10 кастрычніка 2024 года Папа Францішак прыняў адмову ад пасады Дапаможнага біскупа Пінскай дыяцэзіі Казіміра Велікасельца, OP, за плячыма якога 40 гадоў святарства, у тым ліку 25 – біскупскай сакры. Біскуп эмэрыт Велікаселец даў згоду на інтэрв’ю нашаму часопісу.
– Паважаны Эксцэленцыя, перш за ўсё, дазвольце падзякаваць за тое, што весь час, на працягу якога выходзіць “Дыялог”, мы адчувалі Вашую павагу да друкаванага слова. Зараз Вы атрымалі статус эмэрыта, ці можаце сказаць, якія пачуцці ў сувязі з гэтым напоўнілі сэрца – жаль, што актыўнае жыццё засталося за плячыма, ці радасць ад свабоды, якую адчулі?
– Здаецца, для такіх пачуццяў не знайшлося месца ў маім сэрцы. Па-першае, згодна з Кананічным правам, ва ўзросце 75 гадоў я быў прыгатаваны сысці з пасады Дапаможнага біскупа і звярнуўся з просьбай да Свяцейшага Айца Францішка. Але рашэннем Папы чатыры гады яшчэ працягваў служэнне, а слова Свяцейшага для святара – закон. Па-другое, у якім бы статусе ні знаходзіўся святар, яго заданнем, дарэчы, як і заданнем кожнага свецкага веруючага, з’яўляецца выкананне наказу Пана Езуса: “Будзьце святымі, таму што Я святы” (1 П 1,16). Што датычыцца абавязкаў, перш за ўсё цэлебрацыі святой Эўхарыстыі, то і святары, і біскупы выконваюць яе на працягу ўсяго жыцця. Да таго ж, гэта абавязак, у якім яны і самі моцна зацікаўленыя, бо, як сказаў Святы Ян Павел II, святая Імша – гэта вяршыня і крыніца ўсяго хрысціянскага жыцця, з якой карыстаюцца ўсе веруючыя ў Хрыста і ўсе Яго паслядоўнікі. Голасам святара Пан Езус перамяняе хлеб і віно ў Цела і Кроў Хрыста, яднае нас з Сабою і паміж сабою ў сваёй ахвяры.
– Напэўна, так бывае: атрымаўшы заслужаны адпачынак, чалавек азіраецца на пройдзены шлях, нешта “рэвізуе” у сваім жыцці: які перыяд з асабістага мінулага быў у Вас самым яскравым і самым лёсавызначальным?
–Акурат той самы, калі адбываўся пошук жыццёвай дарогі. У 1964 г. мяне прызвалі ў войска на тэрміновую службу, накіравалі ў Гродна. А гэта быў час, калі служылі разам прадстаўнікі розных нацыянальнасцей, розных веравы-знанняў, з розных куткоў былога Савецкага Саюза. Сябрам маім быў католік з Вільнюса Юрый Валкоўскі (з ім мы дзяліліся аплаткамі перад Божым Нараджэннем, якія нам прысылалі з дому), і аднойчы, перад самым заканчэннем службы, я прызнаўся, што адчуваю ў сабе пакліканне да святарства, але з гэтым ёсць пэўныя складанасці, бо і ў маім родным Шэрашава, і ў абсалютнай большасці месцаў касцёлы паза-крываныя, вучыцца няма дзе. А ён кажа: “Паехалі са мной у Вільнюс!”. І я паехаў.
Касцёлаў у Вільнюсе было каля трыццаці, з іх дзейнічалі толькі дзесяць. Памятаю, як стаяў на каленях перад Цудадзейным абразом у Вострай Браме, просячы Маці Божую Вострабрамскую аб дапамозе ў распазнанні жыццёвай дарогі. Пры гэтым абяцаў: кожны дзень на працягу года ўдзельнічаць у святой Імшы. Я працаваў у Вільнюсе, у будаўнічай арганізацыі і выканаў абяцанне – за год не прапусціў ніводнай святой Імшы ў Вострай Браме.
Праз год паехаў у Санктуарый Найсвяцейшай Панны Марыі ў Шылува (Літва) і, молячыся ўжо там, пачуў голас: “Ідзі ў семінарыю”. Гэта ўзрушыла, абудзіла маю надзею, і я паехаў у Каўнас, але, каб пайсці ў семінарыю, аднаго паклікання было недастаткова – на гэта патрэбна была згода ўладаў. А ў іх было сваё “бачанне” месца Бога ў жыцці чалавека і свая “арыфметыка”. На працягу трох гадоў дазволу мне не давалі, і я атрымоўваў фармацыю ў нелегальнай семінарыі ў ксяндза доктара Вацлава Пянткоўскага ў Мядзведзічах. І толькі ў 1981 годзе мяне прынялі ў Рыжскую духоўную семінарыю. Я быў – і застаюся сёння – бясконца ўдзячным Богу за такія “павароты” лёсу; лічу, што і тыя дзесяць гадоў на будоўлях ў Вільнюсе былі для мяне моцна карысным часам для ўзмацнення маёй веры.
– Шаноўны Эксцэленцыя, а што спрыяла выбару Ордэна дамініканцаў Вамі ў свой час, на чым заснаваная духоўнасць гэтай манаскай супольнасці?
– Можаце сабе ўявіць: малады чалавек марыць аб святарстве, прадпрымае для гэтага пэўныя крокі і там, у Вільнюсе, упершыню сустракаецца з братамі -дамініканцамі, якія захапляюць яго сваім палымяным прапаведваннем Божага Слова. Бліжэй з прадстаўнікамі Ордэна пазнаёміўся падчас вучобы ў Рыжскай духоўнай семінарыі і цалкам адчуў памкненне таксама, як і яны, быць прапаведнікамі Божага Слова. А гэта складае аснову духоўнасці гэтай манаскай супольнасці.
– Святасць – вышыня, да якой імкнуцца вучні Хрыста, Яго паслядоўнікі і веруючыя ў Яго людзі. Каго са святых асабіста Вы імкнуліся наследаваць? Чый прыклад жыцця і веры Вас вабіў, фармаваў, абуджаў сумленне і зачароўваў?
– Прыклад Слугі Божага біскупа Зыгмунта Лазінскага. У пацвярджэнне сказанага павінен зноў вярнуцца да перыяду пошуку жыццёвай дарогі. Падчас вялікага расчаравання ад таго, што не прынялі мяне на вучобу ў Каўнасе, адзін святар у Вільне даў мне абразок і біяграфію Зыгмунта Лазінскага, якая моцна лягла мне на сэрца. Я пачаў шчыра маліцца ў інтэнцыі яго беатыфікацыі, паехаў ў Пінск, каб памаліцца каля яго гроба, і сустрэўся там з кардыналам Казімірам Свёнткам. Падчас размовы іерарх падтрымаў маё рашэнне не марнаваць час і працягваць духоўную фармацыю нелегальна. Менавіта тады падказаў мне пра семінарыю ксяндза доктара Пянткоўскага.
– Шаноўны Эксцэленцыя, чым адрозніваецца біскуп Казімір Велікаселец ад маладога ксяндза Казіміра, які пасля атрымання сакрамэнту святарства прыбыў на сваю першую святую Імшу? Ці мае значэнне для святара, з якой парафіі пачынае сваю душпастырскую дзейнасць?
– Мае, прычым вельмі вялікае! Сакрамэнт святарства я атрымаў у 1984 годзе і быў накіраваны ў парафію Найсвяцейшай Тройцы у Ішкалдзі – стагоддзямі намоленае месца, моцна адданыя Богу людзі. Пра іх рашучасць і самаахвярнасць, з якой абаранялі яны касцёл, я ведаў, як і ведаў пра тое, што адкрыцця святыні ўжо ў савецкі час дабіліся, напісаўшы ліст да жонкі Брэжнева. І, убачыўшы мноства людзей на першай святой Імшы, успомніў выраз Льва Талстога “Глаза есть зеркало души”, бо сапраўды на іх тварах чыталася жывая вера! Сваё прызначэнне на службу ў гэтай канкрэтнай парафіі я прыняў як клопат Пана Бога пра маладога святара, якому даручаецца вялікая “аўчарня”. Святароў катастрафічна не хапала, людзі маліліся, кладучы на алтар арнат, які б напамінаў ім пастыра. І мне, служачаму пазней у Баранавічах і Брэсце, прыйшлося нанова адкрываць (зачыненыя і ператвораныя ў калгасныя склады і майстэрні) касцёлы і абслугоўваць парафіі ў Міры, Карэлічах, Новым Свержані, Гарадзеі, Лунінцы, Ганцавічах, Гарадзішчы, Лясной, Маларыце, Століне.
Яшчэ адна вельмі важная акалічнасць: сваю душпастырскую паслугу я меў гонар пачынаць у той час, калі працавалі легендарныя пастыры, адбыўшыя сталінскія лагеры ў Сібіры: сам кардынал Казімір Свёнтэк (Пінск), Вацлаў Пянткоўскі (Мядзведзічы), Міхал Варанецкі (Пружаны), Ежы Росяк (Паланэчка), Станіслаў Лазар (Брэст), Рычард Юнік (Рубяжэвічы). Вечны супакой дай ім, Пане, яны – прыклад нязгаснай веры на працягу ўсяго майго святарства.
– Эксцэленцыя, ці сапраўды завяршае сваю місію святар, біскуп, калі дасягнуў пэўнага ўзросту? Ці мае планы біскуп эмэрыт Велікаселец?
– Вышэй, відаць, я часткова адказаў на гэтае пытанне, але падкрэслю яшчэ раз: і святар, і біскуп застаюцца вучнямі, слугамі і выканаўцамі волі Божай да канца свайго жыцця. Застаюся ў Гомелі і пра планы скажу так: жаданне майго сэрца – завяршыць узвядзенне касцёла Ўнебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, якое было пачата ў 2013 годзе на месцы былога храма. І, пакуль будзе на тое воля Божая, пакуль будуць дазваляць сілы фізічныя, крыж свой буду несці і не азірнуся!
Здымкі кс. Чэслава ЛАДЫКА
і Карнэлія КОНСЭКА, SVD