Да апошняга прыпынку

Str-12

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Згадзіцеся, дастаткова часта чуем: “Кожны нясе свой крыж…“, “У кожнага свая Галгота…”. Так, пра той штодзённы ў кожнага сваё ўяўленне. І той, каторы сустракае нас упершыню на незнаёмай дарозе, у розных людзей таксама вызывае розныя пачуцці. І толькі Бог ведае, якія эмоцыі будзем перажываць, убачыўшы крыж, які чыясьці цвёрдая рука паставіць у нашай хаце на покуці, за сталом пад абразамі.

 

 

 

Хтосьці скіруецца ў бок неба…

Алена Баляславаўна Ярмаковіч

Алена Баляславаўна Ярмаковіч

– Глядзіце, вось той крыж, які ходзіць па нашай вёсцы з хаты ў хату ўжо болей за сто гадоў,  трымайце, – і Алена Баляславаўна Ярмаковіч далікатна дастае з шафы, з поліэтыленавага пакеціка комжу. – 28 чэрвеня памерла мая мама, і крыж з комжаю – памытаю, папрасаванаю –  з той пары захоўваецца ў нашай хаце. Будзе датуль, пакуль хтосьці іншы не скіруецца ў бок неба… Тады крыж зноў будзе суправаджаць да апошняга прыпынку чарговага нябожчыка.

Упершыню ўбачыла такі крыж, – прадаўжае жанчына, – калі была яшчэ школьніцаю, недзе ў шостым класе вучылася. Жылі мы вялікаю сям’ёю – мама з татам, дзве татавыя сястры і бабуля. Вельмі часта заставаліся ў нас мае дваюрадныя – дзеці дзядзькі Франэка. Жылі дружна, дзверы ў хаце, як кажуць, не зачыняліся. Аднойчы вяртаюся дамоў, а пры ўваходзе ў нашу хату стаіць мужчына з крыжам – памерла бабуля. Сабраліся ўсе родныя, прыехала цёця Стася з Латвіі, папрыходзілі вяскоўцы, твары ва ўсіх сумныя, усе плачуць… І як дзіця, я пачала  баяцца такога крыжа, менавіта такога, працэсійнага, у нас называюць яго “правадны”, які прыносяць за якую, можа, гадзіну ці дзве перад вынасам нябожчыка. Канечне, крыж наогул не быў для мяне чымсьці дзівосным, бачыла яго ў касцёле Святога Яна Хрысціцеля ў Ваўкалаце, куды мама перакідала мяне праз каменную агароджу да Першай Святой Камуніі, бо дзецям было забаронена наведваць храмы. Асновы веры тлумачыла мне таксама мама, вучыла пацерам, і той крыж, які ў храме, не вызываў у мяне ніякай боязі, а гэты, што з’явіўся тады на надворку каля хаты і пасля пахавання бабулі павінен быў на некаторы час яшчэ застацца ў нас… Гэты азначаў смерць, і я баялася класціся спаць, баялася заставацца  дома адна…

Каб утаймаваць мае страхі пасля пахавання, бацькі паднялі крыж на гарышча. Крыху дапамагло, але ненадоўга: праз некалькі месяцаў памірае мая цёця Геня. І зноў усе галосяць, бо памерла ў росквіце сіл, а я баюся, што  крыж застаецца ў нашай хаце зноў… Але ж і час прайшоў, і дзяцінства разам з ім прайшло, і сёння правадны крыж ужо не палохае.  Ён толькі злёгку напамінае: “Чувайце, бо не ведаеце ні дня, ні гадзіны…”.

Хто ж зрабіў гэты крыж? Ці засталіся якія звесткі?

– Суседка Магдалена, ей 82 ужо скончылася, – удакладняе  Алена, – успамінала, што зрабілі гэты крыж Сымонавы хлопцы, іх было чатырох братоў… І вельмі былі ўдалыя да ўсякай работы…

 

Крыж дзеда Караля

Алена Гіляраўна Каўбасіч

Алена Гіляраўна Каўбасіч

Нам пашанцавала. Мы не проста знайшлі адказ на пытанне, не проста дазналіся імя створцы  праваднога крыжа ў в. Віржы – аднаго з “чатырох Сымонавых хлопцаў” – але і сустрэліся з яго  ўнучкай,  82-гадовай Аленай Каўбасіч.

– Перад Другою вайною наша вёска была вялікая, казалі, болей за 400 жыхароў, як і сёння  належала да Ваўкалацкай парафіі, – пачынае свой роспавед Алена Гіляраўна. – А такіх вёсак у парафіі было можа пяцьдзясят, ці болей. Канечне ж, і паміралі людзі, амаль кожны дзень – і старыя, і малыя… Мой дзядуля Караль Штуро быў чалавекам прыстойным, добрым і моцна набожным. Многа ведаў, меў вельмі прыгожы і моцны голас, хадзіў да касцёла і там спяваў. Успаміналі людзі, што як заспявае Караль – у касцёле сцены дрыжаць (ніхто тут у нашых краях такога голасу не меў і нікому з прадаўжальнікаў роду, на жаль, такі голас не дастаўся). Спяваў мой дзед і на пахаваннях па вёсках, ішоў з правадным крыжам; пасля  нёс гэты крыж дамоў, а разам і комжу – памыць, папрасаваць, а калі паднасілася, то падрамантаваць, ці новую пашыць… Так працягвалася доўгія гады. А пасля мама пачала прасіць, што нешта трэба перайначыць, бо часу не заўсёды хапае, асабліва, калі гэты час прыспешвае… Прапанавала, каб крыж і комжа заставаліся ў хаце апошняга нябожчыка. Тады мой дзядуля падумаў і вырашыў зрабіць правадны крыж толькі для свае вёскі, асвяціць яго ў  касцёле – і няхай тут у Віржах ён і захоўваецца. А чалавек ён быў, як кажуць, “майстра-залатыя рукі”: рабіў мэблю, шафы, табурэткі…

Памёр мой дзядуля ў маі 1953 года, добра ўжо памятаю. Была раніца, і такое ласкавае сонейка ў вакно свяціла! Мама пабудзіла нас, запалілі грамніцу, маліліся… Плакалі ж, канечне, бо яго любілі, надта дбайны быў. Ужо саслабеўшы, ляжаў у ложку і адзін раз кажа нам: “Пайдзіце ў свіран і паглядзіце, ці многа збожжа ў нас”. Мы паглядзелі, вяртаемся да яго ў пакой: “Многа яшчэ, дзядуля!”. “То добра! – адазваўся на гэта, –  магу яшчэ паляжаць…”.

І пакуль жыў мой дзед Караль, крыж і комжа захоўваліся ў нас, але служылі толькі для жыхароў нашай вёскі, праводзячы іх у апошні шлях…  А пасля яго смерці вяскоўцы дамовіліся так: з чые хаты праводзяць нябожчыка, у тую хату вяртаюцца правадны крыж і комжа пасля пахавання. І там застаюцца да той пары, калі Бог зноў да сябе каго-небудзь пакліча…

 

Пакуль лямпа не патухне

Валянціна Францаўна Штуро

Валянціна Францаўна Штуро

А ці былі, ці ёсць правадныя крыжы ў іншых вёсках  парафіі?

– Заўсёды былі і ёсць сёння, –  гаворыць 92-гадовая Валянціна Францаўна Штуро, жыхарка Ваўкалаты. – Родам я з Баяраў і там таксама вёска спрадвеку мела свой правадны крыж. Не магу  дакладна сказаць, хто і калі яго зрабіў, падобна, што дзед або бацька Фелікса Дабранскага, бо вельмі доўгі час у яго хаце захоўваўся. А пасля ягонай смерці крыж і комжа пачалі шлях па чарзе – ад адной жалобнай хаты да наступнай…

Провады ў апошні шлях былі людныя, – прадаўжала Валянціна Францаўна. – Наперадзе працэсіі дужы мужчына нёс правадны крыж, за ім ішлі пеўчыя, труна з целам памерлага стаяла на коннай павозцы  (пазней сталі ўжо на машынах вазіць), а людзі ішлі пешкі і маліліся да самага касцёла. У касцёле ў Ваўкалаце цэлебравалася святая Імша, пасля працэсія накіроўвалася на могілкі; па заканчэнні пахавання правадны крыж з комжаю вярталіся ў дом нябожчыка, такі ў нас быў парадак, прытрымоўваемся яго і сёння. У вёскі, якія ад касцёла аддаленыя, ксёндз даязджаў сам і св. Імшу цэлебраваў на месцы.

А ведаеце, якія моцныя ў веры былі колішнія людзі, напрыклад, мой тата,– пані Валянціна пачала спешна ўспамінаць. – Меў добрую памяць. У суседстве з намі жыла старэнькая бабуля, да касцёла хадзіць не магла – Баяры далёка ад Ваўкалаты, 5 кіламетраў, і як толькі тата вернецца з касцёла, яна ідзе да яго, каб расказаў, што было на св. Імшы: якое Евангелле чыталі, якое казанне прамаўляў ксёндз. І тата раскажа – слова ў слова. Ён і нас да веры далучыў. Мама ўсё болей на гаспадарцы была занятая, а тата пасадзіць нас за сталом і расказвае: хто такі Бог, хто Яго Сын, хто Божая Маці, хто напісаў Евангеллі, малітвам на ружанцы вучыў,  а пасля яшчэ пытаў, што мы запомнілі. А дзеці ж, вядома, не заўсёды ўважлівыя. Дык ён нам прыпавесці расказваў, каб зацікавіць. Па сёння помню: “Ідзе Бог па вуліцы і бачыць, што мужчына робіць плот з саломы. Пытаецца ў яго: “Чаму з саломы?”. “Можа, хутка памру, – адказвае той, – то навошта моцны?”. “Рабі моцны і не думай, што памрэш заўтра!”. І яшчэ такое запомніла: “Калі чалавек нараджаецца, Бог запальвае лямпу. І чалавек гэты датуль жыве, пакуль не выгарыць з яе ўся аліва і пакуль лямпа не патухне”. Правільна! І ведаеце, колькі тата пражыў? 100 гадоў! Значыць, многа алівы было ў лямпе, якую яму Бог запаліў.

Пробашч парафіі Св. Яна Хрысціцеля  ў в. Ваўкалата кс. Алег Півавар.

Пробашч парафіі Св. Яна Хрысціцеля ў в. Ваўкалата кс. Алег Півавар.

 

Калі адыходзіць апошні

…Мілыя беларускія вёсачкі, як жа вас шкада, як шчыміць сэрца, гледзячы на паваленыя платы з зараснікамі бэзу, альхі, крапівы, на забітыя дошкамі або наадварот – выбітыя нейкімі недаверкамі – вокны асірацелых хат! Пустэча там, дзе калісьці было жыццё – самабытнае, неяк па-людску адладжанае, размеркаванае, дзе гуляліся вяселлі, нараджаліся немаўляткі… Вёсак, дзе засталіся лічаныя жыхары, многа ў Ваўкалацкай парафіі. Не ўсе старэнькія згаджаюцца пераязджаць да дзяцей ў гарады, не ўсе даюць згоду на сацыяльны догляд, такая ўжо чалавечая натура: сваё –  мацней грэе.  І прыходзіць момант, калі з вёскі адыходзіць апошні яе жыхар…

– Гэта вельмі сумны момант, калі адыходзіць апошні жыхар,  – гаворыць пробашч парафіі Св. Яна Хрысціцеля кс. Алег Півавар. – Правадны крыж вёскі, які працяглымі дзесяцігоддзямі быў не проста сведкаю людскога болю, але і суцяшэннем, і сімвалам надзеі на ўваскрэсенне, знайходзіць прытулак у касцёле, становячыся сведчаннем памерлай вёскі. Служэнне такіх крыжоў у двух вёсках нашай парафіі ўжо завяршылася – першы прыбыў з в. Струкі, а ў кастрычніку б.г.– з в. Анцыпары: апошнім, хто пакінуў сваё жытло на зямлі, быў 91-гадовы Альбін Чэрвоны. Адначасова завяршыліся лёсы – чалавека і вёскі. Амэн. Нам застаецца памяць і малітва за памерлых.

Малітва за памерлых – справа чалавека веруючага, які мае ў сабе разуменне: той, хто з гэтага свету адышоў, знаходзіцца ў месцы чакання на неба, у чыстцы, і церпіць за грахі, якія папоўніў пры жыцці. Каб скараціць час гэтага цярпення, як людзі веруючыя мы давяраем гэтыя душы чыстцовыя Божай Міласэрнасці праз нашу малітву – малітву Касцёла. Заклікі да Бога могуць быць розныя, пачынаючы ад звычайнага Ружанца за памерлых, малітвы Анёл Панскі, Літаніі і Каронкі за  памерлых. На працягу апошніх чатырох-пяці гадоў, па першых суботах месяца, мы ў сваёй парафіі маліліся за душы чыстцовыя – цяпер молімся кожную суботу – да Маці Божай, Апякункі душаў чыстцовых, бо наша Маці Божая Ваўкалацкая – Апякунка душаў чыстцовых, у абразе сваім.  Дарэчы, на Беларусі абраз гэты – адзіны, і знаходзіцца ў нашым касцёле. f-str-16-2

Маем малітву, зацверджаную Старшынёю Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, Ардынарыем Віцебскай дыяцэзіі біскупам Алегам Буткевічам – да Маці Божай, Апякункі душаў чыстцовых. Ёю молімся, яе распаўсюджваем. Асабліва плённы ў гэтым сэнсе лістапад, які пачынаецца з Урачыстасці Усіх Святых, з актавы за памерлых і доўжыцца ўсе трыццаць дзён. 1 лістапада збіраемся на самых вялікіх могілках, Ваўкалацкіх, ідзём працэсіяй, молімся на пяці стацыях: за памерлых святароў, за бацькоў, за дзяцей, за сваякоў і за загінуўшых на войнах. А паколькі наша парафія па тэрыторыі вялікая, 20 могілак, то, пачынаючы яшчэ з кастрычніка, па суботах і нядзелях, езджу і на могілках цэлебрую святыя Імшы менавіта за душы чыстцовыя, за душы памерлых, якія пахаваныя на гэтых канкрэтных могілках. Людзей збіраецца нямнога, пяць – дзесяць чалавек, а пахаваных то значна болей… За некаторых ужо даўно няма каму маліцца, а калі святар прыехаў – памоліцца за ўсіх, асвяціць помнікі… І гэта – адзінае, чым можам мы дапамагчы тым, каго сярод нас ужо няма.

 

 

 Раіса  СУШКО.

    Фота Карнэлія КОНСЭКА,SVD.

Віцебская вобласць 


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий