Анёлы над сажалкай

Str-12Ці павінны мы сведчыць аб тым, што належым да паслядоўнікаў Хрыста? Сведчыць рознымі спосабамі  – адкрыта вызнаваць веру, падкрэсліваць сваю прыналежнасць не толькі паставай і ладам жыцця, але і бачнымі хрысціянскімі знакамі і сімваламі. І калі будзем сведчыць, ці будзе прыемна  гэта самому Богу? Сям’я  Гуменнікаў з Глыбоччыны робіць гэта ўжо даўно…

 

 

 

 

 

 

 

Паміж Мосарам  і Удзелайf-str-13
…О, сажалка пры самай дарозе! “Прыпыніцеся, пры-пы-ні-це-ся-я!..”, – прасілі пасажыры, за-трымаўшы свой погляд на альтанцы і скульптурных фігурах… Мікрааўтобус  з турыстамі прытармазіў. Самыя цікаўныя выскачылі  першымі і, не звяртаючы ўвагі на брэх сабак, што далятаў недзе з глыбіні сядзібы, кінуліся да яе гаспадара, каб распытаць, што да чаго.
Валянцін падгрэбаў скошаную траву і застанавіўся: аўта з расійскімі нумарамі? Зрэшты, нічога асаблівага, ужо прывык, што каля сядзібы часта  прыпыняюцца госці Глыбоччыны, або нават і тутэйшыя жыхары, каб паглядзець на прыгажосць, створаную  рукамі  яго сям’і на колішнім пляцы яго хроснага бацькі. Праўду кажучы, яму і самому падабаюцца і гэтыя краявіды, што ад-крываюцца перад вачыма, як толькі выйдзе за парог хаты,  і гэтыя росныя ранкі, што цалкам ахутваюць сваёй непаўторнай свежасцю. “Улетку прачынаюся рана, недзе каля 5  гадзін, або раней, і адразу іду да вадаёма.  Цішыня наўкола – ні машын, ні людзей, толькі чутны гоман птаства: свой  чароўны спеў-перасвіст вядуць  салаўі, шчабечуць, f-str-13-2завіхаючыся каля сваіх гнёздаў, ластаўкі, настойліва дзяўбе дрэва ў пошуках ежы дзяцел… Можа  падаць гук і сава, што жыве тут у дрэвах, хоць больш ахвотна яна робіць гэта вечарам. Падыходжу да вады, быццам крадучыся, каб не патрывожыць рыбак, якія  “спяць”,  часам падкіну ім крыху зярнят,  і адыходжуся –  няхай “сілкуюцца”.  Назіраць за імі цікава недзе ў сярэдзіне дня, пры яркім сонцы. Падыйдзеш паціху, а яны адразу спалохаюцца, нырнуць у ваду, а пасля  зноў падымаюцца на яе паверхню, быццам хочуць паветра заглынуць, адна за другой, нібы танцуючы… Падыходжу да Маці Божай, да анёла, што скланіўся над вадою,  гляджу, ці парадак, а ся-дзець у альтанцы, праўду кажучы, няма калі ні мне, ні маёй жонцы (двое нашых дзяцей – студэнты)…  Адзінае, што дазваляе сабе Наталля раніцою, – басанож пахадзіць па роснай траве, для здароўя. Справа ў тым, што  догляд за сажалкаю, кветнікамі, агародам, гаспадаркаю  патрабуе шмат часу… Але ў гэтым і вялікая радасць – быць побач з прыродай, назіраць за ёю, дапамагаць ёй, таксама і чэрпаць у ёй сілы, што дае нам Бог, надзяляючы нас пачуццямі і эмоцыямі…”

Валянцін і Наталля Гуменнік

Валянцін і Наталля Гуменнік

Ці думаў Валянцін Гуменюк, прыбягаючы яшчэ хлапчуком да свайго хроснага, што хутар паміж Мосарам і Удзелай з цягам часу стане не проста яго ўласнасцю, а такой прыгожай і прывабнай мясцінай? Не, пра сваю будучыню ніхто з нас не ведае  нічога. І ён не ведаў.  
Хросны бацька Валянціна Пётр Пятрага  памёр у 92-м годзе, а яго жонка, цёця Эвеліна, засталася на хутары адна (іх сын Тадэвуш з сям’ёю жыў у Латвіі і прыязджаў толькі на адпачынак).  Сюды  часта заязджаў былы мосарскі ксёндз Юозас Булька і ўсё намаўляў: “Паглядзі, пані, колькі ўсяго прыгожага Бог табе даў, у якую цудоўную мясціну цябе пасадзіў, трэба, каб на месцы гэтага балота каля дарогі не зараснікі лазы стаялі, а кветкі раслі. Будзе радавацца вока тваё – і на душы будзе святлей. Людзі будуць цешыцца – і ім захочацца кветку ў сябе на надворку пасадзіць. А чым болей кветак на зямлі, тым Богу прыемней. Невыпадкова першы сад на зямлі Сам  Бог пасадзіў”. Што магла зрабіць пажылая жанчына? Але з прапановаю ксяндза згаджалася, бо бачыла, як памяняў, дзякуючы ксяндзу Юозасу,  свой знешні выгляд старажытны Мосар, куды ўся акруга спрадвеку хадзіла да касцёла.
Цёця Эвеліна не раз расказвала  Валянціну з  Наталляй,  што да прыезду ксяндза Булькі і за касцёлам, і перад касцёлам было поле… Падчас урачыстасцей, калі збіраліся людзі з навакольных  вёсак, на пляцы перад касцёлам  распрагалі  і прывязвалі да вазоў або сталбоў коней, каб жывёла адпачывала, пакуль яе наезнікі і паганятыя моляцца ў храме…

 

Ліліі ад кс. Булькіf-str-15
У 1989 годзе ў Мосарскую парафію  святой Ганны прыехаў на службу ксёндз Булька, і пачалося тут  новае жыццё: зрабіў адмысловы парк на тэрыторыі касцёла,  разбіў мноства клумбаў з кветкамі, пабудаваў 14 стацый Крыжовага шляху – Мосарскую  Кальварыю, навёў парадак на мясцовых могілках, устанавіў больш за 100  прыдарожных фігурак і крыжоў, таксама некалькі гротаў Маці Божай, залажыў алею цвярозасці і пайшоў па хатах з заклікам: “Памнажайце, хрысціяне,  прыгажосць,  створаную Панам Богам! Зменьвайце да лепшага тэрыторыю вакол сябе, свой быт, свой лад жыцця!”. І людзі, захопленыя тымі пераменамі, якія на іх вачах адбываліся ў знешнім абліччы касцёла, касцёльнага  пляцу і самога Мосара, пачалі адклікацца, упрыгожваць свае падворкі, адначасова выконваючы працы пры касцёле, да чаго ксёндз ніколі не прымушаў, а толькі  запрашаў і прапаноўваў.   
Ксёндз Юозас Булька благаславіў шлюб Валянціна і Наталлі Гаменнік, было  гэта ў 1995 годзе. Некалькі  першых  гадоў яны жылі з бацькамі Валянціна ў вёсцы Лужкі, а пасля цёця Эвеліна  выехала  да  сына  ў  Прыбалтыку, пакінуўшы ім завяшчанне на валоданне сядзібаю. Перабраўшыся на хутар, сужэнства пачало ажыццяўляць ідэю ксяндза Булькі – ствараць прыгажосць пры дарозе.
Спачатку “вырабілі” тое балота – павысякалі кустарнікі, выкарчавалі пні, падаставалі карэнні і ачысцілі, разраўнялі, утрамбавалі басейн будучай сажалкі. Канешне, хапіла працы і рукам, але ў асноўным працавалі трактары, бульдозеры, экскаватары. Пасля Валянцін з сынам  Андрэем, хоць той і малы яшчэ быў, паклалі сям-там  дарожкі, пабудавалі альтанку, скамейкі, паставілі “карэту”, а Наталля з Насцяй панасаджвалі кветак.
–  У нас многа чаго ад ксяндза Юозаса, – расказвае Наталля. – Туя, хоста, вадзяная лілія. Дарэчы, ён навучыў, як патрэбна садзіць лілію ў вадаём: узяць марлю, злажыць у некалькі столак і зрабіць з яе мяшочак; туды пакласці грунт, расліну ліліі і камень, каб гэта ўсё не ўсплыло на паверхню  вадаёма. Ну і пастарацца замацаваць усё гэта ў грунт пад вадою, можна пры беразе. Мы ўжо скарысталіся парадамі ксяндза. Адпачывалі на возеры ў Казлоўшчыне і таксама прывезлі адтуль невялічкую расліну ліліі. Прыжылася, цвіце! А яшчэ ксёндз Булька падарыў нам фігуры анёла і Маці Божай, параіў, дзе лепей устанавіць іх, пасля асвяціў… Можа, гэта Маці Божая выратавала і самога святара, калі трапіў у дарожнае здарэнне. Акурат насупраць нас… Была зіма, моцная кудаса перамятала дарогі, так што снега-ачышчальнікі не паспявалі чысціць снег. Мы сядзім з Валянцінам каля вакна, размаўляем, гледзячы на дарогу, і бачым, як на нашых вачах “раскруціўся” і перакінуўся ў канаву аўтамабіль.  Мы выскачылі да машыны, бачым, што гэта аўта нашага ксяндза Юозаса. Дзякаваць Богу, жывыя, але выбрацца  не далі рады ні вадзіцель, ні святар, пакуль  машыну не выцягнуў трактар. Аса-біста я заўсёды малюся  да Маці Божай  з просьбай зберагчы маю сям’ю і ўсіх тых падарожных, хто каля нас праязджае.

 

Быць дабру
…Хутар Валянціна і Наталлі Гуменнік пакідаем з пачуццём удзячнасці Богу за сустрэчу з імі – людзьмі стараннымі, светлымі, адкрытымі,  якія здольныя адчуць радасць ад блізкасці прыроды і ад супрацоўніцтва з ёю. Напэўна, да таго анёла, што застыў на беразе іх  сажалкі, прылятаюць яшчэ анёлкі, каб ахоўваць створанае Богам і людзьмі. “Наш былы пробашч ксёндз Булька, – падкрэсліла  Наталля, – заўсёды казаў: калі ты добры гаспадар, то ніякі плот, ніякая агароджа табе не патрэбныя. Пакажы, які парадак на тваім двары, на тваёй тэрыторыі, пахваліся сваімі кветкамі. З тых часоў людзі і сталі ўпрыгожваць сваё жытло”.
– Гэта сапраўды цудоўны, упрыгожаны самымі людзьмі край, ужо тры гады нясу ў ім душпастырскае служэнне, – казаў пры сустрэчы з намі  ксёндз дэкан Глыбоцкага дэканату Мікалай Ціхановіч. – Сам я родам з Гро-дзеншчыны, але з Глыбоччынай меў шчасце пазнаёміцца, яшчэ будучы клерыкам, таму што ў Міждыяцэзіяльнай Духоўнай семінарыі вучыліся таксама і хлопцы з Віцебшчыны. Я ўжо тады наведаў Паставы, Мосар, Глыбокае, іншыя месцы, упершыню ўбачыў мноства прыдарожных каплічак, фігур і быў моцна ўражаны. Гэта ўсё падкрэслівае прыналежнасць мясцовых жыхароў  ды хрысціянства, людзі не хаваюць сваю веру – наадварот вызнаюць яе адкрыта, і гэта натуральна і прыгожа. У нас на Гродзеншчыне таксама многа бачных сімвалаў веры, але ў асноўным гэта крыжы пры дарогах, на перакрыжаваннях, а тут – каплічкі, фігуркі анёлаў, нават святых. Напрыклад, па дарозе з Глыбокага на Шаркаўшчыну, на перакрыжаванні з дарогай на Мосар, цябе вітае святы Ян Хрысціцель… Прыемна, што людзі навучыліся такім чынам выражаць свае рэлігійныя пачуцці, адносіны да культу святых і ўсяго, што звязана з Іменем Пана Бога.  Ад святой памяці ксяндза пралата Юозаса Булькі вернікі прынялі  гэтую   культуру кветак, гэтую ландшафтнасць і як вынік – тут бачна перапляліся дзве сферы:  сфера хрысціянскай культуры і жывая вера. Некаторыя, будуючы дом, ужо не над дахам ставяць маленькі крыжык, а прама ў франтальную сцяну ўмуроўваюць вялікі крыж, каб падкрэсліць, што яны Бога прызнаюць, у Бога вераць і  Богу давяраюць усё – і гэты дом, і ўсё, што ў ім…   Вельмі прыемна, што  станоўчую пазіцыю адносна адкрытых знакаў хрысціянскай веры займаюць і мясцовыя ўлады; паставіць крыж на Глыбоччыне няма ніякіх праблемаў, а што датычыць Глыбокага, то крыжы амаль на кожнай вуліцы. Я б сказаў, што адбываецца перамена ментальнасці, і гэта таксама дае надзею.
…У Глыбокае мы ў’язджалі з боку вёскі Мярэцкія.  Насупраць аўтобуснага прыпынку, на ландшафтным прыгорку, заўважылі лозунг, вылажаны з каменя. Ведаеце, што ён сцвярджае? “Быць дабру”. І сонейка абазначана. Згадзіцеся, гэта таксама станоўчы пасыл ад тых, хто тут жыве, тым, хто сюды прыязджае.

 

 

   Раіса СУШКО.
Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD
Віцебская вобл.


Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий