Сакрамэнт святога хросту – самы першы і найважнейшы сакрамэнт кожнага хрысціяніна. З ім звязана мноства перажыванняў для сям’і, якая рыхтуецца да гэтай падзеі, у тым ліку і… Каго з родных ці блізкіх запрасіць на ролю хросных бацькоў. Аб гэтым і іншым – у размове з пробашчам парафіі Маці Божай Фацімскай у Баранавічах а. Конрадам ПАТЫКА:
– Ойча, хрост дзіцяці – хвалюючая падзея для сям’і, для тых, хто становіцца хросным бацькам ці хроснай маці. Але адразу дазвольце запытаць: а для святара? Ці памятаеце першы хрост, які Вы цэлебравалі, дзе і калі гэта адбывалася, ці ведаеце лёс першага ахрышчанага Вамі дзіцяці?
– Ведаць лёс ахрышчаных на самой справе не з’яўляецца абавязкам святара, але сапраўды, калі на працягу многіх гадоў служыш у адной і той жа парафіі, сустракаешся з парафіянамі амаль кожны дзень, то ведаеш пра іх і іх сем’і амаль усё. І тую першую дзяўчынку, якой удзяліў Сакрамэнт хросту, прыехаўшы ў 1998 годзе ў парафію ў в.Стало-вічы, канешне, памятаю. Гэта адбылося ў Вербную Нядзелю таго ж года. Завуць ахрышчаную Дар’я Булыга, хутка ёй споўніцца 19 гадоў. Дзяўчынка вучыцца ў Гродне на юрыдычным факультэце ўніверсітэта. Калі прыязджае дамоў, абавязкова прыходзіць да касцёла, удзельнічае ў жыцці парафіі. Мне прыемна бачыць яе на святой Імшы, удзяляць ёй святыя сакрамэнты.
– Прабачце, дык Вы і хросных бацькоў яе, можа, памятаеце?
– Памятаю толькі, што былі яны не мясцовымі жыхарамі, і ведаю, што бацька хросны Дар’і, на жаль, з жыцця ўжо адышоў.
– Шаноўны ойча, напомніце, калі ласка, якая падрыхтоўка напярэдадні Хросту з’яўляецца абавязковай і для каго?
– Павінен сказаць наступнае: патрэбна, каб усе ўдзельнікі гэтай вялікай урачыстасці, якой з’яўляецца Святы хрост, былі належным чынам падрыхтаваныя і, перш за ўсё, каб разумелі сэнс Сакрамэнту, значэнне яго і тых абавязацельстваў, якія ён цягне за сабою. А значэнне заключаецца ў тым, што, дзякуючы хросту людзі становяцца хрысціянамі, вызваляюцца ад першароднага граху, адраджаюцца ў дзяцей Божых і выходзяць на дарогу збаўлення, якую аб’явіў нам Езус Хрыстус. І вось пра гэта акурат і клапоціцца пробашч, каб даць бацькам (родным і хросным) адпаведныя настаўленні праз пастырскія парады і сумесныя малітвы напярэдадні хросту немаўляці.
– А зараз, калі ласка, застанавіцеся на хросных бацьках. Справа ў тым, што вакол іх існуе шмат народных павер’яў, якія не маюць нічога агульнага з навукаю Касцёла, але людзі да іх прыглядаюцца, прытрымліваюцца. Скажыце, калі ў гісторыі Каталіцкай Царквы наогул з’явіўся такі “інстытут” як “хросныя бацькі”? Якія патрабаванні да іх і якія ў іх абавязкі?
– У першыя стагоддзі хрысціянства звычайна хрысцілі дарослых, і да хросту суправаджаў іх таксама дарослы чалавек – сведка. У VIII –IХ ст.ст. пачалася практыка хросту дзяцей у раннім узросце. Прыкладна ў гэты час і з’явіліся хросныя бацькі.
Пра абавязкі хросных скажу наступнае – яны вельмі адказныя, бо прымаюцца перад Божым алтаром. Хросныя бяруць на сябе абавязацельствы за тое, што давядуць дзіця да веры, да Бога, да Касцёла.Што дадуць ім першыя веды пра сэнс малітвы, богаслужэння ў храме, навучаць сакрамэнтам Споведзі і св. Камуніі. Хросныя бацькі павінны прывучаць сваіх хрэснікаў да наведвання святыняў, а галоўнае – павінны маліцца за іх. У абавязкі іх уваходзіць таксама і клопат пра абарону сваіх ахрышчаных дзяцей ад розных спакусаў сучаснага свету. Ведаючы магчымасці сям’і сваіх хрэснікаў, нават асаб-лівасці характару хлопчыка ці дзяўчынкі, яны могуць даць параду наконт выбару імі будучай прафесіі, адукацыі. І, урэшце, хросныя бацькі павінны замяніць біялагічных ва ўмовах складаных, калі дзіця застаецца сіратою. Думаю, усе чулі пра тое, што менавіта так было ў ваенны і пасляваенны час, калі загінулі падчас баявых дзеянняў або паміралі родныя бацькі, апеку над хрэснікамі бралі іх хросныя. Гэта быў вялікі доказ любові і адказнасці перад Богам адначасова! Гаворачы аб гэтым, хацеў бы яшчэ раз падкрэсліць і перасцерагчы: быць хросным бацькам ці хроснай маці – не толькі справа пачэсная, але перш за ўсё – адказная!
Былі выпадкі, калі ў мяне пыталі: колькі хросных павінна быць у дзіцяці, таму што даўней багатыя бралі нават па дзве пары так званых кумоў. Касцёльнае права дапускае толькі аднаго хроснага, ці адну хросную або хроснага з хроснай разам. І больш ніякіх варыянтаў.
Для таго, каб чалавек быў дапушчаны да выканання абавязкаў хроснага, ён павінен быць запрошаны тым, хто прымае хрост, або яго бацькамі, павінен мець не меней чым шаснаццаць гадоў узросту, з’яўляцца католікам, які ўжо прыняў канфірмацыю і Эўхарыстыю, а таксама вядзе жыццё, згоднае з верай. Так што сапраўдным хросным можа быць толькі практыкуючы католік.
Асобна скажу пра даверлівыя адносіны. Ёсць такая асаблівасць у падросткаў – ім заўсёды, па-за сям’ёю моцна патрэбен аўтарытэтны дарослы чалавек, на якога яны могуць разлічваць. Вельмі добра, калі гэтым чалавекам стане хросны або хросная. Нават сваімі сакрэтамі дзеці хутчэй дзеляцца з хроснымі, чым з роднымі бацькамі. І хросны павінен выслухаць, не смяяцца і не крычаць, а зразумець, даць параду, дапамагчы, накіраваць на правільны шлях. А ўсе гэтыя якасці – цярп-лівасці, увагі, дабразычлівасці – набываюцца на працягу быцця са сваім хрэснікам. Ведаю парафіянку (дазвольце не называць яе прозвішча, няхай яно будзе вядома толькі Богу), якая са сваім хрэснікам Андрэем не толькі разам у касцёле, на св. Імшы, падчас рэкалекцый ці падчас прыняцця сакрамэнтаў, але разам і ў тэатры, і на экскурсіі, і ў кафэ, і тады, калі трэба яму дапамагчы пры выкананні школьных заданняў на дом. Ведаю, што часта абмяркоўваюць разам тое, што абаім цікава.
– Беларусь – краіна, дзе па суседству жывуць розныя рэлігіі і розныя канфесіі. Ці могуць быць хроснымі бацькамі хрысціяне іншых канфесій?
–Касцёльнае права гаворыць, што ахрышчаны, які належыць да некаталіцкай канфесіі, можа быць дапушчаны разам з хросным католікам толькі ў якасці сведкі, а не хроснага. Але, як патлумачыла нядаўна Ватыканскае радыё, для праваслаўных у 1994 годзе было зроблена выключэнне – дырэкторый аб экуменізме дазваляе, каб праваслаўны разам з католікам быў хросным.
– Дазвольце, ойча, і такое пытанне: а ці звяртаюцца да Вас кандыдаты на хросных бацькоў за якімі-небудзь парадамі ў час падрыхтоўкі да Хросту?Якія матэрыяльныя траты чакаюць іх у сувязі з гэтым Сакрамэнтам?
– Па-першае, яны просяць аб споведзі і магчымасці прыняць святую Камунію, што з’яўляецца абавязковым напярэдадні Хросту. Часам пытаюць, які падарунак прыгатаваць хрэсніку. Асабіста я лічу, што падарунак тут не галоўнае – галоўнае будзе далей, калі дзіця стане падрастаць, і яго патрэбна будзе выхоўваць у каталіцкай традыцыі, стала і разумна, каб не страціць ні сваіх каранёў, ні хрысціянскіх каштоўнасцей. І аб гэтым кажу будучым хросным. А калі ўсё ж хоча хросны бацька ці маці пакінуць дзіцяці нешта каштоўнае на памяць пра дзень Хросту, то, на мой погляд, лепей за ўсё набыць у падарунак крыжык або абраз, якія сімвалічна будуць напамінаць дзіцяці аб іх другім нараджэнні – ужо не з цела, а з вады і Духа. Што датычыцца іншых матэрыяльных трат, то ахвяра на касцёл (ні ў якім разе не плата за хрост!) – гэта дабравольная справа парафіян і гасцей парафіі; пробашч не вызначае суму, а толькі ад імя Бога дзякуе за яе.
– Наданне імені дзіцяці – справа хросных ці родных?
– У сучасным свеце, калі вялікія магчымасці набыла медыцынская навука, біялагічныя бацькі дзіцяці загадзя ведаюць, хто народзіцца, хлопчык ці дзяўчынка, і загадзя выбіраюць імя, таму роля хросных у гэтай справе можа быць найменьшая.Зазначу, што ў апошні час пайшла “мода” на імёны нетрадыцыйныя, якія не маюць нічога агульнага з хрысціянствам. На жаль, забыліся людзі і аб традыцыі, якая існавала многія стагоддзі, – надаваць дзецям імёны святых – вучняў Хрыста, якія назаўсёды засталіся вернымі Пану.Наданне імені святога – вельмі важна, такі святы становіцца апекуном нованароджанага дзіцяці і ўзорам у далейшым жыцці.
– А ці шмат было ў Вашай душпастырскай практыцы выпадкаў, калі Сакрамэнт хросту прымалі дарослыя? Якія ўражанні пакідалі яны пасля сябе?
– Сакрамэнт святога хросту трэба ўдзяляць таму, хто аб гэтым просіць і хто да гэтага падрыхтаваны, – калі размова ідзе пра дарослых. А дарослым (у выпадку хросту) лічыцца таксама дзіця, старэйшае за 7 гадоў. Спачатку асоба павінна прайсці катэхуменат, гэта значыць асаблівую падрыхтоўку, якая можа завяршыцца прыняццем нават адразу трох сакрамэнтаў – хросту, кан-фірмацыі і св. Камуніі. У маёй практыцы таксама былі выпадкі, калі хрост атрымоўвалі дарослыя. Адзін з іх у памяці асабліва. Двое – муж і жонка – прыехалі з Казахстана і папрасілі ўдзяліць ім сакрамэнт. Я звярнуў іх увагу на неабходнасць адпаведнай падрыхтоўкі, але, праўду кажучы, яна была ў іх слабая. Я даў ім яшчэ тэрмін, але жаданне іх было такім моцным, яны так хацелі быць ахрышчанымі менавіта ў той момант, што некаторыя пытанні я апусціў, а толькі ўзяў з іх слова, што ў далейшым яны будуць удасканальвацца на гэтым шляху. І што, так і было. Гэтая пара рэгулярна прыходзіла на св. Імшу, прымала сакрамэнты, чытала духоўную літаратуру. А праз некаторы час з парафіі з’ехала, і зараз, на жаль, пра іх нічога не ведаю… Вось такое “уражанне”.
– Ойча, не ведаю, хто павінен адказаць на маё апошняе пытанне, але найперш запытаюся ў Вас: што з нашымі сацыяльнымі сіратамі?
Возьмем сітуацыю тыпічную: біялагічныя бацькі пазбаўленыя бацькоўскіх правоў, дзіця выхоўваецца ў прытулку, у інтэрнаце, часам няма ў яго і блізкай радні…
Або жыве дзіцятка, якога выракліся яшчэ ў роддоме… Хто павінен прыняць на сябе абавязкі, каб давесці яго да Бога? Паклапаціцца пра яго хрост, знайсці яму хросных бацькоў?
– Сапраўды, пытанне цяжкае, і адказ на яго знайсці цяжка. Здаецца мне, па-першае, калі ў прыюце ці інтэрнаце працуюць шчырыя міласэрныя хрысціяне, якія жадаюць дабра гэтым дзеткам, то яны самі абавязкова будуць ініцыіраваць хрост дзяцей, звяртаючыся ў касцёл ці царкву. Па-другое, дзеці, асабліва ў прыютах, не жывуць доўга, іх лёс вырашаецца даволі хутка, часцей за ўсё яны ідуць у прыёмныя сем’і. З гэтага моманту прыёмная сям’я адказвае за выхаванне дзіцяці. А якое можа быць выхаванне без Бога, без ведання нормаў хрысціянскай маралі і культуры? Таму зноў жа: ініцыятыва аб хросце павінна сыходзіць ад выхавацеля, ад прыёмных бацькоў, ад дарослых. Ведаю, што ва многіх парафіях існуе такое супрацоўніцтва – законных сясцёр з бальніцамі, дзіцячымі прыютамі, дзякуючы чаму дзеці-сіраты таксама прымаюць сакрамэнт хросту.
– Шчырае дзякуй, кс. Конрад, за размову, няхай ўсе хросныя бацькі дапамагаюць сваім хрэснікам станавіцца годнымі дзецьмі Божымі.
Размаўляла Раіса СУШКО.
Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD