«Круглы стол» часопіса «Дыялог»

…Каб размова пра Божыя Запаведзі на старонках часопіса была сапраўды жывою, рэдакцыя, па дамоўленасці са святарамі, арганізавала  правя-дзенне  “круглых сталоў” у парафіях. У парафіі Найсвяцейшага  Сэрца Пана Езуса  ў Ляхавічах  прадметам разважанняў была  Другая Запаведзь “Не ўжывай  імя Пана Бога твайго дарэмна”.

 

Імя Пана Бога

Вядучая: – Перш чым пачаць размову – звернемся да Бібліі, адзінай кнігі, якая дае адказы на ўсе пытанні жыцця і якую трэба чытаць кожны дзень на працягу ўсяго жыцця. Каб чалавек разумеў гэта з малых гадоў, напэўна, зрабіў бы меней памылак. Вось як падае Стары Запавет 2-ю Запаведзь: “Не кляніся імем Маім ў хлусні, і не знеслаўляй імя Бога твайго. Я Гасподзь (Бог ваш)». (Лев 19, 12). “Не прывучай тваіх вуснаў да грубай няветлівасці, бо пры ёй бываюць грахоўныя словы. Чалавек, які з маленства прывыкае да лаянкавых слоў, ва ўсе дні свае не навучыцца. Для слоў сваіх зрабі вагу і меру, і для вуснаў тваіх  –  дзверы  і замок” (Сір 23,16 і 19; 28, 29).
 
2-я Запаведзь – пра  ўзаемаадносіны чалавека непасрэдна  з Богам праз слова. Словам  можна забіць не толькі чалавека, але і пакрыўдзіць Бога, за  што можна атрымаць вечную  кару. Стары Запавет прыводзіць шмат выпадкаў пакарання смерцю людзей за блюзнерства на Пана Бога. Нашы дні таксама  сведчаць пра гэта. СМІ прыво-дзяць шмат такіх фактаў. Напрыклад, пра бразільскага палітыка Танкрэда ды  Амейда Невеса, які самаўпэўнена сказаў у ходзе прадвыбарчай  прэзідэнцкай кампаніі: “Калі я набяру 500 000 галасоў сваёй партыі, то нават сам Бог не зможа пацясніць мяне з паста прэзідэнта”. Канешне, ён набраў неабходную колькасць, але за дзень да таго, як стаць прэзідэнтам, раптоўна памёр.  Мы – хрысціяне, але, калі не давяраем Богу, тым самым парушаем закон далікатных узаемаадносін  з Ім, прыкрываем сваё беззаконне свяшчэнным імем Бога. Блюзнерства супраць імені  Найсвяцейшай Тройцы, Панны Марыі, святых  часта назіраем у Інтэрнэце, падчас рок-канцэртаў, чуем у анекдотах. Прыводзяцца выхапленыя цытаты з Бібліі, якія яшчэ ў часы Езуса і фарысеі, і д’ябал выкарыстоўвалі  для ня-правільнага трактавання Слова Божага і, такім чынам, папаўнялі шэрагі прыхільнікаў цемры. Чалавеку, які не трымаў ніколі Святое Пісанне ў руках, Інтэрнэт на розных правакацыйных сайтах можа даць шмат негатыву пра Бога, і несвядомы можа паверыць усяму напісанаму. Дарэчы, для карыстання Інтэрнэтам  ў славу Божую існуе малітва, якую трэба чытаць заўсёды.

 

Зося Сяргей: f-str-16
  –“Уцяшайся Панам Богам, аддай Яму шлях твой, ускладзі на Яго клопаты  твае і Ён падтрымае Цябе…»(Пс 36, 4-7). «Ён прычыняе раны, і Сам іх абвязвае; Ён паражае, і Яго ж рукі лечаць” (Ёв 5,18). Гэта – словы са Святога Пісання, а як іх выконваем? Ведаю такіх вернікаў, якія ў   касцёл ходзяць толькі ў вялікія  святы, рэдка моляцца. Кажуць: галоўнае – мець Бога ў душы, а спавядацца і маліцца неабавязкова. Імкнуцца жыць толькі ў матэрыяльным камфорце, укладаючы ўсе сілы, каб быў добры дастатак, – і  ўсё. А калі здараецца якое няшчасце ў іх жыцці, кажуць, што Пан Бог пра іх забыў, забываючы самі Яго словы: ”Хто хоча ісці за Мной, няхай возьме крыж свой і ідзе за Мной”. Нядаўна я наведала адну хворую парафіянку і напомніла ёй, што яна доўга не спавядалася, і што пробашч кс. Станіслаў можа наведаць яе дома. Але яна абурылася на мяне і на Пана Бога. Крычала, што Бога няма, інакш чаму Ён дапусціў, што ў яе паралізавана дачка, і сама яна нямоглая?  Я старалася абараніць Творцу, але яна не хацела слухаць.  Пайшла ад яе з болем у сэрцы за яе блюзнерства і нявер’е ў Пана Бога. Па дарозе малілася за яе і яе дачку, малюся цяпер кожны дзень, просячы міласэрнасці ў Госпада.”

 

Рэгіна Лукашэвіч:
– Я хачу сказаць пра ўжыванне імя Пана Бога без належнай пашаны, пра неналежныя і непаважлівыя адносіны да касцёла,  святых рэчаў, пра праклёны іншага чалавека імем Бога, як часта здараецца сярод вернікаў. Мне як старшыні касцёльнай рады прыходзіцца часам рабіць прыхаджанам заўвагі, шмат аб чым прасіць людзей для таго, каб утрымліваць касцёл і тэрыторыю ў парадку. Некаторыя вернікі неналежным чынам паводзяць сябе ў Божым храме: спрачаюцца за “сваё” месца, проста зганяючы з яго таго, хто сеў раней (звычайна гэта тыя, хто рэдка ходзіць у касцёл). Як быццам на іншым месцы Езус іх не ўбачыць і не пачуе. Бывала такое, штозаймалі першыя лаўкі для гасцей падчас урачыстасцей. Прыкра становіцца за такія паводзіны ў Божым доме. А трэба ведаць, што праз такія ўчынкі ад такіх вернікаў надоўга адыходзіць Божае благаслаўленне. Нярэдка вернікі дазваляюць сабе праклёны людзей імем Бога. Чалавек, праклінаючы іншага, хто яго пакрыўдзіў, звязваецца з д’яблам і з ім ідзе ў касцёл і да спавядальні, часта нават не ўсведамляючы свой цяжкі грэх, ці аб ім свядома «забываючы». Што ўжо казаць  пра скаргі-пракляцці на дрэннае надвор’е, на жывёл, птушак! Напэўна, і вы не раз іх чулі. Гэта сведчыць, што такія людзі не Бога любяць, а сябе, у лепшым выпадку, а ў горшым – д’ябла. Таму і высмейваюцца святары і  людзі, што служаць пры касцёле…  Напэўна, чулі вы і такое. Напрыклад, хто памрэ ў сям’і, нярэдка задаецца пытанне Богу: чаму Ты мне, а не камусьці паслаў такое выпрабаванне? З’яўляецца злосць на Творцу, а ў душы надоўга пасяляецца неспакой. “Благаслаўлёны чалавек, якога ўразумляе Бог,  таму пакаранне Усемагутнага не адмаўляй”(Ёв 5,17). Яшчэ адзначу важнасць стрымання абяцання Богу, Божай Маці.  9 гадоў назад я цяжка захварэла на запаленне галаўнога і спіннога мозга. Кс. Тадэвуш Волас, які служыў тады ў Баранавічах,  наведаў мяне ў бальніцы і ўдзяліў сакрамэнт  намашчэння хворых, але я малілася да Бога, Божай Маці, каб яшчэ пажыць на зямлі, Яму і Божай Маці паабяцала: верай, праўдай і справай  буду  служыць  касцёлу і людзям. Адбыўся цуд: з 5 чалавек (у рэспубліцы), пакутуючых на такую ж, як у мяне, хваробу, за той год выжыла толькі я. Абяцанне Богу  выконваю і буду выконваць да канца сваіх дзён.

 

Галіна Панфіла: f-str-17
– На свеце існуе тры волі: Божая, чалавечая і д’ябальская. Чалавек выбірае сам, якім шляхам яму ісці. Бог дае свабоду як дар, за няправільны выбар якой яму трэба будзе адказаць у дзень Страшнага Суда. Я хачу сказаць пра брыдкасловаў і “маты”  для “сувязі слоў”, якія выкарыстоўваюцца быццам  як адказ на зло, а ў паўсядзённым побыце яны  ператварыліся ў прывычку. Але многія вернікі, што ходзяць у касцёл, апраўдваюць ужыванне “матаў” у сваім маўленні тым, што без іх не абысціся. Нават сварацца ім на сваіх дзяцей, а дзеці – на бацькоў. Між іншым, “мат – гэта заклінанне, формула для ўступлення ў сувязь з нячысцікам, настройвання на яго хвалю, заклік яго ў сваё жыццё».  Асабліва страшна становіцца за нашу моладзь, за дзяцей, якія ўжо не могуць выказаць думку без “мата”. У такім д’ябальскім палоне знаходзіцца наша будучае. Я ж магу толькі казаць: “Дзякуй Пану Богу за кожны дзень, кожную хвіліну свайго жыцця. Будзьце ўсе ўдзячныя за дар жыцця ад Бога. І няхай любоў Яго, а не чыясьці,   кіруе вашым жыццём”.

 

Антаніна Гатоўчыц:
–  А я хацела б нагадаць выраз, які вы, напэўна, чулі не раз, бываючы дзе-небудзь у гасцях: “Бог любіць тройцу”, г. зн. абавязкова трэба тры разы выпіць. Але пра гэта нідзе ў Бібліі не сказана. Прамаўляць словы з такім падтэкстам – кашчунства наогул, а прамаўляюць многія, прымаючы ў сябе гасцей і стараючыся падацца гасціннымі. Такая традыцыя нам засталася ў спадчыну ад продкаў-язычнікаў, і мы з ёю ніяк не можам развітацца. Гэта датычыцца, перш за ўсё, памінання памерлага. На некаторых памінках вернікі часта забываюць, дзеля чаго сабраліся, дазваляюць сабе не толькі тры разы (па неіснуючаму закону) выпіць, але і нашмат болей, перабраўшы меру, нават заспяваць  вясёлую песню, замест аплаквання і добрых успамінаў. Ды абавязкова, каб стол быў багаты, бо, маўляў, абгавораць людзі. І зноў жа, баяцца людзей, іх несправядлівых у такім выпадку слоў.  Мне прыйшла на памяць мая пакойная бабуля. Было гэта ў 86-м годзе, вернікі ездзілі на святочную літургію з Ляхавіч у Мядзведзічы або  Баранавічы. На памінальнай Імшы па сваёй дачцэ, а маёй маці, у Мядзведзіцкім храме мая бабуля разам з такімі ж галасістымі сяброўкамі спявала “Авэ Марыя”. Я таксама прысутнічала там. Як урачыста і ўзнёсла гучаў гімн Божай Маці! Слёз нельга было стрымаць ад перапаўняўшых душу пачуццяў любові да нашай Нябеснай Заступніцы. І тут ззаду пачуўся асу-джальны шэпт, які пачулі мая бабуля і ўсе астатнія: “Як яна можа спяваць, нядаўна пахаваўшы дачку?”. Бабулі было крыўдна і балюча, але яна ведала, што – Божая справа, а што – не. Для мяне  гэта было прыкладам для пераймання.

 

Ніна Маневіч:
– Мы часта парушаем 2-ю Запаведзь і ў адносінах да лю-дзей, створаных  Богам на Сваё падабенства. Усе грашым і перад Богам, і адно перад адным. Прызнаць сваю віну, свае неабачлівыя, непраўдзівыя і злыя словы не хочам, стараемся “абяліць” сябе, знайсці апраўданне. У сувязі са сказаным  ўспамінаецца размова Госпада Бога з першымі людзьмі: “І пачулі яны голас Пана, які хадзіў ў раю ў час прахалоды дня; і схаваўся Адам і жонка яго ад твару Пана Бога паміж дрэвамі раю. І паклікаў Ён Адама і сказаў яму: дзе ты? Адам сказаў: голас твой я пачуў у раю і пабаяўся, таму што я голы, і схаваўся.  І сказаў Бог: хто сказаў, што ты голы? Ці не еў ты ад дрэва, з якога я забараніў табе есці? Адам сказаў: жонка, якую Ты даў мне, яна дала мне ад дрэва, і я еў. І сказаў Бог жонцы: што  ты  гэта зрабіла? Жонка сказала: змей спакусіў мяне, і я ела”(Быц 3,8 -13). Мы думаем аб сабе толькі добра, станоўча і перакладваем віну на бліжняга ці на злога, і гэтым самым ачарняем добрае імя іншага. Цяжка жыць сярод непрактыкуючых вернікаў, якія насміхаюцца, што ты ходзіш у  касцёл, многа молішся. Ляноту сваёй душы апраўдваюць  фразай: ”Тыя, што ходзяць ў Божы храм, – большыя грэшнікі, чым тыя, што не ходзяць”. А гэта ўжо абраза чалавечай годнасці.

 

Тамара Шастаковіч:
  – На свае вушы чула праклёны ад 55-гадовай дачкі на сваю старэнькую нямоглую маці, якую забрала  з вёскі, каб карыстацца  матчынай пенсіяй. А таксама чула брыдкія, абразлівыя словы, што зневажаюць Божую Маці, Бога. Для нас, суседзяў, гэта жахліва, але сказаць не можам, бо ведаем, што можа за гэтым наступіць і для нас. Замкнутае кола.
    Многія хлусяць. У імя праўды, у імя жыцця, у імя … Езуса Хрыста. Хлусяць без страху за свой імідж чалавека, якому можна давяраць. Смяюцца з таго, хто верыць усяму, што гавораць   адукаваныя асобы. Кажуць: “Ты не разбіраешся ў людзях, нікому не вер”. О Божа! Як быць у гэтым свеце? Чаму вучыць сваіх дзяцей, якой праўдзе, каб яны маглі дастойна жыць у грамадстве? Аказваецца, у кожнага свая, толькі  ягоная праўда, хаця праўда – адна.
І ўсе ведаюць, што прыкрываць хлусню імем Бога – грэх, тым не меней, грашаць свядома. А яшчэ даюць абяцанне ці Богу, ці чалавеку і не стрымліваюць яго.  І не баяцца.  Зусім становіцца дрэнна тады, калі ты жывеш у сям’і і твае блізкія людзі насміхаюцца з цябе, што ты стараешся жыць пабожна, ходзіш да касцёла і шануеш імя Бога. Чаму, маўляў, хварэеш, чаму твой Бог не дапамагае табе?  Хто зведаў прыкрыя і насмешлівыя словы супраць імені Творцы, той мяне зразумее, як гэта цяжка  цярпець, калі зневажаюць Бога і тваю годнасць таксама.

 

Пробашч парафіі Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса, кс. Станіслаў Маленькі:

Пробашч парафіі Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса, кс. Станіслаў Маленькі з удзельнікамі "круглага стала" у Ляхавічах

Пробашч парафіі Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса,
кс. Станіслаў Маленькі з удзельнікамі «круглага стала» у Ляхавічах

  – Пачуццё свяшчэннага належыць да рэлігійнай цноты.  У сапраўднага хрысціяніна яно, як дабро, абавязкова прысутнічае. “Не спяшайся языком тваім, і сэрца тваё няхай не спяшаецца вымавіць слова перад Богам, таму што Бог на небе, а ты на зямлі; таму словы твае няхай будуць нямногія. Калі даеш абет Богу, то не марудзь  выканаць яго (…). Лепш табе не абяцаць, чым абяцаць і не выканаць(…). Для чаго табе рабіць, каб Бог прагневаўся на слова тваё і разбурыў справу рук тваіх? Бо як ў мностве бачанняў у сне, так і ў шматслоўі, – шмат  мітусні; але ты бойся Бога” (Еккл. 5, 1, 3-6). “За ўсякае пустое слова, якое прамовяць людзі, будуць адказваць у судны дзень. Бо па словах сваіх будзеш ты апраўданы, і па словах сваіх будзеш асуджаны” (Мц 12, 36-37). “А молячыся, не гавары многа, як пагане, бо яны лічаць, што ў шматслоўі сваім будуць пачуты (…). Айцец ваш ведае, у чым ваша патрэба, раней, чым вы Яго просіце” (Мц  6, 7-8).
2-я Запаведзь забараняе любое неналежнае выкарыстанне Божага імя, імя Касцёла, імён святых людзей і прадметаў. «Імя Бога святое. Яго імем выганяюцца дэманы, Яго імем выратаваны людзі, і калі двое ці трое сабраныя ў імя Яго, там Ён прысутнічае сярод іх» (пар. Мк 16, 17; Дз 4,12; Мц 18, 20). Ілжывыя прысягі перад Панам, праклёны, ілжывыя сведчанні, блюзнерства, брыдкаслоўе, парушэнне абяцанняў, дадзеных Богу, рэлігійнае пустаслоўе і шматслоўе ў малітвах – гэта грахі супраць 2-й Запаведзі. Так часам бывае, што імем Бога прыкрываюцца злачынствы, войны, канфлікты. Гэта блюзнерства. Як і прысягаць імем Бога – значыць заклікаць Бога ў сведкі ў тым, што ты гаворыш праўду. Габрэі, каб пазбегнуць некарэктнасці клятваў імем Госпада, замянялі Яго словамі неба, зямля, Іерусалім, галава. Езус асуджае такое перакручванне закона, расцэньвае як тонкае крывадушша і забараняе прысягаць ці бажыцца ў звычайнай размове. Прысягаць небам – значыць, пасадам Божым, зямлёй – падножжам ног Яго, галавой – таксама закранае Бога, бо Ён – Творца ўсяго.
Хрысціянскае “так” павінна быць “так” , яго “не” павінна быць “не” . Карыстацца больш “моцнай” мовай, грубай, брыдкай – значыць,  што шатан, злы дух кіруе нашым жыццём. Няма і такіх абставін, якія апраўдваюць хлусню ў вуснах хрысціяніна. Езус забараняе хітрыць і затушоўваць праўду. Аднак не забараняе прысягу ў судзе (пар. Мц 26, 63). Ап. Павел карыстаецца прысягай, каб заклікаць Бога ў сведкі ў тым, што ўсё, што ён напісаў, было ісцінай (пар. Гал 1, 20; 2 Кар 1, 23).
Калі мы называем сябе хрысціянінам, але не паступаем так, як у аналагічнай сітуацыі паступіў бы Хрыстос, то гэта ёсць спекуляцыя іменем Хрыста.
Чаму так важна не парушаць 2-ю Запаведзь?
Імя Бога з’яўляецца адлюстраваннем Яго сутнасці і характару. Бог і Яго Святое Імя – нераздзельныя. Калі мы ўжываем дарэмна Божае імя, мы тым самым абясцэньваем самога Бога і тое, кім Ён з’яўляецца. Бог святы і імя яго святое. Святы – значыць, аддзелены для асаб-лівай мэты. Бог несумяшчальны з грахом і мітуснёй. Калі чалавек упамінае імя Бога ў мітусні, то ён, такім чынам, злучае Святога Бога і грэшную мітусню.
Імя Пана – гэта доступ да Бога і да Яго міласці і благаслаўлення. Езус пакінуў нам Сваё імя, сказаўшы: ”…калі аб чым будзеце прасіць Айца ў імя Маё, дасць вам “(Ян 16, 23). Калі мы ўжываем імя Госпада без неабходнасці, мы не атрымліваем тых благаславенняў, доступ да якіх адкрываецца ў імені Яго, нашага Пана Бога.
Як пазбегнуць парушэння 2-й Запаведзі?
2-я Запаведзь  з’яўляецца не проста адной  з запаведзяў Дэкалогу, а міласцівым  дазволам Пана выкарыстоўваць Яго імя. І гэты дазвол мае  абмежаванне, сфармуляванае ў выглядзе 2-й Запаведзі.
1.Мы  павінны ўжываць Божае імя  з любоўю і павагай.
2.Дарэмнае  ўжыванне імені Пана  можа  пакрыўдзіць Пана. Выкарыстанне  Божага імені без патрэбы з’яўляецца знявагай Богу і нізасцю; можа  парушыць нашыя ўзаемаадносіны з Богам; можа сапсаваць рэпутацыю Бога ў вачах атэістаў.
3.Слова Божае папярэджвае, што Пан не пакідае без пакарання знеслаўляючых імя Яго. Але ў той жа самы час Ён даруе міласць тым, хто пакаяўся і навярнуўся. Прыкладам можа служыць апостал Павел. Навернуты грэшнік пачынае праслаўляць і ўзвялічваць імя Бога сярод няверуючых.
Усе хрысціяне закліканы абвяшчаць імя Госпада па ўсёй зямлі, быць сведкамі Хрыста.

 

«Круглы стол» падрыхтавала
і  правяла  Люцыя ІВІНСКАЯ

 

Прыкладныя пытанні да споведзі па 2-й Запаведзі

- Ці не вінаваты  ты ў граху блюзнерства – калі  не словам, то думкаю?
- Ці не абураўся  ў гневе на Бога ў хваробе, няшчасці, у патрэбе?
- Ці не быў ты  няўважлівы падчас малітвы ці  літургіі і толькі вуснамі, а  не сэрцам заклікаў імя Пана?
-  Ці не кляўся калі-небудзь  ілжыва, не сцвярджаў клятваю таго, чаго не было?
- Ці не парушаў  ты калі-небудзь дадзеных Богу абетаў?
- Ці не бажыўся  ты? Ці не клікаў Бога дарэмна  ў звычайнай размове? Ці не  прымушаў каго да бажбы?
- Ці не ўтойваў чаго на споведзі?
-  Ці не заклікаў  Бога і святых Яго на дапамогу  ў дурных справах,  а таксама  пры абмане ў гандлі?
- Ці не ўспамінаеш  свяшчэнных імён Пана Бога, Панны  Марыі ў анекдотах, ці не брыдкасловіш  у сям’і, у грамадскіх месцах, у думках?

 

Ад  рэдакцыі:  Шаноўныя  чытачы! Вы таксама можаце прыняць удзел у “круглых сталах” “Дыялога”, дзе на працягу года будуць абмяркоўвацца патрабаванні Божых Запаведзяў і  практыкі  іх выкананняў  у   жыцці. Сваё сведчанне, меркаванне, паведамленне вы можаце даслаць  лістом  або  на электронны  адрас рэдакцыі часопіса Е-mail: dialog1994@tut.by  Самыя  цікавыя з  іх будуць надрукаваныя ў  нашым  часопісе.  Чакаем!


Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий