«Круглы стол» часопіса «Дыялог»

Удзельнікі “круглага стала” у парафіі Святой Сям’і ў Лідзе разглядалі апошнюю Запаведзь Дэкалогу – “Не пажадай нічога, што належыць бліжняму твайму”. Вядучы  кс. Павел Аляскевіч, пачынаючы размову,  заўважыў, між іншым, што людзі падчас споведзі рэдка звяртаюцца менавіта да гэтай Запаведзі. Не таму, што яны не парушаюць яе патрабаванняў, а хутчэй за ўсё таму, што ў рэальным жыцці  не заўсёды  могуць  адмежаваць простае і натуральнае людское жаданне ад прагнення; не бачаць розніцы паміж “нядрэнна  было б мець” ад “прыдбаць  любою цаною”.

 

Каб крумкач гняздо не звіў

 

f-str-16– Давайце паразважаем, у чым сутнасць гэтай Запаведзі, – працягваў ён. –  Кожны дзень Бог кліча нас выконваць Яго волю, запрашае не толькі несці разам з Ім крыж, а ісці за Ім стваральным шляхам развіцця і любові. Любоў – праца сэрца, але праца цяжкая, таму чалавек не заўсёды згаджаецца і адклікаецца на Божае запрашэнне, часта зусім уцякае ад Яго патрабавальнай любові і не атрымлівае Божай ласкі, якая суправаджае нашае цярпенне. І што ў выніку? А ў выніку – пустата. Той посуд, які павінен быў быць напоўнены, за-стаецца пустым, чалавек у такім выпадку не прыдбае сабе нічога  з духоўнага – патраціць час на пошук матэрыяльнага, на ўладкаванне прагнення свайго  сэрца.
f-str-18Нядаўна на парафіяльных рэкалекцыях вядучы святар звярнуўся да ўсім  вядомага выразу, які на рускай мове гучыць: “Незаменимых людей нет”. Сапраўды, кожнага можна замяніць іншым, але той план, які існаваў у Госпада адносна гэтага канкрэтнага чалавека, не выканае за яго ніхто. Таму, калі чалавек уцякае ад выканання Божых прыказанняў, калі не імкнецца ўдасканальваць сябе як асобу, калі хоча адсядзецца недзе ў цяньку, абы толькі не ісці цярністым шляхам, ён не выканае сваю місію – па-першае, а па-другое – не атрымае Божай ласкі і злы дух апануе яго сэрца.
Хто ўдумліва і шчыра  прыняў і выконвае Божыя Запаведзі, той ведае, што дзесятая Запаведзь накіравана не супраць жаданняў чалавека наогул, а супраць жаданняў нездаровых, хцівых, якія кіруюцца злым духам. Інакш кажучы, дзесятая Запаведзь накіравана супраць людской зайздрасці, нястрыманасці ў імкненні задаволіць свае карыслівыя патрэбы і жаданні.

 

Пытанне:  што такое зай-здрасць?

 

Валерый  Вільнеўчыц:
– Чалавечая зайздрасць часам не мае межаў, людзі нават не могуць самі растлумачыць, адкуль бярэцца прагненне мець абавязкова многа; мець болей, чым у суседа; мець наогул усё. Быў час, калі я працаваў “дальнобойщиком” за мяжою. Прыйшоў у фірму і заўважыў, што ўсе зліваюць сабе паліва. І перада мною стала дылема – як жа паступіць мне, браць ці не браць? Разумеў, што, калі не буду, “як усе”, калі не буду красці, пастаўлю сябе супраць калектыву і калегі будуць адносіцца да мяне з апаскай;  калі пачну браць – буду звычайны злодзей, парушу адразу некалькі Божых Запаведзей. І дылема гэтая сур’ёзна заняла мае думкі. Вырашыў: не браць нічога! Прайшло тры месяцы, і кіраўніцтва фірмы  прымае рашэнне: у каго вялікая эканомія паліва, той будзе прэміраваны. У выніку я атрымаў 1400 эўра за тое, што… не  паддаўся спакусе. Мяне  гэта  моцна кранула, выходзіць, Бог  узнагародзіў мяне за маю сціпласць. Сапраўды,  цяжка бывае пераадолець свае пачуцці, прагненні сэрца, асабліва, калі навокал крадуць, ці можа нават і не крадуць, а, як самі лічаць, проста бяруць “при случае то, что плохо лежит”. Але, дзякаваць Богу,  зараз у мяне выпрацавана цвёрдая  пастава: не  вазьму, бо не  маё!
Парадокс  сучаснага чалавека і сучаснага жыцця: што для сённяшняга свету лічыцца нармальным – тое не нармальна для Бога. На мностве  пры-кладаў з асабістага жыцця заўважыў: спаўняецца  прадказанне Бібліі пра тое, што, аддаўшы малое, атрымаеш большае. Памятаеце, што адказаў Езус на пытанне Пятра “што атрымаем мы, якія пайшлі за Табою?”. Хрыстус  сказаў: “І кожны, хто пакінуў дом, ці братоў, ці сясцёр, ці айцоў, ці маці, ці дзяцей, ці землі дзеля Майго імя, здабудзе  ў  сто разоў больш і атрымае ў спадчыну жыццё  вечнае”.  Зараз мяне не пячэ  думка, што ў некага аўтамабіль лепшы, ці тэлефон апошняй маркі, ці яшчэ  што… Я па справядлівасці атрымоўваю болей. Хвала Пану!

 

Зоя  Мысліцкая:
– Выконваць Божыя Запаведзі нас вучылі з дзяцінства. Мой тата часта расказваў казку пра тое, як бацька з сынам укралі авечку. Зарэзалі, пачалі есці. Бацька еў смела, а сын есці баяўся. Пры гэтым бацька адчуваў сябе добра, а сын ра-біўся  што раз худзейшым. Заўважыў гэта і пытае ў бацькі: “Тата, а чаму так?”.“Бо я за-плаціў гаспадару за яе і еў, як сваё, а ты – як крадзенае”, – адказаў бацька. Казка з вуснаў майго таты заканчвалася заўсёды  адною  фразаю: “ад  кра-дзенага сыты не будзеш”. І гэта з дзяцінства ўвайшло паставаю жыцця: лепей жыць бядней, ды сумленна і нічога не баяцца. А гэта ўжо залежыць ад нашых думак, жаданняў, прагненняў;  кожны чалавек павінен разумець гэта і трымаць сябе ў рамках прыстойнасці, сціпласці і хрысціянскай маралі. Я ні на што не гляджу зайздроснымі вачамі, мне не зразумелы нават гэты стан душы  – зайздрасці. Мяне  задавальняе  тое, што ёсць у  мяне; мне  яго дастаткова.

 

Наталля  Вільнеўчыц:
–  Сапраўды, мы заўсёды павінны дзякаваць Богу за тое, чым  адарыў нас Ён,  а не прагнуць абавязкова набыць тое, чаго ў нас няма, але  ёсць, напрыклад, у суседа ці знаёмага. Зараз у нашым грамадстве моцна культывіруецца такая “формула” жыцця – каб набыць як мага болей рэчаў. У вялікай ступені ёй спрыяе настойлівая  рэклама. Чалавек  становіцца залежным ужо ад яе і трапляе ў парочны круг: праца – закупы – праца… Пры гэтым ён губляе сон, траціць свае духоўныя і фізічныя сілы. І так штодня. Не  застаецца часу на Бога, на тое, каб  па-глядзець на сваю душу і задумацца, як сам  жывеш… Чым больш чалавек зарабляе, тым болей траціць. Чым болей траціць, тым больш узрастае патрэба зарабляць  зноў…  Пачынае працаваць ужо і ў святы, і ў нядзелю… Часта здараецца, што прагненне, скваплівасць так падпарадкоўваюць  натуру  чалавека, што ён траціць магчымасць наогул кіраваць сваімі паступкамі, дзеяннямі, трапляе ў звычайную  залежнасць  ад  матэрыяльнага,  жыццё  ператвараецца ў нястрымную гонку. Але прычына такога становішча – у самым чалавеку, бо прагненне  нараджаецца ад нашых думак, запаўняе сабою сэрца, а пасля цела выконвае ўсё тое, чаго прагне душа. Адзін моліцца, “Пане  Божа, дапамажы знайсці працу, каб атрымоўваць вялікія грошы”, а другі моліцца “Пане Божа, дапамажы  ачысціцца ад прагнення, ад хцівасці, каб быць  свабодным для  еднасці з Табою”. Пэўна, кожнага з нас  акружае матэрыяльны свет, без  яго  абысціся не можам, але дазволіць, каб ён падпарадкаваў наш розум?! Бог даў  розум  чалавеку, а не рэчам. Запомніліся мне разважанні аднаго  прапаведніка, які казаў:  я  не магу  забараніць  крумкачу лятаць  над  маёю галавою, але не дапушчу, каб звіў  гняздо на маёй галаве. Так і з нашымі думкамі: няхай сабе лятаюць над  нашай галавою, але  нельга  дапусціць,  каб  яны пусцілі свае карані глыбока і ўзялі нашу істоту ў палон. Нельга дапусціць, каб злы дух ў вобразе крумкача  звіў гняздо на нашай  галаве.

 

Пытанне: а ці прыходзілі каму ў галаву думкі, маўляў, сусед амаль не працуе, а мае  многа, а я працую ад ранку да вечара, не пакладаючы рук, і не магу звесці канцы з канцамі…

 

Наталля:
– Такія думкі, здаецца мне, прыходзяць да галавы многім людзям. Прызнацца, і мяне наведвалі, але, дзякаваць Богу, пазбавілася іх. Дапамог Бог, Касцёл, евангелізацыйны рух  Gloriosa Trinita, у якім удзельнічаю разам з іншымі вернікамі. Зараз не заклапочвае мяне тое, хто колькі мае, бо калі падумаеш часам, якою цаною яно набыта…

 

 Валерый:
– Асабіста мне ўжо многа разоў Бог  даваў такія знакі жыцця, якія пераконвалі ў неабходнасці быць шчырым хрысціянінам: не будзь зайздросным,  карыслівым,  не   бяры, што  не тваё, нават  з’едлівых  думак не дапускай і бу-дзеш мець спакой і дастатак.
Зноў прывяду прыклад з працы. Доўгі час працаваў на рэфрыжэратары, перавозіў мяса. Кавалак яго заўсёды можна  было  ўзяць  сабе, і ніякіх праблем. Але  аднойчы падчас  працяглага  стаяння  на  мытні з мае фуры было ўкрадзена 14 туш мяса, і я вымушаны быў за ўсё заплаціць! Выпадак  для мяне быў моцна павучальны… Разважаў  пасля: навошта было мне браць чужое, зарабляць грахі перад Госпадам?.. У дарозе і сёння здараецца  рознае:  гарэхі з парванага  яшчыка  пасыплюцца, яблыкі ці яшчэ які дробны тавар – не вазьму, бо не маё. Калегі  ведаюць  мой прынцып; часам  збяруцца на пар-кінгу і  частуюць  кавуном: “Валера, еш!”. Аднекваюся, маўляў, не буду. А яны: “Еш, не бойся, не крадзены – нам дазволілі  пачаставацца!”.
Наталля:
– Зноў пра зайздрасць. Хутчэй за ўсё гэта ўжо людская натура такая – да ўсяго пры-глядацца: які дом, якая кватэра, якая машына або хто ва што адзеты, аналізаваць і зайздросціць нават знешняму вы-гляду, знешняй прыгажосці, хоць усе ведаюць, што зусім не ў гэтым сапраўдная годнасць жанчыны, ці мужчыны. А зараз жа ёсць на  што паглядзець  – толькі вокам кінь, усе зазываюць…

 

Вядучы:
– Так,  гэтымі стратэгіямі добра  валодае маркетынг: чым  найлепей зацікавіць чалавека, як выгадна прыпаднесці тавар, паслугі, каб абыйсці сваіх канкурэнтаў, а чалавек часта бывае несвядомы. Бог стукаецца  ў дзверы яго сэрца, імкнецца разбудзіць яго, дапамагае  прачнуцца, падае знакі, а чалавек быццам глухі… І патрэбен час, каб  супрацоўніцтва Бога і чалавека, урэшце, здзейснілася…

 

Наталля:
–  Сама я  таксама зайздросціла; я зайздросціла  бацькам, чые дзеці добра вучацца: чаму мае не такія, як іх заставіць вучыцца? Пасля прыйшла такая думка: не мая тут воля – тут  воля Бога, няхай  Ён кіруе… Пазней  пачала прыглядацца – нашы дзеці вельмі творчыя, усім цікавяцца, у іх многа  розных  ідэй, прапаноў… Старэйшага сына аддалі вучыцца ў музычную школу  па  класу баяна, але нешта супраціўлялася  ўнутры яго. Змяніў баян на гітару і зараз іграе ў касцёле – прыгожа, натхнёна, яго песні  славяць Бога, і я бачу, як ён духоўна і творча развіваецца.

 

Вядучы:
– У кожным чалавеку ёсць адчуванне прыгажосці, але яго патрэбна адкрыць.Толькі аднаго жадання – дзіцячага ці бацькоўскага – недастаткова, патрэбна Божае благаслаўленне. Ведаю гэта з асабістага вопыту. Я таксама скончыў музычную школу, а пасля – вучылішча па класу баяна, але сапраўдная  музыка пачалася, калі прыйшоў у касцёл, калі на гэтую  справу благаславіў Бог, бо  толькі  Ён ведае, дзе  чалавек  знойдзе  адпаведную  сумяшчальнасць  свайго жадання з магчымасцямі, якія і падрыхтаваны  для  яго  самым Госпадам.

 
Анастасія  Навіцкая:

Удзельнікі "круглага стала" у парафіі Святой Сям'і ў Лідзе (злева направа) Зоя Мысліцкая, Наталля і Валерый Вільнеўчыц, кл. Павел Канановіч, Анастасія Навіцкая разам з вядучым кс. Паўлам Аляскевічам

Удзельнікі «круглага стала» у парафіі Святой Сям’і ў Лідзе (злева направа)
Зоя Мысліцкая, Наталля і Валерый Вільнеўчыц, кл. Павел Канановіч, Анастасія Навіцкая разам з вядучым кс. Паўлам Аляскевічам

–  Скажу  пра сябе: я  скончыла  школу, марыла  вучыцца і не звяртала ўвагі на волю Божую, не прыслухоўвалася да свайго ўнутранага  голасу.  Мне раілі стаць эканамістам, і я стала  ім. Пасля  ВНУ уладкавалася на працу, але нечага мне не хапала. Я хадзіла ў касцёл і пытала ў Бога,  чаго чакае ад мяне Ён. У красавіку ўступіла ў супольнасць сясцёр, якая працуе ў нас, і разумею, што зараз я станаўлюся на сваё месца ў жыцці. Словам, усе  нашыя  дзеянні  пачынаюцца   з думак.

 

Павел Канановіч, клерык:
–Дзесятая Запаведзь датычыцца перш за ўсё нашай асобы, таго, хто мы ёсць і якія мы ёсць. Канешне, стан душы чалавека залежыць ад многіх фактараў – ад генаў, выхавання і асяроддзя, у якім вырас, адукацыі, і ў пэўнай ступені ён усё гэта адлюстроўвае. Але Запаведзь паказвае, чаго Бог чакае ад нас. Іншымі словамі Ён не проста хоча, каб  мы былі людзьмі, якія не крадуць, не забіваюць, не чужаложствуюць, не сведчаць фальшыва супраць бліжняга, але каб нічога гэтага мы не дапускалі нават у сваіх думках. Каб розум наш быў чысты ад усялякага злога замыслу!

 

Наталля:
– У сучасным свеце для чалавека так многа спакусы, што ў кожную хвіліну жыцця мы павінны прасіць, каб  Гасподзь фільтраваў нашыя думкі і жаданні, каб  сэрца нашае не было абцяжарана хцівасцю, пажадлівасцю, зайздрасцю, каб матэрыяльнае  не  зацьміла сабою духоўнае, і каб мы заўсёды мелі думкі, годныя велічы Пана  Бога.

 
Вядучы:
– У папярэдніх дзевяці Запаведзях Бог перасцерагае нас, каб не рабілі грэшных спраў, а ў Запаведзі, якую разглядаем сёння, звяртае нашую ўвагу на крыніцу граху – нашыя думкі. Ён глядзіць глыбока ў сэрца, на  душу чалавека і запаведуе: не пажадай нічога, што належыць іншаму, нават у думках сваіх. Бо, калі пажадаеш, то ў сэрцы  сваім  пасееш  зерне  зла,  яно прарасце, разгалінуецца і будзе  падштурхоўваць  на  грэх і твае вочы, і твае рукі, і тваё цела. А калі  чалавек  бу-дзе імкнуцца  выконваць гэтую Запаведзь, яму  лягчэй  будзе выконваць і ўсе астатнія, і ён ніколі  не зблудзіць з Хрыстовай Дарогі.

 

 Paica СУШКО
Здымкі  Карнэлія  КОНСЭКА, SVD


 Прыкладныя пытанні да споведзі па 10-й Запаведзі

- Ці дбаеш аб павазе да чужых рэчаў, захоўваючы гэтае прыказанне?
- Ці не паддаешся граху хцівасці і празмернаму жаданню дабра бліжніх?
- Ці не саграшыў зайздрасцю, якая  азначае смутак з поваду дабра, якое належыць іншаму чалавеку, і празмернае імкненне захапіць гэтае дабро?
- Ці не скупы ты?
- Ці клапоцішся пра ўбоства свайго сэрца?
- Ці прагнеш Бога – сапраўднага шчасця, якое вызваляе цябе ад празмернай прыхільнасці да матэрыяльных дабротаў?
- Ці не вызывае ў цябе смутку поспех іншых людзей?
- Ці не жадаеш зла людзям?
- Ці не зайздросціш пасадзе і працы іншых?
- Ці не радуешся, калі з іншымі людзьмі нехта паступае не па-людску, або калі іншыя становяцца банкротамі?
- Ці не выкарыстоўваеш чужое дабро?
- Ці вярнуў ты ўладальніку пазычаныя рэчы ў добрым стане?
- Ці не перашкаджаў чужому поспеху?


                                                           

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий