Пра актуальнасць праблемы алкагалізму ў нашай краіне, напэўна, і казаць не трэба – усе ведаюць. Але чаму людзі п’юць? Шукаюць чагосьці іншага і большага за тое, што маюць? Алкаголь прыносіць пакуты, гора, смерць, жыццё з ім – гэта жыццё з сур’ёзным захворваннем, якое лёгка набыць і якога цяжка пазбавіцца…
Алкаголікам здаецца, што алкаголь прыносіць выратаванне і радасць, не лічаць залежнасць захворваннем. І трагедыя ў тым, што гэта не нейкія там прыдуманыя сметнікавыя бамжы, а нашы блізкія сябры. Касцёл усведамляе неабходнасць аказання духоўнай дапамогі залежным людзям, таму супрацоўнічае з імі, дапамагае ім прыйсці ці вярнуцца да Бога. Дзеля гэтага ствараюцца душпастырствы цвярозасці, арганізуюцца сустрэчы або рэкалекцыі. У Бягомлі, пры каталіцкай парафіі існуе Цэнтр дапамогі залежным ад алкаголю і наркотыкаў, у Гродне таксама ёсць Цэнтр дапамогі залежным.
Рэкалекцыі

Рэкалекцыі цвярозасці – час духоўных разважанняў, дапамогі ў пошуку Бога і аднаўленні адносінаў з самім сабой і іншымі– у нашай краіне арганізуюцца штогод. Неабыякавы да праблемы алкагалізму пробашч парафіі Св. Станіслава, біскупа і мучаніка ў в. Далёкія кс. Анджэй Бочар, MS распавёў пра сутнасць гэтых рэкалекцый: “Рэкалекцыі патрэбны і залежным, і сузалежным для таго, каб жыць у цвярозасці. Дзякуючы ім, алкаголікі ўстрымліваюцца, каб не ўзяць першай чаркі. Бо калі алкаголік пасля году, а нават пяці год, узяў чарку зноў, ён ідзе ў запой і працягвае піць. Дзякуючы рэкалекцыям, чалавек узмацняецца духоўна, узмацняе волю, каб не ўзяць гэтай першай чаркі. А для сузалежных – жонак, дзяцей – рэкалекцыі адкрываюць праблему і шляхі яе вырашэння: малітвай, “жорсткай любоўю” (на лячэнне выслаць, не маўчаць, калі на працу не пайшоў, не плаціць за яго штрафы і г.д.)”. Вясной і восенню рэкалекцыі праходзяць у Баранавічах, у першую нядзелю Адвэнту – у Гродне, у ліпені – у Браславе. У Далёкіх праводзяцца сямейныя рэкалекцыі.
Арганізатар рэкалекцый у Браславе і Далёкіх кс. Анджэй заахвочвае вернікаў адмовіцца на некаторы час ад ужывання, куплі і прадажы алкаголю, прапануе запісацца ў так званую «Кнігу Цвярозасці», каб вучыцца жыць і святкаваць без алкаголю, ствараючы тым самым цвярозае грамадства.
Ксёндз Анджэй працягвае дзейнасць Брацтва цвярозасці, якое існавала ў парафіі Святога Станіслава, біскупа і мучаніка ў вёсцы Далёкія Браслаўскага раёна, пачынаючы з 1929 года, было моцна развіта і налічвала 343 асобы. “Збіраемся ў Браславе, у санктуарыі Маці Божай, бо тут асаблівае месца, тут асабліва дзейнічае Бог”, – расказвае кс. Анджэй.– Мне ўжо 57 гадоў, і я сам усё жыццё не ўжываю алкаголю. Тата мой піў, а я вырашыў увогуле не піць і, наколькі магу, дапамагаю тым людзям, у каго з гэтым праблемы. Дапамагаю і сваёй абстыненцыяй, і сваёй малітвай, і працай у группе – рознымі метадамі захавання ў цвярозасці”.

Нанова адкрыць вартасці
Праграма кожных рэкалекцый нязменная: прывітанне, св. Імша на ўрачыстае адкрыццё, адкрытыя і закрытыя сходы, канферэнцыя, якую прамаўляе святар, Крыжовы шлях для залежных людзей і іх сем’яў, падрыхтоўка да Сакрамэнту пакаяння, Споведзь, св. Імша на заканчэнне, абмен уражаннямі і падвядзенне вынікаў.
Ідэя арганізаваць рэкалекцыі у Браславе нарадзілася ў 2008 годзе, а ў 2014-м – зрабіць сямейныя рэкалекцыі цвярозасці ў Далёкіх, дзе могуць удзельнічаць бацькі і дзеці, бабулі і дзядулі. Святар вельмі шмат моліцца на ружанцы і заахвочвае лю-дзей да малітвы аб цвярозасці сваіх блізкіх, знаёмых. У 12 дзень кожнага месяца 24 гадзіны група людзей моліцца за цвярозасць на ўсёй Беларусі. Да гэтай малітвы можа далучыцца кожны. У парафіі Св. Станіслава, біскупа і мучаніка, кожны панядзелак адбываецца малітва аб цвярозасці парафіян і адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту ў гэтай інтэнцыі і абстыненцыі. Да гэтай малітвы таксама можа далучыцца кожны, хто неабыякавы да праблемы алкагалізму. Святар моцна заахвочвае вернікаў да абстыненцыі.
«Калі маці ці жонка хоча, каб іх сын ці дачка, або муж пера-сталі піць, то перш за ўсё павінны самі перастаць ўжываць алкаголь. І ўвогуле не трымаць яго ў сваім доме. І трэба, каб не плацілі за працу (напрыклад, за апрацоўку агароду) алкаголем, а грашыма. Чалавек сам робіць свой выбар: ці купіць за іх «беленькую», ці занесці дадому, – падкрэслівае кс. Анджэй. – Той, хто пакінуў ужываць алкаголь, павінен па-новаму вучыцца будаваць ўзаемаадносіны з іншымі. Калі быў алкаголікам, то быў як малое дзіця, якое даглядалі іншыя і якое само не магло пра сябе паклапаціцца. Цяпер жа павінен будаваць жыццё па-новаму, – дадае святар. – Калі ж чалавек, які кінуў піць, не развіваецца духоўна (ці самастойна, ці, напрыклад, праз такія рэкалекцыі), то ў сваёй пастанове доўга не вытрывае.
Душпастырствам цвярозасці ксёндз Анджэй займаецца больш за 20 гадоў, дапамагаючы людзям нанова адкрыць свае вартасці і жыць у цвярозасці і абстыненцыі. Пра важнасць духоўнага развіцця ў цвярозым жыцці кажуць і самі ўдзельнікі рэкалекцый.

– Рэкалекцыі для мяне – гэта час узрастання ў духоўнасці, гэта магчымасць адкласці што-дзённыя справы і добра падрыхтавацца да споведзі. І, канечне, гэта зносіны. Гэта размова з людзьмі і з Богам, – падзялілася Тамара з Маладзечна. – Нават 11 крок у праграме Ананімных Алкаголікаў гучыць як “імкнуцца шляхам малітвы і роздумаў настойлівей звяртацца да Бога (…). Вельмі добра, што дастаткова часу адводзіцца на адпачынак, на знаёмства з Браслаўскім краем.
Што такое абстыненцыя і навошта яна?
Абстыненцыя (лац. abstineo, -ere – устрымлівацца). Найчасцей ужываецца ў значэнні ўстрымання ад алкаголю, а таксама ад мясных страваў у перыяды пакаяння і вызначаныя Касцёлам дні (у пятніцу). Можа быць адной з формаў дабравольных пастановаў на Вялікі пост ці аскетычным практыкаваннем.
Абстыненцыя заключаецца ў тым, што можна адмовіцца ад алкаголю на месяц, на год і на ўсё жыццё. Абстыненцыю можна ахвяраваць за кагосьці, хто мае з гэтым праблему. Ёсць сведчанні аб тым, што дні нараджэння, вяселлі, вячэры ў дзень пахаронаў адбываюцца без алкаголю. У Навагоднюю ноч у касцёл на Святую Імшу прыходзяць сем’і, каб сустрэць Новы год без алкаголю.
Бог робіць чалавека цвярозым… Штогод вырушае пешая пілігрымка з Бягомля да Будслава ў інтэнцыі цвярозасці. Вельмі шмат прыкладаў, калі людзі былі «на дне», але змаглі распачаць новае жыццё. Нават прыязджаюць у парафію, каб падзякаваць Маці Божай і Пану Езусу за тое, што хтосьці з сям’і перастаў піць. Ну а жнівень асаблівым чынам прысвечаны цвярозасці і абстыненцыі; пражыць яго трэба як месяц сведчання і малітвы аб цвярозасці нашага народа.
Што такое АА?
Ананімныя Алкаголікі (АА) – супольнасць, якая аб’ядноўвае мужчын і жанчын, якія дзеляцца сваім вопытам, сілай і надзеяй з мэтай дапамагчы сабе і іншым пазбавіцца ад алкагалізму. АА не звязаныя з рэлігійнымі арганізацыямі і сектамі, іх галоўная мэта – заставацца цвярозымі і дапамагчы іншым алкаголікам захоўваць цвярозасць.
У Беларусі «АА» дзейнічаюць з 1990 года, сёння ў нашай краіне іх налічваецца 73 групы (у Мінску – болей за 20). Прынцып «АА» – так званы метад «12 крокаў» – паступовая ўнутраная падрыхтоўка чалавека да адмаўлення ад алкаголю.
12 КРОКАЎ да цвярозасці
- Прызнацца, што бяссільныя перад алкаголем, што перасталі кіраваць уласным жыццём.
- Паверылі, што толькі Сіла, большая за нас саміх, можа вярнуць нам здароўе духа.
- Прынялі пастанову: даверыць нашу волю і наша жыццё апецы Бога, так, як мы Яго разумеем.
- Грунтоўна, смела зрабілі рахунак сумлення.
- Прызналі перад Богам, перад сабой і перад іншым чалавекам сутнасць нашых памылак.
- Цалкам падрыхтаваліся да таго, каб Бог вызваліў нас ад усіх недахопаў характару.
- Звярнуліся з пакораю да Бога, каб Ён знішчыў усе нашы недахопы.
- Зрабілі пералік тых людзей, якіх мы пакрыўдзілі, гатовыя выправіць усе крыўды.
- Выправілі крыўды ўсім, каму было магчыма, за выключэннем тых выпадкаў, калі вы-праўленне крыўдаў магло параніць пакрыўджаных намі або некага іншага.
- Робім маральны рахунак далей, адразу прызнаючы свае памылкі.
- Імкнёмся праз малітву і медытацыю настойлівей звяртацца да Бога, як мы Яго разумеем, просячы, каб даў нам адчуць Яго волю адносна нас і даваў нам сілу на яе выкананне.
- Абуджаныя духоўна, праходзім гэтыя крокі, стараемся несці пасланне іншым алкаголікам і кіравацца гэтымі правіламі ва ўсіх нашых пачынаннях.
Вопыт, сіла, надзея
Трэба дадаць, што існуюць таксама і групы ДДА (дарослыя дзеці алкаголікаў), і АЛ – АНОН (садружнасць родных і сяброў алкаголікаў, якія лічаць, што на іх жыццё паўплывала п’янства блізкіх), і ПРАГРАМА САМАЛЯЧЭННЯ, асновай якой з’яўляецца дванаццаць крокаў Ананімных Алкаголікаў (АА), і АЛАТЫН (частка садружнасці АЛ–АНОН, яна аб’ядноўвае падлеткаў, якія сутыкнуліся ў мінулым ці цяпер з праблемамі, звязанымі з алкагалізмам бацькоў, родных ці сяброў; гэтая сусветная садружнасць існуе з 1957 года; сходы Алатына адбываюцца ў больш чым 1800 групах у 118 краінах). Усе яны дзеляцца сваім вопытам, сілай і надзеяй, каб вырашыць агульныя праблемы і дапамагчы сем’ям алкаголікаў.
Малітва аб цвярозасці
О добры Божа, дай нам дасканала зразумець, якою вялікаю дабрадзейнасцю з’яўляецца цвярозасць у вачах Тваіх. Няхай знікне ва ўсёй нашай Айчыне п’янства і запануе цвярозасць.
Шчырым сэрцам просім аб дары цвярозасці для ўсіх, каго любім, асабліва для N. (імя), які знаходзіцца ў залежнасці ад алкаголю.
Святы Ян Хрысціцель, Ты праз усё сваё жыццё практыкаваў абстыненцыю, дапамажы, каб і мы ў нашай Айчыне дажылі да часу, у якім алкаголь перастане быць сімвалам няшчасця, суму і трагедый. Беражы нас ад граху п’янства. Будзь натхненнем і дапамогай для усіх, хто адракаецца ад алкагольных напояў для дабра сваіх найбліжэйшых і ўсяго чалавецтва.
Апякун цвярозасці, узбудзі ў сэрцах маіх родных прагненне жыцця без алкаголю.
Хрысце, а нас саміх навучы асабліва паважаць цноту цвярозасці, іншых да яе заклікаць і вытрываць у заўсёднай еднасці з Езусам Хрыстом, які жыве і валадарыць праз усе вякі вечныя. Амэн.
Маці Божая, Валадарка і Заступніца наша, дапамажы нам.
Святы Міхале Арханёле, барані нас.
Святы Яне Хрысціцелю, апякуне цвярозасці, маліся за нас
Слуга Божы Матэуш Тальбот, апостал цвярозасці, маліся за нас.
Ойча наш… Вітай, Марыя,.. Хвала Айцу…
Божа, дай мне спакою духа,
Каб згаджаўся з тым, чаго змяніць не магу,
Мужнасці, каб змяняў тое, што магу змяніць,
Мудрасці, каб адрозніваў адно ад другога.
Маці Божая, Валадарка і За-ступніца наша, дапамажы нам.
Святы Міхале Арханёле, барані нас.
Святы Ян Хрысціцель, апякун цвярозасці, маліся за нас.
Слуга Божы Матэуш Тальбот, апостал цвярозасці, маліся за нас.
Эма СТАНКЕВІЧ.
Здымкі аўтара.
Віцебская вобласць.