28 мая б. г. у парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Глыбокім вернікі абмяркоўвалі 7-ю Божую Запаведзь “Не крадзі”. Вядучым “круглага стала” быў пробашч кс. прэлат Мечыслаў Янчышын. Змест Запаведзі, падкрэс-лівалі ўдзельнікі сустрэчы, а былі імі людзі сталага веку, з дзяцінства не вызываў ні ў кога з іх ніякіх пытанняў – не бяры таго, што не тваё, не прысвойвай, калі нешта знайшоў, не махлюй, каб пасля мець ад гэтага выгаду, не купляй крадзенага, не псуй маёмасць чужую і дзяржаўную, вярні, калі табе памылкова далі тое, што табе не належала, і г.д., і г.д. Усё ўсім зразумела. Але грэх супраць 7-й Запаведзі існуе і можа мець розныя формы.
Чужое не нагрэе
Пра гэта з хваляваннем казала былая выкладчыца школы мастацтваў, сёння кіраўнік парафіяльнага хору Ніна:
– Мне пашчасціла нарадзіцца ў сям’і, якая дала рэлігійнае выхаванне. Родныя, нашыя дзядулі-бабулі як па лініі мамы, так і па лініі таты, жылі цяжка, многа працавалі, куплялі зямлю, лес, каб хоць нешта мець сваё і пабудаваць жыллё. Але тое, аб чым сёння гаворым, нікому не прыходзіла да галавы – як гэта ўкрасці, узяць чужое? Сама я працавала ў школе мастацтваў. Бывала такое, што педагогі, каб правесці якое мерапрыемства, за свае грошы яшчэ да яго нешта дакладалі. Хвалявалася часам, калі дзеці не вярталі кніжкі, узяўшы іх пачытаць. Але ў апошнія гады нават і за гэта не перажывала: калі не вяртаюць, то значыць – чытаюць! Цяпер, маючы багаты жыццёвы досвед, думаю: матэрыяльнае – зусім не важнае! З цягам часу яно ператворыцца ў пясок, у пыл. І калі ў цябе яго ўкралі – крыўдна, канешне, але гэта можна перажыць. Самае страшнае – калі крадуць духоўнае, добрае імя чалавека, яго годнасць. А крадуць жа, нават не задумваюцца! Самая жудасная для мяне з’ява сёння – выкраданне людзей для нявольніцкай працы, для продажу ў рабства. Часам паглядзіш тэлеперадачу “Жди меня” – і млосна робіцца, да чаго свет дакаціўся: за грошы чалавека могуць прынізіць, адабраць у яго гонар і годнасць, ператварыць у бяспраўную рэч, якою можна проста карыстацца, а пасля яе пазбыцца…
На днях ў касцёле прымалі першую камунію дзеці. Якая прыгожая таямніца – дзеці пачынаюць будаваць свае адносіны з Богам, гэта цудоўна! Але вельмі часта бывае, што прыняццем гэтага сакрамэнту ўсё і заканчваецца, дзеці губляюць гэтую сувязь з Богам, гэта значыць – абкрадаюць самі сябе. Толькі яны яшчэ гэтага дакладна не разумеюць, тут трэба, каб дапамаглі ім дарослыя. Я нават у сваім узросце малюся і прашу: Божанька, не дапусці мне збяднець духам, не дай, каб парвалася мая нітачка сувязі з Табою.
Кс. Мечыслаў:
– Так, меркаванне Ніны – бясспрэчнае: самае вялікае багацце – не золата, не срэбра, не тое, што назапасіць чалавек падчас зямнога свайго жыцця, – а тое, што дасць яму Пан Бог. Як жа гэтага не згубіць, не страціць і не ўкрасці самому ў сябе?
Станіслаў:
– Хачу пагадзіцца з тым, што крадзеж духоўнага яшчэ больш абразлівы для чалавека, якога абакралі, чым крадзеж матэрыяльнага. І гэта адбываецца амаль на кожным кроку – напрыклад, у грамадскім транспарце, у магазіне, на вуліцы, па суседству, а нават і ў працоўным калектыве. Людзі часам не лічацца са словамі – каб сябе прыпаднесці ў выгадным свеце, іншага могуць абгаварыць, ачарніць. У чалавека так лёгка ўкрасці добры настрой, але як пасля вярнуць яго? І гэта такая няпростая справа, асабліва, калі адбываецца штодня. Па адукацыі я інжынер, і зараз мая праца звязана з выкананнем пэўных кантрольных функцый, а гэта азначае, што за дапушчаныя працаўнікамі парушэнні магчыма пазбаўленне іх прэміяльнай да-платы. Напэўна, калі гэта прымяняю, я адымаю ў чалавека добры настрой. А як у такім выпадку паступіць? Вельмі складана знайсці мяжу паміж выкананнем сваіх службовых абавязкаў і пры гэтым не ўкрасці добры настрой у іншага. Тут, відаць, адзіны адказ – быць да канца сумленным і разумець, што прадухіляеш чалавека ад памылак, якія ён сам дапускае і якія ва ўмовах працы на прадпрыемстве могуць мець цяжкія наступствы. Іншымі словамі, дабрата – гэта не патуранне, дабрата павінна быць сардэчнай, але адначасова жорсткай. Што датычыцца крадзежу матэрыяльнага, то ў пэўнай часткі нашага грамадства, асабліва у людзей, якія жылі яшчэ пры калгаснай форме ўласнасці, працавалі ў калгасах, укаранілася такая шкодніцкая звычка – “узяць” калгаснага. Гэтая звычка распаўсюдзілася пазней і на ўмовы прадпрыемстваў.
Ніна:
– Сапраўды, так было. Наша сям’я – карэнныя жыхары Глыбокага, мой тата быў першым старшынёю калгаса. Днём прызываў людзей працаваць, а ноччу хадзіў пільнаваць, каб не кралі… А тыя, хто ішоў красці, не лічылі гэта за грэх, ці за вя-лікую правіннасць – бралі “што дрэнна ляжыць”, калгаснае, або “нічыё”.
Галіна:
– Але калі шчыра так падумаць, то ці грэх гэта, калі пасля жніва людзі хадзілі збіраць каласкі жыта, або жанчына падбярэ некалькі пачаткаў кукурузы галодным дзецям? Былі ж і моцна бедныя сем’і… І ведаем, якія парадкі былі ў калгасах, колькі дабра прападала на палетках, на дарогах – ніхто нічога не збіраў, а чалавек не меў права падняць. Дык хіба лепей было б, каб згніло?..
Тадэвуш:
– Прападала і гніло многа чаго, але за каласкі, ці за мяшок бульбы не адзін і ў турме пася-дзеў…
Вядучы:
– Калі пойдзем па такім шляху разважанняў, дык уцягнемся ў цяжкі грэх – прыдзем да высновы: на чым вока затрымалася, тое і бяры. Але на тое, што не тваё, патрэбна заўсёды мець дазвол. Канешне, у кожнага з нас шмат прыкладаў нават з уласнага дзяцінства, калі хацелася з’есці яблык менавіта з суседняга саду. Павінен прызнацца, і са мною было такое. У нашай вёсцы было тры ці чатыры дрэвы чарэшні, і ўсім яе надта хацелася. Я тады ў класе 5-м ці 6-м быў. Залезлі з хлопцамі, нарвалі. Пасля сам пытаю: а чаму мы так – можа гаспадар дазволіць? Пайшлі, запыталі, а ён : бярыце – колькі хочаце! Так і ў іншых выпадках. Калі чалавек працягне руку, каб сарваць яблык і насыціць сябе, бо памірае, сасмаглы, гэта не будзе, па Закону, грахом, але калі крадзе, бо прывык гэта рабіць… У Польшчы я меў такога знаёмага, які працаваў на заводзе па вытворчасці шкла. Дык ён прызнаваўся, што працаўнікі, лічачы, што ім за іх працу недаплачваюць, прызвычаіліся таксама браць з вытворчасці посуд і наогул каму што патрэбна. І не лічылі гэта за грэх. А чаму не лічылі? Бог запаведаў канкрэтна “Не крадзі”, і якія тут могуць быць іншыя меркаванні…
Пэўна, крадзеж духоўнага можа мець больш цяжкія наступствы, чым крадзеж матэрыяльнага. І не вызывае сумневу тое, што вельмі часта чалавек сам сябе абкрадае: раз не пайшоў у касцёл, два не пайшоў, тры – і надыходзіць пустата ў сэрцы…
Станіслаў:
– Я памятаю, як аднойчы, яшчэ не хадзіў у школу, сарваў у суседнім агародзе галоўку маку (тады гаспадыні яго высявалі, з макам пяклі пірагі). Нехта ўбачыў, дазналіся бацькі, і са мной правялі такую “работу”, што да сённяшняга дня помню. Пасля тата прыказаў ісці да суседа, прызнацца і папрасіць прабачэння. Гэта было самае цяжкае – прызнацца. Але якую палёгку атрымаў, калі ўсё ж пайшоў і папрасіў прабачэння! І гэта быў для мяне урок.
Тадэвуш:
– Падобны “урок”атрымаў і я, таксама да сёння помню. Пайшоў гуляць да дзяцей, бачу – складаны ножык ляжыць, саржавелы, ручка зломаная. Забраў яго і пайшоў у кузню, дзе працаваў бацька, каб той нож натачыць. Бацька: “Адкуль ён у цябе?”. Я нешта замяўся, маўляў, ён няспраўны, валяўся, нікому не патрэбны… Тата яго зрабіў, натачыў, а тады ўзяў рамень і – мяне перад сабою праз усю вуліцу: “Ідзі і аддай”.
Галіна:
– Дазвольце і мне ўспомніць выпадак з дзяцінства. Паслалі бацькі ў магазін за хлебам. Я – на веласіпед, паехала, купіла і бачу – прадавец дала лішні рубель здачы. Прыехала дамоў, радасная, расказваю… Як мяне тата развярнуў з тым рублём! “Едзь назад і прасі прабачэння, што не адразу вярнула”. Ой, сорамна мне было ад таго, што бачыла тую лішку адразу і хацела забраць сабе! Сорамна было перад татам, перад прадаўцом, перад сабою.
Валянціна:
– Наш тата працаваў на чыгунцы, калі “пачалася цаліна”. На станцыю прыходзілі саставы са збожжам, разгружаліся, многа зерня сыпалася на зямлю. Былі выпадкі крадзяжу, але наш тата ніколі нічога не браў, хоць і трымалі мы гаспадарку – курэй, свіней. А калі ўжо пусты вагон адыходзіў, клікаў: “Дзеўкі, бярыце венікі, ідзіце па зерне”.
Станіслаў:
– Мы ўсе з вамі шчаслівыя таму, што нас добра выхоўвалі бацькі, – ў любові, разумнай патрабавальнасці, не прызнавалі і самі не дапускалі ў сваіх паво-дзінах ніякіх адхіленняў ад правіл, ад агульнапрынятых хрысціянскіх нормаў.
Хацелася б паразважаць яшчэ над такім пытаннем: што рабіць, калі абакралі цябе? Як рэагаваць, калі сустрэнеш таго, хто нанёс табе гэтую крыўду, каб не адказаць адпаведна, каб не ўкрасці ўжо ў яго добры настрой? Цябе ж “точыць” гэты “чарвяк”… Як сябе утрымаць ад граху?
Тадэвуш:
– Лічу, што трэба памаліцца за гэтага чалавека.
Вядучы:
– А ўспомніце, калі ласка, калі і што ў вас укралі, чаго да сённяшняга дня не можаце забыць. Ці прабачылі вы свайму крыў-дзіцелю? Бо, калі прабачылі, то, напэўна, забыліся, і нішто вашае сэрца ўжо не турбуе, а калі помніце, то хіба яшчэ не прабачылі…
Людміла, сястра Кангрэгацыі сясцёр Сям’і Марыі:
– Я прабачыла, але памятаю, бо гэта было першы раз і надта незвычайны выпадак. Працавала ў Духоўнай Семінарыі ў Санкт-Пецярбургу і збіралася ехаць адразу на адпачынак, а пасля – на рэкалекцыі ў Польшчу. Сабрала сумку, а праз нейкі момант выявілася, што маленькай сумачкі – з білетам, вадзіцельскім пасведчаннем, пашпартам і візай, грашыма (сума для мяне была вялікая, на весь адпачынак і дарогу) – няма. Я ў шоку, бо без гэтага ўсяго не магла зрабіць нават кроку. Сакратар навучальнай установы паведаміў у міліцыю, а там пажартавалі: “Няхай манахіня моцна не хвалюецца, для нас гэта звычайная з’ява”. Словам, мітусні мне на той час хапіла. Малілася і, каб не раздзіраць сваё сэрца думкамі, прабачала таму, хто гэта ўчыніў. Дзякаваць Богу, зрабіла і пашпарт, і візу, паехала на рэкалекцыі. Мінула сем месяцаў. Прыходзіць да нас у Се-мінарыю мужчына, працаўнік з суседняга будынка, і кажа, што нешта яны там рабілі на тэрыторыі і знайшлі сумачку, па дакументах пазналі, што належыць яна камусьці з вашых… Я была моцна ўражаная і здзіўленая – знайшлося маё ўсё, у тым ліку тая значная сума грошай, якую я добра прыхавала, а “той нехта” яе не знайшоў, а можа не шукаў… Для мяне гэта быў таксама знак…
Вядучы:
– Бог вучыць, што трэба прабачаць сваім крыўдзіцелям. Памятаеце радкі з нашай што-дзённай малітвы: “Прабач нам правіны нашы, як і мы прабачаем вінаватым нашым…” Прабачаем вінаватым… Бо калі не прабачаем, то цяжка нам самым, наша сэрца становіцца жорсткім, каменным. А прабачэнне азначае, што факт абкрадання нас мы не палічылі пракляццем для нас, а магчымасцю наблізіцца да Пана Бога. Тут я хацеў бы напомніць пра святога Ёва, які прымірыўся з усім, што здарылася ў яго жыцці: страціў маёмасць, страціў дзяцей (“Бог даў, Бог і забраў”), захварэў цяжкаю невылечнаю хваробаю. Ёв моцна цярпеў, і за цярпенне Бог узнагародзіў яго зноў – Ёв вылячыўся, да яго вярнулася багацце, нарадзіліся дзеці. Адсюль вывад: чалавек, страціўшы нешта матэрыяльнае, не павінен кідацца ў вялікую роспач, а задаць сабе пытанне: а можа той, хто ўкраў, галодны, моцна бедны, моцна патрабуе? А можа я мог бы па-дзяліцца з бяднейшым? І зрабіць гэта так, каб не прынізіць яго і не абразіць?
Станіслаў:
– Сапраўды, Запаведзь, на першы погляд, простая і зразумелая, а колькі розных сітуацый і нюансаў вакол яе ў жыцці! І звязана гэта, як бачым, з крадзяжом і матэрыяльнага, і нематэрыяльнага. Але ў чым прычына, чаму гэты грэх супраць 7-й Запаведзі наогул існуе? Старэйшыя людзі расказвалі, што да вайны людзі нічога не замыкалі, ніхто нічога не краў… На мой погляд, прычына тут – зайздрасць і разам з ёю нейкая людская ганарыстасць, самаўпэўненасць, фанабэрыстасць (машына ў мяне павінна быць лепшая, дом – вышэйшы, кветкі – прыгажэйшыя і г.д.). І чалавек пазбаўляецца сну, думкі яго скіроўваюцца ў напрамку: дзе ўзяць яшчэ? Паглядзіце, як у астатні час распаўсюдзілася з’ява, звязаная з паняццем “танная працоўная сіла”. Тут ужо пераблыталіся ўсе аспекты – маральныя, сацыяльныя… На мэце ў такога “працадаўцы”, безумоўна, нажыва, сумленне яго не мучыць…
Вядучы:
– Думаю, паразважаць над тым, “мучыць” ці не “мучыць”, таксама карысна. Раскажу пра выпадак, які адбыўся ў Легніцы (Польшча) падчас рэкалекцый для святароў. Прыйшла жанчына і прапанавала на ахвяру Касцёла вялікую суму. Сказала, што муж яе быў таксіст, і 10 гадоў назад нехта з пасажыраў пакінуў у салоне аўтамабіля сумачку з грашыма. Муж забраў яе сабе, але нічога не патраціў, маўчаў і праз 10 гадоў вырашыў гэтыя грошы (разам з працэнтамі!) аддаць Касцёлу. Бачыце, мужчына, які прысвоіў чужое, не зрабіўшы нават спробы знайсці ўладальніка сумы, не ў сілах быў насіць у сваім сэрцы гэты грэх далей. І нават не ў сілах быў сам прысці – прыслаў жонку… Яркім біблійным прыкладам пакаяння з’яўляецца Закхей – багаты чалавек, начальнік мытнікаў, які, узрушаны сустрэчаю з Езусам, паабяцаў, што ўсім, каго пакрыўдзіў, дасць у чатыры разы болей…
Бачыце, крадзенае ці прысвоенае – не нагрэе, не прынясе супакою, не надасць радасці, яно будзе, як іржа, раз’ядаць чалавека знутры… І ў натоўпе гэты чалавек не схаваецца, бо Бог не звяртаецца да натоўпу – заўсёды персанальна да кожнага…
Запаведзь, якую разглядаем сёння, вельмі аб’ёмістая, мы да-крануліся толькі да некаторых яе аспектаў. Хацеў бы прызваць усіх парафіянаў, а з выпадку – і чытачоў часопіса, каб пагля-дзелі на 7-ю Запаведзь як на волю Божую і каб узялі за правіла: тое, “што дрэнна ляжыць”, не павінна станавіцца нашым!
Paica СУШКО
Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD
Прыкладныя пытанні да споведзі па 7-й Запаведзі
– Ці шануеш права на асабістую ўласнасць і ўласнасць бліжніх? Ці выконваеш гэтае прыказанне праз практыкаванне справядлівасці і любові, умеранасці і салідарнасці? Ці сумленна здабыў ты сваю маёмасць? Ці ўмееш дзяліцца сваёю ўласнасцю з патрабуючымі? Ці стрымліваеш свае абяцанні і ці прытрымліваешся прынятых умоваў? Ці выправіў учыненую несправядлівасць? Ці вярнуў бяспраўна набытую рэч?
– Ці не ўтрымліваеш у сябе якія-небудзь згубленыя прадметы, калі ведаеш, каму яны належаць?
– Ці не бярэш ты хабар?
– Ці не махлюеш, прадаючы тавар (бярэш лішнія грошы, выкарыстоўваеш няправільныя гіры)?
– Ці не прысвоіў сабе ўласнасць бліжняга? Ці справяд-ліва ўзнагароджваў за працу? Ці не ганьбіў вартасць тавараў, каб пашкодзіць пакупніку? Ці не фальсіфіцыраваў чэкаў і рахункаў? Ці сумленна плаціш падаткі? Ці не ўчыніў ліхвярства і карупцыі? Ці не выкарыстоўваў супольнага дабра для асабістага спажывання? Ці сумленна выконваў сваю працу, ці не нанёс шкоду і страту праз марнатраўства?
– Ці не псуеш ты чужую ўласнасць?
– Ці не хлусіў каму пры заключэнні пагадненняў і здзелак?
– Калі ты працадаўца, то ці шануеш сваіх працаўнікоў і ці не парушаеш іх правы? Ці не быў зацікаўлены ў гаспадарчай дзейнасці з адзінаю мэтаю – атрыманнем прыбытку? Ці вырашаў праблемы на працы шляхам дыялогу?
– Ці памятаеш, што праца з’яўляецца і правам, і адначасова абавязкам, і што, выконваючы яе з зацікаўленасцю, кампетэнтна, супрацоўнічаеш са Створцаю? Ці трактуеш сваю працу як крыніцу ўтрымання сябе і сваіх бліжніх і як службу людской супольнасці, і ці праца становіцца сродкам твайго асвячэння і супрацоўніцтва з Хрыстусам ў справе Яго Збаўлення?
– Ці ангажаваўся ў палітычным і грамадскім жыцці як хрысціянін? Ці клапаціўся пра падтрымку супакою і справядлівасці?
– Ці памятаеш словы Пана Езуса: “Усё, што ўчынілі аднаму з тых братоў Маіх меншых, Мне ўчынілі”? Ці ў меру сваіх магчымасцей падтрымліваў убогіх не толькі матэрыяльна, але і маральна і рэлігійна?
– Ці рабіў ты ўчынкі міласэрнасці, якія датычацца душы (грэшнікаў – успамінаць, невукаў – навучаць, тым, хто сумняваецца, даваць параду, засмучаных – суцяшаць, цярпліва зносіць крыўду, ахвотна прабачаць, маліцца за жывых і памерлых)? Ці выконваеш учынкі міласэрнасці, якія датычацца цела (галодных – накарміць, сасмаглых – напаіць, нагіх – адзець, пілігрымаў – прыняць у дом, хворых – адведаць, асуджаных – падтрымаць, памерлых – пахаваць)?