Што такое Эўхарыстыя, ведаюць усе вернікі. Але ці ўсе мы глыбока задумваемся над тым, як гэты знак адзінства, гэтая повязь любові, гэтая пасхальная гасціна, на якой прымаем Хрыста, напаўняе нашыя душы ласкай? Як уздзейнічае на нас? Рэдакцыя часопіса “Дыялог” прапанавала касцёльным супольнасцям, таксама асобным групам вернікаў паразважаць над тэмай Эўхарыстыі за “круглым сталом”.
Эўхарыстычная малітва
Пасяджэнне “круглага стала”, на якім прадоўжылася разважанне аб плёнах Эўхарыстыі, у прыватнасці – аб эўхарыстычнай малітве, адбылося ў Клецкай парафіі Святой Тройцы. Удзел у ім прымалі Данута Такшэева, Вера Шыбко, Людміла Крушная, Казіміра Сарнацкая, Марына Сазановіч, Марыя Філіповіч, Адэля Карчэўская, Аксана Карпач, Часлава Рулінская, Данута Дрозд. Вядучым быў пробашч парафіі кс. Павел CЛУКА, MSF.
Пасяджэнне пачалося супольнай малітвай – Літаніяй да Духа Святога.
Вядучы:
– Перш чым пачнём разважаць аб эўхарыстычнай малітве, давайце ўспомнім, што такое Эўхарыстыя і якую ролю яна адыгрывае ў вашым духоўным жыцці.
Людміла:
– Эўхарыстыя – гэта адзін са святых сакрамэнтаў Касцёла, падчас якога ў Хрысце мы атрымліваем найбольшы дар – самога Бога. Слова эўхарыстыя азначае падзяка. Прымаючы ўдзел у святой Імшы, добра ўсведамляем, што нашае збаўленне адбылося дзякуючы Богу і Ягонай міласэрнасці, таму і самы дасканалы адказ на гэты дар – падзяка – спаўняецца у Імшы праз Езуса Хрыста.
Марына:
– Эўхарыстыя – цэнтральнае дзеянне ў Касцёле; падчас яго хлеб і віно ператвараюцца ў Цела і Кроў Езуса Хрыста.
Вядучы:
– Касцёл навучае, што Эўхарыстыя з’яўляецца асноўным у духоўным жыцці хрысціяніна, а эўхарыстычная малітва знаходзіцца ў цэнтры Эўхарыстыі, яна быццам ядро святой Імшы, вакол якога ўсё адбываецца. Ці памятаеце, з якіх элементаў складаецца эўхарыстычная малітва? Пералічым іх: падзяка, акламацыя, эпіклеза, кансэкрацыя, анамнэза, ахвяраванне, малітвы заступніцтва, заключная даксалогія. А ў які момант яна пачынаецца?
Людміла:
– Эўхарыстычная малітва пачынаецца пасля малітвы над дарамі, пасля эпіклезы, у якой праз асаблівыя заклікі Касцёл просіць асвяціць дары, прынесеныя людзьмі, каб яны сталі Целам і Крывёю Хрыста і каб беззаганная ахвяра, прынятая ў Камуніі, паслужыла збаўленню тых, хто будзе ў ёй удзель-нічаць. “Пан з вамі”, – гаворыць святар, “І з духам тваім”, – адказваюць прысутныя. Гэта азначае: з боку святара – напамін аб прысутнасці Бога, з боку прысутных – давер святару, у якім дзейнічае Сам Езус. Гэтым самым святар яшчэ раз падрыхтоўвае народ да галоўнага моманту Эўхарыстыі.
Вядучы:
– Сапраўды, эўхарыстычная малітва – гэта кульмінацыя, самае важнае падчас святой Імшы. Да II Ватыканскага Сабору ў літургічным ужытку была толькі адна эўхарыстычная малітва, ёю маліліся яшчэ першыя хрысціяне. Пасля рэформы ў карыстанне ўведзены чатыры асноўныя малітвы, малітвы для Імшаў з удзелам дзяцей і іншыя, яны перададзеныя з даўняй традыцыі. Усе яны асаблівым чынам праслаўляюць Бога за справы, якія ўчыніў, менавіта за ахвяру Езуса Хрыста, бо праз сваю смерць і сваё Уваскрасенне Езус праславіў Бога, і ўсё тое, што адбывалася ў Вялікі Чацвер, моцай Духу Святога актуалізуецца сёння, тут, на алтары, і мы можам прымаць удзел у збаўчай ахвяры Хрыста… Гэта вялікая таямніца і вялікая радасць для хрысціяніна.
Марына:
– Эўхарыстыя часта ўспрымаецца як нешта традыцыйнае, і ў касцёл чалавек таксама часта ідзе з-за свайго хрысціянскага абавязку. А да ўсведамлення, што гэта – радасць, думаю, чалавек прыходзіць не адразу. Вельмі
цяжка адчуць такі духоўны стан, калі ты адзін на адзін з Богам, і між вамі больш нікога не існуе, але, перакананая, што адчуць – усё ж магчыма! Гэта адбываецца ў момант выстаўлення Найсвяцейшага Сакрамэнту, ахвяравання, перамянення хлеба і віна ў Цела і Кроў Хрыста. Мена-віта ў такія хвіліны разумееш, што сусвет не існуе без Бога, што вось у гэты канкрэтны момант Бог прыходзіць на алтар. Просіш, каб прыйшоў да цябе, звяртаешся да Яго, бо ведаеш, што Ён – адзінае збаўленне, адзіная апора ў жыцці.
Аксана:
– Маліцца да Бога трэба не проста словамі – сэрцам патрэбна адкрыцца.
Вядучы:
– Вышэй вы сказалі пра тое, што на пачатку прэфацыі, гэта значыць, уступнага слова гучыць дыялог паміж святаром і прысутнымі, які пачынаецца словамі святара: “Пан з вамі”. На працягу Імшы ён паўтараецца некалькі разоў. Разгледзім, якое ён мае значэнне?
Марына:
– Для таго, каб яшчэ раз напомніць прысутным аб галоўным – Бог побач, Ён з намі!
Людміла:
– Каб падвесці нас да галоўнага моманту – падзякі Богу, Які ўжо прысутны пад відам хлеба і віна.
Аксана:
– Так, каб мы гэта лепей усведамлялі. Вельмі часта бывае, што чалавек перажывае гора, розныя непрыемнасці, моліцца, а Бог яго быццам і не чуе. Чалавека агортвае расчараванне, смутак, ён думае, што застаўся адзін на адзін са сваімі бедамі, а на самой справе зусім не так. Бог прысутнічае, Ён дзейнічае, Ён нават, можа, нясе цябе на руках. Каб не прысутнасць Бога, усё магло быць яшчэ горш.
Марына:
– Сам чалавек не можа звяртацца да Бога так, як гэта робіць святар, бо святар – чалавек, якому Бог даверыў ажыццяўленне пэўных функцый, ён – пасрэднік паміж Богам і людзьмі. Так было заложана з першых вякоў хрысціянства і так гэта рэалізуецца па сённяшні дзень.
Людміла:
– Наогул гэта вялікая таямніца, што Бог прыходзіць на алтар і прыходзіць да чалавека. І Ён робіць гэта так далікатна, так ціха, што мы нават не заўважаем, таму святар напамінае: увага, Бог ужо з намі! Ачніцеся, людзі, не прапусціце гэты галоўны момант!
Бр. Карнэлій:
–…І заўважце, “Пан з вамі” гучыць у вельмі адказныя моманты, калі дзеянне на алтары патрабуе ад кожнага асаблівай засяроджанасці, калі чалавек павінен імгненна спыніцца на сваіх думках, як кажуць, перавесці дух і зноў набраць паветра ў свае лёгкія…
Аксана:
– Лічу, што ў гэты момант Бог чакае, каб мы запрасілі Яго ў сваё жыццё. Чакае надта цярпліва…
Вядучы:
– Разважаем далей. “Угору сэрцы” – “Узносім іх да Пана”. Якім зместам напоўнены гэтыя радкі?
Часлава:
– Гэта ўскліканне, якое ўзрушвае, абуджае ад пасіўнасці, нагадвае, што няма нічога важнейшага за Ахвяру, якая складаецца на алтары. Яно заклікае нас да ўзнясення сэрца да Бога, нягледзячы на штодзённыя клопаты і складанасці ў жыцці; мы прагнем, каб гэтыя складанасці былі перамененыя ў Богу.
Вядучы:
– Словы святара –“Падзякуем Пану Богу нашаму” – і адказ на іх прысутных –“Годна гэта і справядліва” – нагадваюць, што цэлебраваная па-дзяка не можа быць толькі малітваю цэлебранта, але да яе павінны далучыцца ўсе прысутныя, гэта пераход да прэфацыі. Дарэчы, прэфацый вельмі многа, больш за восемдзесят, яны дастасаваныя да розных літургічных перыядаў, свят і акалічнасцей. Кожная прэфацыя складаецца з трох частак: уводзінаў (“Сапраўды, годна гэта і справядліва, слушна і збавенна…”); заахвочвання да па-дзякі, у якім згадваюцца розныя збаўчыя падзеі (“Ты ў любові Тваёй стварыў чалавека…”, “Яго, уцелаўлёнага ад Духа Святога і народжанага з Панны Марыі, Ты паслаў нам як Збаўцу і Адкупіцеля…”, “Ён узышоў на неба і, седзячы праваруч Цябе, спаслаў на ўсыноўленых дзяцей Тваіх абяцанага Духа Святога…”); пераходу да акламацыі “Святы, святы, святы…” (“Таму з анёламі і з усімі святымі мы праслаўляем Цябе, разам з імі ўсклікаючы…”). Заўважце, прэфацыя заўсёды пачынаецца словамі: “Сапраўды, годна гэта і справядліва…”, а заканчваецца акламацыяй: “Святы…”
Пытанне:
– А хто выбірае прэфацыю?
Вядучы:
– Выбірае цэлебрант, але трэба мець на ўвазе, што існуюць літургічныя нормы, рэкамендацыі… Скажыце, калі ласка, ці раней вы звярталі ўвагу, ці чыталі ў духоўнай літаратуры, што святая Імша складаецца з такіх канкрэтных элементаў, пра якія мы сёння з вамі гаворым, – “эўхарыстычная малітва”, “прэфацыя”, “акламацыя”, “эпіклеза” і інш., – якія, да таго ж, напоўнены канкрэтным сэнсам?
Марына:
– Канешне, чыталі і словы гэтыя ведаем, але для мяне асабіста падзел гэты ўмоўны, святую Імшу ўспрымаю як нешта адзінае, цэлае і зразумелае.
Вядучы:
– Заахвочваю вас затрымацца на акламацыі “Святы, святы, святы…”, якая гучыць на заканчэнне прэфацыі, адкуль яна паходзіць і што азначае.
Часлава:
– Гэтая акламацыя паходзіць са Святога Пісання. Першую яе частку знаходзім у Апакаліпсісе. Святы апостал Ян, апісваючы нябесную літургію, якую ён убачыў у містычным аб’яўленні, успамінае пра анёлаў, якія сваім спевам праслаўлялі Бога: “Святы, святы, святы Пан Бог Усемагутны…”. Другую частку акламацыі знаходзім у святога Мацвея, які апісвае трыумфальнае ўшэсце Пана Езуса ў Ерузалем. Людскі натоўп суправаджаў яго сваімі воклічамі, вызнаючы веру ў Яго месіянскае па-кліканне: “Гасанна Сыну Да-віда! Благаслаўлёны той, хто прыходзіць у імя Пана! Гасанна на вышынях!”. Акламацыя “Святы, святы, святы…” азначае, што ў Пана Бога трэба не толькі прасіць і ад Пана Бога атрымоўваць, але і ўсхваляць Яго, і Яму дзякаваць.
Вера:
– Асабіста я Богу дзякую кожны дзень, можна сказаць, на кожным кроку жыцця, і раніцай, і ўвечары, тым больш – падчас святой Імшы.
Данута Дрозд:
– Ой, мы ўсе дзякуем Богу – за кожны пражыты дзень, за кожную ночку, што пераначавалі, што здаровыя ўсталі, і за ўсё, што Бог дае.
Марыя (чытае ўрывак з прарока Ісаі 6, 1-3):
– В год смерти Царя Озии видел я Господа, сидящего на престоле высоком и превознесенном, и края риз Его наполняли весь храм. Вокруг Его стояли серафимы; у каждого из них по шести крыл; двумя закрывал каждый лицо свое, и двумя закрывал ноги свои, и двумя летал. И взывали они друг к другу и говорили: свят, свят, свят Господь Саваоф! Вся земля полна славы Его!».
Вядучы:
– Наша малітва, асабліва Эўхарыстыя, з’яўляецца крыніцай і вяршыняй усёй евангелізацыі, а ўдзел у святой Імшы для большасці вернікаў – галоўная праява іх рэлігійнасці. Таму напрыканцы нашай сённяшняй сустрэчы запрашаю вас падзяліцца сведчаннямі, якія плёны, якія ўздзеянні адчуваеце на сабе асабіста пасля святой Імшы, ці дадае вам яна літургічнай свядомасці.
Данута Дрозд:
– Скажу, што мне святая Імша дае і сілу, і здароўе. Была ў мяне праблема з нагою, з’я-віўся нейкі гуз, дактары нават прапаноўвалі аперацыю. Не згадзілася, і ад чыстага сэрца звярнулася да Пана Бога: ма-літва днём і ноччу, вера ў Божую ласку і міласэрнасць, шчырая споведзь… І што думаеце – усё прайшло. Вам кажу, перад Богам і перад усімі святымі сведчу, што так было: сёння ні галава не баліць, ні ногі, ціск нармалізаваўся. Пасля кожнай святой Імшы адчуваю душэўны супакой, няма бяссонніцы.
Марына:
– Асабіста ў мяне са споведдзю звязана выздараўленне, прычым гэта было некалькі разоў. І не толькі. Летась мой сын здаваў экзамены і паступаў у ВНУ. Пакуль праходзіў тэсціраванне, розныя камісіі, узгадненні, я пайшла ў чарговы адпачынак і кожны Божы дзень удзельнічала ў святой Імшы. Мой сын стаў студэнтам, атрымаў месца ў інтэрнаце пры ВНУ, лічу, што без Божай дапамогі тут не абышлося, хаця мае мужчыны не падзяляюць маіх поглядаў…
Людміла:
– Нашай веры хапае на ўсіх… І гэта вельмі важна – у святой Імшы прымаць удзел рэгулярны, тады будзеш мець іншае ўяўленне аб усім, што паходзіць ад Бога і што адбываецца на Ягоным алтары. У кожнага чалавека бываюць складаныя сітуацыі, але Бог дапамагае. Часам прыходзіш на набажэнства, яшчэ нават не паспеў сфармуліраваць пытанне, якое цябе хвалюе, а адказ на яго ўжо атрымліваеш – ці з 1-га чытання, ці з 2-га, ці ў казаннях. Не гавару ўжо пра тое, што на алтары прысутнічае Жывы Бог! Дзе яшчэ трэба Яго шукаць і дзе можна Яго знайсці, калі не тут! Толькі гэта трэба зразумець сэрцам.
Аксана:
– На святую Імшу прыходзіш і можаш памаліцца за сваіх родных, блізкіх, прыняць святую Камунію, памаліцца за памерлых….
Бр. Карнэлій:
– Як лічыце, ці ўсе Імшы аднолькавыя?
Марына:
– Дзеянне, якое адбываецца падчас святой Імшы, аднолькавае – ператварэнне хлеба і віна ў Цела і Кроў Езуса Хрыста. І структура Імшаў аднолькавая, але атмасфера, якая падчас яе ствараецца, можа быць рознай. Залежыць ад многіх фактараў: і ад таго, які гэта дзень, – святочны ці буднічны, ад колькасці людзей у касцёле, ад колькасці святароў пры алтары, ад асобы цэлебранта, ад твайго асабістага стану здароўя, настрою… Напэўна, гэтых фактараў нашмат болей, чым я назвала…
Вядучы:
– Так, святая Імша – таямніца і прыгажосць адначасова. А сэрцам яе з’яўляецца эўхарыстычная малітва, пра якую мы з вамі разважаем сёння. У ёй вельмі яскрава выяўляецца сутнасць Хрыстовага пасрэдніцтва. Мы праслаўляем Бога і дзякуем Богу за збаўленне, якое здзейсніў праз сваю смерць і уваскрасенне Хрыстус, аднак дзякуем не сваёю моцай, але моцай таго самага замучанага і ўваскрослага Хрыста. Сэнс праслаўлення заключаны ў так званай даксалогіі, якая завяршае малітву: “Праз Хрыста, з Хрыстом і ў Хрысце…”.
Пасяджэнне “круглага стала” у Клецкай парафіі Святой Тройцы завяршылася малітвай падзякі за Божую ласку сустрэчы.
Запісала Раіса СУШКО.
Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD