Кардынал Казімір Свёнтэк
да 100-годдзя з дня нараджэння
Гаспадар на сваім падворку
Ксёндз Тадэвуш Шэшка, пробашч парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў Лагішыне, быў першым канцлерам Пінскай курыі, і некалькі гадоў запар яны працавалі разам з біскупам Казімірам Свёнткам. Працавалі, без перабольшвання, дзень і ноч – гэта быў пачатак адраджэння Касцёла на Беларусі. Сёння кс. Тадэвуш дзеліцца сваімі ўспамінамі.
У Пінск я прыехаў у верасні 91-га. Пра ксяндза Казіміра Свёнтка, пробашча парафіі і нядаўна кансэкраванага біскупа, чуў многа ад святароў, якія раней тут ужо працавалі. Ведаў, што ён моцнага характару, паслядоўны, верны, шмат перажыў ад пераследвання яго ўладамі, а таксама цярпеў у сталінскіх лагерах. І вось уявіце: прыязджаю ў Пінск, знаходжу біскупа Казіміра, каб пазнаёміцца, а ён мне адразу: “Ты чаго сюды прыехаў?”. Я разгубіўся: што за пытанне? Хутка ўзяў сябе ў рукі: “Працаваць для Касцёла на Беларусі, які адраджаецца, і працаваць столькі, колькі біскуп дазволіць”. Біскуп усміхнуўся вачамі, благаславіў і моцна паціснуў мне руку. Пасля, на працягу далейшай нашай сумеснай працы, я без сумневу разумеў, што ён меў такі звычай – уваходзіць у кантакт з чалавекам праз жарт, праз гумар, нават праз нейкую незвычайную сітуацыю.
Вельмі мне ў памяці неспадзянка, якую падрыхтаваў свайму паважанаму біскупу я сам. Пасля майго прыезду ў Пінск адразу паўстала пытанне, дзе мне кватаравацца, дзе харчавацца і г.д. Пакуль было цёпла, я кожны дзень ездзіў на начлег у Лагішын. Але быў перакананы, што гэта не зусім ідэальна, ксёндз павінен быць блізка ад касцёла 24 гадзіны на суткі, бо ў кожную хвіліну да яго маглі звярнуцца людзі, і прапанаваў: “Пад званіцаю ёсць свабоднае памяшканне, і няхай ксёндз-біскуп мне дазволіць, я прыгатую яго пад жыллё”. “Не! – адказаў ён, – там склад літаратуры!”. А на дварэ ўжо снежань, зіма, бездараж… Што рабіць? А тут біскуп акурат накіроўваецца ў Рым… Мы з вернікамі на працягу дня перанеслі ў іншае памяшканне 10.000 кніг Бібліі, два пакоікі прыбралі пад жыллё. Вышла хутка і нядрэнна, але што скажа мне за гэта біскуп Казімір? Час яго вяртання назад у Пінск супадаў акурат з вігілійным вечарам, і я паехаў у Брэст, каб яго сустрэць. Едзем у Пінск, па дарозе пытае ў мяне: “Дзе сёння збіраемся на вігілію?”.
“Неспадзянка, ксёндз-біскуп”, – толькі і змог адказаць я. Пад’ехалі да званіцы, і ўсе закліканыя на вячэру вышлі насустрач. Ён моўчкі абвёў вачыма прысутных і кінуў востры позірк у мой бок. “А зараз запрашаем ксяндза-біскупа на нашу сумесную вігілійную вячэру ў месца сустрэч для ўсёй Пінскай дыяцэзіі!” – сказаў я. Ксёндз-біскуп яшчэ хвіліну маўчаў, а пасля: “Вось гэта – сапраўднае Божае Нараджэнне!.. У гэтай Бэтлеемскай шопцы мы будзем сустракацца з рознымі людзьмі!”. Такім вось простым спосабам біскуп Казімір утаймаваў мой душэўны боль.
…На той час ужо была ўтворана Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, ксёндз Казімір Свёнтэк меў абавязкі Арцыбіскупа Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага і Апостальскага Адміністратара Пінскай дыяцэзіі. Колькі дарог мы з ім пераадолелі, наведваючы парафію за парафіяй… І колькі шчырых успамінаў пачуў я тады ад біскупа Казіміра… Роспаведы пра арышты і турмы, камеру смяротнікаў, у якой утрымліваўся на працягу двух месяцаў, – пра ўсё гэта я даведаўся падчас нашых падарожжаў. Слухаючы біскупа, я не пераставаў здзіўляцца, захапляцца і кожны дзень адкрываў для сябе гэтага чалавека з іншага боку… Біскуп многа разоў падкрэсліваў: у цяжкія хвіліны жыцця яго захаваў Бог і моцная, непахісная вера. Пэўна, нават цяжка сабе ўявіць, колькі маральных і фізічных сіл патрэбна было мець палітычнаму вязню, каб у тых умовах выконваць святарскія абавязкі – спавядаць такіх вязняў, як сам, ці служыць святую вігілійную Імшу ў турме!..
А калі ўжо пачалася “перастройка”, пачалося адраджэнне Касцёла, біскуп знайшоў сябе як добры сейбіт на полі, як гаспадар на сваім падворку – імкнуўся асабіста, на свае вочы даведацца пра сітуацыю і ўмовы, у якіх апынуліся святыні і вернікі, пачуць іх патрэбы. А патрэбы былі вялікія – аднаўляць, рэстаўрыраваць, будаваць новыя храмы… Мы ехалі ў касцёлы і капліцы, развозілі абразы, шаты, літургічныя кнігі. Абсалютна ўсё біскуп Казімір трымаў у сваіх руках, на ўсё даваў (або не даваў) сваю згоду… Але заўсёды, як бы моцна ні быў заняты, ці як бы ні спяшаўся ў дарогу, абавязкова ішоў да крыпты, дзе спачывае Слуга Божы біскуп Зігмунт Лазінскі, кажучы: “Мушу паслухаць, што скажа мой айцец”. І там маліўся, просячы заступніцтва і дапамогі.
Імпульсіўны, з тэмпераментам халерыка, ён нічога не прапускаў міма вушэй, у яго была бліскучая памяць і імгненная рэакцыя на ўсё. Людзі, якія звярталіся да яго, у ягоным сэрцы заставаліся глыбока і надоўга, іх справамі ён займаўся ў першую чаргу, праблемы вырашаліся часам нават нечаканым чынам.
У вёсцы Асавая Столінскага раёна касцёла напачатку 90-х не было, ён быў па-варварску разбураны напрыканцы 60-х гадоў мінулага стагоддзя, але на супольныя малітвы людзі збіраліся кожную нядзелю, і з душпастырскімі візітамі да іх даязджалі ксяндзы з Пінска. Ездзіў туды і біскуп Казімір. Аднойчы патэлефанавалі, што памёр адзін з вернікаў, чакаюць ксяндза на пахаванне. Біскуп накіраваў мяне. Прыехаў я ў Асавую. Труна з памерлым стаіць ў драўлянай званіцы, а прысутных столькі, што святую Імшу цэлебраваць немагчыма.
Прашу, каб труну вынеслі са званіцы. “Не вынесем, – адказваюць, – гэта наш касцёл, а чалавек гэты заслужыў, каб па ім у касцёле адслужылі…” Я вымушаны быў сесці на труну і цэлебраваць святую Імшу. І як толькі Імша скончылася, яе ўсхваляваныя ўдзельнікі абступілі мяне, пачалі з болем гаварыць аб патрэбе пабудаваць касцёл. І адразу прынялі пастанову, аб чым я далажыў назаўтра біскупу Казіміру. Ён уважліва выслухаў і сказаў: “Касцёл будзе збудаваны так, як патрэбна, але без ніякіх новых праектаў!”. Так і зрабілі. У хуткім часе, пры дапамозе былых асаўчан, якія жылі за мяжою і дапамаглі грашыма, ў вёсцы ўзняліся вежы новага касцёла Ўнебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі – святыня была дакладна такою ж, як і тая разбураная і захаваная толькі на фотаздымках… У ліпені 1999 года адбылася кансэкрацыя касцёла, якую здзейсніў кардынал Казімір Свёнтэк.
Моцна апекаваўся ксёндз-кардынал і адраджэннем Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску, якую да вайны скончыў сам; гэта было яго асабістаю мараю і справаю гонару адначасова; і гэта было вялікаю надзённаю патрэбаю Касцёла на Беларусі. Прагнуў зрабіць гэта як мага хутчэй. І калі мясцовая рада ў Пінску прыняла рашэнне аб вяртанні семінарыі яе былога будынка (многа гадоў запар яго займаў Штаб рачной флатыліі), біскуп Казімір апусціўся на калені і заплакаў. Гэта былі слёзы радасці.
Адзначу яго незвычайную чалавечую сціпласць. Прыехаўшы ў Пінск, з самага пачатку зразумеў, што большага ўбоства, чым у доме пробашча Пінскай архікатэдры – слыннага святара і моцна паважанага чалавека – на той час я не бачыў яшчэ нідзе! І ў гэтым быў весь ён, Казімір Свёнтэк, – непатрабавальны да ўмоваў быту, не вымагаючым ніякіх сабе ільгот і вельмі скромны і просты ў ядзе.
Падчас кансэкрацый святыняў, у іншых выпадках парафіяне запрашалі на абеды, накрываючы сталы па-беларуску шчыра. Але для нашага біскупа Казіміра абед меў нейкае сімвалічнае значэнне, ён заўсёды быў задаволены мінімумам. Ва ўсіх сустрэчах – са святарамі, кансэкраванымі асобамі, вернікамі ён цаніў перш за ўсё духоўны кантакт! Адзінае, ад чаго не мог сябе ніколі стрымаць, гэта была кава; кубак запаранай кавы прыкрываў зверху сподачкам, і атрымліваў асаблівую асалоду, калі з такімі ж кубачкамі побач з ім сядзелі маладыя святары, і з імі можна было гаварыць-гаварыць… У такія хвіліны ён дазваляў сабе быць адкрытым, успамінаў свае шляхі-дарогі, ніколі не скардзіўся… Дзякаваў Богу за ўсё, што даў яму пазнаць. Супольнасць святарскую моцна цаніў і развіваў. Асабліва шанаваў святароў, якія жылі проста, скромна, стрымана.
Я б не сказаў, што біскуп Казімір быў надта гаваркі, наадварот: ён любіў слухаць іншых, мог часамі быць у роздуме з самым сабою. У кожную праблему, з якой сустракаліся святары ці вернікі, а апошні “вердыкт” павінен быў вынесці ён, біскуп, унікаў глыбока, разважаў над ёю, пасля маліўся і толькі потым прымаў рашэнне. А калі справа даходзіла да будаўніцтва новай святыні – асабіста разглядаў праекты, аналізаваў, улічваючы магчымасць развіцця парафіі ў будучым, фінансавыя сродкі, асобу таго ці іншага ксяндза, яго патэнцыял. Рашэнняў “на хаду” не было ў ксяндза-біскупа ніколі, але нават складаную ці заблытаную сітуацыю біскуп мог выправіць проста імгненна.
Зараз, узгадваючы мінулае, гады сумеснай працы са слынным паслядоўнікам Хрыста на нашай зямлі, я ад сэрца дзякую Богу за свой святарскі лёс, які звёў мяне з гэтым чалавекам, у якога можна вучыцца бясконца.
Кс. Тадэвуш ШЭШКА.
Фота Карнэлія КОНСЭКА, SVD
і з архіва рэдакцыі.