Кардынал Казімір Свёнтэк
да 100-годдзя з дня нараджэння
Ззянне айцоўства
Падзяліцца сваімі ўспамінамі пра кардынала Казіміра Свёнтка мы запрасілі спадарынь Крыстыну Лялько – пісьменніцу, перакладчыцу, рэдактара часопісаў “Ave Maria” і “Наша вера”, і Аліну Новікаву – дырэктара выдавецтва “Pro Christo”. Справа ў тым, што чалавек, вобраз якога паўстае зараз са старонак рэлігійных выданняў, сам стаяў каля іх вытокаў…
Крыстына Лялько:
– Вялікі дзякуй за тое, што запрашаеце і, у добрым сэнсе, змушаеце тых, хто ведаў Яго Эмінэнцыю, рэстаўраваць “фрэскі” сваёй памяці, каб паўставаў жывы і непаўторны вобраз таго, хто ўжо стаў сімвалам адраджэння Касцёла ў Беларусі, яго знакаваю асобаю і сапраўдным непахісным сведкам веры не толькі для нас, сённяшніх, але і для будучых пакаленняў вернікаў.
Калі я ўзгадваю самыя пачаткі выдання нашай каталіцкай прэсы і свае першыя сустрэчы з ксяндзом кардыналам, маю душу нязменна атуляе цёплае пачуццё ўдзячнасці Пану Богу за гэтую ласку. Тады, два дзясяткі гадоў назад, калі некалькі чалавек свецкіх католікаў – філолагаў, журналістаў, пісьменнікаў – надумалі выдаваць спачатку часопіс “Ave Maria”, мы нават не марылі, што з гэтага сціплага, шэра-блакітнага выдання паўстане каталіцкі штомесячнік у прыгожай каляровай вокладцы, наклад якога вырасце амаль да 10.000 асобнікаў. Тады, на самым пачатку, кардынал Казімір Свёнтэк не спяшаўся даваць зялёнае святло новай справе – ён нейкі час прыглядаўся да нашай працы і толькі пасля выхаду двух першых нумароў часо-піса вынес свой вердыкт: “Вы здалі экзамен. Такое выданне патрэбна Касцёлу”. Таму справа з квартальнікам “Наша вера” пайшла ўжо значна лягчэй…
Зразумела, што суровая жыццёвая школа, у якой давялося доўга і цяжка ”вучыцца” нашаму кардыналу, паўплывала на яго характар, асабліва на адносіны да людзей: ён мусіў спачатку прыгледзецца да чалавека, каб зразумець яго сутнасць, але калі ўжо камусьці паверыў, то гэта было назаўсёды. Тады ён успрымаў чалавека як свайго – з павагаю і з тою непаўторнаю роднасцю, у якой маглі быць і лёгкая іронія, і строгая патрабавальнасць, і нават часам суровасць, але ніколі не было абыякавасці – ні да чалавека, ні да тае справы, якую ён робіць. Кардынал Казімір, нягле-дзячы на ўсю сваю занятасць, знаходзіў час не толькі спытаць пра справу, але і пра асабістае жыццё, умеў убачыць і адчуць настрой суразмоўцы, хоць кароткім жартам ці рэплікаю падтрымаць, суцешыць. Бывала, зазірне ў вочы і проста спытае-скажа: “Ну, што сталася? Вушы ўгору! Усё будзе добра!”. І, о дзіва, адразу станавілася лягчэй і сапраўды верылася, што ўсё будзе добра…
– Часам здаецца, што менавіта кардынал, яго адвага, той мучаніцкі шлях, якім ён прайшоў праз турмы і сталінскія лагеры, былі апошнімі пераканаўчымі аргументамі для таго, каб у краіне нядаўняга ваяў-нічага атэізму распачалася духоўная справа – выданне рэлігійнай літаратуры і каталіцкіх СМІ. Як узнікла выдавецтва “Pro Christo”, якія задачы ставіў кардынал Казімір перад яго супрацоўнікамі?
Аліна Новікава:
– Нашаму выдавецтву 14 гадоў. Яно створана па ініцыятыве і благаслаўленні кардынала Казіміра Свёнтка, каб дапамагчы Касцёлу ў Беларусі больш плённа ажыццяўляць евангелізацыю. Назву “Pro Christo” (“Для Хрыста”) прапанаваў Яго Эмінэнцыя, зазначыўшы: “Памятайце, вы – Pro Christo, працуеце для Хрыста. Таму місія вашая – выключная і адказная…” І дадаваў, што толькі даверыўшыся волі Божай і апецы Найсвяцейшай Маці, не згубішся ў гэтым свеце. Безумоўна, не ўсё атрымлівалася проста – былі розныя перашкоды ў працы амаль над кожным выданнем. Але трэба было бачыць, як Эмінэнцыя радаваўся кожнай новай кнізе! А самай першай быў малітоўнік “Ойча наш”. Калі кардыналу прынеслі першы экзэмпляр, ён з вялікаю пашанаю пацалаваў крыжык на вокладцы малітоўніка, усклікнуўшы: “Хвала Богу! Нарэшце!”. Нягледзячы на сваю занятасць, кардынал Казімір Свёнтэк заўсёды быў адкрыты на параду ў кожнай справе. Асаблівыя цяжкасці былі ў падрыхтоўцы Імшала на беларускай мове. Я не кажу пра нялёгкую працу тагачаснай Літургічнай камісіі, якая, закончыўшы пераклад Імшала, была пастаўлена яшчэ перад адным вы-прабаваннем: старанная праца аказалася добрым досведам, бо выйшла новая версія Рымскага Імшала і трэба было зноў садзіцца за працу… Але калі пачалася падрыхтоўка да друку, было шмат складанасцяў. Спачатку аналізаваліся магчымасці мінскіх друкарняў, бо Імшал павінен быць трывалы, а таму былі патрэбныя адмысловыя матэрыялы для пераплёту і асаблівая папера. Памятаю, як друкары прапаноўвалі свае паслугі: рабілі макеты са сваіх матэрыялаў і прыносілі іх да кардынала, а ён браў у рукі, разгортваў, глядзеў, як пераплецена вокладка, і незадаволена хмурыўся: не, нядобра, рассыпаецца ў руках! Тлумачыў, чаму павінна быць выканана, як ён казаў, “стабільна”. Ён хацеў бачыць усё сам, да драбніцаў: які матэрыял будзе для вокладкі і як лягла фарба на паперу, ці дапасаваныя закладкі па колеры і якасці, ці дастаткова моцна “трымае” вокладка кніжны блок… Як умеў радавацца! Эмінэнцыя радаваўся кожнаму выданню, хоць, бывала, не скупіўся таксама на заўвагі і крытыку… З энтузіязмам падтрымліваў кожную добрую ініцыятыву – так было з ідэяй стварэння кнігарні “Духоўная кніга”, адкрыццё якой стала для нас сапраўдным святам… Дарэчы, заўсёды пасля яго наведвання нашага рэдакцыйна-выдавецкага калектыву, які пэўны час быў для нашага арцыпастыра і курыяй, і рэдакцыяй матэрыялаў і Статутаў Сіноду, заставаліся ўзнёслы настрой і ахвота не проста працаваць, але імкнуцца ператварыць штодзённую, часам вельмі няпростую працу ў адказнае служэнне pro Christo et Ecclesia (для Хрыста і Касцёла). І яшчэ ўражвала глыбокая адданасць Эмінэнцыі Найсвяцейшай Багародзіцы. Калі ўзнікла ідэя заснавання часопіса для дзяцей “Маленькі рыцар Беззаганнай”, кардынал Казімір Свёнтэк вельмі ўзрадаваўся і расказаў, што ён з пятага класа належыць да рыцараў Марыі – да Sodalicji Marianskiej (Congregatio Mariana – першай супольнасці свецкіх, мэтаю якой было спалучэнне хрысціянскага жыцця з вучобай; яна ўзнікла ў 1584 годзе). Расказаў, што менавіта прысвячэнне свайго жыцця Маці Божай і малітва праз Яе заступніцтва дапамаглі вытрымаць яму ўсе цяжкія выпрабаванні лёсу. Падкрэсліваў, якая гэта важная справа — часопіс для дзетак на беларускай мове, марыў, каб праз гэты часопіс нашы дзеці прысвяцілі сваё жыццё Найсвяцейшай Панне Марыі і маліліся на ружанцы. “Калі будуць маліцца дзеткі – будучыня Касцёлу забяспечаная”, – сказаў тады кардынал, які быў нястомным шанавальнікам Езуса і Марыі.
Заўсёды ўражвала дасведчанасць Яго Эмінэнцыі ў разнастайных сферах, але калі штосьці для яго было новым, то ён стараўся як мага глыбей гэта зразумець. Напрыклад, калі ствараўся інтэрнэт-партал catholic.by, кардынал пры-свяціў амаль паўдня на тое, каб спасцігнуць сутнасць справы: задаваў пытанні, слухаў, потым благаславіў і з характэрнай для яго іранічнасцю спытаў: “Напэўна, мне таксама трэба навучыцца працаваць на камп’ютары, – можа, яшчэ не запозна?”. Але потым пераканана сказаў, што яго старая друкарская машынка ўсё ж такі больш надзейная – не залежыць ад электрычнасці, і калі што якое, то казанні можна пісаць і пры свечцы…
– Як вам працавалася з кардыналам Свёнткам, якія цікавыя моманты згадваюцца?
Крыстына Лялько:
– Ён проста быў з намі і ў нашым жыцці, быў пастаянна на сувязі. Рэдакцыя загадзя ведала пра яго пастырскія планы, мы ведалі, што будзем асвятляць на сваіх старонках. Яго Эмінэнцыя дзяліўся з намі свежымі нумарамі каталіцкай прэсы на польскай і італьянскай мовах і цікавымі кнігамі, якія прывозіў са сваіх службовых вандровак. Мне згадваецца размова з кардыналам Свёнткам пасля выхаду кнігі Папы Яна Паўла ІІ “Пера-ступіць парог надзеі”, якая з’явілася адначасова на дзвюх мовах – на польскай і італьянскай. Яго Эмінэнцыя быў захоплены кнігаю і, пачуўшы, што я таксама паспела яе прачытаць, рашуча сказаў: “Бярыцеся за пераклад на беларускую мову”. Гэта была сапраўдная неспадзяванка і ў той жа час інспірацыя і благаслаўленне, за якія я вельмі ўдзячная нашаму кардыналу, бо той першы пераклад стаў шчаслівым пачаткам майго доўгага супрацоўніцтва з творчасцю Вялікага Папы. З лёгкай рукі кардынала і пры яго чулай падтрымцы я пераклала сем кніг Яна Паўла ІІ. Іх беларускія выданні Яго Эмінэнцыя пры нагодзе абавязкова перадаваў Папу, а пасля, вярнуўшыся з Апостальскай Сталіцы, пераказваў радасць і задаволенасць Святога Айца. Як жа гэта натхняла і дадавала сілы!..
– Часопіс “Ave Maria”, які ўвайшоў у медыйную прастору з благаслаўлення Яго Эмінэнцыі, хутка адзначыць сваё 20-годдзе. Спадарыня Крыстына, ці змянілася за гэты час чытацкая аўдыторыя і якая тэматыка сёння найбольш цікавая чытачам? З улікам развіцця электронных СМІ, ці ёсць, на Ваш погляд, перспектывы ў СМІ друкаваных?
Крыстына Лялько:
– Так, сапраўды, гэты год для нас асаблівы – у лістападзе часо-пісу “Ave Maria” спаўняецца 20 гадоў. Асабіста я шчаслівая, што юбілей нашага часопіса супаў са 100-гадовым юбілеем кардынала Казіміра Свёнтка, што сваё дваццацігоддзе мы адзначаем у год кананізацыі Вялікага Папы. Роўна два дзясяцігоддзі таму, у 1994 годзе, у папскай летняй рэзідэнцыі у Кастэль Гандольфа падчас аўдыенцыі Папа Ян Павел ІІ удзяліў сваё апостальскае блага-слаўленне нашаму часопісу. Несумненна, што яго благаслаўленне нам заўсёды дапамагала і дапамагае, падтрымлівае ў самыя складаныя моманты…
Зразумела, усё з часам мяняецца, і наш чытач – таксама. Ён становіцца больш тэалагічна адукаваным, больш абазнаным у рэлігійным жыцці, мае большы досвед практыкі веры. Сённяшнія чытачы часопіса “Ave Maria” – гэта пераважна вернікі з глыбокім досведам рэлігійнага жыцця, пра што сведчыць найперш чытацкая пошта. У гэтым мы таксама пераконваемся на сустрэчах у парафіях, на фэстах у Будславе, Тракелях, Гудагаі, у Браславе, дзе ўдаецца хоць бы коратка паразмаўляць з тымі, хто чытае нашую прэсу.
Найбольшую цікавасць сёння выклікаюць артыкулы, у якіх ёсць жывое сведчанне веры, артыкулы пра рэальных людзей, адданых Богу і Касцёлу. З нашага апытання, якое рэдакцыя правяла ў канцы мінулага года, у тым ліку і на нашым сайце, вынікае, што чытачоў таксама цікавяць матэрыялы пра гісторыю Касцёла, як мясцовага так і паўсюднага, інтэрв’ю з цікавымі людзьмі…
Нягледзячы на развіццё электронных СМІ, я думаю, патрэбны таксама і друкаваныя версіі нашых каталіцкіх часопісаў, бо вельмі шмат чытачоў яшчэ не маюць магчымасці па тых ці іншых прычынах чытаць прэсу ў Інтэрнэце. Ёсць таксама значны адсотак чытачоў, якія аддаюць перавагу друкаваным часопісам і кнігам з увагі на іншую якасць чытання і ўспрыняцця тэксту. Таму, на маю думку, перспектыва ў друкаваных СМІ ёсць, але, як і ў любой справе, тут патрэбна зацікаўленасць не толькі саміх рэдакцый, але й моцная падтрымка, спрыянне і разуменне ўсіх людзей Касцёла, пачынаючы ад нашых іерархаў і святароў і заканчваючы свецкімі вернікамі, рознымі касцёльнымі супольнасцямі і рухамі. Неабходна ўсім нам, нарэшце, зразумець сілу і важнасць друкаванага слова ў справе евангелізацыі нашага грамадства, яго духоўнага хрысціянскага выхавання, тым больш што каталіцкіх выданняў у нашай краіне не так і шмат, асабліва ў параўнанні з рознымі свецкімі “глянцамі”, якія вельмі часта ўносяць ў душы людзей сумяціцу, скіроўваючы на зусім не хрысціянскія каштоўнасці.
– Дзесяць гадоў таму мы атрымалі магчымасць гартаць прыгожы і цікавы альбом “Fidei testis” – “Сведка веры”, прысвечаны 90-годдзю кардынала Казіміра Свёнтка. А што плануе выдавецтва “Pro Christo” да 100-годдзя з дня нараджэння гэтага чалавека-легенды?
Аліна Новікава:
– Рыхтуем кнігу ўспамінаў пра Яго Эмінэнцыю, у якую ўвойдуць не толькі ўспаміны святароў і свецкіх асобаў, але й некаторыя казанні і пастырскія лісты, а таксама прысвечаныя яму вершы. І таму мы вельмі ўдзячныя “Дыялогу” за публікацыю ўспамінаў, якія, з ласкавага дазволу вашай рэдакцыі, могуць папоўніць гэтую кнігу.
Кардынал Казімір Свёнтэк быў чалавекам шматгранным. Ён быў мудрым чулым айцом і сапраўдным душпастырам, які многім дапамагаў справіцца з духоўнымі і душэўнымі праблемамі. Валодаў выключным апостальскім дарам дзякуючы свайму жывому сведчанню запальваць агнём веры. І яшчэ ён быў вельмі здольным чалавекам, які вызначаўся дасведчанасцю не толькі ў рэлігіі і гісторыі Касцёла, але ў архітэктуры (неаднойчы была сведкаю таго, як Яго Эмінэнцыя ўносіў канструктыўныя змены ў праекты святыняў, якія яму падавалі на зацвярджэнне святары) і ў мастацтве, у літаратуры і мовазнаўстве. Мы часта раіліся з кардыналам адносна значэння таго ці іншага слова, каб як мага дакладней перакласці з польскай ці лацінскай мовы на беларускую, і заўсёды атрымлівалі яго параду і грунтоўнае тлумачэнне. А таксама ён быў чалавекам, бязмежна улюбёным у прыроду… Рупліва дбаў пра сад, які сам садзіў і даглядаў.
Захоплены “чарам Палесся”, рабіў цудоўныя фотаздымкі, і нават відэафільмы. Мала хто ведаў пра гэтыя здольнасці святара, які пакінуў нам цудоўны дар свайго захаплення прыродай. Таму, па ініцыятыве рэжысёра Юрыя Гарулёва, мы таксама рыхтуем кнігу сцэнараў, якія ксёндз Казімір Свёнтэк пісаў як сапраўдны прафесіянал да кожнага свайго відэафільма пра любае яму Палессе. Да гэтай кнігі будзе далучаны дыск з яго фільмамі. Асобна плануем выдаць альбом з унікальнымі фотаздымкамі ксяндза Казіміра Свёнтка, якія засталіся ў яго архіве.
– Вядома, што вам абедзвюм пашчасціла працаваць разам з кардыналам і ў іншых абставінах, у прыватнасці, падчас першага Сіноду і працы Літургічнай камісіі. Якія рысы характару Яго Эмінэнцыі ўразілі вас?
Аліна Новікава:
– Сапраўды, падрыхтоўка і правядзенне Сіноду запомніліся асабліва. Менавіта ў той час уразіла незвычайная працавітасць нашага арцыпастыра, яго ахвярная, да самазабыцця, адданасць справе.
Памятаю самы пачатак падрыхтоўкі Сіноду. Тады якраз поўным ходам ішоў рамонт нашай архікатэдры ў Мінску. Рэдакцыя мясцілася разам з дзяжурнымі і будаўнікамі ў маленькім пакойчыку напаўразбуранай святыні. Не было добрай тэхнікі для працы над дакументамі. У самы адказны момант перад урачыстасцю адкрыцця Сіноду Эмінэнцыя быў у Мінску і вельмі перажываў, ці паспеем мы падрыхтаваць пераклады карэспандэнцыі, якая прыходзіла з-за мяжы. Ён часта заходзіў у “дзяжурку”, дзе мы тады сядзелі, цярпліва чакаючы, калі мы справімся з даручанаю працаю. Нас не падганяў, стараўся не паказваць свайго хвалявання – ведаў, што мы таксама перажываем за справу. Нават жартаваў, каб нас падтрымаць…
Крыстына Лялько:
– Менавіта падчас працы Сіноду давялося пераканацца ў тым, наколькі кардынал давяраў усім, з кім працаваў, як высока цаніў кожнага і не баяўся даручаць самыя адказныя заданні. Памятаю, як мяне здзівіла і нават напалохала яго просьба, дакладней, даручэнне, падрыхтаваць рэферат на ўрачыстае заканчэннне Сіноду. Тэма, якую прапанаваў Эмінэнцыя, – “Гістарычны аналіз Мінскага і Віленскага сінодаў” – для мяне, літаратаркі, была абсалютна чужой і далёкай. І я паспрабавала давесці гэта кардыналу, шчыра выказваючы асцярогу і боязь не справіцца, але ён нават не захацеў слухаць і толькі спытаў: “А хто гэта зробіць?”. На той час адказу, на жаль, не было і я мусіла згадзіцца. Памятаю, што прасядзела над дакументамі тых сінодаў цэлае лета і рэферат напісала, бо не магла падвесці кардынала, не магла не апраўдаць яго даверу. Але мае намаганні былі шчодра ўзнагароджаныя радасцю і ўдзячнасцю Яго Эмінэнцыі пасля выступлення на ўрачыстым закрыцці Сіноду. Тая яго амаль дзіцячая расчуленасць і айцоўская ўдзячнасць памятаюцца да сёння і вельмі грэюць душу.
Але калі Эмінэнцыя быў чымсьці незадаволены, то таксама не хаваў гэтага. Згадваецца, як “цвічыў” ён нас падчас працы ў Літургічнай камісіі. У 90-я гады, на пачатку адраджэння Касцёла, праца гэтай камісіі была асаблівая: вяліся дыскусіі літаральна па кожным слове, ішла выпрацоўка рэлігійнай лексікі, стваралася сакральная тэрміналогія. Часам усё пасяджэнне трэба было прысвяціць аднаму-двум словам, а само пасяджэнне не раз зацягвалася не толькі да позняга вечара, але й да апоўначы… Кардынал не вытрымліваў нашых бясконцых дыскусій. Памятаю, як аднойчы ён выклікаў амаль увесь склад камісіі на так званае выязное пасяджэнне ў Баранавічы. Мена-віта тады, хіба ўпершыню, давялося адчуць, які Эмінэнцыя можа быць цвёрды ў сваіх рашэннях, як строга можа спытаць за справу… За два дзесяцігоддзі нашага супрацоўніцтва давялося бачыць яго розным, але ніколі не бачыла яго абыякавым…
Ад нашага кардынала сыходзіла “ззянне айцоўства”, якое давала нам ні з чым не параўнальнае адчуванне айцоўства Бога, адчуванне абароненасці і спакою, якія так дапамагаюць у жыцці і ў працы.
Думаю, што мы яшчэ доўга бу-дзем адкрываць для сябе асобу кардынала Казіміра Свёнтка, нам яшчэ давядзецца дарастаць да гэтага адкрыцця, каб зразумець яго шматграннасць і глыбіню, а таксама ацаніць яго ролю ў гісторыі Касцёла і ў адраджэнні каталіцкай веры ў нашым Краі. І быць за гэта яму бясконца ўдзячнымі…
– Шчырае дзякуй, шаноўныя спадарыні Крыстына і Аліна, за інтэрв’ю нашаму часопісу і за дасланыя здымкі. Жадаем вам далейшай Божай апекі!
Размаўляла Раіса СУШКО