«Круглы стол» часопіса «Дыялог»

На працягу некалькі апошніх гадоў запар рэдакцыя часопіса “Дыялог” праводзіць так званыя “круглыя сталы” у парафіях розных дыяцэзій і прыйшла да высновы, што сустрэчы гэтыя  – шчырыя, пажаданыя, адкрытыя – вельмі прыемная форма абмену думкамі, разважаннямі, якія выкліканы чытаннем Святога Пісання. Разам мы абмяркоўвалі тэмы Дзесяці Божых Запаведзяў, Святой Эўхарыстыі як вяршыні хрысціянскага жыцця, Прыпавесці Езуса Хрыста. Але старонкі Вечнай Кнігі – невычэрпная крыніца хрысціянскай навукі, таму працягваем вучыцца далей.

   І далей  будзем разважаць  над асобнымі  фрагментамі  са Святога Пісання, над якімі заклікаем  і вас схіліцца разам з намі…

 

 

Хіба я моцна грэшны?

 

 

Заклік да пакаяння

 

“У той самы час прыйшлі некаторыя і расказалі Яму пра галілейцаў, кроў якіх Пілат змяшаў з іх ахвярамі. А Ён адказаў ім на гэтае: «Думаеце, што гэтыя галілейцы былі большымі грэшнікамі за ўсіх галілейцаў, калі так пацярпелі? Не, кажу вам; але калі не пакаецеся, усе таксама загінеце. Думаеце,  што тыя васямнаццаць, на якіх  упала сілаамская вежа і забіла іх, былі больш вінаватыя за ўсіх людзей, якія жылі ў Ерузалеме? Не, кажу вам;але калі не пакаецеся, усе таксама загінеце”.      (Лк 13, 1-5).

 

 

 f-str-17Падчас зімовых канікулаў у Баранавічах праводзіліся рэкалекцыі для моладзі з паллатынскіх парафій. У праграме іх адбыўся “круглы стол”, на якім быў абмеркаваны ўрывак  “Заклік да пакаяння” з Евангелля Св. Лукі. У пася-джэнні прымалі ўдзел Рэната Васілеўская, Мілена Неміровіч, Каця Яфрэмава, Кірыл Глазырын, Данііл Сцепанец, Валерыя Васілеўская. Вядучым быў кіраўнік групы айцец Дзяніс Крываносаў, SAC з Гродзенскай дыяцэзіі.

 

 

Пасяджэнне пачалося з супольнай малітвы да Святога Духа, каб ахінуў іх сэрцы і дапамог зразумець усё тое, што пасылае нам Пан Бог праз старонкі  Святога Пісання.

 

Вядучы:

 –Дазвольце, скажу некалькі слоў пра тое, што здарылася. Здарэнне мела месца ў Рымскай  імперыі, у якой імператар Аўгуст прызначыў сваім намеснікам Понція Пілата і даручыў яму падтрымліваць парадак. Габрэям шмат чаго не падабалася і яны часта збіраліся групамі, каб выказаць сваё незадавальненне. А галілейцы, пра якіх будзем разважаць, сабраліся, каб злажыць ахвяру. Магчыма, Пілату данеслі, што група людзей сабралася, магчыма, у іх ёсць зброя,  што гэта, можа, паўстанне супраць Рымскай імперыі. Не разабраўшыся, Пілат выслаў войска і пазабіваў гэтых галілейцаў. І ўжо іншыя людзі пайшлі да Пана Езуса, каб запытаць, як сталася, што тыя людзі загінулі, на што Езус адказвае: “Думаеце, што гэтыя галілейцы былі большымі грэшнікамі за ўсіх галілейцаў, калі так пацярпелі?”. Звярніце ўвагу на першае слова Езуса: “Думаеце…”. Гэтым самым Ён запрашае нас да разважанняў. Часам, калі прыходзіць ня-шчасце, мы  таксама шукаем вінаватых. Хто вінаваты – Бог, што дапусціў забойства, адміністратар  Пілат, ці той, хто данёс  фальшывую  інфармацыю?  Як вы думаеце?

 

Валерыя Васілеўская:f-str-18

– Галілейцы не хацелі нічога дрэннага, не хацелі нікому наносіць ніякай шкоды, а Пілат, не разабраўшыся, паслаў войска.

 

Данііл Сцепанец:

   – Калі разважаць у гэтым накірунку, то вінаватыя тут нашыя чалавечыя недасканаласці, як і недасканаласць Понція Пілата. Калі чынім які-небудзь грэх, мы не моцна задумваемся над сваімі дзеяннямі, а тым болей – над іх наступствамі, і думаем не станоўча, не пазітыўна, а  кіруемся адмоўнымі эмоцыямі, як і Пілат падумаў, што зараз  можа ўзнікнуць паўстанне…

 

Кірыл Глазырын:

–  Я думаю, на такое пытанне і незадавальненне Езус Хрыстус адказвае народу, што часам людзі церпяць і несправядліва. Ён кажа проста і зразумела: “Думаеце, што гэтыя галілейцы былі большымі грэшнікамі за ўсіх галілейцаў?”. І Сам адказвае: “не”, але звяртае  ўвагу не на факт смерці, а на духоўны стан: “Калі не пакаецеся, то і вы  таксама загінеце”. Тут я бачу абставіны раптоўнай і неспадзяванай смерці, калі людзі, можа, і  сапраўды не былі ўжо такімі вялікімі грэшнікамі, але загінулі раптоўна і без пакаяння. Аднак сталася ўсё праз нейкую чалавечую несправядлівасць.

 

Рэната Васілеўская:

– Канечне, галілейцы хутчэй за ўсё пацярпелі несправядліва, але падтрымліваю думку Кірыла: патрэбна кожнаму каяцца, прыходзіць да споведзі, і чым часцей – тым лепей.

 

Вядучы:

– Так, Езус паказвае, што пакаянне, просьба аб прабачэнні, шкадаванне за ўчыненыя грахі, зло – усё гэта павінна быць унутранаю патрэбаю кожнага чалавека. Падкрэслівае, што не толькі тыя павінны былі пакаяцца, якія загінулі, але і тыя, хто да Яго прыйшоў зараз, бо “калі не пакаецеся, усе таксама загінеце”.  Езус некалькі разоў паўтарае  і звяртае ўвагу яшчэ на іншых “васемнаццаць, на якіх упала сілаамская вежа”, даючы зразумець, што няшчасці, на жаль,  здараюцца незалежна ад самога чалавека…  Бывае, што хтосьці канкрэтна вінаваты, а бывае, што так непрадказальна склаліся абставіны, акалічнасці. Паглядзіце, і ў наш час здараецца, што і самалёты падаюць, і цягнікі зыходзяць з рэльсаў, і дарожна-транспартныя здарэнні адбываюцца часта, людзі гінуць пры пажарах… Пан Езус запрашае падумаць, хто вінаваты? Вось вы, напрыклад, захварэлі, ці не здалі экзамен: каго тут  бу-дзеце абвінавачваць – Бога?

 

Рэната Васілеўская:

– Сябе – каго тут яшчэ, трэба было лепей падрыхтавацца.

 

Данііл Сцепанец:

– Нават не сябе, а грэх, які мы ўчынілі. Мы самі напачатку, калі яшчэ былі Адам і Ева, выбралі той шлях, па якім ідзём: у свет прыйшлі хваробы, войны і інш., і інш. Таму абвінаваціць Бога не маем права.

 

Кірыл Глазырын:

– Калі мець на ўвазе змест урыўка, то ўсе мы – памром. Бог нам паказвае, што  кагосьці  забіў Пілат, на кагосьці ўпала вежа і г. д. Ніхто не чакаў гэтага, але ніхто ад гэтага не застрахаваны. Акцэнт тут на іншым: у якім стане людзі адышлі да Бога. Пан Езус кажа, што не былі тыя загінуўшыя большыя грэшнікі за іншых. І не важна, ці ты добры, ці ты грэшнік – смерць да-стане ўсіх.  “Загінеце” – кажа Ён. Здаецца мне, што ў Провідзе Божым “загінеце” азначае “трапіце ў пекла”. Жыццё наша  зямное – гэта зямное, а духоўнае – гэта нешта большае. І мы павінны (можа, непрыгожа скажу) чакаць смерць, быць да яе прыгатаваныя, кожнага дня быць гатовымі адысці да Бога, таму што мы не ведаем Ягоную волю і не ведаем абставінаў, у якія трапляем, але якія ад нас не залежаць, напрыклад, аўтамабіль: нехта павярнуў не туды, на тормаз своечасова не націснуў…

 

Вядучы:

 – Так, чалавек можа канцэнтрыравацца на сваім здароўі, працы, кар’еры, але нашае жыццё належыць Пану. І Езус не аднойчы казаў: “Хто хоча жыццё сваё ўратаваць, загубіць яго, а хто загубіць жыццё сваё дзеля Мяне і Евангелля, той уратуе яго” (гл. Мк 8, 35). На працягу ўсяго нашага асабістага жыцця мы набліжаемся да Бога, вучымся пазнаваць Яго, любіць Яго, каб пазней сустрэцца ў Ягоным Валадарстве, у жыцці вечным і гэта – наша мэта. Мы, хрысціяне, выбралі гэты шлях і ідзём па ім. Але часам здараецца, што чалавек можа загубіцца, і павінен пакаяцца; трэба вучыцца прызнаваць свае памылкі, Пан Езус пакінуў нам для гэтага сакрамэнт пакуты і паяднання, дзе мы можам прыйсці, пакаяцца і з Ім паяднацца.

 

Данііл  Сцепанец:

– Мяркую, што на гэтую сітуацыю можна паглядзець і праз прызму іншага ўрыўка са Святога Пісання – праз прыпавесць пра смакоўніцу, якая не пладаносіла. Гаспадар загадаў садоўніку зрубіць яе, а садоўнік – наадварот папрасіў пакінуць смакоўніцу яшчэ на год, а калі і тады не будзе прыносіць пладоў, ссячы яе. Пад садоўнікам тут разумеем Бога, Які заўсёды дае нам шанс перамяніцца – прызнацца ў грахах, пакаяцца, выправіцца. І ў нас ёсць на гэта час, і Бог бачыць, ці выкарыстоўваем мы яго з карысцю для сваёй душы…

 

Вядучы:

– Бог заўсёды дае чалавеку шанс на тое, каб заставацца здаровымі і жыць ў шчасці і любові, дзеля гэтага Ён нас стварыў і даў у карыстанне ўсё тое, што навокал. Але акурат ўсё тое, што нас акружае, можа стацца, часам, і прычынай нашай смерці. Гэта ўсё нам бясконца падказвае, што чалавечае жыццё хрупкае і яго трэба моцна шанаваць, даражыць ім, бо можа скончыцца раптоўна, нечакана. Тут мы казалі, што не ўсё залежыць ад нас самых, але Бог падказвае знакі, каб нам падумаць: ДТЗ (можа, мне знізіць хуткасць), надвор’е пагоршылася (можа, лепей адзецца, каб не прастудзіцца) і г . д. І тэлебачанне падказвае нам правілы добрых паводзінаў – фільмы, нават дзіцячыя мульцікі… Гэта ўсё важна, каб пражыць у шчасці жыццё зямное і дайсці да жыцця вечнага, да сустрэчы з Панам Богам…

 

Бр. Карнэлій:

– У Інтэрнэце шмат ролікаў, дзе маладыя людзі, каб стацца вядомымі і набыць “папулярнасць” у сваіх патэнцыяльных гледачоў, прычыняюць наўмысна шкоду свайму здароўю, сцвярджаючы пры гэтым, што ніякая хуткая дапамога ім не патрэбна. Што думаеце пра гэта?

 

Данііл Сцепанец:

– Мне асабіста гэта напамінае яшчэ адзін урывак са Святога Пісання, калі д’ябал спакушаў Езуса ў пустыні. Казаў, калі Ты Сын Божы – кінься ўніз, Табе нічога не зробіцца, бо напісана, што анёлы Твае панясуць на руках Цябе. І што адказаў Пан Езус? “Напісана таксама: “Не будзеш выпрабоўваць Пана Бога Твайго”. Гэта – напамін нам аб тым, каб ніколі не рызыкавалі, падстаўляючы пад небяспеку сваё здароўе або сваё жыццё.

 

Валерыя Васілеўская:

– Асабістае жыццё трэба берагчы заўсёды, бо ніякае праслаўленне сябе самога, тым больш такое, як паказваецца часам у тэлевізійных роліках, не дасць табе таго, што даў Бог, – само жыццё!

 

Кірыл Глазырын:

– Ёсць рэчы часовыя, зямныя, а ёсць рэчы – вечныя. У Святым Пісанні неаднаразова сустракаем словы Езуса аб тым, што  можна сабраць усе скарбы гэтага свету, а душу сваю змарнаваць і ў пекла пойдзеш без усяго. А можна не назбіраць ніякіх зямных скарбаў, а захаваць душу і атрымаць жыццё вечнае. Бог дае чалавеку волю і заўсёды свабодны выбар. Ніколі не прымушае, калі той спатыкнуўся, саграшыў – дае яму  шанс вы-правіцца, таксама праз цяжкасці, пакуты, цярпенні. А калі чалавек наносіць шкоду свайму здароўю наўмысна, усведамляючы, што робіць гэта дзеля нейкай інтэрнэтнай забавы ці “славы”, – гэта прамая сцежка ў пекла.

 

Каця Яфрэмава:

– І яшчэ. Нават у падобных выпадках трэба думаць не толькі пра сябе, а пра сваіх бацькоў, якія далі табе жыццё, гадавалі, выхоўвалі цябе, дапамагалі, і думаць наогул пра ўсіх сваіх блізкіх.

 

Валерыя Васілеўская:

– Мне здаецца, што гэтая сітуацыя вельмі падобная да граху супраць Святога Духа. Відаць, існуе яшчэ такое фальшывае разуменне: ну што – учынім грэх, а Пан Бог добры, міласэрны – прабачыць нам, і нічога дрэннага не будзе. А калі хто загіне (напрыклад, скокнуўшы з даху шматпавярховага дома), то… Пан  Бог вінаваты, бо не збярог нас ад гэтага.

 

Рэната Васілеўская:

– Цела нам дадзена Богам і мы павінны адносіцца да яго з павагаю і пашанаю – не марнаваць яго, не наносіць шкоду і на нашы сустрэчы, на святую Імшу прыходзіць не толькі духоўна прыгатаванымі, але і знешне – сціплымі, акуратна апранутымі.

 

Кірыл Глазырын:

– Канечне, перш за ўсё трэба клапаціцца пра душу, яна важней за цела, але  і яго нельга занядбоўваць, бо цела – гэта таксама храм Духа Святога. Ёсць такі выраз: “В здоровом теле – здоровый дух”.

 

Вядучы:

– Некаторыя разважаюць надта  прымітыўна: Бог даў нам жыццё, даў цела, што хачу зрабіць з ім, тое і зраблю. Але хвіліначку: калі мы згаджаемся з думкаю, што Бог даў нам цела, то  задайма  сабе  пытанне: тады ці з’яўляецца яно нашай уласнасцю ці чымсьці іншым? Ці можам  паступаць  з ім, не задумваючыся, абыякава? А сітуацыя з  нашымі бацькамі? Хіба нашае цела не з’яўляецца плодам іх любові? Так, Бог скарыстаўся  нашымі  бацькамі, каб праз іх даць нам жыццё, каб менавіта ў іх калысцы з’явіліся на гэты свет мы. Але ці бываем удзячны мы ім за гэта? Ці звяртаем увагу на іх просьбы: “Уважліва пераходзь дарогу!”, “На-дзень шапку, бо захварэеш!”. І вы так лічыце, што нашае цела – гэтае сапраўды нашая ўласнасць?

 

Валерыя Васілеўская:

На здымку: а. Дзяніс Крываносаў з удзельнікамі сустрэчы Рэнатай Васілеўскай, Даніілам Сцепанцом, Кірылам Глазырыным, Міленай Неміровіч, Валерыяй Васілеўскай і Кацяй Яфрэмавай.

На здымку: а. Дзяніс Крываносаў з удзельнікамі сустрэчы Рэнатай Васілеўскай, Даніілам Сцепанцом, Кірылам Глазырыным, Міленай Неміровіч, Валерыяй Васілеўскай і Кацяй Яфрэмавай.

– Нас заўсёды настаўляе Бог, заўсёды хоча нам штосьці сказаць, папярэдзіць нас, але трэба ўмець гэта пачуць і зразумець.

 

Данііл Сцепанец:

– Мне здаецца, тут можна правесці  аналогію з адносінамі арэндадацеля і нанімацеля. Бог даў нам гэтае цела часова, каб мы карысталіся  ім далікатна, з беражлівасцю, а не марнавалі і не нішчылі, як непатрэбную рэч. Бо прыйдзе час, калі патрэбна  будзе  падвесці  нейкі вынік і паказаць, што засталося ад гэтага цела…

 

Вядучы:

– Шаноўная моладзь, дзякуй вам за вашыя шчырыя выказванні. Разважаючы сёння над Божым Словам, мы яшчэ раз пераканаліся з вамі, што выпадак, які меў месца болей за 2000 гадоў таму, мог здарыцца і сёння, бо і ў наш час здараюцца няшчасці, якія не заўсёды напрасткі звязаныя з грахоўнасцю чалавека. Старажытныя людзі мелі свае клопаты, сёння мы маем свае, і рызыка ў кожнага была свая. Але і іх, і нас папярэджвае Сваім Словам Бог, падае нам знакі, і гэтыя знакі мы павінны навучыцца чытаць: гэта значыць, жыць Божымі Запаведзямі, быць болей удумлівымі, разважлівымі, адзін да другога міласэрнымі. І памятаць, што нашае зямное жыццё – найвялікшы дар Бога, але даецца ён адзін раз.

 

Пасяджэнне закончылася малітвай падзякі Богу за сустрэчу. Кіраўнік сустрэчы айцец Дзяніс Крываносаў удзяліў прысутным Божае благаслаўленне.

 

 

 Запісала Раіса СУШКО.

Здымкі  Карнэлія  КОНСЭКА, SVD

Брэсцкая  вобласць


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий