«Круглы стол» часопіса «Дыялог»

Тэмай новага цыкла разважанняў за «круглым сталом» рэдакцыя ў бягучым годзе абрала “Прыпавесці Езуса Хрыста”. Большасць з нас, можа, лічыць, што прыпавесці ўсім добра вядомыя і не патрабуюць ніякіх разважанняў… А калі насамрэч суаднесці ўрокі Езуса, якія даў нам праз іх, з днём сённяшнім, даведаемся шмат новага пра Хрыста як чалавека, які больш за 2000 гадоў таму навучаў у Палестыне. Шмат чаго даведаемся і пра сябе.

 

 

 

Запрашэнне

 

 

 

Прыпавесць пра вясельную гасціну

 

Мц  22, 1-14

Езус зноў расказаў ім прыпавесць: «Валадарства Нябеснае падобнае да караля, які справіў вяселле для свайго сына. Ён паслаў сваіх слугаў паклікаць запрошаных на вяселле, але яны не хацелі прыйсці. Зноў паслаў іншых слугаў, кажучы: “Скажыце запрошаным: вось я прыгатаваў гасціну маю, зарэзаны валы мае і адкормленая жыўнасць, і ўсё падрыхтавана; прыходзьце на вяселле”. Але яны пагардзілі і адышлі, хто на сваё поле, а хто да свайго гандлю. Астатнія ж, схапіўшы слугаў ягоных, зняважылі і забілі іх. Кароль жа раззлаваўся і, паслаўшы войска сваё, знішчыў забойцаў гэтых і падпаліў іхні горад. Тады ён сказаў сваім слугам: “Вяселле гатова, але запрошаныя не былі годнымі. Таму пайдзіце на ростані і ўсіх, каго сустрэнеце, запрасіце на вяселле”. Тыя слугі, выйшаўшы на дарогі, сабралі ўсіх, каго знайшлі: і кепскіх, і добрых. І напоўнілася вяселле гасцямі. Кароль, увайшоўшы паглядзець на гасцей, убачыў там чалавека, апранутага не ў вясельную вопратку, і сказаў яму: “Дружа, як ты ўвайшоў сюды, не маючы вясельнай вопраткі?”. Той прамаўчаў. Тады кароль сказаў слугам: “Звяжыце яму ногі і рукі і выкіньце яго вон, у цемру. Там будзе плач і скрыгатанне зубоў”. Бо шмат пакліканых, але мала выбраных».

 

 

f-str-17. jpgНа сустрэчы за “круглым сталом” у парафіі  Маці Божай Нястомнай  Дапамогі ў Карэлічах  Гродзенскай  вобласці  разважалі над прыпавесцю  Езуса Хрыста пра вясельную гасціну. У пасяджэнні прымалі ўдзел Ірына Арцюх, Марыя Хілевіч, Леанарда Сапліца, Францішак  Ашурак, Злата Врубель, сёстры Аліна і Рэната Юрго, Мілана Кудрыцкая  і Вікторыя  Адамцэвіч.  Вядучым быў пробашч  парафіі а. Ежы САКОВІЧ, OSPPE.

 

 

Пасяджэнне пачалося з сумеснай малітвы да Духа Святога, каб дапамог у разважанні над Божым Словам. Сабраныя выканалі таксама прыгожы спеў “Прыдзі, Духу Святы”.

 

 

Ці годныя запрошаныя?

 

Леанарда Сапліца:Леонарда Саплица
–Асабіста я звязваю гэтую прыпавесць з Вялікім Постам, думаю, што і большасць  вернікаў паступаюць такім чынам. Пад вясельнай гасцінай тут падразумеваецца  Валадарства Божае.  Разважаем не толькі пра жыццё Езуса, але і пра сябе самых. І ў гэтым, напэўна,  наша памылка, бо чаму – найчасцей і найбольш – акцэнціруем увагу на запрашэнні на вясельную гасціну менавіта ў час Вялікага Посту? А чаму не кожны дзень? Езус Хрыстус прыгатаваў  у Валадарстве Нябесным месца кожнаму з нас і запрашае да Сябе на кожнай святой Імшы – гэта, па-першае. Па-другое, хіба нашае жыццё абмяжоўваецца толькі гэтым перыядам літургічнага году, хіба не жывём у іншы?  Хіба не грашым?.. Тады чаму над гэтым грэшным сваім жыццём не разважаем  кожны дзень, не аналізуем свае паводзіны, учынкі, адносіны да іншых людзей, не адказваем на пытанне самым сабе: як выконваем Божыя Запаведзі, як спаўняем  навуку Езуса Хрыста ў сваім жыцці? Ці памятаем, што Езус нам наказваў, да чаго заклікаў, што перадаў нам у сваіх казаннях і прыпавесцях? А не адказваем, думаю, таму, што цяжка быць шчырым перад самым сабою, а найбольш – то перад Панам Богам. Але рабіць гэта трэба! І мала выказваць жаль за грахі і пакутаваць, патрэбна, каб разам гучала і нашае пастанаўленне паправы. Бо і Пан Бог прамаўляў не для таго, каб проста прамовіць, але каб свет станавіўся лепшым, каб  чалавек не аддаляўся ад Бога, наадварот – каб меў шанс пасля свайго зямнога жыцця трапіць ў Дом Свайго Айца.
Шмат чытаю з духоўнай літаратуры, у тым ліку для сваіх унукаў, і запаў мне ў сэрца такі вобраз, такая алегорыя з кніжкі “Дзеці чакаюць Вялікдзень” (на польскай мове, выдавецтва Verbinum). Калі касцёр, распалены з кучы галля, дроў ці ламачча, дагарыць, застаецца шэры попел. Вось у такое шэрае сатлелае адзенне апранаецца чалавек, які адыходзіць, аддаляецца ад Бога.Так адбываецца, бо ягонае сэрца перастае палаць любоўю да Бога, да бліжняга свайго…  Каб нашае ўбранне з попелу (а на пачатку Вялікага Посту нам пасыпалі галовы попелам) стала зноў  белым і чыстым, патрэбна рупліва клапаціцца пра свой унутраны свет, дбаць пра чысціню сваёй душы..
Тыя павучальныя радкі суправаджае малітва, якая на беларускай мове гучыць так:

 

То праўда: як часта апынаемся ўдалечыні ад Цябе.
Шукаем дарогі, як ува мгле.
Прыдзі, о Пане, знімі з нас убранне з попелу
і парві нас да сваёй яснасці.

 
А сучасны чалавек, на жаль, аддаляецца ад Бога, жыве ў цемры і не  разумее, якія збаўчыя шляхі падрыхтаваў для нас Усявышні.
У сувязі з гэтым успамінаю сваё дзяцінства, калі тата вазіў мяне ў Вільна, на Кальварыю, і мы праходзілі там Дарогу Крыжовую.  Усе 14 стацый былі вялікага памеру, у кожную можна было заходзіць унутр, у кожнай можна было ўбачыць прылады, якімі  бічавалі  Езуса. Дарога ад адной да другой стацыі была гарыстая, у камянях, мы пераадольвалі яе на каленях, плачучы і думаючы пра цярпенні Сына Божага. Уражанне – на ўсё жыццё! А што засталося з таго сённяшняму чалавеку? А нічога, акрамя назвы вуліцы – “Кальварыйская”. Усё астатняе – знішчана, забыта, закапана, зарыта. Куды  ідзе сучасны  чалавек? Аб чым яго думкі? Ці ёсць у яго шанс трапіць на вясельную гасціну да Пана Бога і ці будзе ён, урэшце рэшт, годным, каб прысутнічаць на ёй?

 

Каб не былі глухія

 

Марыя Хілевіч:Мария Хилевич
–Вельмі многае  даводзіцца перажыць чалавеку ў сваім жыцці, усякіх праблем, здарэнняў – і добрых, і нядобрых. Але, здаецца мне, найцяжэй – гэта давесці дзяцей да Бога, да веры. Пакуль малыя – слухаюць бацькоў, і ўсё добра, а падрастуць – разыдуцца па сваіх дарогах, і адыходзяць не толькі ад бацькоў, але і ад Бога… Бог запрашаў і запрашае сёння, а яны – быццам глухія, быццам Яго не чуюць… Так, як у Бібліі напісана:  Езуса  Хрыстуса ўкрыжавалі, а некаторыя не паверылі. Пан Езус уваскрос – зноў не ўсе  паверылі. Святы Тамаш не паверыў, пакуль пальцам не дакрануўся да цела Збаўцы. Сёння Езус Хрыстус  зноў абвяшчае, заклікае, запрашае падрыхтавацца да прыйсця ў Валадарства Божае, якое адкупіў вельмі вялікаю цаною – цаною Свайго жыцця, – зноў не вераць! Аб гэтым нявер’і гаворыць і прыпавесць: адныя прынялі запрашэнне караля і пайшлі на вясельную гасціну – гэта значыць, прынялі запрашэнне Пана Бога, а другія пагардзілі і адышлі: хто на сваё поле, хто да свайго гандлю… Больш таго, знайшліся і такія, якія схапілі і забілі слугаў караля, што былі пасланыя, каб паклікаць запрошаных на вяселле.  Кароль паслаў на забойцаў сваё войска, падпаліў іхні горад. А што было пасля? Пасля  адазваліся і прыйшлі тыя, хто спачатку  не быў запрошаны: і кепскія, і добрыя – усякія. Гэта я разумею як благаслаўленне Божае для ўсіх людзей, Бог ўсім дае аднолькавы  шанс. Менавіта з гэтай прыпавесці вынікае яшчэ адна  біблійная праўда: непрыняцце запрашэння аднымі адкрывае дарогу перад другімі.  Нездарма ж у Бібліі напісана: першыя стануць апошнімі, апошнія стануць першымі.

 

Вясельная вопратка

 

Ірына Арцюх:Ирина Артюх
–Цікава, што кароль паслаў сваіх слугаў паклікаць запрошаных на вяселле, але яны не хацелі прыйсці. Зноў паслаў  іншых слугаў, кажучы: “Скажыце запрошаным: вось я прыгатаваў  гасціну маю, зарэзаны валы мае і адкормленая  жыўнасць, і ўсё падрыхтавана; прыходзьце на вяселле”. Адразу клікаў запрошаных… Калі суаднесці з нашым часам, гэта азначала б – запрашаць на вяселле сваіх гасцей так шчыра, аж некалькі разоў! У нашым жыцці сапраўды здараецца, што дарагога госця запрашаем некалькі разоў, нешта для яго ўдакладняем, тэлефануем яшчэ раз…Так і Пан Бог паступае з чалавецтвам – бясконца запрашае. А першае важкае, персанальнае запрашэнне хрысціянін  атрымлівае  падчас  Сакрамэнту Хросту. У гэты момант дзіцятка накрываюць беленькім адзеннем,  шатаю, якая праз усё жыццё павінна захоўвацца  чысцюткаю, незабруджанаю. Гэтая шата – пацверджанне  таго, што маем запрашэнне  ад Пана Бога. Безумоўна, Хрост атрымліваем усе, а  далей адныя  ідуць сцежкамі Хрыста, каб наследаваць Яго і скарыстацца Ягонаю навукаю, іншыя сваю навуку прыдумоўваюць…  Дарэчы, некаторыя сем’і з вялікаю пашанаю захоўваюць “хрысцільнае адзенне” дзіцяці – праз усё жыццё. Важна толькі, каб асацыіравалася яно не з памятным “сувенірам”, а было напамінам пра вясельную гасціну – Валадарства Божае, да якога дзіця запрошана ад моманту Хросту, і каб было тою вясельнаю вопраткаю, у якой запрошаны павінен на вяселле прыйсці. Разумеем, што вясельная вопратка ў прыпавесці – гэта ўсё тое, ва што “апранута” наша сэрца, – наша пабожнасць, пакора, сціпласць, міласэрнасць, любоў да Бога і бліжняга, бездакорнае выкананне Божых прыказанняў.  Кароль прынцыпова адносіцца да сваіх гасцей. Пасля таго, як першыя запрошаныя пагардзілі і прыйсці адмовіліся, ён загадаў слугам, каб запрасілі ўсіх, каго сустрэнуць на дарогах. І слугі запрасілі. І напоўнілася вяселле гасцямі.  Прыйшлі і тыя, хто раней не быў запрошаны. Кароль падышоў да кожнага, ацаніў, у якім выгля-дзе той явіўся на вясельную гасціну, і аднаго з прыбыўшых прагнаў, бо той  не ў адпаведным адзенні прыйшоў.  
Асобна хачу сказаць пра добрыя ўчынкі. Паводле евангеліста Лукі, слугі караля запрасілі сляпых, кульгавых, пакалечаных, хворых – усіх убогіх. Пан  Бог  ніколі не  адкідаў  такіх  людзей, праяўляў да іх Сваю Міласэрнасць і нас вучыць гэтаму. І вельмі добра, што ў нашай парафіі ёсць традыцыя – штогод збіраем прадукты – хто што можа, каб адвесці старым нямоглым людзям, якія жывуць у адным з прытулкаў на Гродзеншчыне.
 А міласціна – ахвяраванне ці жабраку, ці беднаму, ці нямогламу – таксама вельмі  неабходная “дэталь” вясельнай вопраткі.

 

Як жа не пайсці?

 

Францішак Ашурак:Франтишек Ашурок
– Што адчувае звычайны чалавек, калі ладзіць вяселле свайму дзіцяці, а госці – родныя, блізкія, сябры, суседзі – па розных, часам надуманых, прычынах  адмаўляюцца прыйсці? Роспач, чалавек пачынае губляцца ў дагадках: чаму ўсё ж такі запрошаныя адмаўляюцца – хіба пакрыўдзіліся за што-небудзь ці зневажаюць ягонае дзіця? У прыпавесці пад вобразам караля разумеем вобраз Бога, які ўзрадаваўся за Свайго Сына і зладзіў   Яму  вяселле. Можна ўявіць сабе,  што адчуваў кароль, калі запрошаныя  праігнарыравалі, прадэманстравалі  абыякавасць. Бог невымер на  многа  зрабіў для лю-дзей, дзеля іх збаўлення ахвяраваў Сябе –  як можна было не пайсці на Яго запрашэнне?  Я так разумею: непрыняцце  запрашэння – гэта зневажанне, адкідванне Сына Божага. Але так паступілі не ўсе, некаторыя прыйшлі адразу. Рашучыя людзі. Напрыканцы прыпавесці ёсць такі сказ: “Шмат пакліканых, але мала выбраных“. Пад выбранымі разумеем тых, хто даверыў сябе, свой лёс Богу без усякіх ваганняў і роздуму, каб увайсці ў Божае Збаўленне. Навука Касцёла і нас вучыць, каб кіраваліся верай, што “шчаслівыя тыя, хто не бачыў, але паверыў”, а таксама перакананнем, што  Бог не пакідае сваіх верных. Запрашэнне да Валадарства Божага трэба прымаць адразу, доўга не раздумваючы. Як прынялі яго першыя вучні Хрыстовы. “Ідзіце за Мною”, – сказаў Езус Хрыстус, і Пётр, і іншыя рыбакі  пакідалі  свае рыбалоўныя сеткі і пайшлі за Ім. У Бібліі не адзін раз пра гэта чыталі. Канечне, не ўсе такія  даверлівыя. Бывае, што толькі напрыканцы  жыцця  чалавек перажывае навяртанне… Акадэмік Алфёраў  аднойчы  заўважыў, што  і  вялікія вучоныя паварочваюцца тварам да Бога, становяцца  веруючымі,  дажыўшы ўжо да глыбокай старасці… Але добра, што Бог дае ім такую мудрасць.

 

Вядучы:о.Ежи Сокович
–Шаноўныя, прыпавесць пра вясельную гасціну, якую разглядаем сёння, – гэта свайго роду зварот Пана Бога да нас. Каб мы ўспомнілі, што ўсе маем запрашэнне да Яго Валадарства. І атрымалі яго ад самага пачатку стварэння свету, калі чалавецтва зграшыла… Бог хоча вярнуць нас да Свайго Дому. У час Сакрамэнту  Хросту мы атрымалі шату, якую неабходна мець, каб увайсці ў Валадарства Нябеснае. Але каб яна была незабруджанай, мы павінны жыць Святым Хростам штодня, выконваць усё тое, што абяцалі за нас некалі  бацькі і што сёння мы, самі дарослыя, можам і павінны рэалізоўваць у сваім хрысціянскім жыцці, выракаючыся ўсялякага зла.  Запрашэнне павінна ўзбуджаць у нас навяртанне, жаданне змены жыцця да лепшага, яно дасць нам годнасць увайсці ў Валадарства Божае. Бог заўсёды кліча нас да дабра – да наведвання касцёла, жыцця па-хрысціянску, да выканання Божых прыказанняў…  Не ведаем, якая сітуацыя нас можа сустрэць, нават калі выходзім з касцёла, але ў любых абставінах мы павінны быць гатовыя даць сведчанне пра Бога. Давайце прасіць Пана Бога, каб мы не былі глухія на Яго запрашэнне  практыкавання  веры ў сваім жыцці, а запрашэнне – гэта Яго Слова. Просім Пана Бога, каб мы не загубіліся  ў бахвальчым прагненні  тых дабротаў і патрэбаў, як здарылася з тымі першымі з прыпавесці,  якія не змаглі рэалізаваць запрашэнне  Пана Бога, бо свет  мамоны мацней прывязаў іх. Просім Пана Бога таксама, каб у тых  людзях,  якія  не  маюць шаты, мы маглі бачыць патрэбу да навяртання і прабачэння. Просім, каб  Бог-Айцец  кіраваў намі і даваў мудрасць усе  жыццёвыя  праблемы вырашаць, паводле навукі  Хрыста. Памятайма, што  казаў  нам Езус Хрыстус: “Калі Я буду ісці і стукаць ў вашыя дзверы, і вы адчыніце іх, то Я ўвайду, і будзем  разам  з вамі вячэраць”. Добры  Езус  стукае  і  прыходзіць  да нас падчас кожнай Святой Эўхарыстыі… Выкарыстайма Ягоныя прапановы.  Падзякуем Богу-Айцу  за  тое, што трымае месца ў  Сваім Валадарстве Нябесным для кожнага з нас. Падзякуем  за адпаведную вясельную вопратку, якую Бог дае ў Езусе Хрысце праз Сваю  Ласку  і  Міласэрнасць.

 

 

f-str-20Пасяджэнне  за “круглым сталом” у парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Карэлічах завяршылася  малітвай а.Ежы, якую ён прапанаваў сабраным асабіста ад сябе: “Просім, Пане Божа, каб нашая збянтэжанасць і разгубленае маўчанне былі перад Табою, Ойча, голасам нашай беднасці. Калі мы не ведаем, што адказаць, чаму я не маю той шаты або чаму яе не захаваў чыстай, то гэтая нашая збянтэжанасць і разгубленасць, якая напоўнена маўчаннем, няхай  будзе голасам беднасці нашай душы. Мы не маем ніякіх заслуг. Дай Божа, Ойча наш, праз заслугі Езуса Хрыста нам Сваю Міласэрнасць, каб мы як Твае дзеці маглі ўдзельнічаць у Вяселлі Нябесным.  Амэн”.

 

 

 Запісала Раіса СУШКО.
Фота Карнэлія КОНСЭКА, SVD
Гродзенская вобласць


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий