У Паставах, у парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Антонія Падуанскага парафіяне Аліна Латыш, Яна Тамашэвіч, сястра Канстанцыя, ZMBM і пробашч парафіі а. Андрэй Возняк, SCJ разважалі на тэму 5-й Запаведзі “Не забівай”.
Каінаў грэх
Вядучая:
– Днямі на адным з тэлеканалаў ішла аб’ява наступнага сэнсу: калі вас заклапочвае небяспека вашага дзіцяці ў Інтэрнэце, тэлефануйце на “гарачую лінію, нумар тэлефона…”. Вось, думаю, дажыліся цывілізаваныя людзі ХХI ст. Каін забіў брата свайго, Авеля, з зайздрасці. Гасподзь папярэджваў, што нельга быць зайздросным, і, калі не робіш добрага іншаму чалавеку, то каля дзвярэй тваіх ляжыць грэх; ён кліча да сябе, прыманьвае… Каін не прыслухаўся да слоў Божых, і кроў першага за-бітага на зямлі чалавека расцяклася… Колькі стагоддзяў назад брат пайшоў на брата?.. А сёння?.. Зноў думаю: калі ўжо такая аб’ява пайшла ў эфір, значыць, ёсць прэцэдэнты, значыць, існуе небяспека! Сапраўды жудасна, калі нехта ці нешта пагражае твайму адзінаму дзіцяці. Ды нават, калі й не адзінаму. “Пяць пальцаў на руцэ, – казалі нашы мудрыя продкі, – які ні парань – кожны будзе балець”.
Аліна:
– Заўважце: што людзі жадаюць адзін другому ў юбілеі ці з якой іншай прыемнай нагоды? Здароўя, маючы на ўвазе, што жыццё і здароўе з’яўляюцца найбольшымі зямнымі дабротамі для чалавека. Пан Бог Сам абараняе нас праз Запаведзь “Не за-бівай!”. І нашае жыццё – не наша ўласнасць, яго дае нам Бог. Наш абавязак – ахоўваць яго, пражыць, не марнуючы, а набываючы духоўныя скарбы, каб годна падрыхтавацца і прывесці сябе да Божага Валадарства. Езус Хрыстус у Нагорнай Пропаведзі, напамінаючы прыказанне “Не забівай”, забараняе гнеў, нянавісць, помсту і дае сваім вучням наказ прабачэння і любові да ворагаў.
Застанаўлюся на канкрэтных момантах, якія датычацца гэтай Запаведзі.
Непасрэднае забойства і са-дзейнічанне яму – самае страшнае злачынства. На жаль, Каінаў грэх распаўсюджваецца ў свеце, і мы становімся таму сведкамі. Да гэтага забойства далучаецца эўтаназія. Беларускае грамадства, дзякаваць Богу, пазбаўлена гэтай з’явы; сапраўды, усім тым хворым і церпячым можна дапамагаць іншым чынам – маліцца за іх, рабіць міласэрныя ўчынкі, а не схіляць да эўтаназіі.
Наша грамадства запоўнена забойствамі па неасцярожнасці. Іх шмат, і прычыны самыя розныя: няякасны рамонт аўтама-біля, аўтобуса, самалёта… З-за яго могуць гінуць людзі. Ці няякасная ежа ў сталовай – наступае атручванне. Бязмернае ўжыванне алкаголю… З-за яго і атручванняў шмат, і пажараў, і іншых трагедый… А нядаўні выпадак у суседняй краіне, пра які ўсе, напэўна, памятаюць: на аэрадроме самалёт сутыкнуўся са снегаачышчальнай машынай, і чатыры чалавекі загінулі адразу, нават не паспеўшы падняцца ў паветра… Прычына – п’яны вадзіцель снегаачышчальніка. У сувязі з гэтым хачу прывесці мудрыя словы, якія прачытала ў духоўных разважаннях: у кожную хвіліну жыцця патрэбна рабіць так, быццам робіш гэта для Езуса. Гэта значыць – твая праца павінна быць вышэйшай ступені якасці. І кім бы ты ні быў – вадзіцель, повар, настаўнік, дворнік – павінен вельмі адказна ставіцца да выканання сваіх абавязкаў і быць адказным за свае паводзіны.
Некалькі слоў – пра схіленне да злога, бо яно таксама ідзе побач з грахом забойства. Як часта людзі выказваюць думку, што кагосьці (напрыклад, насільніка) можна забіць. Або як часта гавораць, што не трэба пладзіць жабрацтва, гэта значыць, нараджаць дзяцей. Я сустрэла сваю аднакласніцу-бабулю, якая з асуджэннем гаварыла пра сваю дачку: “Гэта ж трэба – зноў нарадзіла! Не, каб я была побач – гэтага не здарылася б!” А размова ішла яшчэ толькі пра другое дзіця!.. Сустрэла я іншых знаёмых – мужа і жонку. Яны расказвалі, што чакаюць нараджэння трэцяга дзіцяці, але жанчына за тры месяцы сваёй цяжарнасці толькі адзін (!) раз была ўхвалена за тое, што знаходзіцца ў такім благаславёным стане. Уявіце сабе, колькі негатыву надалі ёй за гэты час людзі, адмоўна рэагуючы на яе цяжарнасць. Часам так і адбываецца – другому, трэцяму дзіцяці не даюць нарадзіцца блізкія, родныя, суседзі… У кантэксце Божай Запаведзі “Не забівай” патрэбна разглядаць таксама рызыку сваім жыццём. У першую чаргу гэта датычыцца маладога пакалення, якое хоча ўсім даказаць:“Я – магу!”. Гэтыя доказы звычайна заканчваюцца калі не смерцю, то калецтвам. Два гады таму малады хлопец хацеў уразіць сваю дзяўчыну і тут, у нас, насупраць касцёла, скокнуў у рэчку, а на дне былі водарасці, ён заблытаўся ў іх, і мы былі сведкамі, як гэтага юнака даставалі з вады…
Пытанне:
– Як лічыце, ці дастаткова гаворыць школа аб тым, што жыццё чалавеку даецца толькі адзін раз і берагчы яго патрэбна змалку?
– Я сама працую настаўніцай і лічу, што школа сапраўды праводзіць шмат мерапрыемстваў, запрашае, каб гаварылі аб гэтым прадстаўнікі медыцыны, міліцыі, выратавальнікі і інш., але змагацца з гэтым юнацкім “Я – магу!” празмерна цяжка. Паглядзіце, з якою хуткасцю ездзяць маладыя на аўтамабілях, на матацыклах – жудасна! Мне на вочы неяк трапіла кніга лекцый па судовай медыцыне, і я вырашыла паказаць сваім выхаванцам (гэта быў дзявяты клас) тое, што ўбачыла сама. А былі там здымкі тых, хто трапіў пад колы цягніка, утапіўся, за-гінуў у дарожна-транспартным здарэнні; паказала, да чаго можа прывесці неабдуманы ўчынак, калі чалавек задумае зрабіць самагубства. І што думаеце? Праз год ці праз два ў тым самым класе хлопчык здзейсніў самагубства. Як бачым, здымкі не напалохалі, не адвялі ад бяды… Патрэбна, відаць, болей канцэнтрыраваць увагу на пазітыве, на радасці жыцця, на тым, якой прыгажосці можа дасягнуць чалавек, калі будзе весці годнае хрысціянскае жыццё. Менавіта хрысціянскае, бо на самой справе ў жыцці здараюцца і цяжкія акалічнасці, якія патрабуюць вытрымкі, моцнага цярпення, і чалавек веруючы спраўляецца з імі значна лягчэй, чым той, хто жыве далёка ад Бога.
У нашай вёсцы, адкуль я родам, быў мужчына, які прапіў і сваю, і матчыну пенсію, напазычаў многа грошай, аддаваць не было чым, і ён вырашыў павесіцца. На тую хвіліну увайшоў да яго сусед і абрэзаў вяроўку. Праз некаторы час выратаваны мужчына прызнаўся: “Я нічога не паспеў зрабіць, а толькі зачапіў вяроўку за бэльку і стаў на табурэтку, як у гэты ж момант пачуў страшэнны дзікі рогат і на сваіх плячах убачыў валасатыя пальцы…”. Дзякаваць Богу, скончылася з тым мужчынам ўсё добра, вылячыўся ад алкагалізму, доўгі час яшчэ жыў.
Сястра Канстанцыя:
– Так адбываецца, таму што няма павагі да жыцця як найвялікшага дару Божага. Гэта цягнецца яшчэ з часоў камунізму, калі чалавек быў “вінцікам” велізарнай “машыны”.
Аліна:
– Згодна. Справа яшчэ і ў тым, што дрэнную, у гэтым сэнсе, паслугу аказваюць ТБ, кампутар, розныя так званыя кампутарныя гульні. На канале НТВ баявік ідзе за баявіком, патроны сыплюцца зранку да вечара, і колькі забойстваў за дзень паказваюць? Каб палічыў, то лік пайшоў бы на дзесяткі. А ў што сёння дзеці гуляюць? Я неяк выпадкова падгледзела ў семікласнікаў. Прыйшла крыху раней, а там хлопчыкі згуртаваліся каля аднаго, з кампутарам, смяюцца. Аказваецца, іх гульня называецца “забіць Боса”. Спачатку трэба выбраць Боса – гэта можа быць незнаёмы, сусед, сябра, настаўнік – любы чалавек, які табе не падабаецца. Трэба яго змадэліраваць, зрабіць прычоску, прыбраць на свой густ і… забіць. Бос пачынае крычаць чалавечым голасам, кроў пырскае ва ўсе бакі… І чым больш крыважадны спосаб выбірае ігрок, тым больш балаў яму налічваецца. Такім чынам, на тэлебачанні і ў кампутары забойства перастала быць трагедыяй…
Брат Карнэлій:
– У маім дзяцінстве бацькі нават не дазвалялі (нас было трое хлопцаў) глядзець фільмы пра вайну. Казалі так: “Мы перажылі вайну, а вы не павінны бачыць яе нават у кіно”. Ніякіх дзіцячых пісталетаў ці вінтовак у нас таксама не было. Але не ўсюды так. У мінулым годзе я быў у Ізраілі і на свае вочы бачыў, як з магазіна маладая арабка выносіла цацкі для сваіх дзяцей – тры “аўтаматы Калашнікава”…
Аліна:
– На жаль… Яшчэ адзін від забойстваў і самазабойстваў сярод моладзі распаўсюджваецца праз наркотыкі. У Мінску за кароткі час загінулі 32 падлеткі; кожны тыдзень ад спайсаў па-міраў малады чалавек. 15-гадовая дзяўчынка, выдатніца, абсалютна дамашняе, як кажуць, дзіця, лізнула марку і – мёртвая! Мой сын працуе ў сістэме МУС, дасылаў мне дакументальныя фільмы і прасіў: “Мама, Вы таксама распаўсюджвайце дзе толькі можаце, паказвайце дарослым (у першую чаргу – бацькам) і дзецям; патрэбна, каб пра гэта ведалі ўсе”.
Пытанне:
– А ці можна забіць чалавека словам?
– Вядома! Маякоўскі, алегарычна падкрэсліўшы значэнне паэзіі, некалі напісаў: “Я хочу, чтоб к штыку приравняли перо”. І так яно ёсць. Слова – тое, што й штык. Заходзіць бабка да лекара і скардзіцца на сваё здароўе. “О, – кажа доктар, – чаго захацела, твае таварышкі ўжо даўно на могілках”. Які пасля гэтага настрой у бабкі?Або сітуацыя з маім татам, яму 85 гадоў. Выходзіць на вуліцу пастаяць, усіх вітае, на твары ўсмешка… Пад’язджае да яго знаёмы на веласіпедзе і яшчэ здалёк крычыць: “Здароў, дзед! Ты яшчэ не памёр?!”. Тата вярнуўся ў хату, вочы дадолу: “Лепей бы я не выходзіў ні з кім вітацца”. Гэта называецца забойства Божага жыцця ў чалавеку. Яшчэ маё асабістае назіранне. У касцёл першы раз прыйшоў чалавек, а на яго з усіх бакоў: не там стаў, не там сеў, не так адзеты, не так сябе паводзіць… І гэтыя прэтэнзіі дазваляюць сабе выказваць людзі, блізкія да Касцёла, як кажуць, “людзі з першых лавак”, якія самі сябе лічаць надта прыкладнымі вернікамі.. А ў гэтага чалавека які настрой застаецца?
Сястра Канстанцыя:
– Хацела б падкрэсліць, што годнасць кожнаму чалавечаму жыццю надае Бог. Ён – пачатак, прычына і адзіная крыніца жыцця. Ён – адзіны Пан яго, і ніхто не мае права ўчыніць забойства аніякім спосабам. Тут ужо называлі эўтаназію. Нават жаданне зменьшыць пакуты хворага чалавека не можа апраўдаць эўтаназію, таму што эўтаназія –забойства.У некаторых краінах Еўропы яна ўзаконена, і гэта можа тлумачыцца толькі людскім эгаізмам. Часам жыве інвалід, пакутуе, моліцца, але толькі Бог ведае, колькі часу спатрэбіцца гэтаму чалавеку, каб годна падрыхтаваўся да вечнасці; можа стацца і так, што менавіта яго пакуты дапамогуць атрымаць дар навяртання іншаму.
Самая распаўсюджаная форма забойства ў наш час – аборт. І тут таксама няма ніякага апраўдання. Бо ад самага зачацця дзіця – не частка маці, гэта ўжо другі чалавек, другі арганізм, у яго ёсць свая (не матчына) душа – асобнае тварэнне Бога. Мы не бачым яго, таму здаецца, што яго забіць лёгка…Але хто можа сказаць, колькі было забіта такім спосабам вучоных? Можа менавіта так быў забіты геній, які мог бы стварыць сёння лякарства ад рака? І не трэба мець ілюзій адносна іншых спосабаў перарывання цяжарнасці: мініаборт – забойства, кантрацэптывы – забойства. Касцёл сурова асуджае грэх аборту і можа налажыць экскамуніку на асобу, якая яго зрабіла.
Пытанне:
– А ці з’яўляецца грахом для бабулі, напрыклад, суседкі ці іншай асобы намаўленне жанчыны да аборту?
– Так, схіляць жанчыну да аборту – грэх для кожнага чалавека – ці гэта хтосьці з родных і блізкіх, ці доктар (звычайна ён першы пытае: “Будзем ражаць, ці рабіць аборт?”). Нават у выпадку, калі завісае пагроза для здароўя самой жанчыне, аборт з’яўляецца забойствам, а таму – грахом. “Парады” перарваць цяжарнасць часта ўзнікаюць, калі маладая дзяўчына ці жанчына аказваецца без падтрымкі мужа, мужчыны.
Аліна:
– Мясцовыя жыхары добра памятаюць жудасны выпадак, калі пад цягнік лягла зацяжарыўшая дзесяцікласніца. У першую чаргу дзяўчына не знайшла падтрымкі ў бацькоў і, як вынік, – дзве смерці адразу…
Сястра Канстанцыя:
– У гэтым сэнсе заслугоўвае ўвагі вопыт Польшчы, дзе існуюць Baby Box –“Вокны жыцця”, у якіх жанчына можа пакінуць народжанае дзіця, не называючы нават сваё імя і прозвішча. Наш Ордэн, як і многія іншыя манаскія супольнасці, таксама апякуецца Дамамі самотных маці – установамі, дзе мамы ў крызісных сітуацыях знаходзяцца са сваімі немаўлятамі да той пары, пакуль тыя не падрастуць, і пакуль мама не ўладкуецца на працу, вырашыўшы, з большага, свае бытавыя праблемы. У такіх выпадках супольнасць зберагае жанчыну-маці і яе дзіця, прымаючы адказнасць на сябе.
Яна:
– Абмяркоўваючы нашыя абавязкі адносна 5-й Божай Запаведзі, хацела б падкрэсліць адносіны чалавека да жывой прыроды, якую Бог стварыў і даў нам у вечнае карыстанне. Радуемся асваенню касмічнай прасторы, распаўсюджанню новых тэхналогій, але паглядзіце, як у апошнія дзесяцігоддзі знішчаецца прырода – высыхаюць дрэвы, прападаюць птушкі, рыбы, дзікія жывёлы. І многа залежыць ад самога чалавека. Для некаторых вадзіцелей стала звычайнаю справаю пад’ехаць дзе-небудзь да рэчкі, памыць сваё аўта, выкінуць з багажніка мяшок са смеццем і, “пабыўшы на прыродзе”, пакінуць пасля сябе гару пластыкавых бутэлек. Затое колькі аматараў пагаварыць пра экалогію, маўляў, яна “за-бівае” нас: “Якое паветра, якое харчаванне, якая вада…” А хто гэта ўсё забруджвае, калі не мы самі? Бог даў навакольную прыгажосць, каб мы карысталіся ёю з розумам і з роздумам, каб і дзеці нашыя, і ўнукі, і праўнукі ўбачылі зямлю такою ж зялёнаю, якой, пакуль што, бачым яе сёння мы. І пачынаць кожны павінен з сябе – не засмечваць, не знішчаць, а берагчы! Не наносіць крыўду жывым істотам, а дапамагаць ім харчавацца, асабліва ўзімку – мы ж людзі, такія самыя жывыя істоты Божыя – толькі разумнейшыя!
Пробашч парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Антонія Падуанскага ў Паставах а. Андрэй ВОЗНЯК, SCJ:
– 5-я Запаведзь, хоць сама па сабе і кароткая, але мае вельмі шырокае значэнне. Апрача таго, што гаварылі тут людзі, – аб прамых і ўскосных парушэннях, якія прыводзяць да забойстваў чалавека, а таксама прыроды, – хацеў бы звярнуць увагу на такія слабасці чалавечай натуры, як амаральнасць, пыха і зайздрасць. Прысутныя ў гэтай Каінавай пячаці, яны забіваюць нас паціху, забіваюць чалавека ў самым чалавеку. Яны так моцна ўкаранёныя ў нас, што не пакідаюць у нашым сэрцы месца для іншага чалавека. Асаблівы грэх – нянавісць, пачуццё – супрацьлеглае любові; бо любоў – каштоўнасць Божая, любоў – гэта Сам Бог. І калі нянавісць будзе нашым правадыром, яна абавязкова прывядзе да забойства, да знішчэння, да граху. Перапоўнены нянавісцю, чалавек лёгка падымае руку незалежна на каго – старога, малога, на самога сябе. Нянавісць вельмі хутка можа прывесці да вайны. А Бог крычыць, плача, прызывае да любові, просіць прымірэння, супакою і дае нам гэтыя дары, калі мы прыходзім да Яго з малітваю і адкрытым сэрцам. Таму ў кожную хвіліну жыцця мы павінны задаваць сабе пытанне: а якім спосабам асабіста я распаўсюджваю Божую любоў? Бог стварыў нас разумнымі істотамі. Патрэбна трымаць сябе так, каб нашае сэрца заўсёды было адкрыта на іншага чалавека, нягледзячы на яго выгляд, узрост, нацыянальнасць, адукацыю і веравызнанне. Амэн.
«Круглы стол» правяла
Paica СУШКО
Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD
Прыкладныя пытанні да споведзі па 5-й Запаведзі
– Ці не забіваў ты нікога з намерам або без намеру?
– Ці не запланоўваў забойства, ці не садзейнічаў яму?
– Ці не рабіў (не рабіла) ты аборты, ці не прымушаў да абортаў і не заахвочваў да іх? Ці ведаеш, што гэты грэх вядзе за сабою адлучэнне ад супольнасці Касцёла?
– Ці не пагарджаў ты абавязкамі клапаціцца пра старых і паміраючых?
– Ці не было ў цябе спробы скончыць жыццё самагубствам і ці не раіў ты каму-небудзь зрабіць тое ж самае?
– Ці не падтрымліваеш ты эксперыменты з кланіраваннем, эксперыменты над чалавечымі эмбрыёнамі?
– Ці не падтрымліваеш эўтаназію (у адносінах да інва-лідаў, хворых, паміраючых, слабых)?
– Ці сваімі паводзінамі не прычыняў боль бліжняму? Ці не падштурхоўваў бліжняга да цяжкага граху?
– Ці стварыў бліжняму, калі той знаходзіўся ў стане перадсмяротным, адпаведныя ўмовы да годнага заканчэння яго зямнога жыцця (прыняцце сакрамэнтаў, малітва)?.
– Ці не наносіш шкоду свайму здароўю звычкамі, якія разрушаюць тваё здароўе, вызываюць хваробу або смерць (курэнне, ужыванне наркотыкаў, алкаголю, пераяданне)?
– Ці не водзіш аўтамабіль абыякава, пастаўляючы пад небяспеку сваё жыццё і жыцці іншых (не выконваеш правілы дарожнага руху, не прытрымліваешся хуткаснага рэжыму, садзішся за руль у нецвярозым стане)?
– Ці не парушаў ты ў сваіх медыцынскіх або псіхалагічных вопытах чалавечую годнасць, правы чалавека?
– Ці не выкрадаў каго-небудзь з мэтаю продажу, з іншымі мэтамі, ці не пагражаў выкраданнем?
– Ці не займаешся тэрарызмам (пагрозамі, злачынствамі супраць справядлівасці і любові да бліжняга)?
– Ці не падвяргаў ты каго-небудзь фізічнаму, маральнаму насіллю, каб выведаць у яго тайну?
– Ці імкнешся да супакою сэрца? Ці пераадольваеш гнеў і нянавісць, якія адчуваеш да каго-небудзь?
– Ці не захоўваеш (супрацьзаконна) зброі?
– Ці не захоўваеш яд, іншыя хімічныя рэчы, лекі, каб здзейсніць самагубства?
– Ці не забіраеш у каго-небудзь хлеб, прадукты харчавання, ці не перашкаджаеш павышэнню зарплаты наёмным працаўнікам?
– Ці з добразычлівасцю адносішся да жывёлаў як стварэння Божага?