Каб гучала сімфонія на хвалу Бога

Пад эгідай Святога Пасаду ўпершыню  амаль 200 святароў з усяго свету сустрэліся ў мясцовасці Сакрафана пад Рымам, каб абмеркаваць будучыню душпастырства ў межах сінадальнага працэсу. У міжнароднай сустрэчы пробашчаў (напрыканцы красавіка — на пачатку мая)  прыняў удзел душпастыр парафіі  ў Лёзна (Віцебская дыяцэзія) кс. канонік Аляксей Ляшко. Асноўнымі  ўражаннямі ад сустрэчы ён дзеліцца сёння з чытачамі часопіса.

 

 

Міжнароднае спатканне пробашчаў пад дэвізам “Пробашчы на карысць Сінода” завяршылася сустрэчай з Папам Францішкам у Ватыкане. Падчас сустрэчы з Папам у душпастыраў была магчымасць задаць пытанні, на якія Святы Айцец адказваў вельмі канкрэтна, з уласцівым яму гумарам. Напрыканцы Папа заахвоціў прысутных працягваць ды развіваць сінадальны шлях у нашых парафіях, дыяцэзіях, краінах, падпісаўшы і перадаўшы нам ліст да ўсіх пробашчаў свету.

На спатканні мяне ўразіла не столькі колькасць святароў, сабраных разам, як разнастайнасць іх “геаграфіі” ды культурных асаблівасцей: амаль 200 святароў з 90 розных краін, розных моў, колераў скуры, узростаў, якія прадстаўлялі ўсе біскупскія канферэнцыі свету, з’яднаныя ў адзіным Святым  Каталіцкім  і Апостальскім Касцёле. Асноўнай мэтай спаткання стаў абмен думкамі, марамі і досведам сінадальнасці ў парафіях і дыяцэзіях, разглядаліся розныя аспекты парафіяльнага жыцця, некаторыя з іх, па рашэнні Айцоў Сінода, будуць уключаны ў новы рабочы дакумент другой генеральнай асамблеі Сінода Біскупаў, якая адбу-дзецца ў кастрычніку 2024 года.

Які сінадальны вопыт мы ўжо назапасілі? Як сабраць у адно разнастайныя харызмы, дары, служэнні і ўстановы ды накіраваць іх на аб’яднанне і ўзмацненне парафіяльных супольнасцяў? Якая роля пробашча ва ўсіх гэтых працэсах?

У лісце да пробашчаў і ў размове, што адбылася на завяршэнне спаткання, Папа звярнуў увагу на ролю пробашча ў парафіяльнай супольнасці, падкрэсліваючы, што Касцёл не мог бы рухацца наперад без прыхільнасці і служэння пробашчаў, пры гэтым Святы Айцец выказаў    удзячнасць і пашану  кожнаму пробашчу свету за шчодрую душпастырскую працу, якую яны выконваюць кожны дзень.

Часам, на жаль, мы, пробашчы, забываемся, кім з’яўляемся на самой справе, дзеля чаго пакліканыя, а часам і ў нашых парафіян нараджаецца пытанне: а хто такі пробашч, ці сапраўды ён павінен вырашаць усе пытанні парафіі і г.д.?

І насамрэч, гэтыя пытанні застаюцца вельмі актуальнымі, гледзячы на той вобраз Касцёла, які развіў і запрапанаваў Другі Ватыканскі Сабор (1962-65). У дагматычнай канстытуцыі пра Касцёл Lumen gentium (1964) ёсць чатыры паняцці, якія прапануюць шлях разважання над тоеснасцю і практыкай Касцёла ў сучасным свеце: народ  Божы, камунія, паўсюдны сакрамэнт збаўлення і місія.

Мадэль Касцёла, запрапанаваная ІІ Ватыканскім Саборам, патрабуе новага тыпу пастырскага кіравання хрысціянскай супольнасцю, новай мадэлі пробашча, які павінен прыняць выклік сучаснага грамадства, якое на жаль, у сваёй большасці ўжо не з’яўляецца хрысціянскім. Сёння нельга больш прапанаваць і разглядаць фігуру пробашча/святара, прынятую  ў спадчыну з глыбінь старажытнай традыцыі ды гісторыі Касцёла, засяроджваючыся выключна на яго святарскай функцыі, якая крыху пакінула ў цені прароцкае і каралеўскае  вымярэнні.  Гэта было б здрадай місіі абвяшчэння Евангелля, даручанай Хрыстом сваім вучням.

Сёння можна бачыць, што сакральнае разуменне асобы прэзбітэра змяншаецца да цэлебрацыі і ўдзялення сакрамэнтаў, альбо дэфармуецца ў падробку своеасаблівага “святога чалавека”. Альбо, у супрацьлегласць гэтаму адзінаму сакральнаму разуменню святарства, яно часта зводзіцца да нейкага “сацыяльнага героя”, “валанцёра” альбо да “псіхалагічнага дарадцы”. Такое недарэчнае станаўленне да святарства асудзіў  Папа Бэнэдыкт  XVI.

 

Так хто ж такі пробашч?

Пробашч – гэта перш за ўсё чалавек, “пасвечаны” быць вобразам і прыладай Езуса Хрыста-Пастыра, нябачна, але рэальна і асабіста прысутнага ў Касцёле. Гэта азначае, што першачарговым заданнем пробашча з’яўляецца абвяшчэнне Божага Слова, з лагоднасцю і перакананасцю суправаджэнне давераных яму хрысціянскіх супольнасцяў, а таксама праслаўленне ў літургіі Бога Айца, які заўсёды праз Езуса Хрыста ў Духу Святым, адкупляе нас ад грахоў і асвячае, робячы ўдзельнікамі свайго боскага жыцця. Пробашч парафіі (а разам з ім і іншыя святары, якія ў ёй нясуць служэнне) з’яўляецца членам парафіяльнай супольнасці, робіць прысутным у ёй Езуса ў Яго бясконцым адданні з любові іншым, аж да крыжовай ахвяры (пар. Флп 2, 5-11).

Важным і вельмі асаблівым момантам, у якім святар выконвае сваё служэнне парафіяльнай супольнасці, з’яўляецца цэлебрацыя Эўхарыстыі, у якой Хрыстос, дзякуючы служэнню святара, асабіста і ў дадзены момант рэальна прысутнічае ў Слове ды кансэкраваным Хлебе і Віне. Пробашч, праз удзяленне сакрамэнту Пакаяння, выконвае паслугу паяднання і супакою. За апошнія гады мы змянілі крытэрыі, якія абуджаюць нашае сумленне, забываючыся на праўду, што без Божага прабачэння мы ніколі не знойдзем сапраўднае прабачэнне і супакой. Кожны святар, як слуга Божага прабачэння і міласэрнасці, павінен заўсёды быць даступны кожнаму і ў кожны момант, хто хоча паяднацца з Богам і са сваімі братамі. Пробашч узначальвае хрысціянскую супольнасць [парафію], каб умацоўваць харызмы кожнага парафіяніна, дапамагаць іх рэалізоўваць і пашыраць шматлікія свецкія служэнні, якія дапамагаюць будаваць сапраўдную сям’ю дзяцей Божых – парафію.

У сённяшнім свеце існуюць шматлікія падзелы. Са смуткам можам канстатаваць, што раздзяленні ды непаразуменні прысутныя нават у нашых сем’ях. Падзел – гэта справа, якая не паходзіць  ад  Бога. Менавіта таму Папа заклікае, каб кожны пробашч свету быў прыкладам адзінства. Ён раіць усім святарам: “засноўваць  усё на дзяленні і братэрстве паміж сабой і з вашымі біскупамі”. Папа, звяртаючыся да пробашчаў, кажа: “Мы не можам быць сапраўднымі айцамі, калі не з’яўляемся перш за ўсё сынамі і братамі.

На  здымку: кс. канонік Аляксей Ляшко  (пяты ў верхнім радзе з  левага боку)  з удзельнікамі  міжнароднага  спаткання  пробашчаў

На здымку: кс. канонік Аляксей Ляшко (пяты ў верхнім радзе з левага боку)
з удзельнікамі міжнароднага спаткання пробашчаў

І мы не можам натхніць да еднасці  і ўдзелу ў даручаных нам супольнасцях, калі перш за ўсё не будзем жыць імі паміж сабой. Я добра ведаю, што ў паслядоўнасці душпастырскіх заданняў гэты абавязак можа здавацца празмернасцю, або нават  марнаваннем  часу, але на самой справе ўсё наадварот: насамрэч, толькі так мы заслугоўваем  давер  і наша дзейнасць  не нішчыць тое, што іншыя пабудавалі раней” (пар. Ліст Папы Францішка да Пробашчаў, 2.05.2024).

Пробашчу, у даручанай яму біскупам парафіяльнай супольнасці, трэба быць дырыжорам аркестру, які ва ўсім шукае гармоніі, каб кожны музыкант іграў як мага лепш, каб супольнае жыццё парафіі было прыгожай сімфоніяй на хвалу Бога і накіравана не толькі на дабро парафіян, але і тых, хто не наведвае парафію.

 

 Кс. кан. Аляксей ЛЯШКО


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий