«Круглы стол» часопіса «Дыялог»

Ці не надта сумная гэта тэма, пра якую гутарка ніжэй, –  памерлыя, могілкі, помнікі? І ці не заўважылі вы за сабою, якое пачуццё вызывае у вас наведванне могілак –  непрыязнасць,  страх ці палёгку ў сэрцы, патрэбу прыйсці сюды праз некаторы час  зноў? А калі прыйсці, то дзеля чаго, хто і каго тут чакае? Алена Матыцкая, Ванда Грышкевіч, Яніна Кузьміцкая, Віктар Муха, Анастасія Шыш, Андрэй Янушкевіч – парафіяне  парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Шарашова –  разважалі на тэму ўшанавання памяці памерлых. Вядучым размовы быў  пробашч кс. Яцэк ДУБІЦКІ, СМ.

 

 

Патрэба сэрца

 

f-str-22

Вядучы прапанаваў першае пытанне:
– У  нашай  чалавечай натуры нешта ўсё ж не хоча пага-дзіцца са смерцю і з усім тым, што яна за сабою цягне, але надыходзіць час, і мы вымушаны з пакораю прыняць свой лёс, вызначаны Богам. Больш таго, наша любоў да памерлых не заканчваецца з іх  смерцю, часам наадварот. Але якую карысць мы можам зрабіць адышоўшым з f-str-23гэтага свету, чым ім  дапамагчы?

 

Алена Матыцкая:
– Спрадвеку так было, што жывыя ўспамінаюць памерлых, моляцца, выпрошваючы ў Бога збаўленне для іх душы. Я моцна веру ў жыццё вечнае і малюся за адышоўшых з зямнога жыцця, каб ім там добра было, і каб яны і нам спрыялі. Часта бывае, хто-небудзь з іх прысніцца, нечага папросіць або нешта падкажа… Тады іду да пробашча, замаўляю святую Імшу ў іх інтэнцыі, і разам са мною моліцца ўся наша касцёльная супольнасць.

 

 Пытанне:
– Нашыя блізкія адыходзяць з зямнога жыцця пры розных абставінах. А ці адрозніваюцца пахаванні сённяшнія ад тых, што былі калісьці?

 

Анастасія Шыш:
– Я лічу, што адрозніваюцца моцна, але не сутнасцю сваёю, а больш знешнімі рысамі…

 

Ванда Грышкевіч:

– Пэўна ж, людзі жылі бедна, грошай не мелі ніякіх, харчаваліся са сваёй гаспадаркі ды што на полі ці ў агародзе вырасла. Ну а смерць не глядзіць, багаты  ты ці бедны. Але людзі раней дбайныя былі, на  труну дошкі рыхтавалі загадзя  – ясень які зрэжуць ці іншае дрэва, высушаць на гарышчы. Крыжы таксама людзі самі рабілі. А кветак, як цяпер, ці карзінаў, вянкоў не было зусім. Нават свечак не было. Але існавала моцная традыцыя – памерлага праводзілі ўсе, хто мог, – і парафіяне-католікі, і праваслаўныя хрысціяне. Усе разам маліліся, не робячы ніякай розніцы паміж вернікамі іншых канфесій. Захаванні вяліся на розных могілках – каталіцкіх і праваслаўных. Даўней у Шарашова існавалі і габрэйскія могілкі. У нас была жанчына, якая ведала  псалмы, песні жалобныя,  Антаніна Валанцэвіч, – яе запрашалі ў хату, дзе быў нябожчык,  усе хрысціяне. Ну і традыцыя за-прашаць у хату на жалобную вячэру засталася, дзе зноў успаміналі нябожчыка, маліліся разам, просячы Бога аб ласцы прабачэння ўсіх грахоў, якія мог дапусціць памерлы падчас зямнога жыцця. Усе ведаем, які гэта моцны душэўны боль – страта блізкага чалавека, таму молімся за ўсіх – і родных, і знаёмых, і незнаёмых, даючы надзею іх блізкім на тое, што памерлыя не застануцца назаўсёды ў чыстцы. У сваіх малітвах мы просім  Бога, каб забраў памерлых у сваё Валадарства Нябеснае. У Дзень задушны, 2 лістапада,  у касцёле адбываецца асобнае набажэнства і заўсёды вельмі многа людзей – прыязджаюць тыя, хто даўно не жыве ў Шарашова, але хто не страціў яшчэ свае карані… Ды хіба толькі 2 лістапада – напэўна, няма таго дня, каб чалавечая нага на могілкі не ступіла…

 

