Кардынал Казімір Свёнтэк
(Да 100-годдзя з дня нараджэння)
У 2014 г. Каталіцкі Касцёл, нашае грамадства будуць адзначаць 100-годдзе з дня нараджэння першага беларускага кардынала Яго Эмінэнцыі Казіміра Свёнтка. Распачаты Касцёлам з гэтай нагоды Год кардынала дасць магчымасць вернікам, усім людзям добрай волі яшчэ раз наблізіцца да постаці слыннага паслядоўніка Хрыста, каб навучыцца быць годным хрысціянінам і нязломным вызнаўцам веры, якім быў на працягу ўсяго зямнога жыцця гэты чалавек..
Рэдакцыя часопіса “Дыялог” мае намер прысвяціць гэтай выбітнай асобе серыю матэрыялаў, таму запрашае святароў,кансэкраваных асоб, вернікаў каталіцкай і іншых хрысціянскіх канфесій даслаць свае ўспаміны пра легендарнага святара, падзяліцца імі з нашымі чытачамі.
Сёння вашай увазе прапануем біяграфію кардынала, каб напомніць яе асноўныя вехі.
Казімір Свёнтэк нарадзіўся 21 кастрычніка 1914 г. у г. Валга (Эстонія), у сям’і Яна і Веранікі з Крамплеўскіх.
У 1919 – 1922 гг. разам з маці і братам знаходзіўся ў дэпартацыі ў Сібіры.
Вярнуўшыся з дэпартацыі, хадзіў у пачатковую і сярэднюю школу ў Баранавічах (1922 – 1933).
У 1933 годзе паступіў у Вышэйшую духоўную семінарыю ў Пінску і пасля заканчэння вучобы, 8 красавіка 1939 г., прыняў святарскае пасвячэнне з рук біскупа Казіміра Букрабы. Душпастырскую паслугу распачаў як вікарый парафіі ў Пружанах (1939 – 1944).
Яго пераследавала савецкая ўлада: арышты, праслухоўванне, следствы, вязніцы, камера смяротнікаў, пазбаўленне волі і ссылка на дзесяць гадоў у савецкія лагеры ў Марыінску, Варкуце, Інце.
16 чэрвеня 1954 г., пасля вызвалення з ссылкі, ён становіцца пробашчам катэдральнай парафіі ў Пінску і выконвае гэты абавязак да 1991 года. 11 лютага 1988 г. становіцца капеланам Яго Святасці; 11 красавіка 1989 г. – генеральным вікарыем Пінскай дыяцэзіі; 13 красавіка 1991 г. – арцыбіскупам Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім і Апостальскім Адміністратарам Пінскай дыяцэзіі.
21 мая 1991 г. прыняў біскупскае пасвячэнне ў пінскай катэдры. 26 лістапада 1994 г. атрымаў годнасць кардынала і тытулярны касцёл (св. Джэрарда Маелла ў Рыме). Уваходзіў у склад кардыналаў-прэзбітэраў.
Быў першым кардыналам у гісторыі Касцёла на Беларусі і першым старшынёю Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў лацінскага абраду ў Беларусі (12.02.1999 г.).
4.07.1995 г. Прэзідэнт Рэспублікі Польшча ўзнагародзіў кардынала Казіміра Камандорскім крыжам з зоркаю і ордэнам адраджэння Польшчы.
У 1996 –2000 гг. правёў Сінод Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, Пінскай і Віцебскай дыяцэзій.
Укаранаваў цудадзейныя абразы Маці Божай у Брэсце (30.06.1996), Лагішыне (10.05.1997) і Будславе (2.07.1998).
У 2000 г. садзейнічаў заснаванню каталіцкага выдавецтва “Pro Christo” у Мінску.
12 студзеня 2000 г. Экуменічнай капітулай ордэну ў Тамашове Мазавецкім (Польшча) быў адзначаны ордэнам Ecce Homo “за чалавечнасць перад абліччам смерці, за любоў і прабачэнне, за нястомнае служэнне на карысць бліжніх”. У тым жа го-дзе атрымаў дазвол на трансляцыю св.Імшы на першым радыёканале Рэспублікі Беларусь.
12 чэрвеня 2001 г. адкрыў Міждыяцэзіяльную вышэйшую духоўную семінарыю імя св. Тамаша Аквінскага. Быў яе першым рэктарам.
27 верасня 2004 г. Папа Ян Павел II уручыў кардыналу Казіміру Свёнтку ўзнагароду “Fidei testis” (“Сведка веры”), прызначаную яму Інстытутам імя Паўла VI у італьянскім горадзе Брэшы.
23.11.2006 г. быў узнагаро-джаны Прэзідэнтам Рэспублікі Францыя найвышэйшаю адзнакаю Камандора ордэна Ганаровага легіёну.
14 чэрвеня 2006 г. Папа Бэнэдыкт ХVI адклікаў кардынала з пасады арцыбіскупа Мітрапа-літа Мінска-Магілёўскага з захаваннем абавязкаў Апостальскага Адміністратара ad nutum Sanctae Sedis Пінскай дыяцэзіі.
3 кастрычніка 2009 г.правёў урачыстае адкрыццё Катэхетычнага каледжа імя Зыгмунта Лазінскага ў Баранавічах.
Падтрымліваў будаўніцтва Дома міласэрнасці ў Лагішыне і радаваўся, калі ён атрымаў дзяржаўную рэгістрацыю (7.10.2010).
30.06.2011 г. кардынал быў звольнены з пасады Апостальскага Адміністратара Пінскай дыяцэзіі.
21 ліпеня 2011 года кардынал Казімір Свёнтэк адышоў у дом Нябеснага Айца.
(З архіваў рэдакцыі)