Чацвёртая Запаведзь “Шануй бацьку свайго і маці сваю” абмяркоўвалася ў парафіі св. Антонія ў г. Слуцку. У пасяджэнні “круглага стала” прынялі ўдзел Іван і Наталля Жабчыцы (з гадавалым сыночкам Маркам), Станіслаў Шыманоўскі, Ірына Моўчан, Галіна Дземідовіч, Данута Міхневіч, Зміцер Антаненка, сястра Анастасія,CSSH.
Шануйце, пакуль жывыя!
Вядучая:
– У абсалютнай большасці выпадкаў 4-я Божая Запаведзь дае нам права выконваць адначасова дзве (як пашанцуе – то й болей) ролі: быць дзецьмі і быць бацькамі. Іншымі словамі, шанаваць тату (дзядулю) і маму (бабулю), паказваючы сваім дзецям прыклад адносінаў да старэйшын свайго роду, і станавіцца такімі бацькамі, якія даюць сабе шанс быць ушанаванымі ў далейшым ўжо сваімі дзецьмі! І тут нічога складанага і заблытанага – тут моцна звязанае, так, як былі некалі звязаныя пакаленні нашых продкаў. І гэтай сувяззю былі моцныя і шчаслівыя.
Іван:
– Трэба, каб жылі вялікімі сем’ямі, дзе ёсць і тата з мамаю, і дзядуля з бабуляю, тады навука жыцця лепей будзе засвойвацца. Каб была мая воля, я б, па прыкладу мексіканцаў, у стандартнае “Прозвішча, імя, імя па бацьку” увёў бы яшчэ імя маці. Маю маму, я моцна ёю ганаруся, завуць Анастасія, прыгожае імя, чаму б яго не называць пры імені яе дзяцей. Адзін чалавек казаў так: “Калі да цябе звяртаюцца толькі па імені – значыць, ты апраўдваеш яго; калі звяртаюцца толькі “па бацьку” – шануюць твайго бацьку; калі звяртаюцца па імені і “па бацьку” – ушаноўваюць вас абаіх, а калі пры гэтым называюць яшчэ і прозвішча – ты славіш весь свой род”. Я хачу, каб ушаноўвалі яшчэ і маці.
Пытанне:
– Лічыце, што пакаленні, якія прадстаўляюць род, павінны жыць пад адным дахам? Колькі іх можа быць тэарэтычна?
Іван:
– Тры, яшчэ лепей – чатыры.У мяне, на жаль, толькі два – мы і трое дзяцей. Але на самой справе, пажаніўшыся, мы з Наталляю 11 гадоў пражылі разам з бацькамі.
Пытанне:
– З вашымі?
Наталля:
–У Ваніных бацькоў было 12 дзяцей – дзе ж тым пакаленням было змясціцца (смяецца). Жылі ў маіх. Калісьці на аплатковай сустрэчы Дана пажадала мне цярпення, вытрымкі, заўважыўшы, між іншым, што ў нашай хаце жывуць тры пакаленні. Тады я ўпершыню задумалася: сапраўды тры!
Іван:
– І няцяжка. Дом быў невялікі, але ўтульны, усім хапала месца. Ніхто ні з кім не лаяўся, не перацягваў коўдру на сябе і нікога не перастройваў “пад сябе”. Па-глядзіце, што робіцца ў свеце, у грамадстве, у сем’ях, калі пачынаюць “перастройваць” і дзяліцца. Што атрымоўваецца? Адны сваркі.
Наталля:
– У нас галавою сям’і быў тата. З мамаю раіўся, але ўсё вырашаў сам. Слова меў цвёрдае, многа не гаварыў, і мы яго баяліся, паважалі і шанавалі. Тата за маму старэйшы на 13 гадоў (у гэтым годзе яму 80). Нешта між сабою перагаворацца, нешта пашэпчуць і будуць нам казаць: “Дзеці, гэтага з сям’і не выносіць, пра гэта не гаварыць – ні ў школе, ні на вуліцы”. Раз бацькі сказалі нельга – значыць нельга. Пра Бога тата праводзіў з намі гутаркі асабістыя. Мы ўсё ведалі і ўсё разумелі. А сёння быццам бы ўсё дэмакратычна вырашаецца, быццам з асобаю дзіцяці больш лічацца, а што на самой справе? У школе растлумачылі правы дзіцяці. Прыходзіць сын дадому і заяўляе: “Нам сказалі: калі будзеце мяне крыўдзіць, ці біць, трэба ісці ў кабінет да сацыяльнага педагога і ўсё расказваць”… У нашых сем’ях – ні ў маіх бацькоў, ні ў Ваніных, ні ў нашай асабістай – фізічных пакаранняў не было ніколі!
Лічу, да сучасных дзяцей патрэбны іншы падыход, нейкія гісторыі для душы, нейкая філасофія для дзяцей. Ім трэба дапамагаць разумець свет. У бібліятэцы касцёла сын узяў кніжку пра св. Антонія. Калі ён прапаведваў сярод манахаў, расказваў такую гісторыю: сустрэліся галодны воўк і ліса. Ваўку не было чым падсілкавацца, і ліса прапанавала падыйсці да кало-дзежа: глядзі, там – сыр! А была ноч, свяціў месяц, і … воўк шугануў у калодзеж за сырам! “Я зразумеў, – кажа сын, яму 9 гадоў, – там нічога не было!”. Дык ты ж яшчэ прачытай, як тлумачыць гэта св. Антоній і паслухай, што скажу табе я: “Усё гэта, сынок, што на паверхні, – тэлевізары, фільмы, кампутары, ўсё, што прываблівае, што блішчыць, – гэта той месяц, які адлюстроўваецца ў калодзежы, а сапраўднае жыццё – там, на небе!”. Цяжка выхоўваць дзяцей у сучасным свеце. Але маем на-дзею, што пасеянае зерне калі-небудзь дасць плады…
Данута:
– Я паходжу з сялянскай сям’і, у якой панавалі паслухмянасць і праца, здаецца, больш нічога і не было. Вернемся са школы (нас тры дачкі ў бацькоў), а на стале – спіс, што мы павінны зрабіць. Бацькі трымалі вялікую гаспадарку, ім трэба было дапамагаць. Малітвам навучыла нас маці. І хоць я не ўсё дакладна разумела па-польску, але да касцёла хадзіла з ахвотаю, асабіста падчас фэстаў. А касцёл ад нас быў вельмі далёка – патрэбна было ехаць за 30-40 км (жылі на Гродзеншчыне). Маму мы моцна любілі, бацьку моцна слухалі, бо два разы ён не паўтараў. Не біў ніколі.Тата быў строгі, з вялікім пачуццём гумару, і за гэтыя якасці мы яго найчасцей успамінаем. Здаецца, і выхаваннем нашым ніхто не займаўся, але сямейным адносінам навучыліся менавіта ў сваіх бацькоў. Мы ніколі не чулі, каб яны сварыліся, ці каб тата, не дай Божа, матныя словы ўжываў. Гэтага не было. Да таты і да мамы звярталіся толькі на “Вы”. Не памятаю, як гэта адбылося, але аднойчы са школы я прынесла зварот “Ты” да бацькоў. Тата моцна абразіўся і сказаў: “Да мяне і маці – толькі на Вы!”. З такою ж павагаю сёння да нас адносяцца нашы дзеці.
Іван:
– Да свае мамы я таксама звяртаюся на “Вы”. Уявіце, у нашай мамы (ёй 84 гады) 12 дзяцей, 31 унук і, каб толькі не памыліцца, 15 праўнукаў, і калі ўсе будуць гаварыць ёй “Ты”, ці гэта будзе павага? Абраза!
Станіслаў:
– Маё жыццё можна па-дзяліць на дзве часткі – быццам Стары Запавет і Новы Запавет; 40 гадоў я пражыў з бацькамі, 30 – жыву без бацькоў. Нарадзіўся ў 44-м годзе і быў дзясятым дзіцём у сям’і, а ў 46-м маёй маці павінны былі ўручыць Ордэн як шматдзетнай. Урачыстасць адбывалася ў Маладзечна, і ёй трэба было ехаць аж за 90 км, мы жылі далёка ад райцэнтра. Як яна, бедная, даехала (не было ж ні аўтобусаў, ні машын, ні веласіпедаў)… З бацькам, канешне. І гэта было адзінае падарожжа ў яе жыцці, а ў астатнім… Як казаў Якуб Колас, была “смела каля печы”. Раніцаю патрэбна было 3 – 4 сняданні падаць, бо каму раней, каму – пазней, каму – у школу, каму – у калгас. Што мы там мелі, што мы там елі… Адна радасць была – жылі дружна. Галадаць не галадалі, бо бацька, як казаў Колас, “майстар быў на штукі”: каму воз зробіць, каму – сані… Ён быў чалавекам развітым, мог пайсці за 20 км у Вільна – да Вострай Брамы, на кірмаш, а дзе была тады маці? Зноў каля печы. Яшчэ адно: мне – шэсць гадоў, а ў мяне ўжо гадавалы пляменнік. Якая тут роля маці: і я – дзіця, і пляменнік мой – дзіця, з кім ёй быць у першую чаргу?.. І гэтыя ўсе іх якасці мы павінны былі наследаваць. Ну, бацькі адышлі з гэтага свету – Стары Запавет скончыўся, і для мяне пачалося Евангелле. Што магу сказаць пра сябе? Не ажаніўся, не прапаў, не спіўся. Маці некалі казала: “Дойдзеш да бацькавых гадоў – і да касцёла пойдзеш, і маліцца будзеш”. Так і ёсць, можна сказаць, самастойна пасцігаў навуку Касцёла, цяпер жыву ў Новым Запавеце. Але шчасця на гэтым свеце няма. Калі не прапаў я, дык трэцяе пакаленне развалілася. Тут казалі: многа праўнукаў. Гэта, канешне, добра, але невясёлая ў іх доля на сёння, таму што большасць жывуць без Бога… А Касцёл вучыць: маліся, спавядайся, прымі Святую Камунію, прасі прабачэння…
Мае бацькі адышлі з жыцця ў сакавіку. Кожны год служыцца за іх святая Імша – ці ад мяне, ці ад каго іншага, у першы чацвер месяца; гэта самы галоўны спосаб ушанавання пасля смерці. Прыходзьце і прыязджайце, за-прашаю разам маліцца. Часам бываю на могілках, чытаю на помніках: “Помним. Любим. Скорбим”. І як вы там “скорбите”, калі сметнік на той магілцы? Прыкра нават глядзець.
Данута:
– Рэгулярна прыбіраць на могілках нас, яшчэ малых, прывучалі бацькі. Пазней я брала з сабою сваіх дзяцей, а дзеці – губка: што яны ўпітаюць, тым і жыць будуць. Усё пачынаецца з сям’і. Чым займаюцца нашы дзеці ў вольны час сёння? «Ся-дзяць» у кампутарах, тэлефонах – весь час «гуляюць». У якія гульні «гуляюць»? Бацькі, хутчэй за ўсё, гэтага не ведаюць, яны на працы, таму кантраляваць дзяцей цяжка. Некаторыя накупляюць рознай тэхнікі дзецям, а пасля ад іх шнуры хаваюць, каб не маглі нічога ўключыць. А я лічу, што наогул кампутар дома не заўсёды і патрэбен, для вывучэння інфарматыкі дастаткова школьнага.
Іван:
– Мой дзед быў расстраляны на Кубані, дзе пахаваны – невядома. Але тата на могілках у лесе, каля вёскі Аступішча, паставіў помнік, і мы з Наталляю, яшчэ не былі жанатыя, хадзілі, каб там памаліцца за яго і па-кланіцца яго імені. А што датычыцца ўсіх гэтых кампутараў і планшэтаў, то гэта – «кастылі», якія робяць нашых дзяцей інвалідамі. Дзеці рэдка гуляюць у мяч, не ведаюць, што такое гарадкі, наогул слаба развіваюцца фізічна.
Зміцер:
– Я рос на Магілёўшчыне, у атэістычным асяроддзі, і нават гэтыя, на першы погляд, вельмі зразумелыя Божыя Запаведзі, на жаль, пачынаеш усведамляць позна. 4-я Запаведзь прыказвае шанаваць бацькоў. Але зараз ты разумееш, што гэтае шанаванне патрэбна не толькі ім, але й табе самому, каб добра было табе, і каб доўга жыў ты на зямлі. Бацькі нас выхоўвалі прыкладам, і тата заўсёды казаў: “Калі будзем помніць мы – то будуць помніць і нас”. Дзякаваць Богу, цяпер ёсць касцёл, ёсць куды ісці, каб пазнаваць сапраўдныя ісціны. Я кажу ўсім сваім знаёмым: аддавайце дзяцей у ня-дзельныя школы пры касцёлах, цэрквах – потым вы самі зразумееце, што гэта – правільны шлях.
Пытанне:
– А каб Вы не ведалі Божых Запаведзей, ці шанавалі б сваіх бацькоў, ці было іх за што шанаваць?
– Яшчэ як было! Мой тата рана страціў зрок, але доўгі час працаваў дырэктарам буйнога прадпрыемства ў Бабруйску, быў дэпутатам Вярхоўнай Рады краіны, яго паважалі людзі. Памятаю, стаім з ім ў Слаўгарадзе на могілках, а ён кажа: “Любіць і шанаваць трэба жывых, пасля смерці – позна”. Гэта праўда, пасля смерці мы можам толькі за іх маліцца. А што датычыцца памінальных традыцый – яны часта паганскія: на могілкі прыносяць алкагольныя напоі, ежу, “памінаюць”…
Пытанне:
– А ці было ў адносінах з бацькамі такое, за што пазней было сорамна перад імі за свае паво-дзіны?
– На жаль, было, у юнацтве. Стаю на каленях і за ўсё прашу прабачэння – і ў бацькоў, і ў Пана Бога.
Ірына:
– Сям’я, у якой я расла адзіным дзіцём, была міжканфесійная: тата – з католікаў, мама – з праваслаўных. Мяне, дзякуючы дзядулінай сястры, цётцы Браніславе, пахрысцілі ў касцёле. Бацькоў я бясконца любіла.Тата быў камуніст і паняццю гэтаму адпавядаў ідэальна: справядлівы, сумленны, без кроплі зайздрасці, шчыры і клапатлівы да сям’і, добры да людзей. Займаў адказную пасаду на прадпрыемстве. Да касцёла не хадзіў, але, калі пры ім вялася гаворка пра Бога, падкрэсліваў: “Я веру, вышэйшая сіла ёсць”. Мама – ідэал жанчыны і жонкі, у любую хвіліну гатовая дапамагчы кожнаму; сама ж ніколі ні ад кога падзякі не чакала. Моцна цярпела, у яе была цяжкая хвароба (пакутвала 25 гадоў), і я здзіўлялася, адкуль у мае мамы – маленькай, шчуплай жанчынкі – столькі сілы і аптымізму. Мама чытала Святое Пісанне – не раз, не два, прачытала яго нават перад смерцю. Жылі бацькі ў любові і згодзе, і адыйшлі, «пабраўшыся» за рукі… Тата памёр першы, за ім – хутка і мама. Але праз іх цяжкія хваробы і пакуты Бог прывёў мяне ў Касцёл. Зараз я тут, у супольнасці Касцёла, малюся, каб Бог прыняў іх ў Царства Нябеснае. А 16 жніўня, ва ўспамін св. Роха, мы збіраемся ўсе разам – родныя, дваюрадныя, траюрадныя – на могілках у Копылі, дзе пахаваныя нашыя продкі, блізкія. Гэта адбываецца кожны год, і радня збіраецца з усіх куткоў, нават з-за мяжы, каб ушанаваць памяць усіх блізкіх, хто жыў перад намі.
Галіна:
– Родам я з Лагішына, тата – з католікаў, мама – з праваслаўных, абвянчаліся ў касцёле. Бацькі засталіся ў памяці як моцна працавітыя людзі і шчырыя вернікі. А выпадак быў такі. Недалёка ад нас, на скрыжаванні вуліц, стаяў крыж. Аднойчы прыходзіць бацька дамоў і кажа: “Чуткі пайшлі, што крыж будуць зносіць”. Наш дзед, татаў бацька, быў кавалём: як жа гэта крыж знішчыць?.. Цэлую ноч дзед узмацняў той крыж, каб ніхто не змог парушыць яго. На наступны дзень даюць даручэнне майму тату выцягнуць крыж. І бацька адказаўся наадрэз: “Хоць звальняйце, хоць страляйце – не буду!”. Прыказалі іншаму вадзіцелю вялікай машыны, і той зачапіў моцным тросам, рвануў – і крыж упаў. А пасля, расказвалі людзі, паехаў дамоў і, заязджаючы на надворак, наехаў на сваё ж дзіця… Са сваім мужам мы венчаныя таксама ў касцёле, сакрамэнт шлюбу нам даваў чалавек нязломнай веры кардынал Казімір Свёнтэк, калі прыязджаў у Ла-гішын. Малюся за тое, каб дзеці мае глыбока пазналі праўды веры і жыццё пражылі па Божых Запаведзях…
Пробашч парафіі св. Антонія ў Слуцку айцец Аляксей Рамановіч, OFM:
– Сучасны свет складаны, і такім складаным зрабіў яго сам чалавек, які аддаліўся ад Бога, не выконваў Слова Божае, ці нават, можа, яго не чуў. Часам ён паступае і жыве так, як быццам Бога зусім няма. Але гэта ўжо праблема самога чалавека, ды й не адна – цэлая процьма. Сярод іх – анамальныя, амаральныя, нехрысціянскія адносіны бацькоў і дзяцей. Вы ніколі не задавалі сабе пытанне, чаму пры жывых бацьках дзеці выхоўваюцца ў дзіцячых дамах, школах-інтэрнатах або сем’ях прыёмных? Або толькі з мамаю ці толькі з татам? І чаму адукаваныя дарослыя людзі, якія маюць высокі сацыяльны статус, займаюць добрую пасаду, вязуць састарэлых бацькоў у прыют або хоспіс? Задайце сабе гэтае пытанне, асабліва, калі ў вас ёсць свае дзеці, калі жывыя вашыя родныя і хросныя бацькі, ці іншыя дарослыя, якія дапамагалі ўзрастаць вам самым як асобе, і адкажыце на яго шчыра. Перакананы, зварот да гэтай тэмы будзе для вас вельмі карысным.
Дзесяць Божых Запаведзей рэгулююць адносіны паміж людзьмі. Гэтыя Запаведзі не для Бога – для чалавека. І калі людзі будуць іх выконваць, будзе рай на зямлі. Заўважце, першыя тры прыказанні датычацца Самога Бога, а чацвёртае?.. Хто пасля Бога важнейшы для чалавека? Бацькі. Так Бог запаведаў і прыказаў: “Шануй бацьку свайго і маці сваю!”. Адкрыйце Стары Запавет, Кнігу Прамудрасці Езуса, сына Сірахава, і знойдзеце там простыя словы з вельмі глыбокім зместам: хто шануе бацьку свайго – ачысціцца ад граха, будзе доўга жыць, а хто паважае маці сваю – той набывае скарбы. Сучасны чалавек хоча доўга жыць і набываць скарбы, а свае абавязкі ў адносінах да сваіх бацькоў часта забывае. І гэта вялікі грэх; можа так стацца, што ён, урэшце, зразумее ўсё гэта, ды будзе позна; прыдзе такі час, што не будзе ў каго нават папрасіць прабачэння… Яшчэ раз звярніце ўвагу на свае адносіны з вашымі бацькамі, бабулямі-дзядулямі, суаднясіце гэтыя адносіны з патрабаваннямі 4-й Запаведзі, можа ўжо спазняецеся да споведзі?
«Круглы стол» правяла Paica СУШКО
Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD
Прыкладныя пытанні да споведзі па 4-й Запаведзі
- Ці шануеш сваіх бацькоў, а таксама ўсіх тых, каму Бог – дзеля твайго дабра – удзяліў над табою ўладу (бабуляў і дзядуляў, настаўнікаў, старэйшых па ўзросту, кіраўнікоў і г.д.)?
- Ці молішся за іх?
- Ці не трымаеш ў сэрцы пачуццяў непрыязнасці або нянавісці да сваіх бацькоў?
- Ці не наносіў крыўду сваім бацькам?
- Ці цэніш сужэнства і сям’ю як асноўную структуру ў плане Божым? Ці імкнешся, каб твая сям’я была супольнасцю веры, надзеі і любові, або Касцёлам дамашнім?
- Ці клапоцішся як бацька аб хрысціянскім выхаванні сваіх дзяцей і аб перадачы ім веры праз добры прыклад, малітву, сямейную катэхезу і ўдзел у жыцці Касцёла?
- Ці любіш і шануеш сваё патомства?
- Ці не супрацівішся пакліканню Пана, скіраваным да каго-небудзь з тваіх дзяцей, каб пайшоў за Ім?
- Ці даеш ты сваім дзецям дастаткова свабоды ў выбары прафесіі?
- Ці забяспечваеш сваім бацькам дапамогу маральную і матэрыяльную ў іх старасці, у час хваробы, адзіноты ці ў іншай патрэбе?
-Ці выкарыстоўваеш уладу ў духу службы, ці кіруешся думкамі пра дабро супольнае, а не дабро ўласнае?
- Ці паважаеш сваіх кіраўнікоў за прадстаўнікоў Бога, ці супрацоўнічаеш з імі для дабра публічнага і супольнага? Ці служыш Айчыне праз удзел у выбарах, выплату падаткаў, гатоўнасць абараняць яе падчас небяспекі і праз права канструктыўнай крытыкі?
- Ці ведаеш, што грамадзянін не абавязаны выконваць прыказанні якога-небудзь грамадства, калі яны супярэчаць Божым Запаведзям, прынцыпам маралі і асноўным правам асобы?
- Ці ўспрымаеш ты ўладу і паўнамоцтвы як дар Бога і ці дзякуеш за іх Богу?
- Ці кіруеш сваімі падначаленымі з любоўю ў духу служэння дзеля іх дабра і росквіту – духоўнага і матэрыяльнага?
- Ці ўспрымаеш ты свой пажылы ўзрост і цяжкасці, якія ён прыносіць, у духу радаснай паслухмянасці Госпаду?
- Ці прымаеш ты сваю хваробу ў духу ахвярнасці, яднаючыся з Богам, Які пакутаваў і памёр за цябе на крыжы?
- Ці не крыўдзішся на сваіх дзяцей і ўнукаў, якія рэдка наведваюць цябе, не праклінаеш іх, не жадаеш ім злога?
- Ці звяртаў калі-небудзь увагу сваіх дарослых дзяцей на іх нестаноўчыя звычкі і паводзіны?
- Ці не прыніжаў ты сваіх дзяцей публічна, не зневажаў іх чалавечую годнасць?