Каб мы ўсе былі адно

Str-12

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Старажытныя людзі звярталі ўвагу на еднасць прыроды і ўсяго свету. Гэту еднасць замацавалі ў лацінскім слове Універсум, якое разумеем як адзіны Сусвет. У гэтым Універсуме было і ёсць усё: і вялікае і маленькае, і халоднае і гарачае, і добрае і злое… Аднак, на жаль, у гэтым вялікім Універсуме не ўсё імкнецца да ідэалу еднасці…

Свой погляд на адзінства хрысціянаў выказвае кс. доктар Юрый ПАВАЙБА.

 

 

 

кс. Юрий ПавайбаУжо старажытны грэцкі філосаф Эмпедокл звярнуў увагу на тое, што ў свеце дзейнічаюць дзве  супрацьлеглыя  сілы. З аднаго боку – сіла любові, якая злучае  ўсё, але і  дзейнічае таксама  сіла  нязгоды,  якая  імкнецца ўсё падзяліць. І з дзейнасцю гэтай сілы нязгоды можам звязаць старажытны імператыў Divide  et  imperа – падзяляй і валодай. Паводле гэтага імператыву,  падзеленымі  між  сабой людзьмі  можна  лёгка  маніпуляваць па жаданні валадара. І даўней, і  ў нашу эпоху многія людзі ў сваім жыцці стараюцца кіравацца гэтым прынцыпам і паводле яго будаваць свае адносіны з іншымі. Таму няма нічога дзіўнага, што  мы  далей жывём у свеце шматлікіх падзелаў на розныя краіны, супольнасці, арганізацыі, рэлігіі, на сваіх і чужых, сяброў і ворагаў…

Даўнейшая павучальная гісторыя распавядае нам пра сям’ю, у якой было сем сыноў. Сям’я  жыла  дружна,  хоць многія   зайздросныя  людзі   стараліся  ўнесці  разлад паміж імі. Калі стары бацька адчуў, што мала  яму ўжо засталося жыць на гэтым свеце, сабраў сваіх сыноў, каб даць ім апошнюю бацькоўскую навуку. Калі сыны сабраліся  каля яго, даў ім дзіўнае  заданне: выцягнуў з-пад  ложка  сем  металічных прутоў, звязаных між сабой дротам, і сказаў, што таму, хто з сыноў загне іх, ён дасць за гэта сто залатых дукатаў. І пачалося… Усе сыны, ад старэйшага да  малодшага, што мелі сілы мацаваліся  з  гэтымі прутамі, але нікому з іх не ўдалося нават трошкі загнуць іх. Тады малодшы з іх пасля ўсіх намаганняў вярнуў  гэтыя пруты бацьку і сказаў, што  гэта невыканальнае заданне. Аднак бацька ў адказ  не  згадзіўся. І потым распутаў дрот, які трымаў гэтыя пруты разам, і адзін за адным пазагінаў  металічныя  пруты. Потым звярнуўся да сыноў з бацькоўскай навукай:“Любыя сыны. Прыходзіць пара мне адыйсці з гэтага свету. Пакуль  вы  будзеце жыць у еднасці і згодзе, то будзеце як гэтыя  пруты, моцна  звязаныя між сабой. Калі  ж  адвернецеся і аддзеліцеся адзін ад аднаго, то  злыя  людзі і жыццёвыя цяжкасці хутка вас пазагінаюць, як я гэтыя  пруты. Жывіце дружна ў еднасці  і  згодзе!”.

На жаль, многія людзі не цэняць вялікай вартасці еднасці і жывуць, аддзяліўшыся ад Бога і ад людзей. І таму ўзнікаюць і ўмацоўваюцца  межы  паміж дзяржавамі  і  асобнымі  людзьмі. Таму людзі стараюцца аддзяліцца нават ад суседзяў  высокім  і шчыльным плотам і моцнымі дзвярамі  з надзейнымі замкамі. Узнікаюць і далей трываюць канфлікты і войны паміж падзеленымі  і  канфліктуючымі народамі. Таксама і ў жыцці тагасветным ёсць падзел: на збаўленых, якія прабываюць у шчасці Неба, на тых, хто ачышчэнне ад зямных правінаў і недахопаў прайходзіць  у чысцы, і, на жаль, ёсць і тыя, хто ўпарта  трываючы  ў  адасобленасці  ад еднасці з Богам і людзьмі, трапіў у вечнае пекла.

Таксама і біблійная гісторыя прыпамінае  нам, што першапачатковая  ідылія  еднасці Эдэмскага  саду, на жаль, была даволі кароткатрывалая. Гэта еднасць людзей з Богам і паміж сабой  пратрымалася  да моманту першароднага граху. Ад гэтага першага граху пачынаюцца аддаленне людзей ад Бога і падзелы паміж імі. Калі чытаем Стары Запавет, звяртаем увагу, як  шмат  розных  падзелаў было ў даўняй гісторыі. Час ад часу таксама з’яўляліся вялікія імперыі, такія  як Вавілонская, Асірыйская, ці Рымская, якія сілай  войска імкнуліся аб’яднаць сваіх падданых. Аднак такая насільная еднасць была нетрывалая, несапраўдная  і з часам развальвалася, як вялікая статуя з візіі прарока  Данііла.

Здавалася, што, калі ўжо прыйдзе доўгачаканы Месія, то Ён, нарэшце, поўнасцю аб’яднае падзеленых людзей. І тады ўжо  будуць  жыць  яны  ў  сапраўднай еднасці і згодзе,  скончацца канфлікты і войны, і ва ўсім свеце будзе зноў трываць ідылія. І  вось заззяла зорка Бэтлеема, нарадзіўся Збавіцель. Здавалася б, прыйшоў Ён ў гэты свет  у  асаблівы час, калі на ўсёй Зямлі не было войнаў і вялікіх канфліктаў, і, напэўна, з Яго  прыходам  сітуацыя павінна была  сапраўды палепшыцца. Ён  абвясціў  людзям  Евангелле – Добрую Навіну аб Валадарстве Нябесным. У сваёй навуцы Езус Хрыстус скіраваў увагу на вялікую перспектыву еднасці збаўленых  людзей  у  Небе. І гэта  ідэальная  еднасць  збаўленых людзей з Богам і паміж сабой будзе трываць вечна ў Валадарстве  Нябесным. Але для таго, каб быць прынятым і далучаным да гэтай боскай нябеснай еднасці, трэба ўжо на зямлі  імкнуцца  да  яе праз рэалізацыю  волі  Божай  у   штодзённым жыцці. Хрыстус прызывае  апосталаў і вучняў жыць у  еднасці, маліцца і прасіць Айца, каб тыя, якія прымуць Яго навуку і будуць, паводле яе, будаваць сваё жыццё, былі адно. Аднак ужо адзін з апосталаў Юдаш Іскарыёт аддзяляеца ад еднасці з Хрыстом і іншымі апосталамі, выбірае злачынную дарогу  здрады. І Езус не ўтрымлівае  яго  сілаю. Бог хоць і з’яўляецца ўсемагутным і мае моц валадарыць  усім  Сусветам, аднак  шануе  вольнасць  анёлаў і чалавека. Бог прыняў выбар збунтаваных  анёлаў  і сваёю моцаю не змусіў іх вярнуцца да еднасці  з паслухмянымі анёламі. І таму, калі чалавек адварочваецца і аддзяляецца ад еднасці і лучнасці з Богам і людзьмі, Бог усё ж шануе выбар чалавека  і  не прымушае вярнуцца  зноў да гэтай еднасці. Таксама  і  ў першых хрысціянскіх супольнасцях: хоць спачатку вельмі добра рэалізаваўся  ідэал  еднасці і ўзаемнай дапамогі,  аднак  даволі хутка пачалі  паяўляцца  першыя  праблемы  з  узаемнай  еднасцю. Ужо Святы Павел звяртае на гэта ўвагу ў сваіх лістах да першых хрысціянскіх  супольнасцяў. Потым  пачалі  паяўляцца  першыя ерасі,  якія падзялялі хрысціянаў  на  прававерных  і  ерэтыкаў, і многа намаганняў ішло на тое, каб вярнуць парушаную еднасць і навярнуць ерэтыкаў да прававернай еднасці. Уся гісторыя Касцёла  напоўнена  ўзнікненнем  і  дзейнасцю розных ерасей, схізмаў і сектаў, якія прыносілі  падзелы  ў адзіны паўсюдны  хрысціянскі  Касцёл.

І вось прыходзіць 1054 год, які  дзеліць  хрысціянаў  Захаду і Ўсходу на каталікоў і праваслаўных. Людскія амбіцыі, непаразуменні і нераспазнанне таго, што  з’яўляецца  важным, а што – другарадным, паўплывалі на гэты  смутны падзел. І, нягле-дзячы на ўсе спробы вярнуцца да  еднасці  праз  Унію, гэты падзел, на жаль, далей трывае.

Яшчэ больш праблематычнай еднасць хрысціянства стала  пасля  1517 года,  калі  Марцін Лютэр  выступіў са сваім пратэстам супраць усяго, што не падабалася  яму  ў  Касцёле. Эфектам гэтага пратэсту стаў новы падзел хрысціянства на рыма-католікаў  і  пратэстантаў. Таксама і самі пратэстанты хутка пачалі  дзяліцца,  ідучы  за сваімі лідэрамі.  За Лютэрам пайшлі лютэране, за  Кальвінам – кальвіністы… І так узнікла і далей узнікае  многа розных і разнародных пратэстанцкіх супольнасцяў, кожная  з якіх лічыць сябе  самай  прававернай рэа-лізацыяй  ідэалаў  хрысціянства.

Каб  пераадолець гэты смутны  крызіс  еднасці хрысціянства, ў 20 стагоддзі ўзнік і далей развіваецца рух экуменічны. Мэтай  экуменізму  з’яўляецца пераадоленне трываючага падзелу  паміж  хрысціянамі і вяртанне да еднасці, да якой прызываў  сам  Езус Хрыстус. У першай у гісторыі Касцёла энцыкліцы, прысвечанай экуменізму, Папы Яна Паўла ІІ Ut unum sint (Каб усе былі адно) чытаем: “Бог  хоча еднасці ўсяго рассеянага  роду  людскога. Таму спаслаў Свайго Сына, каб, уміраючы за нас і паўстаючы з мёртвых, адарыў нас Сваім Духам любові. У дзень перад ахвярай крыжовай Сам Езус маліўся  да  Айца  за сваіх вучняў  і  за ўсіх веруючых у Яго, каб  былі  адно, адной жывой супольнасцю. Адсюль вынікае не  толькі  абавязак  імкнуцца да еднасці, але таксама адказнасць перад Богам і перад Яго замыслам, які  ляжыць  на  тых, якія  праз хрышчэнне становяцца Целам Хрыста”.

Мазаіка апсіды. Фрагмент.  Папская  базіліка Святога Паўла  за гарадскімі  сценамі.  Рым.

Мазаіка апсіды. Фрагмент. Папская базіліка Святога Паўла за гарадскімі сценамі. Рым.

Здавалася б, Бог як наш Створца з’яўляецца Айцом для ўсіх людзей. І ўсе людзі маглі б жыць і на гэтым, і на тым свеце шчасліва ва ўзаемнай еднасці і братэрстве. Аднак, паколькі ў нас вельмі часта прысутнічае грэх, то мы з гэтай прычыны маем злое імкненне да падзелаў, ізаляцыі  і  закрытасці. Езус Хрыстус, паміраючы  за нас і паўстаючы з мёртвых, адарыў нас  сваім  Духам любові. Бо істотай  Бога  з’яўляецца  любоў, даванне сябе, адорванне і яднанне. Любоў  заўсёды стварае і яднае. Любоў, імкненне да яе прывіў  нам Сам Бог. І гэтае падабенства да Бога ў любові і еднасці нам трэба развіваць у сабе, каб  мець  сілы  пераадольваць падзелы. Хрысціянства  прыносіць  у  гэты падзелены і канфліктуючы свет новую рэальнасць праз новы погляд на чалавека і адносіны паміж людзьмі. Хрысціяне павінны ствараць адзінства, адну супольнасць, каб быць верагоднымі  сведкамі  для  падзеленай людскасці. Нягледзячы на тое, хто  кім  з’яўляецца,  усе мы павінны прабываць у еднасці: “Няма  ўжо ні юдэя, ні грэка; няма  ні  раба, ні свабоднага; няма ні мужчыны, ні жанчыны. Бо  ўсе вы адно ў  Хрысце Езусе” (Гал 3,28).

 Усе  людзі  перад  Богам роўныя  і з’яўляюцца Яго дзецьмі. Божае  Слова скіравана  да  ўсіх народаў. І паколькі ўсе людзі з’яўляюцца дзецьмі аднаго Бога, таму і Касцёл Хрыстовы  прызначаны  для ўсіх людзей. Бог  кіруе Сваё Слова да  кожнага  чалавека,  каб аб’яднаць людзей у адзіны Божы Народ. Св. Ігнацы  з Антыёхіі першы выкарыстаў формулу Касцёл  Паўсюдны (каталіцкі), бо аб’ядноўвае праз веру ўсе народы  па ўсім свеце. Увесь Касцёл  ёсць  місійны і прызваны  да евангелізацыі ўсяго свету. Хрысціянства – рэлігія універсальная, скіраваная да кожнага чалавека. Таму хрысціянскія  місіянеры  імкнуцца  не  толькі ўмацоўваць  у веры і еднасці тых,  хто  пайшоў за навукай Хрыста і імкнецца, згодна з ёю, будаваць сваё жыцце. Вялікім заданнем  місіянераў з’яўляецца і тое, каб людзей, далёкіх ад веры і еднасці хрысціянскага жыцця, далучыць да вялікай Хрысціянскай  Сям’і. Таму місіянеры  вырушаюць і  ў  далёкія  ад хрысціянства краіны, каб і там словам  і  прыкладам  хрысціянскага жыцця даць магчымасць многім людзям далучыцца да хрысціянскай дарогі, якая накіроўваецца  да  збаўлення вечнага.f-str-16

У Вячэрніку Хрыстус маліўся аб еднасці  для сваіх вучняў. Гэта  малітва  і  імкненне  Хрыста, Яго заданне для выканання даверана вучням Езуса. Ён жадае  такой еднасці паміж вучнямі, якая існуе ў Святой Тройцы. І  хоць  падзелы  і ерасі заўсёды будуць пагражаць гэтай еднасці, але трывалым заданнем  Касцёла  з’яўляецца праца  і сталы клопат аб еднасці. Грэх  і зло нараджаюць падзелы, а  наступствы іх цягнуцца праз  вякі. Пасля тых працяглых непаразуменняў, варожасці  і  ўзаемнай  ізаляцыі патрэбна шмат часу і намаганняў, каб паміж  падзеленымі  людзьмі  заіснавалі  добразычлівыя адносіны  і сапраўдны дыялог. Таму ў такой нялёгкай сітуацыі не дзіўна, што, калі толькі штосьці  ідзе не так, то зноў паяўляецца  напружанасць,  аднаўляюцца крыўды і ўзнікаюць розныя непрыемныя сітуацыі.

Хрыстус прызваў апосталаў –а праз іх і ўвесь Касцёл – даваць сведчанне жывой веры ў Бога ў Тройцы Адзінага. Таму падзеленае хрысціянства, на жаль, з’яўляецца антысведчаннем  для ўсяго свету. Калі хрысціяне абвяшчаюць Хрыстоў супакой і паяднанне і хочуць прыблізіць Евангелле сучаснаму чалавеку, павінны рабіць гэта ў супольнай згодзе. Сучасны чалавек больш верыць верагодным сведкам, чым вучоным настаўнікам, больш канкрэтнаму дасведчанню, чым узнёслай дактрыне, больш рэальнаму жыццю і фактам, чым навуковым тэорыям. І хоць вяртанне да еднасці з’яўляецца нялёгкім заданнем, але мы як хрысціяне не  губляем  надзею,  што з Божай  дапамогай  і  з  нашым супрацоўніцтвам  яно  ўсё  ж будзе  ў  нашых  сем’ях,  у  нашым акружэнні  і ў хрысціянскіх супольнасцях,  а праз гэта – і ва ўсім свеце!

 

 

  Кс. Юрый ПАВАЙБА

Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий