…Некалькі разоў давялося прымаць смерць блізкіх. Яна прыходзіла да іх літаральна на маіх вачах, на маіх руках. І хоць да Бога адышлі зусім не маладыя, а ўсё ж кожны раз для мяне гэта была вялікая роспач і вялікая страта. Мусіць, псіхалігічна да смерці падрыхтавацца немагчыма ніколі, але… Яна пастукае ў дзверы, і ты павінен іх адчыніць. Пра гэтую непазбежную для кожнага з нас хвіліну, пра тое, як падрыхтавацца да яе, размаўляем з сястрой Стэлай Ядкоўскай СSFN, якая апякуецца хворымі ў гродзенскіх шпіталях і хоспісе, аказваючы ім духоўную падтрымку і дапамогу.
– Шаноўная сястра, відаць, Бог нездарма прымасціў Вашае крэсла каля ложка хворага чалавека. Калі Вы адчулі сваё пакліканне, як гэта здарылася?
– Пачну з таго, што я моцна ўдзячна Пану Богу за тое, што павёў мяне гэтым шляхам служэння Яму і Яго дзецям. Часам і сама вяртаюся, як кажуць, да сваіх каранёў і добра памятаю сябе, 15-гадовую. Сям’я наша жыла далёка ад Гродна, за Індураю, і ў школу хадзіць патрэбна было за 8-9 кіламетраў, праз балота, у Мацевічы. А зімы былі з завірухамі, маразамі; іду з іншымі дзецьмі, правальваюся па пояс ў занесеныя снегам канавы, ногі мокрыя… Касцёл таксама быў ад нашай вёскі далёка – хадзілі то ў Заневічы, то ў Эйсманты – але быць у храме заўсёды было маім вялікім прагненнем. Відаць, тыя адлегласці і тыя суровыя зімы справакавалі маё нездароўе, і я часта лячылася ў шпіталях Гродна, бачыла такіх самых, як я, хворых. Праўда, я не жалілася. Каб заняць час, многа чытала, малілася, а яшчэ – вязала шыдэлкам карункі для аздобы сурвэтаў у касцёле. “І што ты ўсё вяжаш, нашто яно табе? Бачыш, усё роўна хварэеш, Бог табе не дапамагае!” – кпілі самыя ўедлівыя. Я тлумачыла, што дадзенае мне Панам Богам я павінна прыняць без наракання, з пакораю, а што раблю для касцёла – дык гэта маё жаданне; для Бога я зраблю ўсё. Маё тлумачэнне ім выдавалася наіўным, смешным, а мне іх здзіўленне і кпіны з маіх паво-дзінаў і работы таксама былі незразумелымі. Але так было… У 1966 годзе я пераехала ў Гродна, уладкавалася на працу ў шпіталь, у якім найчасцей лячылася. Узялі мяне санітаркаю прыёмнага пакоя і, дарэчы, ашчадна ставіліся да майго здароўя.
– …А зараз, сястра Стэла, весь Гродна ведае Вас як манахіню, якая цэлага паўвеку дапамагае людзям атрымаць Божую ласку менавіта ў цяжкі для іх момант жыцця.
– Так, паўвеку, і гэта ўсё дзякуючы Пану Богу – гэта Ён даў мне прайсці выпрабаванне маёю хваробаю, даў ласку цярпення і даў пазнаць, што такое шпіталь і якія перажыванні мае там кожны, хто туды трапіў. Працуючы ў Гродна, пазнаёмілася з сёстрамі назарэтанкамі, часта бывала ў іх, прыглядалася да іх працы. Не раз размаўляла са мною настаяцельніца Маці Бэрхманс і аднойчы прапанавала застацца пры кляштары, каб я была блізка Касцёла, каб магла маліцца непасрэдна тут. Гэта быў момант, які цалкам вызначыў мой далейшы лёс. Праз год мяне накіравалі ў Польшчу, але я не стала адразу сястрой законнай, хоць жаданне маё было вялікае. Зноў мяне накіравалі ў шпіталь на абследаванне, каб вырашыць, ці па стану здароўя змагу я быць прынятай у кляштар, ці не. Са шчыраю малітваю і сардэчнаю просьбаю звярталася я штодня да Маці Божай Нястомнай Дапамогі, каб дапамагла мне застацца пры Касцёле, пры кляштары. Не ведаю, як адбылося ўмяшальніцтва Пана Бога ў гэты працэс, але абследаванне маё прайшло паспяхова, і ніхто з дактароў не сказаў мне “не”. Я атрымала Божую ласку, уступіла ў супольнасць сясцёр Святой Сям’і з Назарэта і паспяхова прайшла навіцыят.
– …і вярнулася ў Гродна, каб дапамагаць хворым і тым, хто адыходзіць з зямнога жыцця? Сястра Стэла, а як ўспрымаеце факт смерці асабіста?
– Скажу так: кожны чалавек для мяне ёсць найбольшы скарб, асабліва ў справе збаўлення душы, і галоўны мой клопат аб тым, каб пабудаваць Валадарства Божае ў душы кожнага. Рыхтуючы людзей да споведзі, гаворачы з імі аб гэтым, не раз чула ў іх голасе расчараванне, маўляў, што тая мая душа? “Як, пані (ці пан)! – адказвала ім. – Ваша душа мае вагу золата, яна павінна быць асвечанай, каб жыла ў ёй ласка Божая. І гэта для кожнага найважнейшае. І не мае значэння – ці стары ты чалавек, ці малы, ці жанаты, ці паненка, ці паміраючы ўжо, ці яшчэ не. А калі паміраючы, то тым больш трэба клапаціцца, каб ачысціцца ад граху, каб змог стаць перад Богам з чыстым сэрцам, з чыстым сумленнем, каб не страціў той годнасці, якую атрымаў праз хрост, смерць Пана Езуса і праз Яго Змёртвыхпаўстанне”.
А як асабіста ўспрымаю смерць? Для сэрца гэта заўсёды боль. Так сталася, што ўпершыню я перажывала смерць сясцёр супольнасці, старэйшых па ўзросту. Ведала, што яны былі падрыхтаваныя, чакалі свайго часу ў супакоі і малітве аб Добрай Смерці, таму і ў маёй душы панаваў супакой. Пасля была смерць мамы. Каб я не верыла ў Змёртвыхпаўстанне Езуса Хрыста, каб не верыла ў нашу сустрэчу з мамаю пасля смерці, перажыць яе адыход з зямнога жыцця і мне было б не пад сілу. Нас у мамы было васьмёра, і мы яе вельмі моцна кахалі. Стоячы падчас пахавання каля магілкі, я ледзь утрымлівала сваіх родных сясцёр і братоў, каб не пападалі за труною ў магілу, – так яны плакалі і крычалі. Сама я ўжо ведала, што смерць – не канец усяму, а пераход да іншага жыцця, пераход у вечнасць. Падумайце толькі – у вечнасць! Я ўсім людзям гэта тлумачу: Пан Бог жыццё дае і Пан Бог яго за-бірае, бо Ён – наш Айцец, мы – Яго дзеці. На жаль, вельмі многія не разумеюць гэтага, момант смерці сваіх родных перажываюць невыразна цяжка, рвучы сабе нервы, трацячы прытомнасць. Скажу зноў: гэта – ад людскога няведання, неразумення, або нават па прычыне адсутнасці веры.
Прызнаюся шчыра, бывае непрыемна і прыкра, калі заходзіш у бальнічную палату і чуеш: “Вы што – прыйшлі нас адпяваць?”. “Людзі каханыя, што вы прыдумалі? Не адпяваць, а толькі запытаць, хто з вас католік, можа, хто ў споведзі даўно не быў, можа, хто хоча, каб ксёндз паспавядаў тут на месцы, можа хто хоча малітоўнічак мець, крыжык ці абразкі”, – адказваю ім. Практыкуючыя католікі заўсёды просяць аб споведзі, хочуць паразмаўляць з ксендзам, праваслаўныя – з праваслаўным святаром, і я выконваю іх просьбы, даю кантактныя тэлефоны, дамаўляюся аб сустрэчах. Бывала, што і 30 чалавек папросяць аб сакрамэнце споведзі, і болей. А калі хворы скажа, што католік, але ў споведзі не быў 50 гадоў, а зараз хоча паспавядацца, то з такім мне працы значна болей, патрэбна амаль што катэхізацыя…
У Гродна восем шпіталяў і хоспіс, у іх пяць капліц, прычым у капліцах абласной бальніцы і бальніцы хуткай дапамогі святая Імша цэлебруецца кожны дзень. Асабіста я з духоўнай дапамогай да хворых спяшаюся ў названыя шпіталі кожны дзень, у астатнія – па чарзе раз на ты-дзень. Іду ў кожную палату.
– Сястра Стэла, а якія пытанні ці скаргі Вы чуеце ад хворых найчасцей?
– Найчасцей –“Чаму я пакутую, чаму Бог даў мне такое цяжкае выпрабаванне?”. Людзі быццам ніколі не чулі, што Бог не дае чалавеку выпрабаванне звыш яго сілы. Я ў такія хвіліны тлумачу, што цярпенне чалавека вельмі важнае, таму што ў ім вы прыпадабняецеся да збаўчай смерці Хрыста. Вашае цярпенне становіцца вашым удзелам у Яго збаўчай справе. Цярпенне – гэта дар паглыблення еднасці з мукай Хрыста. Не вядома, за каго вы церпіце, – ці за сябе, ці за сваю сям’ю, ці за сваіх родных. Пан Езус за каго цярпеў? За каго прыняў смерць на крыжы? А мы – грэшныя людзі, нам кожнаму ёсць за што пацярпець, толькі цярпенне павінна быць свядомым, тады яно набірае збаўчую сілу і моц, прыносіць духоўны плён.
Яшчэ што заўважаю: людзі баяцца Сакрамэнту намашчэння хворых. А чаму? Зноў жа – ад неразумення сэнсу, думаюць, што пасля гэтага сакрамэнту абавязкова наступае смерць. Наадварот, праз яго хворы атрымлівае ласку ўмацавання, супакою і мужнасці, каб пераадолець цяжкасці, выкліканыя станам хваробы, або недамаганнямі старасці. А справа ў тым, што доўгі час гэты сакрамэнт суправаджаўся назваю апошні сакрамэнт. У народзе і сёння існуе гэтая назва, але святары даўно пазбягаюць яе, бо на самой справе гэта – ласка Духа Святога, які аднаўляе давер і веру ў Бога, умацоўвае ў барацьбе супраць спакусаў злога духа, супраць спакусы роспачы і трывогі перад смерцю; больш таго — калі хворы не мог раней скарыстацца з Сакрамэнту пакуты, атрымлівае ласку прабачэння грахоў.
Нядаўна быў такі выпадак. Мы зайшлі ў рэанімацыю, калі хворы знаходзіўся ў стане канання, дактары не бачылі для яго ніякага шансу на жыццё. Ксёндз удзяліў яму сакрамэнт намашчэння, я шаптала яму на вуха: “…Пакайся за свае грахі, пакайся за свае грахі”, пералічваючы, якія мог чалавек дапусціць у сваім жыцці. Гаварыла яму то на польскай мове, то на рускай, то на беларускай – ніхто не ведаў, на якой патрэбна было казаць, бо хворы наогул не размаўляў. Прайшло больш за тыдзень. Заходжу ў палату, той чалавек злазіць з ложка і з вялікім хваляваннем і радасцю пачынае крычаць: “Спасибо, сестра, я – живой! Я – живой! Спасибо! Меня спас Бог Католический!”. Я не адразу яго пазнала, і сярэдняга веку мужчына пачаў расказваць сам, што разумеў, што з ім адбывалася, чуў, як дактары між сабою гаварылі, што адратаваць ужо немагчыма, як увайшлі ў палату сястра і ксёндз. Чуў і разумеў, што казала яму сястра. Прамаўляць не мог, адказы Богу даваў у сваёй галаве і ў сваім сэрцы. І атрымаў плён.
– А як лічыце, сястра Стэла, ці патрэбна гаварыць хвораму аб яго стане здароўя, у прыватнасці – аб перспектыве смерці?
– Сёння дактары ў большасці выпадкаў называюць хвораму дыягназ, хоць на самой справе пытанне гэта вельмі далікатнае, патрабуе абавязкова ўлічваць псіхалагічны настрой чалавека. У асобных выпадках патрэбна гаварыць і аб перспектыве смерці, каб падрыхтаваць душу чалавека.
– Наконт смерці існуе многа жартаў. Існуе, відаць, таму, што чалавечая істота не згаджаецца прыняць гэтую рэальнасць, але яна – непазбежнасць, значыць, рыхтавацца патрэбна рэальна. А як, сястра Стэла?
– Сапраўды так, смерць прыдзе да кожнага з нас. Такі план Божы трэба прыняць без жалю, без маркоты, без дакору, бо план – менавіта Божы, ніякай іншай схемы наконт чалавечага жыцця не існуе, і падрыхтаваным патрэбна быць заўсёды. Немаўля нараджаецца, а Пан Бог ведае, калі яго зямная пілігрымка завершыцца. Як у Святым Пісанні напісана: “не ведаеце ні дня, ні гадзіны”. Таму ўсё жыццё патрэбна прысвяціць таму, каб будаваць у сваёй душы Валадарства Божае. А гэта не так складана: выконвайце ўсе Божыя Запаведзі, усе касцёльныя прыказанні і не дапускайце ніякага граху. Інакш кажучы, будзьце заўсёды падрыхтаванымі. Асабліва падкрэслю: не забывайце пра Сакрамэнт споведзі – Бог прабачае сваім верным, калі іх споведзь шчырая, без утойвання грахоў.
– Шаноўная сястра, за гады служэння Вы нагледзеліся і на боль, і на жах, які стаіць ў вачах людзей, калі памірае дарагі ім чалавек. На што ў першую чаргу павінны звяртаць увагу родныя?
– Канкрэтны прыклад. Нядаўна ў капліцу пры хоспісе літаральна “прыляцела” маладая жанчына з прэтэнзіямі да Пана Бога: “Чаму Гасподзь не ратуе – мама памірае! Яна ўсё жыццё малілася, хадзіла да касцёла… Што мне рабіць?”. “Гэта нармальна, што мама памірае,” – кажу жанчыне. Далей імкнуся яе супакоіць і пытаю: “Мама веруючая? “ – “Так”. “У споведзі мама была?” – “Так”. “Сакрамэнт намашчэння хворых мама прыняла?” – “Так”. “Мама пой-дзе па сваіх заслугах. А зараз спяшаймася хутчэй у палату і будзем маліцца каля яе”. У палаце, каля ложка паміраючай, была яшчэ адна маладая жанчына, і мы разам пачалі маліцца Каронку да Божай Міласэрнасці. Пад канец Каронкі іх мама сканала, а тая, што прыбягала, знерваваная, у каплічку, стала раптам спакойная – адпусціла маму…
Калі чалавек знаходзіцца ў перадсмяротным стане – трэба паклапаціцца пра атрыманне ім святых сакрамэнтаў, трэба як мага болей часу праводзіць з ім, разам маліцца і трымаць свайго дарагога за руку, не саромеючыся. Чалавек павінен адыходзіць з гэтага свету ў ласцы Божай – гэта азначае ў супакоі, у цішыні, абласканы сваімі роднымі і блізкімі. Не патрэбен у гэты момант ні крык, ні лямант, ні плач. Патрэбны грам-нічная свечка, асвечаная вада і малітва. Звычайна чытаецца Каронка да Божай Міласэрнасці, а пасля – па чарзе“Вітай, Марыя!”, “Маці Божая, патронка Добрай Смерці”, “Літанія да св. Юзафа як патрона Добрай Смерці”, або “Літанія да Ўсіх Святых”. Родныя павінны быць прыгатаваныя да такой развязкі, а хвіліна смерці павінна быць ушанаваная.
– Як лічыце, сястра Стэла, у момант смерці, на пахаваннях – ці павінны прысут-нічаць людзі маладога ўзросту? Калісьці дзецям і моладзі старэйшыя гэта забаранялі.
– Лічу, забараняць не трэба. Няхай бачаць маладыя, няхай вучацца ў старэйшых, усё гэта ім прыдзецца рабіць у жыцці.
– Пра Вашу асабістую місію, сястра Стэла, можна сказаць “высокая” і можна сказаць “цяжкая”. Дзе чэрпаеце духоўныя сілы?
– Падчас Адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, у размове з Панам Богам і Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў малітве. І Ружанец з рук не выпускаю.
– Шчыра дзякую, сястра Стэла, за размову на моцна кранальную тэму.
Размаўляла Раіса СУШКО.
Здымкі Карнэлія КОНСЭКА,SVD.