Хрысціянскі адпачынак

Str-12…Хіба адрозніваецца ён ад адпачынку нехрысціян? Павінен адрознівацца! Гэта прынцыпова іншы падыход да  кароткага, але такога благаславёнага часу, на які мае права кожны чалавек. Такую думку выказаў пробашч парафіі  Нараджэння Маці Божай  у Браславе а. Станіслаў Мжыглуд, SDS. І з гэтага пачалася наша гутарка пра адпачынак хрысціяніна.

 

 

 

 

f-str-13– Ойча, якім, на Ваш погляд, з’яўляецца або нават павінен быць добры адпачынак?
– О, гэта даволі складанае пытанне. Не ў сэнсе, што  на яго цяжка  адказаць, – але як добры адпачынак  арганізаваць. І гэта не прывілея для багатых, а натуральная патрэба кожнага чалавека. Хоць на кароткі час, але неабходна адарвацца ад што-дзённасці, паглядзець на сябе “з боку”,  расслабіцца і набрацца новых сіл, бо чалавек – не машына і час ад часу патрабуе святога спакою. Да таго ж адпачынак спрыяе і таму, што чалавек атрымлівае многа новых уражанняў, здольны па-новаму пагля-дзець на сваю працу, гэта важна. А паколькі гаворым зараз аб тым, што адпачынак аднаўляе нас перш за ўсё фізічна, то параіў бы такую рэч: адпачываць патрэбна так, каб усе клопаты, што былі перад гэтым, пакінуць, на некаторы час “забыцца” пра іх, не вяртацца нават у думках, даць адпачыць сваёй галаве… Калі чалавек, паехаўшы нават на мора, будзе бясконца вяртацца да праблемаў на сваёй працы, ён атрымае бяссонніцу, муку, і гэта ніяк не будзе добрым  адпачынкам, а марна затрачаным часам. Хрыстус не хоча, каб мы перасільваліся сваёй працай. Праца звыш меры таксама грэх, падобна, як і лянота. Езус дае параду ўсім: “Пайдзіце адны ў пустыннае месца і крыху адпачніце” (Мк 6, 31).

 

– Як лічыце, ці патрэбна рыхтавацца да адпачынку?
– Ёсць  катэгорыя людзей, асабліва сярод дзяцей і моладзі, якая трактуе адпачынак як татальны адыход ад усяго. Лічыць, што водпуск, канікулы павінны быць часам, вольным ад малітвы, ад удзелу ў святой Імшы, ад Пана Бога, ад дабра і паслухмянасці. Памыляюцца! Патрэбна так выкарыстаць гэты час, каб даць адпачнуць целу і не загубіць душу.  Больш таго, патрэбна набрацца пазітыўных уражанняў, карысных ведаў, расшырыць свой кругагляд, каб пасля з новымі сіламі працаваць, вучыцца, а таксама сведчыць пра Евангелле. Значыць, перыяд адказны, і да яго  трэба  рыхтавацца. Пра тое, што неабходна  сабраць грашовыя сродкі, вядома ўсім. Але ж не толькі ў  гэтым справа. Патрэбна вызначыць, куды паехаць, для чаго, з якой мэтай, што там па-глядзець, што паказаць сваім дзецям. Сёння магчымасці ёсць, седзячы за кампутарам, вызначыць і маршрут паездкі, і месца адпачынку, і ўзровень камфорту. Але хацеў бы параіць пры гэтым, каб не забываліся хрысціяне пра сваю душу. Няма месцаў, дзе б не было храмаў, капліц, іншых сакральных скарбніц. Таму, вывучаючы “геаграфію” будучага адпачынку, мэтазгодна  загадзя азнаёміцца з раскладам набажэнстваў у мясцовым касцёле. Гэта вельмі прыемна для святара бачыць на святой Імшы людзей, якія, адпачываючы нават у незнаёмых мясцінах,  прагнуць атрымаць святыя сакрамэнты. Дарэчы, у наш касцёл Нараджэння Маці Божай у Браславе звычайна прыходзіць многа  адпачываючых, прычым некаторыя – не прапускаюць  святой Імшы. Часам збіраюцца групамі і замаўляюць экскурсію, падчас якой вікарый парафіі кс. Уладзімір Шыдлоўскі расказвае гісторыю храма і гісторыю цуда-дзейнага абраза Маці Божай Валадаркі азёраў.

 

f-str-14– А калі адпачынак праходзіць там, дзе няма касцёла, – ісці ў храмы іншых канфесій?
– Патрэбна вызначыць, дзеля чаго ісці.  Ведаць культуру іншага народа, традыцыі іншай канфесіі ці рэлігіі не забараняецца. А што датычыцца ўдзелу ў набажэнствах, то католік, напрыклад,  не пойдзе адбіваць паклоны ў доме малітвы ЕХБ ці яшчэ куды – ён памоліцца там, дзе адпачывае, супольнай малітвай са сваёю сям’ёю, з блізкімі. Таму, адпраўляючыся ў падарожжа, бярыце з сабою малітоўнік, ружанчык, крыжык – усё, што яднае вас з Езусам Хрыстом і што дапаможа вам не страціць з Ім сувязь падчас адпачынку.

 

– У апошнія гады шырокае распаўсюджанне атрымаў хрысціянскі турызм…
– Так, усе болей жадаючых адправіцца ў далёкае падарожжа на Святую Зямлю, або ў Люрд ці Фаціму, як у бягучым юбілейным годзе. Гэта вельмі добра, гэта развівае асобу чалавека, дае магчымасць болей пазнаць свет,  сябе і іншага. Часам чую меркаванні, маўляў, такі турызм далёка ад Бога, едуць, каб набраць сабе “балаў”, сказаць пасля сваім знаёмым: “я і там быў, і там… “. Асабіста я так не лічу. Для некаторых менавіта  падарожжы ў далёкія намоленыя мясціны могуць стаць  шансам  сустрэць Бога, знайсці сябе ў жыцці і знайсці тое, што на самой справе – найважнейшае. Ведаю гісторыю акурат аб гэтым – аб навяртанні, якое перажыла маладая жанчына падчас вандравання з пілігрымамі ў польскую Чанстахову  да Маці Божай. Цяпер яна бясконца ўдзячна тым людзям, якія запрасілі яе адправіцца падчас адпачынку да Чорнай Мадонны разам. Адзінае, што хацеў бы асабліва падкрэсліць, гаворачы пра  хрысціянскі турызм, – аб неабходнасці духоўнай падрыхтоўкі да такіх падарожжаў. Вышэй мы з вамі  адзначылі, што, наогул плануючы свой адпачынак,  патрэбна прадумаць усё загадзя, а калі, напрыклад,  збіраецеся адправіцца на Святую Зямлю – тым болей! Усведаміце сабе, што едзеце туды, дзе асаблівым чынам Бог аб’явіўся лю-дзям, дзе будзеце ступаць па зямлі, па якой хадзіў Пан Езус!..

 

– Прабачце, ойча, асабіста Вы ці былі на Святой Зямлі?
– Не, толькі мару аб гэтым. Але мне пашчасціла быць у Рыме, у Базыліках святых апосталаў  Пятра і Паўла, наведаць катакомбы, у якіх маліліся першыя хрысціяне. Для мяне гэта было глыбокае духоўнае перажыванне, бо ўсведамляць, што знаходзішся каля гробу таго, каго выбраў Езус і каму даверыў пабудаваць Царкву, хто залажыў фундамент твайго Касцёла, дзе зараз ты выконваеш паслугі св. Пятра, – гэта не проста  хвалююча, гэта перахоплівае дыханне, застаўляе кроў хутчэй бегчы па жылах, гэта неперадаваемы момант узмацнення ў веры! І за гэта я моцна ўдзячны Пану Богу!

 

– Адпраўляючыся ў далёкае падарожжа ці нават у недалёкую пешую пілігрымку, хочам, безумоўна, адчуць сябе ў небяспецы, абавязкова ў пазітыўным настроі і просім за-ступніцтва Маці Божай: “Пад Тваю абарону…”.  Але  ці здольныя самі забяспечваць камфорт свайму бліжняму, праяўляць міласэрнасць падчас адпачынку?
– Добрае пытанне, і адказ просты: усё залежыць ад нашай культуры, ад выхавання, ад таго, наколькі мы Божыя дзеці. Кс. Ян Твардоўскі пісаў: “Ці можам сказаць, што жывём для Бога? Ці не жывём для сябе, для сваіх амбіцый, для грошай, для ўласнага шчасця? Кожную хвіліну атрым-ліваем ад Бога, і кожную хвіліну аддайма Яму”. Вось увесь адказ: аддайма Богу, аддайма бліжняму свайму. Стварыце добры настрой не толькі сабе, але і таму, хто побач з вамі на беразе рэчкі, ці ў суседняй палатцы на турыстычнай базе,  заўважце чалавека, які апынуўся ў складанай сітуацыі. Калі адпачываеце на вёсцы, дапамажыце адзінокай бабулі назапасіць дровы на зіму, скасіць непатрэбную траву на яе панадворку, ці проста выслухайце яе расповед пра маладосць.

 

– Ойча,  ці адпачываюць і дзе адпачываюць святары? Працягласць  іх  водпуску па праву Касцёла?
– Права Касцёла прадугледжвае 30-дзённы водпуск для святара, і ён, лічу, павінен скарыстаць з  яго. Я часцей за ўсё еду да дому, да бацькоў, якія жывуць недалёка горада Кракава, бо ведаю, што яны мяне вельмі чакаюць.

 

– Што агульнага паміж адпачынкам святара і адпачынкам звычайнага верніка?
– І для першага, і для другога  адпачынак  не павінен пера-крэсліць Бога: удзел у нядзельнай св. Імшы, малітву, прыняцце святых сакрамэнтаў…

 

f-str-15– Якая практыка склалася ў вашай парафіі па арганізацыі адпачынку дзяцей? Моладзі? Дарослых?
– Пачну з самых маленькіх: для дзяцей ва ўзросце 4-6 гадоў штогод працуе так званы летнік, якім займаюцца сёстры эўхарысткі. Маленькія “анёлкі” могуць пазнаваць Бога і паглыбляць сваю любоў да навакольнага свету праз спевы, гульні, малюнкі. Разам з дзецьмі часта прыходзяць і іх бацькі, якія таксама далучаюцца да розных спраў. Для падлеткаў таксама штогод  валанцёры з Польшчы сумесна з нашай моладдзю праводзяць місійны летнік “Сальватор”. Адзінаццаты раз у гэтым годзе ў нас адбудзецца дыяцэзіяльная сустрэча моладзі (з 16 па 19 жніўня), праграма якой традыцыйна ўключае катэхезу, заняткі ў музычнай майстэрні, спорт. Акрамя таго, два гады назад арганістка Іна Сапун ініцыіравала арганізацыю ў нашай парафіі Школы касцёльнага спеву для дарослых, дзяцей і моладзі. У праграме пастаноўка голасу, падрыхтоўка кантараў, харавы спеў, лекцыі па азнакамленню  з гісторыяй беларускай касцёльнай музыкі і карыстанне яе набыткамі. Кіраўнік школы – дацэнт Беларускай Акадэміі музыкі, галоўны арганіст і капельмайстар Мінскага архікатэдральнага касцёла Ўладзімір Неўдах. У гэтым годзе Школа касцёльнага спеву  распачне працу з 14 па 19 жніўня, а кульмінацыяй тыдня заняткаў стане спеў падчас святой  Імшы 19 жніўня на галоўнай Урачыстасці Маці Божай Валадаркі (палявы алтар).
Хачу адзначыць, што арганізацыя адпачынку вернікаў не з’яўляецца прамым абавязкам душпастарыў  і ніякіх абмежаванняў пры выбары формы адпачынку для хрысціяніна няма, але ён ніколі не павінен забывацца, што Божыя Запаведзі абавязваюць паводзіць сябе адпаведна —  як дома, так і ў дарозе, як на працы, так і на беразе возера. “Няма водпуску і бяздзейнасці для сведкаў Хрыста” (Фр. Дэсплагіус). І таму кожны святар лічыць неабходным нагадаць аб тым, што адпачынак даецца нам не для таго, каб выкарыстаць яго на якое-небудзь шаленства, грэшныя прыгоды, алкаголь, але каб правесці яго з Богам, у цесным коле сваёй сям’і, каб цела і душа атрымалі карысць, каб, адпачываючы  ў прыродных умовах, бераглі створаную Богам прыгажосць, бо яна – цудоўны свет для ўсіх нас.
Хачу дадаць, што Браслаўшчына – месца асаблівай прыгажосці, нададзенай Богам. Яе з цікавасцю наведваюць не толькі жыхары розных куткоў Беларусі, але і замежжа. Вялікую колькасць тэрыторыі займае група азёр. Захаваліся шматлікія помнікі гісторыі і культуры. На Браслаўшчыне шмат каталіцкіх касцёлаў і капліц,  якія адрэстаўраваныя пасля камуністычнага знішчэння, могілкі,  курганныя захаванні, таксама праваслаўныя і стараверскія цэрквы. Усе храмы ўнікальныя па сваёй архітэктуры і ўнутраным  убранстве. Людзей рознага веравы-знання прываблівае цудадзейны абраз Маці Божай Браслаўскай з яго цікавай гісторыяй і шматлікімі цудамі.

 

–    Дзякую, ойча, за размову. Нам, беларусам, сапраўды, трэба падзякаваць Богу за гэты цудоўны Браслаўскі край азёр, за  магчымасць адпачываць, сузіраючы незвычайную прыгажосць у сябе на Радзіме, і за магчымасць атрымаць незлічоныя дары Пана Бога ля цудадзейнага  абраза Яго Божай Маці.

 

             Размаўляла Раіса СУШКО.
  Здымкі бр. Карнэлія КОНСЭКА, SVD
                г. Браслаў Віцебскай вобл.


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий