Крыжы дарогі нашай

 «І, несучы свой крыж, Ён выйшаў на месца,
якое называлася (…) па-габрэйску – Галгота».
Ян 19, 17

На VIII Фестывалі хрысціянскіх фільмаў і тэлеперадач “Мagnificat-2012”, які прайшоў у Мінску і Глыбокім у мінулым месяцы, адбылася прэзэнтацыя чарговай перасоўнай  фотавыставы “Крыжы дарогі нашай”  бр. Карнэліуша КОНСЭКА, SVD. Напэўна, ёсць у тым нейкі, як часта кажа сам аўтар фотаздымкаў, “Божы палец” – свой шлях фотавыстава пачынае у Год Веры.

 …Ёсць такое жартоўнае меркаванне, што глядзець бясконца доўга можна на тры рэчы – агонь, ваду і таго, хто працуе. Я б дадала, што бясконца доўга можна глядзець яшчэ на здымкі Карнэліуша Консэка – прызнанага фотамайстра, нашага калегі і сябра. Ды шчыра кажучы,  глядзець – мала, над імі патрэбна разважаць. І разважаць моўчкі. Каб тое, што бачаць вочы, напаўняла тваю істоту зместам, узбуджала жаданне пераасэнсаваць пражытае жыццё, вяртала ў думках да тых каранёў, якія трымаюць нас у жыцці ад самага пачатку. Многія чытачы добра знаёмы з яго працамі, якія ўвайшлі ў перасоўныя фотавыставы “Пятае Евангелле”, “Ты не адзін”, “Крыніца жыцця і любові – сям’я”, “Соль зямлі” і дэманстраваліся ўжо ў многіх рэгіёнах нашай краіны. А зараз – новая трапяткая сустрэча, з крыжам. На першы погляд, што ж тут незвычайнага – крыж як сімвал веры суправаджае нас ад нараджэння і да самай смерці, гэта частка нашага разумення Бога і свету. А ўсё ж… Калі прыйшло асабістае асэнсаванне, усведамленне крыжа аўтарам гэтай выставы?

Ушанаванне

– Нават не магу дакладна сказаць, як і калі гэта здарылася. Хутчэй за ўсё, яно разам са мною вырасла,– гаворыць Карнэліуш. – Сям’я наша (у мяне два браты) была веруючая, крыж вісеў на сцяне кожнага пакоіка ў бацькоўскім доме, усе разам маліліся, хадзілі да касцёла. Але было яшчэ адно, што з дзяцінства засела ў памяці: крыжы на могілках, многа крыжоў. З Прушкава, дзе мы жылі, на іншае месца жыхарства выехалі нашыя знаёмыя і папрасілі маму, каб разам са сваімі даглядала магілкі і іх продкаў. Мама згадзілася. Хадзіла туды часта і брала з сабою нас – дапамагчы прыбраць, смецце вынесці. Па дарозе, на скрыжаванні, стаяў вялікі крыж –  мы з ім віталіся, робячы на сабе знак крыжа рукою, а дарослыя мужчыны здымалі капелюшы і шапкі. З той пары я пачаў заўважаць, што крыжы ўшаноўваюцца людзьмі, дзе б яны з імі ні сустрэліся, – у святыні, на скрыжаванні, проста на дарозе ці на могілках… Крыжык прыкладае да вуснаў хлопчык, прыйшоўшы ў касцёл на святую Імшу, пяшчотна гладзіць шурпатымі далонямі бабуля, перабіраючы пацеркі на ружанцы… Ушаноўвае…

 Што вечнае

У экспазіцыі выставы “Крыжы дарогі нашай” – 30 фотаздымкаў, і значную частку з іх складаюць сюжэты з крыжамі магільнымі. Ма-сіўныя, з каменя, прастаяўшыя не адно дзесяцігоддзе, або крыжы з металу, аздобленыя, зробленыя майстрамі-кавалямі, а побач –  драўляныя, амаль спарахнелыя ад часу… Так, кожны крыж мае свой сэнс, свой змест, сваю гісторыю, утрымлівае адказ на канкрэтную жыццёвую сітуацыю, толькі мы, хутчэй за ўсё, ні аб чым гэтым не даведаемся ніколі…

– Найбольшае ўражанне, – прызнаецца брат Карнэлій, – на мяне асабіста робяць крыжы простыя, пасівеўшыя  ад часу, заімшэлыя, нават страціўшыя таблічкі з надпісам. Для мяне важна, што тут пахаваны хрысціянін, які верыў у Бога і жыў з надзеяй на Уваскрэсенне. Моцна хвалююць крыжы, якія, не вытрымаўшы часу, зваліліся на зямлю, а чыясьці клапатлівая рука падняла, паставіла – але ўжо не на месца, бо на месца паставіць не атрымоўваецца, а толькі абаперла яго аб чужую агароджу, кволае дрэўца ці які кусцік непадалёку… У такіх выпадках прыходзіць яснае разуменне, што крыж – рэч матэрыяльная і, як і ўсё матэрыяльнае, не вечная. Вечная толькі малітва.

Каб несці з годнасцю

Брат Карнэлій расказаў прыпавесць, якая жыве ў яго памяці з юнацтва. Адзін абцяжараны аса-бістым жыццём чалавек прыйшоў да Бога і скардзіцца: “Божа, у мяне такі цяжкі крыж, дай мне іншы, лягчэйшы!”. “Выбірай, – адказвае яму Гасподзь. – Бачыш, колькі іх стаіць каля сцяны майго дома!”. Цэлы дзень хадзіў той чалавек, перакладаючы крыжы то на адно, то на другое плячо: возьме адзін – цяжкі, другі – муляе, трэці – цягне некуды назад, чацвёрты… Урэшце, застаўся апошні.”Паспрабуй і яго!”, – кажа яму Бог. Палажыў чалавек астатні крыж на плячо, зрабіў крок, другі: “Дзякуй табе, Божа! Гэты – самы дапасаваны, самы лёгкі, найлепшы!”. “Дык гэта ж той самы крыж, які ты раніцою сюды прынёс”, – адказаў яму Бог.

Здаецца, сэнс прыпавесці, якую расказаў аўтар фотавыставы, знайшоў адлюстраванне ў здымках, якія ён падрыхтаваў гледачам: у кожнага чалавека  – свой крыж, і ён павінен яго несці з годнасцю. Не кідацца ў паніку, не лямантаваць, не наракаць на свой лёс, але ўзяць і несці, бо лягчэйшага хіба не бу-дзе… Напэўна, да такога разумення патрэбна дарасці, а ў гэтым дапаможа толькі вера.

Іскарка запаліць агонь

На выставе ёсць і яшчэ здымкі крыжоў – тых самых, якія мы сустракаем на дарогах, на скрыжаваннях, пры ўездах у гарады і вёскі. Як напамін, як маяк, што свеціць у цемнаце, абвяшчаючы: тут – Божы свет, тут жывуць хрысціяне, вы-знаюць веру і Госпаду давяраюць усё – сваю зямлю, дамы, пажытак, самых сябе… Прыдарожныя  крыжы вызываюць многа розных пачуццяў: старыя, прастаяўшыя многа дзесяцігоддзяў і Божым провідам ацалеўшыя падчас вар’яцкага атэістычнага гвалту, яны напамінаюць той жудасны перыяд у нашай гісторыі, калі вера выкарчоўвалася  з людскога  сэрца разам з каранямі; крыжы новыя, паўстаўшыя 15 – 20 гадоў таму, даюць надзею, што Божая іскарка ў сучасным  чалавеку запаліць ў ім сапраўдны агонь веры… Гледзячы на прыдарожны крыж, з удзячнасцю думаеш і пра тых людзей, чые рукі зрабілі яго, устанавілі, упрыгожылі кветкамі, каляровымі стужкамі, пры тых, хто наведвае яго ў дні хрысціянскіх святаў і асобных набажэнстваў.

Дзе свечка загасла

Аўтар выставы ў сваім жыцці многа ездзіў – па нашай рэспубліцы, па Еўропе, і вельмі неабыякава ставіцца да вялікай зараз праблемы – гібелі людзей ад дарожна-транспартных здарэнняў. На жаль, з кожным годам яна закранае ўсё большую колькасць удзельнікаў дарожнага руху, усё часцей паабапал і шырокіх трас, і вясковых вуліц сустракаюцца крыжы, абвешаныя вянкамі, кветкамі, дзіцячымі цацкамі, абцягнутыя ланцужкамі… Ад іх бягуць па плячах мурашкі. Часам, убачыўшы месца, дзе свечка чыйгосьці жыцця загасла, брат Карнэлій глушыць матор аўтамабіля, падыходзіць да крыжа, стаіць у роздуме, пасля дастае фотаапарат… “Крыжы на месцах смерці ўдзельнікаў дарожнага руху, – расказваў ён, –  ставяцца ў многіх краінах: толькі там, можа, меней упрыгожаныя гэтыя месцы, болей сціплыя…”

Уваскрашэнне прыйдзе праз крыж

Мінулым летам брат Карнэлій наведаў Меджугорыю – сусветна вядомае месца, дзе аб’явілася Маці Божая траім дзецям. Прыехаўшы, дзяліўся ўражаннямі: “Здаецца, і тыя нябёсы над Харватыяй, і тыя камяні, якімі ўсыпана зямля, і тысячы пілігрымаў, што ідуць, каб пакланіцца святым мясцінам, – усё сведчыць аб Божай прысутнасці. Уразіла  вялікая бронзавая статуя Уваскрэслага Хрыста, якая складаецца як бы з двух асноўных фрагментаў: вялікіх памераў металічны крыж ляжыць на зямлі, і з гэтага крыжа паўстаў Езус, аб чым сведчыць “след” на крыжы – тое месца, дзе ляжаў Хрыстос, яно мае дакладную форму яго цела…  На жаль, не мог паздымаць, як кажуць, уволю, бо было надта многа пілігрымаў. Але гэтая скульптура  замацавала ў  маім усведамленні перакананне, якое жыло ва мне і раней, –  уваскрашэнне прыйдзе праз  крыж”.

На здымках брата Карнэліуша гэтае перакананне вы знойдзеце.
Напэўна!

Крыжы дарогі нашай

 

 

Добавить комментарий