Кардынал Казімір Свёнтэк
да 100-годдзя з дня нараджэння
Узор чалавека ў сутане
І нашыя словы, і нашыя ўчынкі, і нашая пастава да жыцця абавязкова застануцца ў чыёйсьці памяці. Але ў чыёй і як надоўга? І ці будуць яны мець сэнс і вартасць для тых, хто будзе іх захоўваць?
Працягваем друкаваць успаміны вернікаў з Пінска, дзе кардынал Казімір Свёнтэк пражыў больш чым паўвеку і пакінуў непазбыўны след у лёсах людзей…
Гэтаму патрэбна вучыцца
(З успамінаў Віктара Мостэка)
– Калі думаю пра ксяндза Казіміра Свёнтка, заўсёды ўспамінаю тыя цяжкія жыццёвыя абставіны, у якіх апынуўся я, і побач з імі бачу гэтага самаадданага святара. Мы з жонкаю жылі ў Пінску, калі здарылася бяда з маёю цешчаю. Яна ўпала, зламала бядро, і з Баранавіцкага раёна, дзе жыла, мы прывезлі яе да сябе. Моцна сумавала па родных мясцінах, але лёс патрабаваў пакоры. Была практычна нерухомая, і пра наведванне ёю катэдры Ўнебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Пінску, удзелу ў набажэнствах не было нават мовы, таму да нас заўсёды прыходзіў ксёндз Казімір Свёнтэк. Нягледзячы на сваю занятасць, ён знаходзіў час, каб разам памаліцца, удзяліць хворай святыя сакрамэнты, а пасля – проста пагутарыць.
Па ўзросту яны былі, можна сказаць, аднаго пакалення людзі (мая цешча – на шэсць гадоў старэйшая за кардынала), і ёй заўсёды хацелася ўспомніць сваю маладосць, прыгожы касцёл, які быў ў Новай Мышы і куды хадзіла яна з Сяўрукоў разам з вернікамі, успомніць сёе-тое з таго, што было “за Польшчу”. Канешне, пра тое, што распавядала цешча, ксёндз Казімір ведаў і сам, але ён ніколі не даў выгляду, што яму гэта нецікава, ці што ён гэта даўно ведае, ці што яму няма часу слухаць. Сам быў цярплівы і далікатны. Цешча мела невялічкі абразік, на адваротным баку якога было напісана: “1-я святая Імша кс. Казіміра Свёнтка ў Новай Мышы”, і гэта дабаўляла цеплыні ў іх адносінах.
Праз пяць гадоў у нашу сям’ю зноў прыйшла бяда – мая жонка атрымала інсульт, пасля – другі, села ў інвалідную каляску, якую, дарэчы, і здабыў для яе ксёндз Казімір, і пачаў ён прыходзіць ужо да абедзвюх маіх найбліжэйшых жанчын. А ў 1991-м цешча памерла, і астатнюю Імшу служыў таксама ксёндз Казімір.
Пасля заканчэння пахавальнай цэрэмоніі звярнуўся з прамоваю да парафіянаў, у якой гаварыў пра глыбокую веру памерлай, пра яе цярпенне і пакору, пра яе цяжкі крыж у жыцці. Для мяне гэта было здзіўленне, бо да гэтага часу на пахаваннях я ніколі падобнага не чуў. Мая жонка пражыла пасля смерці сваёй маці яшчэ восем гадоў, у такім жа цяжкім стане, але мяне ніколі не пакідаў наш дарагі ксёндз Казімір.
Быў у маім жыцці яшчэ адзін эпізод, звязаны ўжо з арцыбіскупам Казімірам Свёнткам. У сувязі са сваёю вялікаю занятасцю, ён не мог выконваць абавязкі старшыні мясцовай суполкі Польскага культурна-асветніцкага таварыства імя Адама Міцкевіча на Беларусі, якія былі на яго ўскладзеныя, і ў 1992 го-дзе склікаў сход, дзе старшынёю абралі мяне. Таварыства было перайменавана, і я ўзначаліў Пінскую суполку Саюза палякаў. Сёння імкнуся зрабіць акцэнт не на справах суполкі, хоць і яны былі значныя, але пад-крэсліць узор пабожнасці і справядлівасці, які даў сваім жыццём і служэннем Касцёлу наш Эмінэнцыя. Імкнуся падкрэсліць мудрасць і разважлівасць чалавека, які праз усё сваё жыццё пранёс годнасць паляка-католіка і, жывучы на Беларусі, захаваў любоў да свае радзімы, яе гісторыі, яе культуры. Гэтаму нам патрэбна ў яго вучыцца.
“Вучыце інтэлекту, гэта – важна!”
(З успамінаў Марыны Смірновай)
– Я б сказала, мне пашчасціла блізка пазнаць ксяндза Казі-міра, а дакладней – ужо біскупа Казіміра Свёнтка, як чалавека надзвычай высокай культуры і багатага інтэлекту. І зусім не таму, што доўгі час была старшынёю касцёльнага камітэта. Адным з такіх “сюжэтаў”, які моцна засеў ў памяці, была сітуацыя з могілкамі на вуліцы Спакойнай. Тэрыторыя гэтых могілак выглядала так: з аднаго боку дарогі – каталіцкія пахаванні, з другога – праваслаўныя, за каталіцкімі – пахаванні польскіх вайскоўцаў, далей – габрэйскія. Недзе ў сярэдзіне 80-х гарадскімі партыйнымі ўладамі было прынята рашэнне пашырыць дарогу, якая вядзе праз могілкі, іх зруйнаваць і нешта там пабудаваць. Cтаўленне нашага пробашча было адназначным: захоўваць і паважаць мінулае, не глуміцца над памяццю продкаў! І хоць два рады магіл былі знішчаны, далей не пайшло.
Пробашч арганізаваў парафіян, вывеў іх на суботнік, на могілках быў наведзены парадак, і ніякай забудовы ніхто не распачаў.
Той кавалак часу, да якога зараз звяртаюся ў памяці, – пачатак адраджэння Касцёла на Беларусі, пачатак аднаўлення веры, не меў, на жаль, працаў-нікоў, якія б былі сапраўднымі памочнікамі святара. Біскуп часта сустракаўся з вернікамі, выступаў з пропаведзямі, прамовамі, і тут узнікалі пэўныя моўныя цяжкасці. Прапаведваць на польскай мове не мог, ды не ўсе яе разумелі, асабліва маладзейшыя, а сам пераважна карыстаўся рускаю моваю, да якой моцна прызвычаіўся, – 10 гадоў сталінскіх лагераў зрабілі сваю справу. Яму патрэбны былі тэксты на беларускай мове, і Яго Эксцэленцыя звярнуўся да мяне. Цяжкасцей з мовамі ў мяне не было ніколі, ведаю іх добра, таму біскуп пісаў па-польску, а я перакладала на беларускую – просьбы біскупа выконвала з радасцю і задавальненнем.
А яшчэ на маіх вачах ён ад-крываў Пінскую Духоўную се-мінарыю імя Зыгмунта Лазінскага. Якая гэта была пажаданая для яго справа! Клопат аб будучым Касцёла – гэта перш за ўсё клопат пра навучанне клерыкаў, і Яго Эмінэнцыя звозіў літаратуру з усяго свету. Ён хацеў, каб бібліятэка ў семінарыі была прыкладна такою, як у той час, калі клерыкам ў Пінску быў ён сам, Казімір Свёнтэк. Пазней, калі працэс навучання ўжо быў арганізаваны і адладжаны, падкрэсліваў: вучыце клерыкаў не толькі тэалогіі, не толькі рэлігійным навукам – вучыце іх інтэлекту, гэта важна! Быў перакананы, што кожны чалавек павінен ведаць хоць адну замежную, і абавязкова – мову сваіх сусе-дзяў. Такая пастава мне таксама была зразумелай і блізкай – я сама ведала нямецкую мову, у Пінскай Духоўнай семінарыі 12 гадоў выкладала беларускую і польскую.
Кардынал любіў сустракацца з клерыкамі, размаўляць з імі. Звычайна сустрэчы адбываліся на пачатак і на канец навучальнага года, вігілійная і канферэнцыі. Праходзілі яны, можна сказаць, па традыцыйнай схеме: адразу святая Імша, затым усе пераходзілі ў залу біскупа Лазінскага, пасля быў абед. За сталом кардынал Казімір доўга не за-трымліваўся – выкарыстоўваў час, каб зрабіць свой “абход”. Спачатку падыходзіў да выкладчыкаў, пасля – да супрацоўнікаў іншых службаў, пасля – да клерыкаў, да кожнага стала. Любіў пажартаваць, кожнаму сказаць ці камплімент, ці проста добрае слова. Думаю, тым самым ён паказваў, як у будучым павінен паводзіць сябе святар з людзьмі, як дастойна павінен сябе трымаць.
Моцны быў ад пачатку
…Даўно згубіліся і зараслі травою сцежкі, па якіх хадзіў вікарый Казімір Свёнтэк у Пружанах – у сваёй першай парафіі святога Міхаіла Арханёла, але ў памяці старэйшых вернікаў, сённяшніх жыхароў Пружан, тыя сцежкі яшчэ жывуць.
“Пружаны мяне яшчэ помняць?..”
(З успамінаў Фэліцыі Барташэвіч)
– У нашыя Пружаны Казімір Свёнтэк прыехаў вясною 1939 года, акурат недзе ў красавіку. Мы ад сваіх бацькоў пачулі, што ў парафію прыедзе новы ксёндз, і ўсе дзяўчаты сабраліся (а нас многа было, толькі ў нашай сям’і чатыры), і адна другую папярэдзілі, каб на святую Імшу прыйшлі абавязкова – разам памолімся і пазнаёмімся з новым святаром. Мне 14 гадоў было, а памятаю, быццам ўсё – ўчора. Зайшлі ў касцёл – паўнютка народу, акурат нядзелька была, і ксёндз Казімір – малады, прыгожы, са светлымі кучаравымі валасамі, і так прыгожа прамаўляе…
А пасля ксёндз Казімір выкладаў у нас рэлігію, заняткі былі раз на тыдзень, і ён прыходзіў да нас у школу (у Пружанах на той час былі дзве пачатковыя школы і адна гімназія, дзе вучыліся ўжо пасля сёмага класа), на рэкалекцыі мы да яго ў касцёл хадзілі.
І скажу вам: ксёндз Казімір быў строгі, патрабавальны, са злосці на якога вучня няўдалага мог нават па стале лінейкаю стукнуць, але на дзяўчат ніколі не крычаў, бо мы да ўрокаў рэлігіі і да святых сакрамэнтаў добра рыхтаваліся: да споведзі і да камуніі ніколі не хадзілі, паснедаўшы, – а нават вады ў роце ад рана не мелі.
Памятаю прыгожыя і вельмі мнагалюдныя працэсіі вакол касцёла на свята Божага Цела, калі мае родныя сёстры насілі алтарык, а я пасыпала кветкі. А яшчэ ксёндз Казімір арганізоўваў урачыстае шэсце на адпуст ва ўспамін святога Антонія, і мы з Пружанаў ішлі да Шарашова. Як кажуць, свет няблізкі, 18 кіламетраў, але маладым хіба цяжка? З намі і праваслаўныя дзяўчаты разам хадзі-лі – весела было. Але хутка ўжо пачалася вайна, і людскія лёсы паразбурала, як птушыныя гнёзды ў непагадзь…
Нядоўгімі былі і першыя сцежкі ксяндза Казіміра – у 1941 годзе яго арыштавалі першы раз, кінулі ў карцэр па вул. Савецкай у Пружанах. Той дом, дзе наш ксёндз адчуў на сабе першыя здзекі, стаіць і сёння, як нямы сведка барацьбы савецкай улады з Богам.
Мой лёс таксама не быў лёгкім і гладкім – недзе напачатку 1943 года мы вярталіся з дзяўчатамі з касцёла ў Пружанах, нас схапілі немцы і вывезлі ў Германію. Але дзякаваць Богу Найвышшаму, я трапіла на сельскагаспадарчую працу да гаспадара, які быў добрым чалавекам. Працаваць даводзілася многа, цяжка, але над працаўнікамі ён не здзекаваўся. А пасля, калі самога прызвалі ў войска, мы з іншымі дзяўчатамі ўцяклі. І то як уцяклі – адразу да Польшчы дабраліся, а пасля ўжо пяшком прыйшлі ў Белую Вежу. А тут мяне мой тата сустрэў – нехта з Пружан бачыў, што ў Белую Вежу вярнулася група былых зняволеных з Германіі, і тата адразу паімчаўся насустрач. Дзякаваць Богу – усё перажылося…
У той момант, калі я вярнулася дамоў, наш дарагі ксёндз Казімір, перажыўшы ўжо другі арышт, быў у турме. А сустрэчу з ім Бог рыхтаваў вернікам на значна пазнейшы час, ужо пасля таго, як вярнуўся ён са сталінскіх лагераў, і з Пінска прыязджаў у Шарашова, бо наш касцёл у Пружанах у 1950 годзе быў перароблены пад клуб.
Неяк вырашылі жанчыны зрабіць падарунак ксяндзу Казіміру, хоць і ведалі пра яго асабістую скромнасць і пра тое, што заўжды адмаўляецца нешта ўзяць ад вернікаў. Звязалі яму шарсцяны джэмпер і паехалі да касцёла ў Шэрашава у той дзень, калі ён павінен быў там цэлебраваць святую Імшу. Пасля заканчэння падышлі да яго, а ён як раззлуецца! Жанчыны просяць: “Калі ласка, гэта з Пружанаў!”. І тут твар яго раптам прасвятлеў: “То як, Пружаны мяне яшчэ помняць?..”. Моцна здзівіўся, узрадаваўся, прыклаў сабе да грудзей той джэмпер і нізка ім пакланіўся.
Сапраўдная радасць наступіла ў 90-я гады, калі нам вярнулі касцёл і верыць ў Бога людзі пачалі адкрыта. І тады ўжо многа чаго выкрылася, нават тое, аб чым раней баяліся нават на вуха каму прызнацца, – хто пачкі пасылаў ксяндзу Казіміру ў турму. Пасылалі і Браніслава Котава, і Хэлена Котава, і Хэлена Садоўская, і іншыя з Пружан. Не заўсёды тыя пачкі ад людзей прымаліся, не заўсёды, можа, да яго і даходзілі, але вернікі хацелі дапамагчы свайму ксяндзу. Расказвалі, што ў сваіх лістах ксёндз Казімір прасіў заўсёды аб камунікантах і аплатках на Божае Нараджэнне, каб дзя-ліцца імі са зняволенымі, – сваіх пастырскіх паслуг не забываўся нават у турме. І што рабілі людзі (тады ж свой хлеб пяклі) – укладалі камуніканты ў цеста, фармуючы з яго буханкі, і пасылалі як хлеб. Але Бог дапамог, і ўсё перажыў наш дарагі ксёндз Казімір, бо ад пачатку, ад самага юнацтва быў моцны.
Успаміны запісала Раіса СУШКО.
Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD і з фотаальбомаў вернікаў.
Пінск – Пружаны.