Віктар Муха:
–  Сапраўды, на могілках кожны дзень нехта бывае, таму што кожны дзень у касцёле цэлебруецца святая Імша, а могілкі – побач з касцёлам, у гэтым сэнсе мясцовым католікам пашанцавала. Я сам прыходжу наведаць памерлых продкаў літаральна кожны раз –  да пачатку святой Імшы, або адразу пасля яе. Могілкі даўнія, існуюць з  паловы ХIХ  ст., па іх можна, як кажуць, вывучаць гісторыю. Нават месца, дзе  яны  былі заснаваныя, – гістарычнае: праз скрыжаванне гэтых вуліц у даўнія часы  праходзіў  шлях з Кракава –былой  сталіцы Польшчы, ў Вільно – сталіцу былога Вялікага Княства Літоўскага. Звычайна ідзеш, чытаеш прозвішчы захаваных, якія чытаў ужо мо’ сто ці болей разоў, і нагадваеш людскі  лёс, чалавечае жыццё – якое яно ўсё ж імгненнае ў параўнанні з вечнасцю.

 

Ванда  Грышкевіч:
– Але быў час, калі на каталіцкіх могілках улады забаранялі пахаванні…

 

Кс. Яцэк Дубіцкі з парафіянкай Леакадзіяй Вэнско каля магілы яе дачушкі...

Кс. Яцэк Дубіцкі з парафіянкай Леакадзіяй Вэнско каля магілы яе дачушкі…

Яніна  Кузьміцкая:
– Так, мой муж памёр у 1969 г., і месца пад могілкі было адведзена ва ўрочышчы каля в. Купічы, там, дзе дохлых коней закопвалі…  Час наогул быў тады вельмі цяжкі, і касцёл быў зачынены. Але людзі не адракліся ад Бога – у цёплую пару года маліліся пры зачыненых дзвярах святыні,  зімою на супольныя малітвы збіраліся па хатах – па чарзе хадзілі адныя да другіх. А калі паміраў хто з католікаў, то неслі  і ставілі труну на прыступках касцёла і тут маліліся, як самі ўмелі, парадкам пахавання звычайна кіравала Антаніна. 40 гадоў касцёл у нас не дзейнічаў, а з 1988 года, пасля таго, як вярнулі яго парафіянам, усё змя-нілася. Цяпер і на каталіцкіх могілках захаванні вядуцца, і на праваслаўных. Ходзяць людзі, парадкі на могілках наводзяць, моляцца.

 

Вядучы:
– Будзем шчырымі: каб усе так  шанавалі памяць адышоўшых з  гэтага свету, як, напрыклад, наша пані Яніна, то з могілкамі  наогул  не  было б ніякіх  праблемаў.  Яна сочыць за магіламі не толькі сваіх родных і блізкіх, але прыбірае яшчэ восем чужых.  Іншыя вернікі таксама па пяць ці па шэсць прыбіраюць. Бо  ёсць такія захаванні, за якімі няма каму прыглядаць: хто адразу пасля вайны ў Польшчу выехаў, хто ў іншы бок падаўся, і няма ўжо каму вырваць нават парасткі тых клёнаў ці бэзу… І добра, што ёсць такія жанчыны, як Яніна, або такія  мужчыны, як  Віктар ці Андрэй.

 

 
Яніна Кузьміцкая:

Помнік законнай сястры Ганне Плецка, місіянерцы  з Кангрэгацыі Святой Сям'і, зроблены парафіянамі.

Помнік законнай сястры Ганне Плецка, місіянерцы
з Кангрэгацыі Святой Сям’і, зроблены парафіянамі.

– Ойча, мы  стараемся, гледзячы  на Вас. Гэта  ж Вы  прапанавалі  паставіць  помнік  законнай сястры Ганне Плецка, MSF, якая служыла ў парафіі яшчэ пры Польшчы. Маладая адышла з гэтага свету, мела ўсяго 28 гадкоў…

 

Андрэй Янушкевіч:
– Патрэбна адзначыць, што мясцовыя ўлады  ўдзяляюць увагу месцам захавання. Па заканадаўству, якое зараз дзей-нічае, патрэбна, каб могілкі былі абнесеныя агароджаю, каб не было на іх ніякай кустарнікавай рассліннасці,  каб быў добры пад’езд, каб былі адведзены  спецыяльныя пляцоўкі з урнамі для смецця. Гэта ўсё робіцца, але, безумоўна,   толькі гэтага недастаткова. Ёсць помнікі, якія зараслі мохам, на якіх нельга прачытаць надпісы… Яны чакаюць чыіхсьці руплівых рук…

 

Вядучы:
– Рэстаўрацыя помнікаў – справа вельмі працаёмкая і каштуе вялікіх грошай, каля 1000 эўра. Некалькі гадоў таму Консульства Польшчы ў Брэсце арганізавала сустрэчу спецыялістаў, якія б мелі жаданне заняцца гэтай справай, але не чуваць, каб ідэя мела практычны працяг, і хутчэй за ўсё – па прычыне высокага кошту. Таму мы ў сябе, у Шарашова, як  многія ведаюць,  пайшлі іншым шляхам –  самыя даўнія помнікі  памылі  спосабам «мойки высокого давления». Пры дапамозе тэхнікі, спецыяльных прыстасаванняў і дзякуючы Віктару, Андрэю, іншым майстрам здолелі зрабіць добрую справу. Зараз помнікі маюць прыстойны выгляд, літары і лічбы на іх чытаюцца. Але я не хацеў бы менавіта на гэтым ставіць галоўны акцэнт. Хацеў бы падкрэсліць важнасць асабістага кантакту жывых з памерлымі, важнасць нашай аса-бістай прысутнасці на магіле продкаў, як і нашай асабістай малітвы – у касцёльнай супольнасці, на могілках, дома. У адносінах да памерлых ёсць дзве абавязковыя рэчы  – малітва і добраўпарадкаванне месца захавання (хоць існуе яшчэ і мноства іншых формаў памяці).

 

 Алена Матыцкая:

Удзельнікі размовы за "Круглым сталом" у парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Шарашова  (злева направа): Алена Матыцкая, Ванда Грышкевіч, Анастасія Шыш, журналіст Раіса Сушко, кс. пробашч Яцэк Дубіцкі, Яніна Кузьміцкая, Віктар Муха, Андрэй Янушкевіч.

Удзельнікі размовы за «Круглым сталом» у парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Шарашова
(злева направа): Алена Матыцкая, Ванда Грышкевіч, Анастасія Шыш, журналіст Раіса Сушко, кс. пробашч Яцэк Дубіцкі, Яніна Кузьміцкая, Віктар Муха, Андрэй Янушкевіч.

– Час зараз  такі, што людзі імкнуцца абавязкова наведаць сваіх памерлых, прыбраць магілы, запаліць свечкі, успомніць што-небудзь з былога.  Я на могілкі іду з вялікім жаданнем, быццам на спатканне, амаль кожны дзень –  маме з татам расказваю, як жыву, якія  турботы хвалююць, і гора сваё  раскажу, і радасцю падзялюся,  і заўсёды прашу, каб дапамагалі. Так і кажу: “Вы бліжэй там да Бога, папрасіце для мяне ласкі Божай у той ці іншай патрэбе…” І Бог дапамагае, а я лічу, што мае родныя, мае самыя блізкія прыяцелі, такім чынам спрыяюць мне.  Не было яшчэ ніколі, каб мая просьба, як кажуць, пай-шла лесам… А калі сама адыйду  з зямнога жыцця, то хацела б побач са сваімі бацькамі ляжаць…

 

Пытанне:
– Ці здараліся ў парафіі выпадкі, каб хавалі не нябожчыка, а яго прах? Як вы адносіцеся да крэмацыі?

 

Віктар Муха:
– Здараліся. Летась загінуў наш  чалавек  у  глыбокай  Расіі, там  яго  крэміравалі  і прывезлі  прах у капсуле. Адбылося звычайнае пахаванне. Я лічу, што адносіны тут павінны  быць разумнымі, бо ў такіх выпадках няма іншага выйсця, як толькі крэмацыя.

 

Вядучы:
– Крэмацыя як від захавання памерлага з’явілася яшчэ ў да-гістарычныя часы, была моцна распаўсюджана ў Старажытнай Грэцыі, у Старажытным Рыме. Зараз яна  шырока  практыкуецца  ва ўсім свеце, асабліва – у вялікіх гарадах. Для нас гэта хутчэй з’ява незвычайная, але Касцёл не мае нічога супраць яе. Зноў жа падкрэслю: важна захаваць памяць аб памерлым  і маліцца за яго як мага часцей. Тут ужо казалі: мясцовым католікам пашанцавала, што могілкі знаходзяцца побач з храмам. І я так лічу. Колькі  людзей  прыязджаюць у Шарашова  з  Прыбалтыкі, Польшчы, Расіі, Украіны. Шукаюць  памерлых сваіх  продкаў, лічаць неабходным   пакланіцца  дарагім  магілам. Пытаюся: “Як знайшлі  нас?”. “Праз Інтэрнэт, https: //Encyklopedia Puszczy Bia³owieskiej”, – адказваюць.
Заўсёды радуюся: людзі на могілкі  ідуць, абавязкова  заходзяць у касцёл , моляцца,  хочуць паразмаўляць і дапамагчы, чым могуць… Думаецца  мне, што гэта і  ёсць самая моцная повязь пакаленняў – памерлых і  жывых. І самая моцная патрэба  людскога  сэрца.

 

Раіса  СУШКО.
Здымкі  Карнэлія  КОНСЭКА. SVD
Брэсцкая   вобласць.


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий