі веру з гарчычнае зерне, вы маглі б сказаць гэтай смакоўніцы”: “Вырвіся з карэннем і перасадзіся ў мора”, і яна б  паслухала вас”. Таму і мы павінны спытаць сябе кожны: а якая наша вера? Ці Пан Бог чуе нашы малітвы? А калі не чуе, то – чаму?.. Праблема, відавочна, у нас самых.

 

Ірына Панфіла:

– Схіляючыся ў разважаннях над 21-м вершам урыўка, лаўлю шмат думак. Першая: якія зайздросныя былі кніжнікі і фарысеі! Яны ведалі ўсё, але не маглі чыніць цудаў і толькі шукалі, за што ўшчапіць Езуса. Можна ўявіць, як было цяжка Яму прапаведваць і аздараўляць хворых у такіх абставінах. Аднак веданне самога факта дае нам палёгку ў разуменні, што  і ў нашым асяроддзі заўсёды ёсць людзі, якія нас падтрымліваюць, і ёсць людзі, якія ад нас адварочваюцца, або насамрэч нашыя ворагі. У Езуса яны былі, будуць і ў нас; мы не большыя за Езуса. Езус казаў, што вучань не большы за настаўніка. Трэба, каб мы заўсёды былі свядомыя і не звярталі ўвагі на штосьці крыўднае ў нашым жыцці, асабліва, калі яно з’яўляецца падчас, калі робім нешта для Бога ці для Касцёла.

Другая: бачу, што Езус моцна  паказвае тут сваю ўладу адпускаць грахі і што Ён – Бог. Бо  калі фарысеі і кніжнікі гавораць, што толькі Бог можа адпускаць грахі, то  гэта яшчэ адно пацверджанне нават для іх самых і ўсіх, у каго ад-крытыя вушы, што перад імі – Бог.

Трэцяя: бачу вельмі важны момант для нас усіх. Каб атрымаць фізічнае аздараўленне, трэба спачатку прайсці праз духоўнае. Дух Святы не можа ўвайсці ў чалавека і дзейнічаць у ім, калі сэрца прысвечана чамусьці злому. І тут Езус паказвае, што спачатку трэба ачысціць сэрца ад непатрэбнага, каб не было перашкод для Духа Святога ўваходзіць у чалавека і чыніць цуды. І вельмі шмат такіх цудаў здараецца, што пасля Сакрамэнту споведзі чалавеку становіцца лягчэй фізічна і нават псіхічна, і крок за крокам ён можа духоўна ўзмацняць сябе, здабываць падобныя цуды для сябе і сваіх блізкіх, калі з верай і любоўю  ісці да гэтага. 

 

Алена Маліхтаровіч:

– Я лічу, што ўсе гэтыя фарысеі і кніжнікі, якія прыйшлі з Галілеі, Юдэі і Ерузалема на сустрэчу з Езусам, былі законнікамі і ведалі, што грахі можа адпускаць толькі Бог, а прыйшлі спецыяльна для таго, каб “падлавіць” Езуса ў блюзнерстве, але не ўдалося.

 

Ірына Панфіла:

– На маю думку, нельга гля-дзець на хворых людзей як на тых, хто моцна зграшыў. У Евангеллі ад Св. Яна ёсць момант, дзе Езус кажа: “Ні ён не зграшыў, ні бацькі ягоныя, але сталася гэта дзеля таго, каб выявіліся праз яго справы Божыя”. Шмат  людзей церпіць за Хрыста і з Хрыстом за свет. Ёсць шмат святых, якія атрымалі стыгматы, напрыклад, айцец Піо, і мне здаецца, што пакуты ў чалавека не абавязкова звязаныя з тым, што зграшыў ён ці яго продкі.

 

Ірына Баўтрукевіч:

– Паспрабую пракаменціраваць 22 верш: Езус ведаў думкі ўсіх тых, хто суправаджаў яго ўсюды. Ён хадзіў і навучаў людзей, маючы ўладу, а не як кніжнікі і фарысеі. Тыя маглі толькі прачытаць і на кагосьці абаперціся, а Ён гаварыў Сам ад Сябе. Грахі адпусціць – гэта, як бы сказаць, у думках і ў душы, а аздаравіць чалавека, каб бачылі ўсе, што ён насамрэч аздароўлены, – зусім іншае. Гэтым чынам Езус Хрыстус дасведчыў Сваю Боскасць.

 

Ганна Касперовіч:

– Пацверджаннем таго, што Езус мае Боскую сілу, і тою кропкаю, якая падагульніла і замацавала ўсе дзеянні Езуса, якія адбываліся напярэдадні, з’яўляюцца наступныя радкі верша: “Але каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае ўладу на зямлі адпускаць грахі”. І сказаў паралізаванаму: “Кажу табе: устань, вазьмі насілкі свае і ідзі да дому свайго”.

 

Вядучы:

– А якія словы падштурхоўваюць вас, каб перагледзець свае адносіны з Богам?  ”Той адразу, устаўшы перад  імі, узяў тое, на чым ляжаў, і пайшоў да свайго дому, славячы Бога”. На мой погляд, гэтае слова – “славячы”. Чалавек рэдка праслаўляе Бога, часцей – просіць ласкі, дапамогі ў пераадоленні  цяжкасцей, да Бога звяртаецца, калі яму чагосьці недастае. А атрымаўшы – заспакойваецца і падзякаваць Богу забываецца. Наогул, мы не навучыліся заўважаць Божыя ласкі, Божую міласэрнасць. І такі асабісты людскі недахоп часта спараджае іншае ганебнае пачуццё – зайздрасць: у цябе болей, у цябе лепей, цябе Бог чуе, а мяне не чуе…  Але Бог чуе ўсіх, выходзіць насустрач, толькі мы не заўсёды гэта заўважаем і ацэньваем.

 

Кс. Станіслаў:

–  Апошні верш урыўка гаворыць аб тым, што сведкі гэтага цудоўнага аздараўлення адразу былі моцна разгубленыя, напалоханыя, “жах ахапіў усіх”,  а пасля – моцна ўзрадаваныя, бо такога цуду яны не бачылі яшчэ ніколі. І хоць ад шоку не адыйшлі адразу, аднак цуд вызваў у іх пачуццё ўдзячнасці Богу і яны славілі Яго!

 

Вядучы:

–Не бачыў я, канечне, паралізаванага чалавека і не бачыў яго аздараўлення, але  абавязкова ўзрадаваўся б, каб стаўся сведкам такога цуду, а яны – напалохаліся: чаго? чаму? Дзіўная чалавечая натура!

Зараз давайце крыху падсумуем: хто і што новае адкрыў для сябе ў выніку сённяшніх  разважанняў? Асабіста я раблю выснову: кожны з нас павінен засцерагацца фарысейскіх звычак, каб не ўпадаць ў такую пыху, як яны: мы ведаем усё! Ведаем, але не ўсё, і кожнаму патрэбна паглыбляць свае веды тэалагічныя, удасканальваць адносіны з Богам і выхоўваць у сабе пакору.

 

Ганна Касперовіч:

Калі я рыхтавалася да сустрэчы, “прымярала” урывак на сябе і таксама звярнула ўвагу на апошнія радкі: людзі – напалохаліся! І падумала: праўда: людзі, пакуль не ахопіць іх які-небудзь страх, – не бачаць Пана Бога!

 

Вядучы:

– А ці не падалося вам дзіўным, што Езус не выйшаў насустрач тым, якія прынеслі паралізаванага? Сам не выйшаў – чаму?  Маё перакананне:  Езус імкнецца перасцерагчы нас ад такіх памылак, што гэта “іншыя” павінны нас шукаць, выходзіць нам насустрач, а мы пасядзім на канапе і пачакаем, пакуль нехта да нас прыйдзе, на сябе возьме ўсе нашыя клопаты, а пасля прынясе на “блюдечке с голубой каёмочкой” усё тое, што нам хочацца. Пан Езус паказвае, што вера патрабуе працы, высілкаў, пошуку шляхоў і пераадолення асабістых цяжкасцяў.

 

Ірына Панфіла:

Вядучы кс. Аляксандр Фядотаў (у цэнтры) з удзельнікамі пася-джэння (злева направа) – пробашчам кс. Станіславам Маленькім, Марынай Завадскай, Ірынай Баўтрукевіч, Жаннай Місько, Аленай Маліхтаровіч, Ганнай Касперовіч і Ірынай Панфіла.

Вядучы кс. Аляксандр Фядотаў (у цэнтры) з удзельнікамі пасяджэння (злева направа) – пробашчам кс. Станіславам Маленькім, Марынай Завадскай, Ірынай Баўтрукевіч, Жаннай Місько, Аленай Маліхтаровіч, Ганнай Касперовіч і Ірынай Панфіла.

– Можна  разважаць і наступным чынам: сябры хворага маглі пачакаць гадзіну, дзве,  тры… Са-браныя разышліся б – і яны з насілкамі зайшлі б спакойна. Не, яны не сталі ў гэтым моманце “прытрымлівацца этыкету”… Каб хутчэй дайсці да Езуса, зламалі дах… Гэтую сітуацыю праецырую на сучаснае фарысейства, калі нехта “моцна дасведчаны” дыктуе: трэба рабіць так, так і так… Бо, калі не будзеш рабіць гэта, і гэта, і гэта …Атрымоўваецца, што чалавеку, які верыць, любіць, спадзяецца на Бога, мы не даём залезці да Яго праз дах, а толькі паказваем на дзверы… Урывак вучыць нас глядзець на кожнага індывідуальна і мець на ўвазе, што лягчэй заўважыць фізічную паралізаванасць, чым духоўную. А яна можа быць – паралізаванасць грахом, страхам, злым духам –  і гэта яшчэ жудасней. Мы не павінны ўпадабняцца фарысеям.

 

Марына  Завадская:

– На маю думку, гэты ўрывак вучыць: у кожнага чалавека  – свой шлях да Езуса: праз  сяброў, праз навучанне, праз выпрабаванні. І яшчэ: мы павінны, заўважыўшы духоўную паралізаванасць бліжніх, дапамагчы ім знайсці шлях да Бога, стаць для іх праваднікамі.

 

Ірына Панфіла:

– …Але пры гэтым памятаць, што гэта – Божая справа і не прыпісваць сабе заслугі: гэта я цябе прывёў, каб не я, то дзе б ты сёння быў… Адным словам, не засланяць сабою Бога.

 

Пасяджэнне закончылася малітвай-просьбай, каб Міласэрнасць Божая асцерагала сэрцы  ад грахоўнасці, якая прыводзіць да  духоўнага паралічу.

 

 

 Запісала Раіса СУШКО.

Здымкі  Карнэлія  КОНСЭКА, SVD

Брэсцкая  вобласць


 

 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий