Абмеркаваць 9-ю Божую Запаведзь “Не пажадай жонкі бліжняга твайго” у парафіі св. Андрэя, апостала, і св. Леапольда Багдана Мандзіча ў Мінску (Уручча) сабралася выключна моладзь. Як уяўляюць сабе яе патрабаванні незамужнія дзяўчаты і нежанатыя хлопцы?Які карысны (ці наадварот) вопыт заўважылі на прыкладах жыцця сваіх суседзяў, знаёмых, родных?
Пра кавалак цукру
Вядучы “круглага стала” – вікарый парафіі кс. Яўгеній Эйсмант, SAC:
– З аднаго боку – Запаведзь вельмі складаная, далікатная, можна сказаць, інтымная; з другога – вельмі прыгожая. Рыхтуючыся да сённяшняй сустрэчы, я прачытаў прытчу, якая, на мой погляд, у некаторай ступені адлюстроўвае асаблівасці 9-й Запаведзі. Стварыў Бог 10 Адамаў. Прыдбалі яны сабе нейкае рамяство, жылі, але ў пэўны час прыходзяць да Айца і скардзяцца: нечага не хапае. Даў ім Бог матэрыял і сказаў: зляпіце кожны сабе жанчыну – на свой густ. А каб жыццё было салодкім, прынёс ім яшчэ цукру і сказаў: дайце кожны па кавалку сваёй жонцы. Так і зрабілі. Праз момант Бог кажа: але сярод вас ёсць махляр, бо на блюдзе было 11 кавалкаў цукру. Значыць, нехта ўзяў два. З тых пор 9 мужчын думаюць, што нечая жонка салодшая, бо з’ела два кавалкі цукру, і толькі адзін мужчына ведае, што ўсе – аднолькавыя, бо два кавалкі цукру з’еў ён сам. Гэта – прытча, але нешта падобнае адбываецца і ў нашай што-дзённасці: чалавек заўсёды, нават, калі мае ўсяго шмат, шукае нечага яшчэ лепшага, яшчэ салодшага. Сапраўды, Бог стварыў чалавека, стварыў жанчыну і стварыў яе вельмі прыгожай. Мужчына часам дзівіцца на гэтую прыгажосць, захапляецца ёю – захапляецца Божым стварэннем! У гэты момант справядліва было б усклікнуць: “Дзякуй Табе, Пане Божа, за гэтую натуральную прыгажосць!”, але прыгажосць тут заканчваецца, бо ў мужчыны з’явіліся ўжо іншыя думкі, узнікае жаданне, прагненне мець гэтую жанчыну пры сабе. Значыць, у гэты момант прыходзіць парушэнне Запаведзі, бо Бог запаведаў “Не пажадай!”, а чалавек – пажадаў. А калі з’яўляецца пажаданне, тады цяжка захаваць Запаведзь, тады ўжо з’яўляецца правакацыя на грэх. Несапраўднае пачынае кіраваць намі… Рацыянальнае паўшар’е галаўнога мозгу выключаецца, а працуе толькі пачуццёвае, эмацыянальнае… Прызываю вас падзяліцца сапраўдным перажываннем гэтай Запаведзі, таму што ў наш час яе цяжка захаваць, бо ў многіх выпадках чалавек стаў прадметам гандлю! Прызываю адказаць на пытанне:
Што азначае для мяне 9-я Запаведзь?
Лена Ю:
– Першая асацыяцыя, якая ўзнікае, звязана са сферай сэксуальнай. “Не пажадай” чужой жонкі, чужога мужа… Але можа такая асацыяцыя ўзнікае толькі на першы погляд, а на самой справе Бог мае на ўвазе больш шырокі спектр адносінаў і хоча, каб мы адчувалі аднолькавыя пачуцці да ўсіх людзей – прыгожых і непрыгожых, каб любілі ўсіх аднолькава. З погляду псіхалогіі, людзі прыгожыя заўсёды маюць у жыцці большы поспех і прыцягваюць да сябе астатніх, часам становяцца нават кумірамі гэтых астатніх, правацыруюць іх… Але любіць патрэбна ўсіх аднолькава, нават сваіх ворагаў…
Лена А. :
– Так бывае незаўсёды. Мы людзі слабыя і незаўсёды ўсведамляем свае імкненні, паводзіны. Не заўсёды можам вызначыць, падабаецца гэты чалавек нам, ці не. Але калі чалавек табе нават і зусім не падабаецца, а яму трэба дапамагчы, то што?
Лена Ю:
– Трэба пазбавіцца гэтага негатыўнага пачуцця адносна яго і дапамагчы. Да гэтага за-клікае нас Бог. Бог не выдзяляе кагосьці асобна, гаворыць проста: “Палюбі бліжняга свайго, як самога сябе…”.
Вядучы:
– Нельга не пагадзіцца: прыгажосць заўсёды прываблівае, гэта ўсе ведаюць і яе пачалі актыўна эксплуатаваць. Паглядзіце, колькі розных білбордаў з’явілася ў апошнія гады на дарогах, рэкламы, плакатаў, і ў асноўным – намаляваныя на іх маладыя прыгожыя жанчыны. Здавалася б, і тут няма нічога дрэннага. Але, калі гэты білборд прызывае “пажадай!” (чаго б табе гэта ні каштавала), “купі!” (колькі б табе гэта ні каштавала), калі прыніжае чалавечую і жаночую годнасць, правацыруе на грэх, кліча невядома куды, то гэта і ёсць адваротны бок той самай прыгажосці, якою, як рэччу, карыстаюцца дзеля рэкламы і нажывы. На самой справе з’явілася таксама многа таго, што дапамагае чалавеку, – Інтэрнэт, мабільнік, фотакамера. Гэта ўсё вельмі зручна і цудоўна, калі карыстацца ім для дабра, і вельмі дрэнна – калі наадварот…
Ірына:
– Рыхтуючыся да сённяшняга спаткання, я напісала верш на рускай мове, у якім хацела выказаць свае думкі адносна 9-й Запаведзі. Вось што ў мяне атрымалася:
Что может это быть?
Да очень просто:
Жена – твоя, ее люби и уважай.
А если уж она и не твоя,
То уважать – не переставай.
Скажу немного посерьёзней:
Жена иль, может быть, подруга
И даже, может быть,
Твоего большого друга –
Не разрешай быть шаловливым ручкам.
Не разрешай прикосновений – Там, где не тебе.
Не разрешай и поцелуев в темноте.
Но, чтобы все же отойти от слова “не”, –
Ты можешь быть отменным другом.
“Путеводителем” в беде!
Паша:
– Я хацеў бы пагадзіцца з кс.Яўгеніем: рэклама стала непрыстойнаю, недарэчнаю, часам нават цяжка зразумець яе аўтараў, злавіць ідэю. Мая спецыяльнасць – лясная гаспадарка. Прыносяць нам для азнаямлення каталогі – пілы, кустарэзы, газонакасілкі, мадэлі іншых тэхнічных сродкаў, амаль на кожнай старонцы – жанчына. Навошта прыплятаць яе туды, не разумею. Ну, стаіць там дзяўчына са шцілем кустарным – і што далей? Нічога іншага прыдумаць не маглі? Што рэкламуеце – жаночае цела ці рабочы інструмент? І такое “выкарыстанне” становіцца нормаю. Наогул нормамі становіцца ўсякая анамалія. Мая гаспадыня глядзіць усе тэлевізійныя серыялы. Колькі ў яе эмоцый і ўражанняў пасля прагляду, асабліва, калі нехта некаму здрадзіў… Яна пераказвае гэта сваім сяброўкам, і, дзіва (!), па-людску ніхто нікога ўжо не асуджае – здрада становіцца нормаю! Здаецца, іншых і размоваў у людзей ўжо няма, як толькі пра гэта…
Пытанне: адкуль пачынаецца здрада?
Саша:
– Нядаўна мне давялося размаўляць з калегаю; ён католік, яшчэ не жанаты. Кажа: ажанюся – жонцы сваёй буду здраджваць. Мне гэта падалося ненармальным: як жа так – не ажаніўся, а ўжо так заяўляеш?! Я разгубіўся, не ведаў, што яму адказаць. Пасля падумаў, што для яго гэта, хіба, таксама норма, у гэтага хлопца, як кажуць, “восточные корни”, ён з Дагестана, але калі быў ахрышчаны ў каталіцызме… Словам, не мог я яму нічога сказаць, хоць для мяне гэта было б агідна мець некалькі жонак (як у Дагестане) ці жонку або каханку “збоку”. У маім разуменні такі “расклад” жыцця – звычайная здрада. Здрады адбываюцца яшчэ і тады, калі ў юнацтве ці ў маладосці хлопец быў закаханы ў дзяўчыну, але ажаніўся па якіх-небудзь абставінах з другою. І калі што-небудзь у іх жыцці не заладзіцца – сумуе, яго думкі толькі аб той, першай… Гэта – здрада.
Пытанне: мнагажэнства ва ўсходніх краінах існавала з даўніх часоў. Але сёння і ў Расіі багатыя мужчыны заяўляюць аб тым, што ён ў стане “позволить себе” не адну жонку. Як гэта расцэньваць?
Вядучы:
– Я не жыў у культуры ўсходніх краін, таму не магу нічога сказаць з асабістых назіранняў. Але як чалавек, выхаваны ў хрысціянстве, лічу дзікасцю наяўнасць некалькі жонак у мужчыны. Бог даў Запаведзі “Не чужалож”, “Не пажадай жонкі бліжняга…” – дык пра што мы гаворым? Калі мы выбіраем Бога, то выбіраем Яго – і кропка, нічога іншага. Так і ў сужэнстве: калі абяцаем вернасць, укленчыўшы перад Божым алтаром, – значыць вернасць, і нічога іншага. А як можна быць “верным” дваім ці траім жанчынам? Нонсэнс.
Віка:
– Чаму так адбываецца, і як патрэбна адносіцца да так званых грамадзянскіх саюзаў? Жанчына, з якою нядаўна мне прышлося размаўляць, здзіўлялася, што тут дрэннага: не атрымалася з адным – паспрабуй з другім… Я расказвала ёй пра дар і сакрамэнт сужэнства, а яна ў адказ: навошта?
Вядучы:
– Перш за ўсё так адбываецца таму, што людзі баяцца адказнасці, цяжкасцей, не здольныя да самаахвярнасці. Бог даў нам свабоду, і каб мы маглі ёю карыстацца, не ўпадаючы ў грэх, даў нам Запаведзі. Але ж выкананне Запаведзей – гэта праца перш за ўсё душы, самая цяжкая праца. Чалавек сёння імкнецца жыць, маючы перад сабою тры прыярытэты: каб было лёгка, хутка і прыемна, а калі трэба прылажыць сілу, настойлівасць, цярплівасць – адыходзіць у бок. Забываецца пра абавязкі, пра свае абяцанні. Колькі прыгожых слоў гучыць, як толькі пазнаёмяцца маладыя: горы звярну, з неба зорку дастану! А калі маладая жанчына скажа, што цяжарная, куды прападае былы пафас мужчыны? “Лёгка і прыемна” заканчваецца, пачынаюцца цяжкасці сямейнага жыцця, а да цяжкасцей не прывыклі. Больш таго, не прывыклі слухаць адзін другога, дзяліцца радасцю адзін з другім, проста быць побач. Бо гэта – таксама цяжка!..
Юра:
– Калі людзі па-сапраўднаму любяць, яны не будуць уцякаць адзін ад другога – будуць берагчы сваё каханне, даражыць ім.
Саша:
– Не разумею, што за мода пайшла – жыць у грамадзянскім саюзе, каб зразумець, ці падыходзяць адзін другому. А як жа раней было – хлопцы жаніліся, дзяўчаты выходзілі замуж, нараджалі па пяцёра дзяцей, і ніхто не “парыўся”: падыходзяць ці не падыходзяць… Стваралі нармальныя сем’і і жылі.
Вядучы:
– Сапраўднае каханне патрабуе не доказу праз пасцель і сэкс, а патрабуе адкрыццяў чалавека, з якім жывеш, бо сапраўдная любоў не азначае толькі сферу сэксуальную.Сапраўднаму каханню ў першую чаргу важны другі чалавек, які будзе кожны дзень адкрывацца новымі прыгожымі гранямі і ўласцівасцямі характару. І вы абавязкова будзеце адкрываць тыя грані ў свайго суджанага, калі самі ў гэтым зацікаўленыя і спадзявацца на плён. Гэта, як тое дрэўца з Евангелля: пасадзіў чалавек, а яно не расце. Трэба ссекчы, думае адразу гаспадар, а пасля – не, няхай яшчэ гадок пабудзе: паліваць пачаў, угнаеннямі абклаў, і яно вырасла, дало плён. Такое назіранне можна прымяніць да нашай супольнасці. Паглядзіце, мы кожны чацвер з вамі сустракаемся і кожны раз мы нешта новае адзін ад другога пазнаём. Але мы не прыходзім на сустрэчу таму, што нам няма чаго рабіць, а прыходзім, бо маем мэту – пазнаём Бога, чалавека, паглыбляем веру. Мы ведаем, дзеля чаго сюды ідзём! І вы, калі любіце шчыра, – не пойдзеце шукаць кавалак цукру недзе збоку, а паспрабуеце рассмакаваць тое, што побач…
Пытанне: сітуацыя – сталы мужчына, добры сем’янін, паважае жонку, ніколі не збіраўся шукаць дадатковы кавалак цукру і раптам “здарылася” – закахаўся у жончыну сяброўку. Каханне – пачуццё прыгожае і стваральнае, але ці шчаслівы ён?
Аляксей:
– Няшчасны, таму што гэта дадасць яго сям’і шмат клопату, перажыванняў, розных праблемаў, а калі ёсць дзеці – яшчэ болей.
Лена Ю:
– А я лічу, што гэта залежыць ад чалавека, ён павінен кіраваць сваімі пачуццямі.
Пытанне: а ці патрэбна расказваць аб тым, што здарылася, жонцы, мужу?
Лена Ю.:
– Думаю, патрэбна. Калі муж і жонка асобы сталыя, яны зразумеюць адзін аднаго і, каб захаваць сям’ю, зберагчы каханне, зробяць пэўныя высновы, энергію з гэтага пачуцця накіруюць у правільным напрамку. Патрэбна, каб і жанчына, і мужчына разумелі, што рознае можа здарыцца ў жыцці.
Віка:
– Мая гісторыя. З войска я чакала свайго каханага, але аднойчы знаёмы запрасіў мяне пайсці з ім у кафэ, і я, па сваёй наіўнасці, згадзілася. Потым другі раз, трэці… Ведала, што так рабіць нельга, патрэбна быць вернай, але чамусьці на сустрэчу з юнаком ішла. І дзіўна: той, каго чакала з войска, раз ад разу станавіўся значна цікавейшым, значна мне даражэйшым, і я пачынала кахаць яго яшчэ больш… А мой новы знаёмы?.. Відаць, гэта была звычайная спакуса, якую таксама паслаў мне Бог.
Вядучы:
– Так, спакусы падпільноўваюць чалавека на кожным кроку, але ж Бог даў нам галаву, сумленне. Калі я вучыўся ў семінарыі, адзін святар пажылога веку расказваў пра сябе, што “гэтую ўлюбёнасць” ён перажываў кожны раз, як толькі сустракаў прыгожую дзяўчыну ці жанчыну – “раз на два тыдні”. Але праз сустрэчу з гэтай прыгажосцю прыходзіла да яго іскра, дзякуючы якой нанова адкрываў радасць свайго святарскага па-клікання. Ён быў задаволены тым, што нёс гэтай прыгожай жанчыне ці дзяўчыне Бога, шчаслівы ад таго, што праз Бога ўступаў з ёю ў дыялог і пры гэтым адчуваў сябе мужчынам. Тыя эмоцыі, энергію, якую гэтае пачуццё ў яго абуджала, яшчэ з большым запалам накіроўваў на выкананне сваіх душпастырскіх абавязкаў і дзякаваў за гэта Богу. Бачыце, тое пачуццё было стваральным. А што адбываецца ў нашай штодзённасці? Напрыклад, мужчына – добры сем’янін, прыносіць дамоў добры заробак, клапоціцца пра дзяцей, але пайшоў на які-небудзь карпаратыў, убачыў прыгожую жанчыну і што робіць далей? Часцей за ўсё шукае яе тэлефон або адрас ў Інтэрнэце. А яму патрэбна было б паразважаць: прыгожая жанчына, але жонка мая не горшая, хіба толькі ад працы стомленая, бо не на карпаратыве бавілася, а на гаспадарцы ўвіхалася…

“Круглы стол” працягваўся доўга; кожны выказваў свае думкі, задаваў пытанні, разважаў, згаджаўся або не згаджаўся… Успомнілі абрыдлы “Дом два”, “Русские сенсации”, “Давай поженимся”– колькі там непатрэбнага для моладзі, якая, відаць, складае асноўную глядацкую аўдыторыю! На жаль. Але пазітыўным ўсё ж застаўся настрой ад таго, што ёсць шмат юнакоў і дзяўчат, якія разумеюць, дзе сапраўдныя каштоўнасці, а дзе – звычайнае марна-траўства жыцця. Шкада толькі, што многія, як блудны сын, страцяць час, які маглі б выкарыстаць для ўзрастання ў Богу, у веры, у сваёй асабовасці.
“Круглы стол” закончыўся супольнай малітвай у інтэнцыі агульнага дабра для яго удзельнікаў, супрацоўнікаў і чытачоў часопіса “Дыялог”, каб тыя словы, якія тут прагучалі, упалі, як зерне, на падрыхтаваную глебу і далі плён.
Paica СУШКО
Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD
Прыкладныя пытанні да споведзі па 9-й Запаведзі
– Ці праз ачышчэнне сэрца і практыкаванне цноты ўмеранасці пераадольваў пажадлівасць цела ў думках і імкненнях?
– Ці молішся аб чысціні сэрца? Ці клапоцішся аб чысціні інтэнцыі і чысціні поглядаў?
– Ці кіруеш сваімі пачуццямі і ўяўленнямі?
– Ці захоўваеш цноты сарамлівасці, якія ахоўваюць інтымнасць, якой дамагаецца чысціня?
– Ці не глядзіш на іншых з пажадлівасцю?
– Ці не вядзеш ты сябе нясціпла, каб сексуальна прывабліваць іншых?
– Ці не з’яўляешся ты эксгібіцыяністам?
– Ці не выкарыстоўваеш фотаздымкі і прадстаўленні з голымі людзьмі, парнаграфіі ў рэкламе і маркетынгу?
– Ці не жадаеш палавой блізасці з жонкаю або мужам бліжняга свайго?
– Ці не выкарыстоўваеш вульгарныя словы і выразы, каб справакаваць іншых?
(Усё, што сказана было адносна шостай Запаведзі, датычыцца і дзявятай, асабліва ў разуменні важнасці святасці сямейнага жыцця).