«Божа, благаславі!»

Str-12“Вяселлі цяпер гуляюць мудрэй, як у тэлевізары, – заўважыў мой 88-гадовы сусед  дзядзька Андрэй. – Пляменнік  летась жаніўся, то тых машын чорных мо’ дзесяць ці болей было, усе ўквечаныя, але з яго вяселля я з пустымі рукамі прыйшоў; каравай, сказалі, цяпер не ў модзе”.
Дзядуліну рэпліку ўспомніла, сустрэўшыся з сужэнствам Мінкевічаў з Новай Мышы, якія сёлета адзначылі ізумруднае вяселле – 55 гадоў сумеснага жыцця. І размова з імі пайшла менавіта аб вясельных традыцыях і аб тым, што патрэбна  шанаваць.

 

 

 

 

Заручыны
Свой роспавед-успамін пачала Соф’я Францаўна:f-str-13
– Мы – даваенныя дзеці; я нарадзілася ў 1937-м,  муж на два гады старэйшы за мяне. І часам я сама думаю над гэтым феноменам: як за такі кароткі час нашыя бацькі, якія самі скончылі па 2-3 класы польскай школы, здолелі навучыць нас па-польску чытаць, пісаць,  а галоўнае – перадаць нам веру. Бо пасля вайны, калі мы пайшлі ўжо ў школу, па-першае, па-польску ніхто не вучыў, па-другое – пачынаўся пераслед веры, вызнаваць яе адкрыта было рызыкова, але (на дзіва!) мы не баяліся сказаць, што верым у Бога, нашыя бацькі не здымалі і не хавалі ад людскіх вачэй крыж, што і сёння вісіць на сцяне.  І ў гэтым была іх мудрасць – яны далі нам моцную веру ў Бога!  

 

Іван Канстанцінавіч:
– Бацькоўская вера нам і надавала  смеласці. Збіраліся кампаніяй і кожную нядзелю, а таксама на Вялікдзень, Божае Нараджэнне пехатою ішлі ў Баранавічы на святую Імшу. Касцёл у Новай Мышы  быў адкрыты, але рэгулярных набажэнстваў не было, ксёндз прыязджаў ад часу да  часу, а мы збіраліся на Ружанец.

 

С. Ф.:

Соф'я і Іван Мінкевіч у дзень шлюбу. 9 лютага 1963 года

Соф’я і Іван Мінкевіч у дзень шлюбу. 9 лютага 1963 года

– Ад маіх бацькоў нам застаўся пераносны крыж, з якім мы хаваліся падчас вайны ў акопе, што быў вырыты на нашым агародзе, і ў траншэях за мястэчкам. З гэтым крыжам бацькі благаслаўлялі нас, выпраўляючы да шлюбу. Гэта моцна дарагі нам крыжык…

 

І. К.:
– Мы з Соф’яй знаёмыя з дзяцінства, аднакласнікі, хоць я і старэйшы; у школу пайшоў пасля вайны, як і многія  дзеці, пераросткам. Класы адразу размяшчаліся па  хатах, пасля быў пабудаваны школьны будынак, і ў 1954 мы з ёю сталі выпускнікамі Навамышскай сярэдняй школы. Затым я паехаў вучыцца ў Брэст, у тэхнікум сувязі, а яна – у Мінскі інстытут народнай гаспадаркі. Пасля заканчэння вучобы мяне накіравалі ў Брэсцкі тэлецэнтр, акурат на пачатку 60-х ён пачынаў вяшчанне, а Соф’я, эканаміст, была накіраваная ў Ліду на абутковую фабрыку.

 

Разам з дзецьмі – Вітальдам  і Ліляй.  Здымак зроблены ў 1984 годзе.

Разам з дзецьмі – Вітальдам
і Ліляй. Здымак зроблены
ў 1984 годзе.

С.Ф.:
– Хацелася бліжэй да бацькоў і праз два гады я вярнулася ў Баранавічы. Праз пэўны час прызналася ім, што кахаю хлопца і што ён хутка прыйдзе да іх з размоваю… Ну і сказала, хто ён. Бацькі былі задаволеныя: мясцовы, “свой”, адукаваны, з добрай працавітай сям’і (а жылі недалёка, добра ведалі адныя другіх).  Словам, у дзень св. Сільвестра, 31 снежня 1962 года, адбыліся нашыя з Янам заручыны. Ён прыйшоў са сваімі бацькамі, разам яго старэйшы брат  з жонкаю, запрасілі яшчэ суседа. Прымалі іх мае тата з мамаю, дзядуля з бабуляю, хросныя бацькі, мае родныя цёткі, адным словам, усе самыя блізкія, каму лёс наш быў неабыякавы. Сумесна памаліліся, а пасля доўга размаўлялі, частаваліся, спявалі песні, дамовіліся аб сакрамэнце шлюбу і вяселлі. Зарэгістрыраваліся ў сельскім савеце на наступны дзень.

 

 І. К.:
– Пайшлі на рэгістрацыю адразу, бо, каб атрымаць сакрамэнт шлюбу, пара павінна быць абавязкова  зарэгістраванай, а я працаваў яшчэ ў Брэсце, ездзіць часта было немагчыма.  Канешне, ніхто не перашкаджаў рэгістрыравацца, вянчацца і рабіць вяселле ў адзін і той жа дзень, але як было паспець, наогул на чым ездзіць?

 

Святы Сакрамэнт  і вяселле

f-str-15

С.Ф.:
– Дамовіліся: сакрамэнт шлюбу адбудзецца 9 лютага, а вяселле – праз тыдзень пасля яго.  Сустрэліся з пробашчам парафіі Ўзвышэння Святога Крыжа ксяндзом Станіславам Рагоўскім, і ён падрабязна раз’ясніў, як мы павінны падрыхтавацца. Дапамагалі нам у гэтым нашыя бацькі.  Існавала традыцыя: нявеста павінна была купіць жаніху белую кашулю, а ён ёй – падвянечнае плацце або тканіну на яго. І першае, і другое было ў вялікім дэ-фіцыце, але мой будучы муж па-клапаціўся і прывёз мне адрэз белай шаўковай тканіны, кашулю яму я таксама купіла (дарэчы, і сёння захоўваем іх як сямейныя  рэліквіі). З празрыстага белага капрону сама сабрала  вэлюм, упрыгожыла яго ветачкамі спарагуса і папаратніка –  тады ўсе так рабілі.

Аднаўленне сужэнскіх абяцанняў праз 50 гадоў пасля шлюбу ў касцёле Перамянення Пана ў в. Новая Мыш. 9 лютага 2013 года.

Аднаўленне сужэнскіх абяцанняў праз 50 гадоў пасля шлюбу
ў касцёле Перамянення Пана ў в. Новая Мыш.
9 лютага 2013 года.

Наступіў дзень шлюбу. Была субота, пасля абеду, на блага-слаўленне сабраліся самыя блізкія, бо напярэдадні кс. Рагоўскі папярэдзіў: майце на ўвазе, вянчаецеся за зачыненымі дзвярыма, вялікую кампанію не збірайце. Сэнс сказанага  быў зразумелы – мы маглі застацца без працы, аднак думкі, каб жыць нешлюбаванымі, ніхто з нас нават не дапускаў. З дому выпраўлялі бацькі. І па сёння ў памяці, з якім хваляваннем  стаялі мы з Янам на каленях на белай сурвэце, перад абразом Маці Божай, цалавалі той самы крыж, з якім хавалася ў акопах калісьці наша сям’я, і слухалі бацькоўскі наказ. Пасля нас абнеслі тры разы грамнічнай свечкай і благаславілі на шлюб. Да касцёла  з намі паехалі мая мама, цёця і мой стрыечны брат – наш галоўны сведка. Нягледзячы на люты холад, я стаяла ў  танюсенькай белай сукенцы перад Божым алтаром, разумеючы, чаму я гэта раблю і якую клятву даю. Выходзілі з храма, і толькі адна думка стукала у скроні: як жыць бу-дзем – невядома, але той адзіны, хто  Богам дадзены, –   са мною побач да самай  смерці.  

 

І. К.:
– Ну, мы ж кахалі адзін другога, гэта галоўнае. Пярсцёнкі на шлюб я таксама прывёз – танныя, на залатыя не мелі  грошай. Але для нас і яны дарагая рэліквія, звязалі іх чырвонай стужкай, і няхай напамінаюць пра наш самы важны ў жыцці дзень. Ды хіба золата на пальцы гарантуе шчасце?  

 

С.Ф.:
– Праз тыдзень  пасля шлюбу было вяселле. Я ў шлюбным плацці, дзяўчаты ў яснакаляровых сукенках. Дарэчы, дружкі маладой апраналіся заўсёды у ясныя або нават белыя, сукенкі, падкрэсліваючы святасць самой урачыстасці, чысціню дашлюбных адносінаў. Каб якая з шаферак прыйшла ў чорным адзенні, як гэта сёння бывае, то моцна абразіла б нявесту, ды і астатнія госці палічылі б гэта дрэнным учынкам.

 

І.К.:
– А шаферы, гэта значыць  родныя і стрыечныя браты маладога, сябры,  якія запрошаныя на вяселле, таксама рыхтаваліся – абавязкова куплялі цукеркі для сваёй  будучай шаферкі. Маладая з маладым дамаўляліся, каб было пароўну: колькі хлопцаў з боку маладога – столькі дзяўчат з боку маладой.

 

С.Ф.:

Іван Канстанцінавіч і Соф'я Францаўна ў дзень шлюбу ўнучкі Марыі з Паўлам. Красавік 2016 года

Іван Канстанцінавіч і Соф’я Францаўна ў дзень шлюбу ўнучкі Марыі з Паўлам. Красавік 2016 года

– Пачыналася вяселле з прышывання кветак – трапяткога і цікавага. Напярэдадні дружкі маладой  рыхтавалі невялічкія кветкі ў форме банцікаў, сшываючы беленькія, ружовыя, галубыя вузенькія стужкі з галінкамі спарагусу. Рыхтавалі па колькасці шафераў, для жаніха і для свата. Кветачкі тыя мелі вельмі далікатны  від. І, калі малады прыбываў да маладой са сватам, музыкай і ўсёю сваёю дружынай, пачыналася  прышыванне. Свату прышывала на пінжак кветку сваха (дарэчы, сама павінна была мець сірэневы бант і быць апранутай ў сірэневую або бардовую сукенку),  маладому – старэйшая шаферка, а дзяўчаты мелі права выбару: да якога хлопца падыдзе з кветкаю дзяўчына, тому і прышые, пасля чаго яны ўжо павінны былі апекаваць адзін другога на вяселлі. На нашай памяці многа выпадкаў, калі, адгуляўшы на чыімсьці вяселлі, шафер з шаферкаю з цягам часу і самі станавіліся сужэнскай парай.

 

І.К.:
– На нашым вяселлі была надта прыгожая музыка, можа нават самая лепшая на той час – баяніст  Слава Міхальцэвіч, скрыпач Мікалай Барбарыч і барабаншчык Бернат Сакало. Музыцы надавалася вялікае значэнне, бо гучала яна не толькі для вясельных гасцей, але і ўсіх тых, хто прыйдзе паглядзець на яго збоку. Шаферы і шаферкі частавалі ўсіх цукеркамі, бацькі маладых таксама выносілі які-небудзь пачастунак.  Так было прынята – вяселле ў вёсцы ці ў мястэчку было вялікай і значнай падзеяй для ўсіх яго жыхароў. Таму бацькі маладых павінны былі загадзя падумаць, дзе будуць адбывацца танцы. Вясной і ўлетку танцавалі звычайна на надворку, зімою наймалі памяшканне. Дарэчы, гледачы, якія прыходзілі незванымі, вялі сябе прыстойна: пакуль не выйдуць на танец вясельныя госці, і яны не спяшаліся на сярэдзіну танцавальнай   пляцоўкі.

 

С.Ф.:
– А як прыгожа людзі танцавалі! Звычайна тон задавалі сват са свахаю, старэйшы шафер з шаферкаю, ну і астатнія госці. “Нарэчанька”, “Кракавяк”, “Падыспань”, “Абэрак”, ”Малдавеняска”,  вальс, полька – гэта ўсё было ў нашым юнацтве і маладосці; даўно было – а душу і сёння  грэе. Зараз моладзь іншыя танцы выконвае, але, здаецца мне, яны губляюць сваю арыгінальнасць, адметнасць, нейкія ўсе аднолькавыя сталі…

 

 Шлюбны каравайf-str-17
– Прыгожай традыцыяй быў яшчэ  каравай. Выпякаўся паасобку ў доме нявесты і ў доме жаніха (вяселле таксама прайходзіла: дзень першы і палова другога – у нявесты, а з вечара другога дня і на трэці – у жаніха). Для гэтага запрашаліся  каравайніцы – пераважна замужнія жанчыны, якія шчасліва жылі ў пары, мелі  дзяцей, і кожная з іх з сабою што-небудзь несла: яйкі, муку, масла. Канешне, было гэта сімвалічна, бо галоўны клопат пра каравай мелі маці маладых і належным чынам рыхтаваліся.  Старэйшай каравайніцай – на ёй ляжала ўся адказнасць за якасць вырабу – запрашалася  вопытная гаспадыня; напрыклад,  у мяне была мая родная цётка Гэля – расчыняла, мясіла, сачыла, як “расце”, а каравайніцы рабілі ўпрыгожванні з цеста – ружы, лісточкі і галінкі дрэў,  па акружнасці каравая ўкладалі плеценую касу, а пасярэдзіне ўмацоўвалі дзвюх птушак. Калі падыходзіў час садзіць каравай у печ, усе станавіліся вакол стала, маліліся і прасілі Божага благаслаўлення, каб каравай удаўся на радасць маладым і іх гасцям.

 

І.К.:
–  Каравай пяклі не адзін, а некалькі, каб усім хапіла, і на другі дзень вяселля госці адорвалі маладых падарункамі, а маладыя ў знак  удзячнасці адорвалі іх караваем.

 

С.Ф.:
– Гэтая частка вяселля была кульмінацыйнай і моцна кранальнай. Калі падыходзіў гэты момант, сват прамаўляў: “Просім Бога Найвышшага, айца і матку, родную хатку даць благаслаўленне каравай унесці. Просім першы раз!”. І вясельнікі, стоячы, урачыста прасілі: “Божа, благаславі!”. “Просім другі раз!” – зноў  агучваў просьбу сват, і вясельнікі паўтаралі :”Божа, благаславі!”. “Просім  трэці раз!..” У адказ зноў гучала: “Божа, благаславі!”. “За трэцім разам – за Боскім прыказам!..”. І старэйшы шафер пад музыку ўносіў каравай, ставіў яго на стол перад маладымі. “Маладая з маладым надзяляюць караваем – Божым дарам…”, – выгукваў сват і называў персанальна кожнага госця. Гэта быў элемент павагі і ўшаноўвання прысутных. Пачыналі заўсёды з бацькоў і хросных, пасля ішлі родныя сёстры, браты, цёткі і дзядзькі  – усе па ступені сваяцтва. Весь каравайны рытуал сват павінен быў ведаць “на зубок”.

 

І.К.:
– Менавіта ён і кіраваў вяселлем, ніякіх іншых вядучых не было. На гэтую “пасаду” запрашалі ці з родных каго, ці з сусе-дзяў або прыяцеляў чалавека вясёлага, каб умеў і слова сказаць, і песню заспяваць, і з любой сітуацыі знайсці выйсце. Між іншым,  для мужчыны гонар быў, калі яго запрашалі на ролю свата, многія за жыццё дзесяткі разоў бывалі сватам, як і жанчыны – свахаю.

 

С.Ф.:
– Ну, сваха была  больш апякункаю нявесты, складала падарункі маладым, а ў доме жа-ніха яшчэ дапамагала маладой раздаць падарункі родзічам свайго маладога мужа. Сёння каравайны рытуал адыходзіць – шкада. Ва ўсе вякі ва ўсіх славян каравай быў галоўным вясельным хлебам.  Ён увасабляў у сабе працу рук людскіх і дабрабыт сям’і. Хіба адэкватная яму  замена – торт? Торцік у гонар імянін, торцік на дзень нараджэння, на прафесійнае свята, на 1 верасня, на заканчэнне школы і г.д., і г.д. Торцік наогул можа быць кожны дзень, а шлюбны каравай – як і сам шлюб – толькі раз у жыцці!

 

 Пірагі

 

І.К.:
– Здаецца, адыходзяць і пірагі. У якім сэнсе? Калісьці пасля вяселля маладая заставалася ў доме свайго мужа і на працягу тыдня не павінна была наведваць родных бацькоў. Напрыканцы яго свякроў пякла пірагі, і ў нядзельку накіроўваліся ўсе разам у бацькоўскі дом нявесты. Праз наступны ты-дзень бацькі нявесты павінны былі наведаць бацькоў жаніха з пірагамі – сваіх сватоў,  замужнюю дачушку і такім чынам закончыць вяселле. Так завязва-ліся сямейныя адносіны, усталёўваліся традыцыі.

 

С.Ф.:
– Канешне, усё з цягам часу мяняецца, і гэта натуральна. Дзякаваць Богу Найвышэйшаму,  у нас ужо даўно замужняя дачка і жанаты сын;  маем пяцёра добрых унукаў і дачака-ліся маленькую праўнучку. Усе ахрышчаныя; жанатыя і замужнія – венчаныя; усе жывуць, маючы ў сэрцы Бога. Паціху трымаемся і мы з Янам, бывалі і  бываем на  вяселлях: людзі цяпер прыгожа прыбраныя, сталы ломяцца ад яды і пітва, спяваюць артысты, гуляюць  спецыяльна нанятыя танцоры, калектывы, многа бляску і знешняга лоску. І адчуванне такое, быццам вяселле ператвараецца ў канцэрт, падчас якога госці з боку маладога  не маюць магчымасці пазнаёміцца  з гасцямі з боку маладой. Душэўнае цяпло прападае, вяселлі ўсё болей становяцца падобнымі да гульняў.  А ў шлюб гуляць нельга – бо гэта Божы дар, таямніца, якая адкрываецца  адначасова  дваім і якою ім патрэбна моцна даражыць.

 

 

Запісала Раіса СУШКО.
Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD

 і з фотаальбома сям’і Мінкевічаў.
Баранавіцкі раён.


Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий