Што такое Эўхарыстыя, ведаюць усе вернікі. Але ці ўсе мы глыбока задумваемся над тым, як гэты знак адзінства, гэтая повязь любові, гэтая пасхальная гасціна, на якой прымаем Хрыста, напаўняе нашыя душы ласкай? Як уздзейнічае на нас? Рэдакцыя часопіса “Дыялог” прапанавала касцёльным супольнасцям, таксама асобным групам вернікаў паразважаць над тэмай Эўхарыстыі за “круглым сталом”.
Келіх збаўлення
У пасяджэнні “круглага стала” у парафіі святога Казіміра ў Жлобіне, падчас якога разглядалася важнейшая частка Эўхарыстыі – пераўтварэнне хлеба і віна ў Цела і Кроў Хрыста, – прымалі ўдзел: Наталля Шаціла, Ніна Краўцова, Наталля Аліева, Юля Нікішына, Васіль Гайчук, Ігнат Парфяновіч, Святлана Суруновіч, Людміла Шаўцова і Аляксандр Сцяпанчанка. Вядучым пасяджэння быў пробашч парафіі кс. Алег ГРЫГАРОВІЧ, SAC.
Распачынаючы спатканне, святар запрасіў прысутных да супольнай малітвы да Духа Святога, каб асвятляў сэрцы і думкі сабраных, іх разважанні аб тым, чым з’яўляецца для нас Эўхарыстыя.
Вядучы:
– Напачатку адзначым, што Эўхарыстычная малітва – гэта цэнтральная і кульмінацыйная частка ўсяго літургічнага дзеяння. Па зместу з’яўляецца малітвай падзякі і асвячэння. Калі літургія распачынаецца, святар праз словы “Пан з вамі” – “І з духам тваім”, “Угору сэрцы” – “Узносім іх да Пана”… запрашае народ узнесці сэрцы ў малітве і скласці падзяку Пану за ўсе збаўчыя справы, якія Ён учыніў, яднае з сабою народ у малітве, якую ён ад імя ўсёй супольнасці праз Езуса Хрыста ў Духу Святым скіроўвае да Бога Айца. А зараз, шаноўныя, нагадаем галоўныя элементы Эўхарыстычнай малітвы: падзяка, калі святар чытае прэфацыю, у якой услаўляе Бога Айца і дзякуе Яму за ўсю справу збаўлення або за нейкі яе асаблівы аспект у адпаведнасці з характарам дня, свята або літургічнага перыяду. Акламацыя – гэта калі святар разам з супольнасцю, яднаючыся з нябеснымі моцамі, спявае “Святы, Святы, Святы…” Далей мы ўваходзім у цэнтральную частку літургіі і пачынаецца эпіклеза. Які сэнс эпіклезы?
Наталля Аліева:
– Эпіклеза – адзін з галоўных элементаў Эўхарыстычнай малітвы, асаблівы заклік, праз які Касцёл просіць моц Духа Святога асвяціць дары, прынесеныя людзьмі, каб яны сталі Целам і Крывёю Хрыста і каб беззаганная ахвяра, прынятая ў Святой Камуніі, паслужыла збаўленню тых, хто будзе ў ёй удзельнічаць.
Вядучы:
– Так, эпіклеза – гэта асаблівы заклік Касцёла, у якім просім Духа Святога асвяціць дары.
Наталля Аліева:
– Падчас спаслання Духа Святога адбываецца жывы кантакт з Панам Богам, у гэты момант няма мяжы паміж небам і зямлёю. Усё гэта здзяйсняе Дух Святы, спасланы Езусам. Яго моц перамяняе хлеб і віно ў Цела і Кроў Хрыста, каб мы, прымаючы Цела і Кроў Пана, станавіліся з Ім адным Целам. Удзельнічаць у Эўхарыстыі азначае дзяліць Яго паслухмянасць і адданасць Богу Айцу, каб такім чынам праз усё жыццё складаць Яму духоўныя ахвяры, ушаноўваць Яго ў духу і праўдзе.
Вядучы:
– А што азначае пераўтварэнне хлеба і віна ў Цела і Кроў Хрыста?
Юля:
– Святы Дух сыходзіць на хлеб і віно і ператварае іх у Цела і Кроў Хрыста. І, калі мы прымаем гостыю, то гэта ўжо не хлеб, мы ўжо прымаем Хрыста, укрытага ў постаці хлеба. Езус Хрыстус па-цвердзіў сваю прысутнасць у гэтых святых дарах: “Гэта ёсць Цела Маё” і “Гэта ёсць келіх Крыві Маёй”. Прымаючы гэтыя словы, мы вызнаем, што ў постацях хлеба і віна ўтоены ўвесь Хрыстус, са сваім целам, душою, боскасцю і чалавечнасцю.
Вядучы:
– Вельмі цікава, што Трыдэнцкі Сабор у 1551 годзе выразіў хрыс-ціянскую веру ў перамены, якія адбываюцца падчас Эўхарыстыі. Гэта адзіная ў сваім родзе перамена субстанцыі хлеба ў субстанцыю Цела і субстанцыі віна ў субстанцыю Крыві Езуса Хрыста. Што азначае гэтая перамена? Перадусім – перамену сутнасці. Нічога не змяняе знешняга выгляду – ані хлеб, ані віно – застаецца тым, чым ёсць знешне, але змяняе сваю
сутнасць. Аналогія наадварот: раніцою чалавек апрануўся у адно адзенне, на працу пайшоў у іншым касцюме, у горад выйшаў яшчэ інакш апрануты. Знешні выгляд яго мяняецца, а сутнасць (субстанцыя) застаецца той самай. У сувязі з перамяненнем дароў – іх знешні выгляд не зменьваецца: хлеб застаецца знешне хлебам, віно – віном, але, дзякуючы Божай моцы, перамяняецца іх сутнасць, мяняецца іх субстанцыя. Постаці хлеба і віна застаюцца нязменнымі. Дакладна, падчас Апошняй Вячэры Езус узяў келіх і сказаў: піце з гэтага ўсе, бо гэта ёсць келіх крыві Маёй, і ешце з гэтага ўсе, бо гэта ёсць Цела маё. Гэтыя тэмы вельмі тэалагічныя, багаслоўскія. Перамяненне хлеба і віна ў Цела і Кроў Езуса кожны з нас перажывае асабіста: рыхтуецца да гэтай таямніцы, слухае разважанні і разважае сам, а тады ў цішыні, у скрусе, маўчанні, укленчыўшы, маючы ў сэрцы моцную веру, “пераўзыходзіць” сам сябе, яднаючыся з Богам. Да гэтага не дакранешся рукамі – гэта патрэбна разумець сэрцам. Нездарма св. Ян у Евангеллі адзначыў: “Цяжкая гэта мова. Хто можа яе слухаць?”. А зараз застановімся, як разумець словы, што гэта Цела, выданае за нас, і Кроў, пралітая за нас?
Людміла Шаўцова:
– У Бібліі ад св. Яна напісана, што пасля слоў Езуса Хрыста «Бярыце і ешце; бярыце і піце…”, “Хто будзе спажываць Цела Маё і піць Кроў Маю, той будзе жыць вечна…” многія засумняваліся, не паверылі, адышлі ад Яго: як гэта – спажываць цела, піць кроў? Нешта падобнае адбываецца і з намі: розумам успрымаем, што гэта – пік усяе Эўхарыстыі, што Езус, пасля перамянення, укрыты ў постаці хлеба і віна, а сэрца, бывае, чамусьці маўчыць… Але выразы: “Цела, выданае за нас” і “Кроў, пралітая за нас” для мяне зразумелыя. Падчас Апошняй Вячэры Езус добра разумеў, што ідзе на крыж, па волі Айца, каб выратаваць весь род, усіх грэшнікаў, усіх нас, усіх тых, хто яшчэ ў будучым награшыць. Сапраўды, гэта вялікая таямніца веры. І разумею гэта не толькі як ахвяру Езуса за грахі. Езус меў на ўвазе нешта значна большае, чым тое, каб мы хадзілі да касцёла, спавядаліся і прымалі святую Камунію. І Цела Сваё, і Кроў Сваю Ён прынёс на Божы алтар у знак вялікай любові да бліжняга. Ён паказаў нам гэтую любоў, паказаў, як мы павінны адносіцца да іншага чалавека, да ўсяе людской супольнасці. У сваім жыцці не раз перажывала такія хвіліны, калі пабудзеш у споведзі, ачысцішся, а пасля слухаеш гамілію, казанне святара і пачынаеш разумець, што не, не зусім чыстае тваё сумленне, не зусім ты дастойны прыняць Найсвяцейшы Сакрамэнт, і што ад гэтага сапраўды цябе яшчэ нешта стрымлівае. Адчуваеш сваю віну перад Езусам, які Сябе аддаў дзеля збаўлення ўсіх нас. Канешне, так не заўсёды адбываецца. Моцнае хваляванне перажываю ў момант, калі святар уздымае Гостыю, калі адбываецца кансэкрацыя хлеба і віна… Чытала ўспаміны кардынала Казіміра Свёнтка, дзе ён казаў пра сваё перажыванне цэлебрацыі святой Імшы: колькі разоў падымаў гэты келіх збаўлення, столькі разоў хваляваўся, разумеючы, што трымаў у сваіх руках і што зрабіў Бог, каб людзі пазбавіліся граху і мелі жыццё вечнае.
Васіль:
– Таксама і я перажываў падобныя пачуцці, пра якія гаворыць Людміла: бачыш толькі хлеб, а разумееш, што ў ім укрыты Пан Езус, і вялікая адказнасць усяляецца ў тваё сэрца…
Вядучы:
– Дакладна, нашае ўспрыманне заўсёды залежыць яшчэ і ад таго, з якімі пачуццямі, настаўленнямі і прыгатаваннямі прыйшлі на святую Імшу. Тыя словы, якія прамовіў Езус Хрыстус на Апошняй Вячэры, Ён прамаўляе і сёння да кожнага з нас, і тая ахвяра, якая адбывалася на Галгоце, адбываецца і сёння, толькі бескрывавым спосабам. Чым болей мы прыгатаваныя, тым болей дасканалыя ў сэнсе духоўнасці нашыя перажыванні. І нельга “тэсціраваць” сябе толькі паставаю любові да Бога, але і любоўю да бліжняга. Бо, калі не любіш бліжняга, то твая любоў да Бога несапраўдная. Каб прыняць святую Камунію з чыстым сэрцам, трэба быць паяднаным з блізкім. Евангелле гаворыць: спачатку ідзі памірыся з братам сваім, а пасля ідзі злажы сваю ахвяру, прынясі свой дар. Гэта і ёсць прыгатаванне. У момант, калі святар дае хлеб і віно, вернік ахвяруе Богу ўсё тое добрае, што ён зрабіў за апошнія дні, за апошні тыдзень, сваю радасць, але таксама ахвяруе і сваё цярпенне, і свае праблемы і недасканаласці… Але чым больш дабра, тым большыя перамены адчуе ў сваім сэрцы.
Што датычыцца ахвяры… У кожнай рэлігіі ёсць момант прынашэння ахвяры. У Старым Запавеце чытаем аб ахвяраванні жывёл. Ягня было выбрана пасхальнаю ахвяраю ў знак вызвалення выбранага народу з егіпецкай няволі. У нашай хрысціянскай гісторыі гэтаю ахвяраю стаў Сын Божы, стаў тым пасхальным ягнём, злажыў ахвяру, каб вызваліць нас ад сатаны, граху і смерці. Сёння мы спажываем Цела самога Езуса, прымаючы ахвяру. Гэта і ёсць канкрэтная Кроў, пра-літая за нас. Дзякуючы ахвяры Езуса, адчыніліся брамы ў рай.
Людміла:
– Прызнаюся, мяне моцна кранаюць яшчэ словы “Абвяшчаем смерць Тваю, Пане Езу, вызнаём Тваё ўваскрасенне і чакаем Твайго прыйсця ў хвале…”. Яны выклікаюць моцныя пачуцці, даюць веру, што нас чакае Езус Хрыстус.
Вядучы:
– Так, мы з вамі жывём у перыяд паміж першым і другім прыйсцем Езуса Хрыста. Калі першы раз Ён прыйшоў у абліччы чалавека, малога дзіцяці, пасля сталеў, заснаваў Касцёл, спаслаў Духа Святога, выбраў 12 апосталаў, якія Яму дапамаглі, то зараз мы чакаем другога прыйсця Яго. І неважна, калі гэта адбудзецца, але верым, што Ён прыйдзе судзіць жывых і мёртвых. Працягваем далей. Пасля кансэкрацыі Гостыі святар паказвае яе народу, кладзе на патэну, адаруе і прамаўляе словы: “Бярыце і ешце з яго ўсе, бо гэта ёсць келіх крыві маёй новага і вечнага запавету, якая за вас і за многіх будзе праліта дзеля адпушчэння грахоў. Гэта чыніце на Маю памяць”. Як разумець словы, што гэта Кроў новага і вечнага запавету?
Ніна:
– На працягу ўсяе гісторыі людзі заўсёды залежалі ад Бога, прыносілі Яму ў ахвяру плёны сваёй працы. Бог аддаў Сына Свайго ў ахвяру і ўстанавіў Эўхарыстыю, каб людзі маглі прымаць гэтае ахвяраванае Цела і са свайго жыцця ахвяраваць кожны дзень.
Людміла:
– Новы запавет пачынаецца ад Езуса Хрыста.
Васіль:
– А вечны – таму што нязменны, таму што быў раней, заўсёды, таму што гэта запавет любові, тых адносінаў, якія былі паміж Айцом і Сынам.
Вядучы:
– Прапаную звярнуцца да гісторыі. Калі выбраны народ знаходзіўся ў егіпецкай няволі, Бог выбраў Майсея, каб той пайшоў да Фараона і папрасіў адпусціць народ. Фарон не згаджаўся, і тады Бог пачаў караць егіпцян. Дайшло да таго, што знішчыў усіх, народжаных да году. Пасля Бог прыказаў выбраць аднагадовае ягня, забіць, памазаць ягонаю крывёю дзвярныя вушакі ў дамах, каб уратавацца ад смерці, пасля прыгатаваць яго і спажыць… У Старым Запавеце Бог заключае запавет, даючы Майсею каменныя табліцы, і выводзіць народ з Егіпту. Палова жывёл загінула, кроў другой паловы была праліта на алтар, збудаваны Майсеем, і Бог прыняў гэтую ахвяру. Адным словам, якая б падзея ў старажытнасці ні адбывалася, заўсёды была кроў. Наогул кроў на Ўсходзе азначала вельмі многае, а перш за ўсё – сімвал жыцця; “выпусціць” кроў для чалавека, які хварэў, азначала аздара-віцца, арганізм пачне прадукаваць новую… Але Стары Запавет быў недасканалы, парушаны людзьмі, і Бог заключыў новы запавет праз смерць Езуса Хрыста. На крыжы ў Божага Сына быў прабіты бок, і з яго таксама выплыла вада і кроў. Зноў элемент крыві… Езус стаў ягнём, перапрашальным за нашыя грахі. Таму існуе гэты выраз: Кроў новага і вечнага запавету.
Чаму мы кленчым падчас кансэкрацыі?
Людміла:
– Аддаём пашану Богу, Якому давяраем, Якога прызнаём.
Ніна:
– Пакланенне азначае, што мы належым Богу, цалкам аддаёмся Яму, ва ўсім прымаем волю Яго. Калі Езус маліўся на гары, да Яго падыйшоў сатана і сказаў: пакланіся мне, я аддам табе валадарствы свету. Езус адказаў: адыдзі ад мяне, сатана!
Наталля Аліева:
– У гэты момант Касцёл успа-мінае самога Хрыста, ушаноўвае Яго Муку, Смерць і Уваскрэсенне.
Вядучы:
– Так, укленчванне мае двайное вымярэнне: з аднаго боку, мы вызнаём веру ў Бога, аддаём Яму пашану, з другога – становімся на калені, падкрэсліваючы, што мы – меншыя за Яго, што мы – толькі стварэнне, што мы – ва ўсім паслухмяныя дзеці Яго. Тэолагі і містыкі гавораць, што, калі адбываецца святая Імша, вакол крыжа Езуса знахо-дзяцца вучні Яго, усе святыя, анёлы, святар, парафіяне, усе мы, і ў гэты момант адчыняецца неба. Гэта таямніца рэальнай Мукі, Смерці і Ўваскрэсення Хрыста. Над гэтай таямніцай нельга стаяць. Вызнаючы сваю пакору, чалавек становіцца на калені, становіцца часткай гэтай таямніцы. А зараз разгледзім, якое значэнне маюць цярпенні Божага Сына ў справе адкуплення. Што азначаюць словы Езуса Хрыста “Гэта чыніце на маю памяць”?
Васіль:
– І на працягу гісторыі, і сёння грахі суправаджаюць чалавека. А Бог з любові да ўсяго чалавецтва, не пашкадаваў Свайго Сына і паслаў Яго на адкупленне грахоў. Смерць Езуса, прынятая Ім на крыжы, дае падставу помніць гэтую ахвяру і вучыцца складаць яе за брата, за людзей, за справядлівасць, як і многія святары ахвяравалі сябе за вернікаў, за веру, так і мы павінны гатовы быць да гэтага. Гэтае адкупленне вучыць нас шчыльней яднацца між сабою і з Богам, што, па сутнасці, і складае ўвесь Касцёл.
Святлана:
– У Бога быў замысел, які апостал Пётр сфармуляваў у сваім першым Лісце: “Зная, что не тленным серебром или золотом искуплены вы от суетной жизни, преданной вам от отцов, но драгоценною Кровию Христа, как непорочного и чистого агнца, предназначенного еще прежде создания мира, но явившегося в последние времена для вас”. Першародны грэх маем на сабе ад нашых праайцоў. Бог паслаў свайго Сына ў вобразе раба, які быў увасабленнем усяго грэшнага чалавецтва, увасабленнем усіх нас. Але ў гэтага раба Ён не знайшоў граху і зрабіў яго для нас ахвяраю за той грэх, які ўчынілі мы. Божы Сын узяў на сябе наш цяжар блукання ў граху. На крыжы Езус сказаў: “Божа мой, Божа мой, чаму Ты мяне пакінуў?”. Гэта азначае, што да гэтага Ён быў з намі. І гэта мы павінны былі крычаць: “Чаму нас Бог пакінуў?”. У смерці Езуса на крыжы Бог адкрывае нам свой замысел – гэта любоў да ўсіх лю-дзей без ніякіх нашых заслуг. Мы яшчэ не прыйшлі, а Бог ужо адкупіў нас. У поўнай меры сваю ахвяру Божы Сын выказаў на Апошняй Вячэры, Эўхарыстыя стане ўспамінам яго ахвяры. “Сия чаша есть новый завет в Крови Моей. Сие творите в Мое воспоминание”, – сказаў Езус пасля Апошняй Вячэры і прызваў апосталаў, каб працягвалі Яго справу. каб кожны дзень ва ўсім свеце людзі ішлі праз вузкія брамы крыжа да нябеснай гасціны.
Людміла:
– Сапраўды кожны дзень ва ўсім свеце падчас святой Імшы Езус перамяняецца ў хлеб, даючы нам духоўную ежу, каб узмацняць нас моцаю Духа Святога і весці ў Валадарства Божае, а мы кожны раз здраджваем Яму. Не атрымоўваецца так, каб жыць таямніцамі веры. Чалавек мала задумваецца над гэтым: усё ён робіць з высокай хуткасцю, мімаходам, між іншым.
Святлана:
– Для гэтага існуе Касцёл, каб дапамагаць чалавеку разважаць галоўныя праўды веры і набліжаць яго сустрэчу з Богам.
Вядучы:
– Так, святая Імша – гэта той благаслаўлёны Богам час, калі Бог Сам прыходзіць да чалавека, размаўляе з ім, хоча нешта яму даць пры гэтай сустрэчы, а чалавек быццам і прысутнічае, разам з усімі прамаўляе словы малітвы, кленчыць, а думкі яго… А думкі яго, бывае, зусім далёка ад таго дзеяння, якое адбываецца падчас Эўхарыстыі. Якія плады з такой “прысутнасці”? Што карыснага ўзяў для сваёй душы такі вернік? Патрэбна, каб было разуменне таго, што Бог дае нам сілу, узмацняе нас духоўна; а калі такое разуменне адсутнічае, гэта будзе дарэмна змарнаваны час… Багацце, якое Бог прыгатаваў для чалавека, чалавек не здолее ўзяць…
Ігнат:
– Пра сябе асабіста магу сказаць, што пасля кожнай святой Імшы ўзнікае жаданне перагле-дзець сваё жыццё, накіраваць яго ў Божым напрамку.
Вядучы:
– Сёння мы з вамі затрымаліся на самым галоўным, што адбываецца падчас Эўхарыстыі, – пераўтварэнні хлеба і віна ў Цела і Кроў Хрыста. Яшчэ раз звярнуліся да сэнсу ахвяры, усведамляючы, што ахвяра, якая найбольш падабаецца Богу і найбольш дасканалая, – гэта ахвяра Езуса Хрыста. Кожны з нас меў магчымасць адчуць глыбіню эўхарыстычнага дзеяння, і гэта, мяркую, заахвоціла да яшчэ больш шчырага перажывання святой Імшы ў цішыні і пакоры, з’явілася жаданне ахвяраваць сваю гардыню, нашыя слабасці, нашае цярпенне, праблемы ў сям’і, на працы. Мяркую, што сталыя разважанні пра ахвяру Езуса Хрыста нараджаюць у сэрцы кожнага верніка жаданне ажыццяўляць справы міласэрнасці. А гэта – тая самая любоў, якую явіў Езус Хрыстус на крыжы.
Пасяджэнне за “круглым сталом” завяршылася малітвай падзякі Богу за дар вялікай любові, за дар Эўхарыстыі, якую устанавіў Езус Хрыстус для збаўлення свету.
Запісала Раіса СУШКО.
Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD