Кардынал Казімір Свёнтэк
да 100-годдзя з дня нараджэння
«Мы сталі з ім, як радня»
…І нашыя словы, і нашыя ўчынкі, і нашая пастава да жыцця абавязкова застануцца ў чыёйсьці памяці. Але ў чыёй і як надоўга? І ці будуць яны мець сэнс і вартасць для тых, хто будзе іх захоўваць? Гэтыя думкі з’явіліся ў мяне пасля таго, як паслухала ўспаміны вернікаў з Пінска, якія блізка ведалі кардынала Казіміра Свёнтка, падтрымлівалі яго ў розных жыццёвых абставінах і якія моцна шануюць аб ім памяць.
1. “Prosze ksiadza…”
(З успамінаў Алены Шаламіцкай):
– Скажу так: перад тым, як у нас з’явіўся наш улюбёны, наш дарагі ксёндз Казімір Свёнтэк, наша супольнасць змагалася, каб усімі сіламі ўтрымаць катэдру. Каб заплаціць тыя велізарныя падаткі, парафіяне аддавалі астатні грош. Наш старшыня касцёльнага камітэта Юзаф Куна кажа аднойчы: “У нас бу-дзе ксёндз!”. Было гэта ў ліпені 1954 года. І вось прыйшлі мы на ранішнія малітвы ў катэдру, бачым: нейкі незнаёмы чалавек падышоў блізка да алтара, укленчыў, моліцца. Нават, падалося нам, твар свой крыху пры-крыў ладонню. А пасля кажа: “Я – ксёндз”. Мы ўзрадаваліся, акружылі яго, кожны са сваімі просьбамі: “Prosze ksiadza…”, “Prosze ksiadza…”. А ў мяне – сынок нованароджаны, яшчэ не ахрышчаны. Кажу назаўтра свайму Міхалу: “Ідзі і прасі, каб сынка ахрысціць”. Пайшоў, а ксёндз Казімір кажа: “З вялікаю ахвотаю, але з камітэта па рэлігіям не маю дазволу на душпастырскую працу. А калі зраблю гэта на сваю руку, будзе прычына адказаць мне”. І чакалі мы аж да снежня. На Божае Нара-джэнне ксёндз ахрысціў нашага Часлава, і сталі мы ўсе з ксян-дзом Казімірам, як радня. У нас была свая гаспадарка, кароўка, і 3-літровы слоік малака з вячэрняга ўдою Міхал насіў ксяндзу Казіміру праз дзень. Да гэтага мы былі прызвычаеныя. Мама заўсёды казала: “Парафіян многа, а пробашч – адзін, трэба дапамагчы”. Часта запрашалі яго на абед. Ксёндз у ядзе не вымагаў – любіў супы са шчаўя, з памідораў, на салодкае – будын.
Быў чалавекам інтэлегентным, мудрым, кожнае яго слова было ўзважаным, кожны крок – адмераным. Любіў людзей і кожнаму нешта мог парадзіць.
А які спрытны быў да ўсялякай работы! Калі рамонт катэдры пачаўся, мой Міхал жартаваў: “Наш ксёндз – як кот па драбінах, куды хочаш залезе”. А ксёндз Казімір сапраўды: і з сякераю, і з малатком, і з пілою. І таксама жартаваў: “Хіба гэта праца – гэта ж забава”.
Моцна любіў прыроду, рыбалку. Калі ішоў на прагулку ў лес, браў з сабою Аса, сабачку, (ой, паслухмяны быў яго Ас!), а вяртаўся з прагулкі – да нас заходзіў. А як з Міхалам ужо сыдуцца – на ўсе тэмы пагавораць…Давяраў ксёндз майму гаспадару, прасіў яго то адно для касцёла зрабіць, то другое….
Часам і са мною былі размовы, але цяжкія, бо ксёндз Казімір успамінаў “свае” турмы і лагеры, а я – “сваю” Сібір, Алтайскі край, куды мяне, сястру і маму вывезлі з прыгаворам на 5 гадоў зняволення, як “врагов народа”.
Памятаю такі выпадак. Прыйшоў да нас ксёндз Казімір, а мая Дануся (ёй пяць гадкоў тады было) ўсё круціцца каля яго.Узяў яе на калені і пытае, ці ведае яна вершы. Данка хуценька расказала адзін на польскай мове. “А яшчэ?..”. І Дануся пачала, таксама па-польску: “Ойча наш…”. Па твары ксяндза Казіміра пацяклі слёзы.… Не ведаю, якія адчуванні вызвала ў ягоным сэрцы тая дзіцячая малітва: можа ўспомніў вігілію, якую арганізаваў у турме? Расказваў, калі пачаў маліцца разам з іншымі асуджанымі, у камеру зайшоў службовы з салдатам-карабінёрам і запытаў: што тут робіце? А ксёндз, доўга не чакаўшы: “Таварыш начальнік, заўтра Свята Божага Нараджэння, сёння вігілійны вечар. Можа і вы застаньцеся з намі”. І працягнуў начальніку руку з аплаткам. Падзякаваўшы, той адмо-віўся. А можа ўспомніў ксёндз вязніцу у Брэсце (як быў вікарыем у Пружанах, яго арыштавалі першы раз). Расказваў, парафіяне дасылалі яму пачкі, а знайшоўся такі, хто абакраў. Дазналіся асуджаныя, і “пакаранне” злодзею прыдумаў сам ксёндз Казімір: “Калі наступную пачку атрымаю – дам яму болей, чым астатнім”. І так зрабіў.
2. Паляўнічы,які ні разу не стрэліў
(З успамінаў Альбіны Смолка)
– Той дзень, калі мы ўпершыню ўбачылі ксяндза Казіміра Свёнтка, памятаюць усе старэйшыя парафіяне, бо ўвогуле ўсе моцна чакалі, калі ў нас, нарэшце, з’явіцца пробашч. І вось прыйшоў малады чалавек, укленчыў, моліцца… Пасля сказаў: “Я – ксёндз”. Божа, як мы тады ўзрадаваліся! Але яшчэ цэлага паўгода яму не давалі дазволу на працу. Першую святую Імшу цэлебраваў толькі ў снежні.
Хутка пачаўся рамонт катэдры, працы было многа, і ўсе дапамагалі ксяндзу Казіміру. Быў такі выпадак. Пад вокнамі нашага дома згрузілі драўніну, якая прызначалася на патрэбы касцёла. І згрузілі позна ўвечары. Была такая дамоўленасць, што на наступны дзень прыедзе іншая машына і павязе пілаваць. Так і было: з раніцы прыехаў грузавік, але не паспелі мужчыны закінуць дзеравіну-другую, як мчыцца да нас міліцыя і так адразу: якое маеце права?.. Дзе вашыя дакументы?.. Мой муж працаваў дырэктарам станцыі юных тэхнікаў і існуючае права ведаў добра, усе дакументы ў яго заўсёды былі ў парадку. А што датычыцца патрэбаў касцёла, то ўсе людзі шчыра дапамагалі, хто як мог.
Спачатку ксёндз Казімір зблізіўся з Віктарам, братам майго мужа, а пазней – з маім мужам Яўгенам. Муж займаўся авіямадэлізмам, да таго ж, рабіў прыгожыя фотаздымкі, – ён і ксян-дза Казіміра навучыў. А ксёндз Казімір быў такім чалавекам, якому ўсё было цікава. Бывала, пойдуць разам на паляванне. Муж што-небудзь і напалюе, а ксёндз – не… Ксёндз ніколі нічога не забіў, як мой муж казаў, быў “паляўнічым, які ні разу не стрэліў”. Бывала ўжо вернуцца з палявання, яшчэ пагавораць, і Яўген абавязкова што-небудзь дасць ксяндзу са сваіх “трафеяў”. А ўжо калі ксёндз Казімір купіў матацыкл, сам ім кіраваў, пачалі яны ездзіць далей, за Лагішын, у Целяханы. І выязджаюць у 3 гадзіны ночы: муж – на паляванне, а кс. Казімір – паслухаць, “как поют глухари”…
Ксёндз Казімір чалавекам быў вельмі далікатным, любіў жартаваць, але каб нікога не абразіць. І ніколі не дзяліў лю-дзей на багатых і бедных, у яго ўсе былі роўныя. Моцна клапаціўся, каб добра выконваць свае душпастырскія абавязкі. Я часам ездзіла ў Польшчу ў госці да сваякоў, і што просіць аднойчы мяне ксёндз Казімір – прывязі Мшал. Я то згодна, але як яго правесці праз мяжу? І паехаў мой муж шукаць свайго былога вучня, які працаваў на таможні: Мшал – патрэба касцёла і нашага ксяндза Казіміра! Вучань паабяцаў… не заўважыць маю па-клажу, і Мшал з Польшчы я прывезла. Прыйшоў на другі дзень да нас ксёндз, сціснуў мяне за плечы: “Ах, пані Альбінка, ты нават не ўяўляеш, які дарагі падарунак ты мне зрабіла!”.
3. Ксяндза запрасіў тата
(З успамінаў Барбары Шыманскай)
– Згодна з існуючым на той час правам, пробашч павінен быў быць прыпісаны ў доме прыватным. І калі ксёндз Казімір Свёнтэк прыбыў у Пінск, старшыня касцёльнага камітэта пачаў шукаць яму кватэру. Спачатку Казімір Янавіч (так яго звалі свецкія) астанавіўся ў пані Буяшовай, але памяшканне было вельмі малое, потым – у Вернеровай (у хуткім часе выехала ў Польшчу), а пасля, калі з нашага дому акурат выехалі родзічы, якія займалі два пакоі, веранду з асобным уваходам, тата за-прасіў ксяндза Казіміра да нас. Усё яму пасавала, да таго ж наша сям’я размаўляла па-польску, і ксяндзу Казіміру гэта моцна падабалася. Я і сястра Уршуля (мы з ёю блізніцы) вучыліся ў медычнай школе, тата працаваў спецыялістам па па-глыбленню рэк, а пасля – на суднарамонтным заводзе, а мама была гаспадыняю, заўсёды дома. Таму падрыхтаваць абед, ці вячэру для ксяндза не выклікала ніякіх цяжкасцей. Да таго ж гэты чалавек ніколі нічым не дакучаў гаспадарам, быў сціплым, непа-трабавальным да ўмоваў быту і заўсёды быў моцна заняты, асабліва, калі пачаўся рамонт храма; ён моцна хацеў, каб зруйнаваная катэдра набыла выгляд, які мела перад вайною. Запрасіў мастакоў-рэстаўратараў з Літвы, майстроў з Мінска і сам працаваў разам з імі. Хадзілі на тыя рамонтныя работы і мы з сястрою, хадзілі іншыя вернікі, але былі гэта выключна тыя, хто не баяўся быць звольнены з працы.
У той час, калі ксёндз Казімір быў пробашчам, ксяндзоў было наогул вельмі мала, і людзі ехалі ў Пінск здалёк, каб прыняць удзел у набажэнстве, атрымаць святыя сакрамэнты, многія – каб пахрысціць дзяцей. Памятаю, як адбывалася Велікоднае набажэнства. Прыязджалі ў суботу пад вечар і заставаліся на ўсю ноч, з малымі дзецьмі, у двух калідорах катэдры. Каб было чым прыкрыць дзяцей, вернікі прыносілі з дому коўдры, посцілкі, а мы з Уршуляю варылі кашу з маннай крупы, таксама аўсянку, каб уначы жанчыны маглі пакарміць сваіх дзетак цёплай ежай. Дарэчы, з катэдрай звязаны ўсе мае асабістыя ўспаміны… У 1960 годзе ксёндз Казімір удзяліў мне сакрамэнт шлюбу таксама тут, у катэдры, – я выходзіла замуж за літоўца Мечыслава Кашубаса (сямейнае жыццё, на жаль, не ўдалося – мой выбраннік надта многа ўжываў алкаголю).
Адпачываў ксёндз Казімір мала, можна сказаць, прыходзіў толькі на начлег. Пэўны час праводзіў за паперамі, тэлевізара не меў і зрэдку заходзіў на нашую палавіну хаты паглядзець навіны або спорт – іншае яго не цікавіла. А вясною ці ўвосень, калі была вольная хвіліна, любіў заняцца агародам, падрэзаць вінаград, маліну, пасадзіць або прышчапіць дрэўца якое ці кусцік. Штодня маліўся на ружанцы, таксама ходзячы па садзе…
Ксёндз Казімір быў чалавекам моцна паважаным, кантактным, меў вялікія сувязі.
Калі б да каго з якою просьбаю ні звярнуўся, людзі дапамагалі яму заўсёды. Быў моцна паслядоўным: што сказаў – тое зрабіў. А здароўя ўсё ж не меў – ды і адкуль таму здароўю было ўзяцца пасля 10 гадоў сталінскіх лагераў. У яго быў абмарожаны нос. Яму часта балеў страўнік, ксёндз Казімір павінен быў прытрымлівацца дыеты, а па дактарах хадзіць не любіў. Дактары часам самі прыходзілі адведаць ксяндза – і дзень, бывала, правядуць каля яго, і вечар… Леанард Аукштэль прыходзіў, Іван Панасевіч прыходзіў… Лекі павы-пісваюць, капельніцу паставяць, іншыя назначэнні зробяць, а я павінна была выканаць іх, бо была медыцынскаю сястрою –30 гадоў працавала ў бальніцы (у афтальмалагічным аддзяленні). І нават, калі здарыўся той трагічны выпадак – кардынал упаў дома, зачапіўшыся за дыван, і зламаў бядро, – у нас быў доктар Кірыс. Вызваў машыну хуткай дапамогі, паехаў з ім у бальніцу… Але гэта было ўжо астатняе… Здароўе да кардынала болей не вярнулася.
Ксёндз Казімір Свёнтэк пражыў у нашым доме паўвеку.’
Успаміны запісала Раіса СУШКО.
Здымкі Карнэлія КОНСЭКА
і з фотаальбомаў вернікаў. г. Пінск.