Кардынал Казімір Свёнтэк
да 100-годдзя з дня нараджэння
Нашы дарогі сустрэліся
Малы дом у кветках
З кардыналам Свёнткам пазнаёміўся ў 1991 годзе, калі ён быў менаваны арцыбіскупам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і апостальскім адміністратарам Пінскай дыяцэзіі. У рамах Ордэна Слова Божага я быў адказны за наш ангажэмент на Ўсходзе. Ужо з 1989 года ездзіў на Беларусь, праводзячы рэкалекцыі і місіі ў тых парафіях, якія адкрываліся ці аднаўлялі сваю дзейнасць. Адначасова – з намерам распазнаць, наколькі наша супольнасць магла б нанава пачаць працу на Ўсходзе.Яшчэ перад вайною браты нашай супольнасці былі ў Баранавічах і Вічувцэ (Україна).
Добра памятаю той дзень, калі адзін з субратоў адвёз мяне на вакзал у Варшаве. Знайшоў свой вагон і купэ. Не ведаў, што ў тым самым купэ сядзіць арцы-біскуп Свёнтэк, які вяртаўся ў Беларусь. Адразу яго пазнаў, бо бачыў на фота.Прадставіўся і сказаў: «Ксёндз арцыбіскуп, па-першае, віншую з намінацыяй». Выразіў сваю вялікую радасць ад спаткання, бо ў планах была паездка ў Пінск, каб з арцыбіскупам Свёнткам абмеркаваць працу ксяндзоў вярбістаў на Беларусі. Сказаў, што хацелі б у Баранавічах, каб была такая магчымасць і благаславенства, залажыць Дом Ордэна, бо яшчэ перад вайною там былі нашыя ксяндзы, будуючы касцёл Маці Божай Царыцы.
Арцыбіскуп Свёнтэк слухаў адразу ў задуменні. Выразіў таксама сваю вялікую радасць, калі пачуў, што гаворку вяду пра Баранавічы. Гэтае месца яму было сапраўды блізкім. Там скончыў гімназію, адтуль, як многа разоў расказваў, хадзіў пехатою на возера Свіцязь, любіў назіраць за прыродаю, норамі баброў… На лоне прыроды заўжды чуў сябе чалавекам вольным. Ужо ў нашай першай размове падкрэсліў, што Касцёл на Беларусі патрабуе многа святароў.
Арцыбіскуп Свёнтэк ужо падчас першага спаткання ўразіў мяне, расказаўшы, кім ёсць католікі на Беларусі, і колькі перанеслі яны ў той цяжкі час. Звярнуў увагу на тое, што людзі яшчэ і цяпер баяцца, многа гадоў пераследу пакінулі на іх пячатку недаверу. Даў “зялёнае святло” на дзейнасць нашага Ордэна. У чэрвені 1992 г. я распачаў сваю паслугу на Беларусі. Кардынал Свёнтэк намінаваў мяне пробашчам у Дарава, Крошыне і Юшкавічах і прапанаваў мне таксама функцыі айца духоўнага Пінскай дыяцэзіі і Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Два разы на месяц я выязджаў разам з кардыналам Свёнткам. З цягам часу мы рэалізавалі план Дома Святой Тройцы ў Баранавічах. Наш “малы дом у кветках” – так яго называлі – пульсаваў жыццём. Частым госцем у ім быў арцыбіскуп Свёнтэк, бо Баранавічы ляжаць на трасе з Пінска да Мінска.
Яго жыццё – для нас дар і ўрок веры
Бачыў у ім дар чалавека адважнага, адданага справе Божай. Пры многіх аказіях ён расказваў пра лагер і свой лёс. Не хваліўся геройствам, а кожны раз імкнуўся паказаць, што Пан Бог рэалізуе свой план у кожнай жыццёвай сітуацыі. Яго жыццё ад самых ранніх гадоў было назначана цярпеннем за веру.
Вялікае ўражанне аказала на мяне адно са здарэнняў, пра якое расказваў кардынал Свёнтэк. Пад канец ссылкі, пасля 10 гадоў турмы, НКВДзіст вызваў яго і запытаў: “Як гэта магчыма, што выжыў? Хто вам дапамагаў?” . “Пан Бог”, – адказаў Кардынал, падумаўшы, што тут ужо яму канец, за гэтыя словы расстраляюць. Пасля гэтага служачы сказаў: “Вы свабодныя”. З такіх цудаў складалася жыццё Кардынала.
Заўсёды бачыў у ім вялікі дар для Касцёла на Беларусі, які адраджаўся. Найперш ён паехаў у Пружаны, але касцёла там не было, і накіраваўся ў Пінск. Наколькі мог, настолькі працаваў. Пасяліўся ў невялікім доме па вул. Шаўчэнкі, 12. Быў для тых людзей і святаром, і сведкай. Я ўбачыў у ім вялікага сведку веры, прагненнем якога было, каб Касцёл, які ён добра ведаў, як найхутчэй і як найлепей мог адрадзіцца. Для гэтага была яго ахвота і просьба, каб прыбылі як найболей святароў, каб змаглі дайсці ва ўсе вёскі, дзе жывуць католікі. Прагнуў, каб адрадзіліся на Беларусі таксама манаскія жаночыя супольнасці. Меў такую мадэль душпастырства, каб дайсці, каб ажывіць парафію. Цешыўся, што Касцёл паўстае з руінаў. Гаварыў: “Я маю адно задавальненне: быў сведкаю нішчэння Касцёла на Беларусі, а зараз з’яўляюся сведкаю і ўдзельнікам адраджэння таго ж Касцёла”. Відаць была яго вялікая радасць, што людзі, якія многа цярпелі, прагнуць вярнуцца да супольнасці Касцёла і практыкаваць веру.
Заўсёды адрозніваўся даверам прысутнасці Божай і завяраў сябе апецы Маці Божай Вострабрамскай. Такою паставаю прыцягваў да сябе людзей. Калі яго запыталі, ці змяніў бы што-небудзь у сваім жыцці, калі б на тое быў шанс, адказаў: хацеў бы пражыць яшчэ раз – таксама. У сваёй душпастырскай праграме часта падкрэсліваў, што Касцёл Каталіцкі не ёсць ні польскі, ні беларускі, але Паўсюдны. Тым самым аб’ядноўваў сэрцы не толькі католікаў, але і людзей іншых веравызнанняў. Дбаў аб тым, каб дадаць адвагі і надзеі людзям, каб павярнулі нанава да супольнасці Касцёла.
Наша маленькая цаглінка ў адбудову Касцёла
Пасля некаторых сведчанняў працы місійнай у Афрыцы і па-знаючы сітуацыю Касцёла на Беларусі, я бачыў абавязковасць фармацыі людзей свецкіх. Асабліва, калі бракуе святароў, вельмі важная роля, якую выконвае асоба свецкая. У Баранавічах мы стварылі месца для падрыхтоўкі людзей свецкіх – свядомых сваіх заданняў у Касцёле на Беларусі, які адраджаецца. Ужо ў 1992 г. зрабілі набор на 1 год Катэхетычнага Інстытута, так мы яго называлі, а пазней перайменавалі яго ў Катэхетычны каледж. На 1 год прышлі больш за 50 асоб. Навучанне было 3-гадовае. Заняткі адбываліся два разы на месяц. Напачатку наймалі аўдыторыю ў Клубе Польскім. Пасля двух гадоў мы перайшлі з навучаннем у Дом афіцэраў. Тут адбылася святая Імша падзякі, якую цэлебраваў арцыбіскуп Свёнтэк, вяртаючыся з Рыма пасля атрымання кардынальскай годнасці. Кардынал вяртаўся з Рыма, а мы ў Доме афіцэраў у Баранавічах арганізавалі сімпозіум на тэму сям’і. Гэта быў першы сімпозіум на Беларусі. Кардынал Свёнтэк прыбыў да нас і сваю першую кардынальскую святую Імшу цэлебраваў у Доме афіцэраў. Гэты факт усе палічылі вельмі сімвалічным: той, хто быў асуджаны, той, каго ў такія месцы суправаджалі як вязня, прыйшоў як пастыр з Эўхарыстыяй. Кардынал моцна цешыўся тым Каледжам.
Пачынаючы з 1993 года, мы сталі арганізоўваць пілігрымкі з Баранавіч у Будслаў на адпуст. Урачыстасць адпустовая там прыпадае на 2 ліпеня. Пілігрымка выходзіла пасля 20 чэрвеня, бо пераадолець належала 270 км. Можна сказаць, што мы палажылі пачатак традыцыі пілігрымавання, якая існуе да сённяшняга дня. Кардынал Свёнтэк прыязджаў на заканчэнне пілігрымкі, меў для нас заўсёды моцнае, пераканаўчае і падтрымліваючае слова. Гэтае слова Кардынала дадавала нам адвагі і надзеі. У супольнасці пілігрымаў мы адчувалі сілу.
Евангелізацыя праз медыа
Шукалі мы розных магчымасцей прапаведвання Евангелля. Я прапанаваў утварыць ката-ліцкія медыа. Кардынал Свёнтэк падтрымаў задумку і са сту-дзеня 1994 года мы пачалі выпускаць “Дыялог”. Было гэта першае каталіцкае выданне на Беларусі. Здзівіў мяне сваёю адвагаю і адкрытасцю на сучасныя сродкі, якія могуць данесці Евангелле паўсюды. Прапанаваў Кардыналу, каб смела выкарыстоўваць магчымасці ўваходу ў медыа, нават публічныя. Удалося нам пусціць некалькі добрых фільмаў па дзяржаўнаму тэлебачанню, і першым з іх быў фільм пра Фаціму. Кардынал быў адважны і заўсёды адкрыты на новае.
Няма кампрамісаў у службе Богу і Касцёлу
Кардынал Свёнтэк імпанаваў адвазе, але адначасова дадаваў адвагі іншым. 13 мая 1993 года, давяраючы Маці Божай Фацімскай, пачалі мы пабудову нашага Дома Святой Тройцы. З будоўляю мелі многа клопату. Нават быў момант, калі я хацеў адмовіцца. Але акурат з’явіўся Кардынал і дадаў адвагі. Для яго не было сітуацыі, якая б мела толькі два выйсці. Ён не прызнаваў кампрамісаў у службе Богу і Касцёлу. Я пазнаваў Кардынала як сведку веры, які нёс капланам надзею. Шукаў розных магчымасцей для адбудавання ці пабудовы новых касцёлаў. Трэба прызнаць, што моцна дапамагаў Касцёл Польшчы. Верныя на працягу многіх гадоў ахвярна ўздымалі будаўніцтва святыняў на Беларусі. Кардынал Свёнтэк заўсёды быў моцна ўдзячны Касцёлу ў Польшчы не толькі за капланаў, але і за вялікую фінансавую дапамогу ў адбудаванні сакральных аб’ектаў.
Моц прабачэння
Вельмі знамянальным момантам, які заўсёды захоўваю ў сваім сэрцы, было асвячэнне катэдры Беззаганнага Сэрца Найсвяцейшай Панны Марыі і Капліцы Супакою і Паяднання ў Іркуцку. Маёю мараю было, каб Капліцу Супакою і Паяднання асвяціў кардынал Свёнтэк. Падчас майго біскупскага пасвячэння я зразумеў, што бу-дзе гэта цяжка. Кардынал не прыехаў на маё пасвячэнне ў біскупы ў Навасібірск і на мой інгрэс – у Іркуцк. Прыбыў у Баранавічы, дзе я меў святую Імшу падзякі, і сказаў: «На Сібір дабравольна не паеду, сваё там ужо перажыў і не паеду». Я паясняў, што гэта было б незвычайным сімвалам, што асоба, якая так многа пацярпела, асвяціла б сімвалічную магілу, якую мы прыгатавалі. А мы прывезлі зямлю з 14 лагераў і гулагаў сібірскіх па вобразу 14 стацый Дарогі Крыжовай… Прайшоў час. Можа гэта словы св. Яна Паўла II, сказаныя ім у 2000 г., што юбілей ёсць часам ачышчэння памяці, часам прабачэння, аб якім таксама прасіў, можа, нашае чаканне… Факт застаецца фактам: 8 верасня кардынал Свёнтэк прыехаў на асвячэнне катэдры ў Іркуцк. 10 верасня Кардынал цэлебраваў святую Імшу з урачыстасцю асвячэння Капліцы Супакою і Паяднання, гамілію прамовіў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. У святых дарах няслі зямлю, прапітаную крывёю былых ссыльных. Кардынал Свёнтэк прымаў усе па парадку. Мы адчувалі, як ён моцна перажывае. Трымала яго ў гэтыя хвіліны малітва сэрца – за ўсіх, хто за-стаўся навекі ў гэтай зямлі. На заканчэнне мы вынеслі емістасці з зямлёю, і кардынал Казімір кожную высыпаў у прыгатаваную урну. Першай была зямля з Варкуты. Кардынал пацалаваў зямлю і лёг крыжам. З ім разам маліліся ўсе. У той несамавітай цішы маўчаннем мы выразілі памяць аб усіх, каму не пашчаслівіла вярнуцца з зямлі сібірскай. Калі Кардынал устаў, быў моцна развалнаваны. Я стаяў блізка, каб дапамагчы, калі мая дапамога яму спатрэбіцца… Пасля Кардынал прамовіў словы, што, у імя ўсіх, хто тут загінуў, «усім палачам прабачаю». Пазней падышоў да легата Папы Рымскага і сказаў: “ Перадай Святому Айцу, што я тут прабачыў з глыбіні сэрца. Як адразу не хацеў прыехаць, так пасля, на працягу некалькі месяцаў, мыслямі часта быў у Іркуцку”. Некаторыя нават жартам пыталі, што мы такое зрабілі Кардыналу. Думаю, што і на Сібіры Кардынал ўбачыў адраджэнне Касцёла. Наша супольнасць была для яго адмысловым знакам Божай прысутнасці. Кардынал часта паўтараў, што любоў заўсёды перамагае.
У асобе кардынала Казіміра Свёнтка я бачыў прыклад Божага Слугі, Пастыра, які да канца выконвае сваё хрысціянскае заданне.
Біскуп Ежы МАЗУР
г. Элк, Польшча.
Фота з архіва рэдакцыі.