Што такое Эўхарыстыя – ведаюць усе вернікі. Але ці ўсе мы глыбока задумваемся над тым, як гэты знак адзінства, гэтая повязь любові, гэтая пасхальная гасціна, на якой прымаем Хрыста, напаўняе нашыя душы ласкай? Як уздзейнічае на нас? Рэдакцыя часопіса “Дыялог” прапанавала касцёльным супольнасцям, таксама асобным групам вернікаў паразважаць над тэмай Эўхарыстыі за “круглым сталом”.
Веліч святой Імшы
Першае пасяджэнне прай-шло ў Баранавіцкім катэхетычным каледжы імя Зыгмунта Лазінскага, у ім прымалі удзел студэнты каледжа Алена Бакава, Ларыса і Валерый Доўгань, Аляксандра Крываносава, Вольга Боханко, Іосіф Мандра, выкладчык каледжа Віталь Булыга, Ліля Рынкевіч, Вераніка Сакевіч, Яна Кавальчук. Вядучы “круглага стала” – рэктар Духоўнай се-мінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску кс. магістр Андрэй РЫЛКА.
Сумесныя разважанні пачаліся з супольнай малітвы Ойча наш.
Вядучы:
– Пачнем з таго, з чым прыходзіцца найчасцей сустракацца. Калі католік ідзе ў касцёл, то на пытанне “Куды ідзеш?”, адказвае: “На Імшу”. Што азначае Імша, з чым асацыіруецца ў вас гэтае слова і чаму яе называем святой?
Алена:
– Калі іду на Імшу, заўсёды падразумеваю, што іду на сустрэчу з Богам: нясу Яму свае задумы, планы, прашу прабачэння, cпавядаюся. Ведаю, што без Бога нічога ў жыцці не адбываецца, як казала некалі мая мама: “Без Бога – ні да парога”. Ведаю, што буду з Ім размаўляць, расказваць пра свае штодзённыя клопаты, прасіць параду, каб у некаторым сэнсе сябе гарманізіраваць.
Вядучы:
– Так, гэта адмысловая сустрэча з Богам. А ці памятаеце этымалогію слова, што азначае тэрмін Імша? (…) Падказваю: слова да нас прыйшло праз польскую, чэшскую мовы ад ла-цінскага Missa, што азначае пасланне, пэўную місію, заданне. Многія з вас карыстаюцца рускай мовай, на рускай гучыць як Месса. У лацінскай літургіі святар напрыканцы Імшы выкарыстоўвае зварот “Ite missa est”, што азначае заканчэнне набажэнства і заданне. З якім хрысціянскім заданнем звязана Імша, з якім заданнем выходзіць католік з касцёла?
Ларыса:
– Кожная Імша мае свой статус, нясе сваё заданне, але першаснае яе значэнне ў тым, што кожная напаўняе светам Бога нас самых, яе ўдзельнікаў, праз прысутнасць Самога Бога ў гэтай таямніцы. Гэта самае галоўнае сакральнае дзеянне ў Касцёле, таму яна – святая.
Аляксандра:
– Зразумела, пасля кожнай святой Імшы мы становімся апосталамі Божай любові, вяртаемся ў свае сем’і, у калектывы на працы, у грамадскія супольнасці, і павінны несці туды часцінку Божага святла, несці Слова Божае. Падчас кожнай Імшы я ўзмацняюся, атрымоўваю разуменне, як патрэбна сябе весці ў той ці іншай сітуацыі, бо пасля святой Імшы я ўжо не адна – з Богам.
Вольга Боханко:
– На святую Імшу кожны раз іду, як на спатканне, – з вялікім хваляваннем, з радасцю, з прагненнем падзякаваць за любоў, за тое, што Ён збавіў мяне, што я маю жыццё і што раз болей адчуваю радасць гэтага жыцця. У мяне быў перыяд, калі я зламала нагу і доўгі час ляжала. Святар прыязджаў да мяне, але ў касцёле не была. І калі я прыйшла туды першы раз, стала, хоць і з вялікім болем, на сваю нагу – мяне ахапіла незвычайная радасць: вось яно, жыццё! Вось яно, яднанне з Жывым Уваскрослым Богам! У гэты момант мяне ахапіла незвычайная падзяка Богу за тое, што Ён збавіў мяне і што зараз Ён – побач са мною; ледзь устрымлівала сябе, каб не пацалаваць падлогу… Таму, збіраючыся на святую Імшу, мне кожны раз хочацца прыбрацца, прыняць належны выгляд, нават падмалявацца – хачу падабацца Богу!
Вядучы:
– Вольга пачала гаворку пра вельмі важнае пачуццё, з якім вернікі накіроўваюцца на святую Імшу, – падзяку. Менавіта гэтае паняцце і звязана са словам Эўхарыстыя, якое прыйшло з грэчаскай мовы. Калі грэкі хочуць нам падзякаваць, яны так проста і кажуць: “эўхарысто” – “дзякуй”. Звярніце ўвагу: у пераліку таямніцаў Касцёла няма сакрамэнту святой Імшы, але ёсць сакрамэнт Эўхарыстыі. Ужо самою назваю падкрэслена асноўная сутнасць таямніцы – удзячнасць, падзяка. Паразважайце, калі ласка, будучыя тэолагі, за што мы дзякуем Богу?
– За жыццё.
– За любоў.
– За збаўленне, якое нясе нам Гасподзь.
– За адпушчэнне грахоў.
– За ахвяру, якую прынёс Бог дзеля нас, паслаўшы да нас Свайго Сына Адзінароднага. Езус, Сын Божы, сам прынёс Сябе ў ахвяру на крыжы.
Вядучы:
– А дзеля чаго ахвяра?
Алена:
– Дзеля таго, каб выбавіць нас ад граху, бо грэх вядзе ў пекла, а Бог хоча падараваць нам жыццё вечнае.
Вядучы:
– Так, каб не Езус Хрыстус, не Яго ахвяра, у чалавека не было б ніякага шансу атрымаць жыццё вечнае. Таму Эўхарыстыя – гэта перш за ўсё – падзяка Богу за тое, што Ён прыдумаў такі спосаб збавіць нас ад нас самых. Дарэчы, што азначае выраз “нас самых ад нас самых” або “выратаваць мяне ад мяне”?
Іосіф:
– Гэта азначае выратаваць мяне ад маіх грэшных схільнасцей. Чалавечая прырода такая, чалавек істота такая, пра якую можна сказаць: “лёгкая да спакусаў”. Без духоўнай падтрымкі ён вельмі слабы, і часта падае. Касцёл вызваляе чалавека ад граху перш за ўсё праз таямніцу пакаяння. Я, можа, крыху па-спажывецкі гляджу, але разумею, што падчас Эўхарыстыі мы ўзмацняемся праз адпушчэнне грахоў і праз прыманне Цела Хрыста – Хлеба, і гэта дае сілы.
Вольга:
– Не лічу, што наша прырода грэшная, усе людскія “падзенні” – гэта наступствы першароднага грэху, вынік таго, што чалавек не чуе Бога, або нават не слухае Яго, а лічыць сябе самадастатковым, “гаспадаром”. А што на самой справе? Калі я зразумела, што не з’яўляюся ўладаром свайго жыцця, я нават узрадавалася: дзякаваць Богу, што – не я! Я проста пачала любіць людзей – Бог жа любіць мяне!
Вядучы:
– Сёння мы разумеем, наколькі цудоўны быў весь створаны Богам Сусвет, пакуль грэх не ўмяшаўся ў жыццё. Бедныя мы з гэтай сваёй моцна скажонай грахом натурай, наша прырода не здольная выратаваць сама сябе, таму патрабуем дапамогі. З гэтай дапамогай прышоў да нас Бог і прыходзіць падчас кожнай Эўхарыстыі. Ратуе ўсіх тых, хто туліцца да Яго. І тут сустракаемся з яшчэ адною назваю таямніцы Эўхарыстыі – літургіяй. У праваслаўных храмах святую Імшу так і называюць «Божественная литургия». Тэрмін азначае сумеснае дзеянне або чын, здзейснены абшчынай, пэўнай групай людзей дзеля агульнага дабра. Я запрашаю вас паразважаць над гэтым дзеяннем, расказаць, якія перажыванні вы мелі, калі ў храме было многа людзей, што цяжка было пра-ціснуцца паміж імі, або калі было амаль пуста…
Валерый:
– Перажыванні гэтыя неаднолькавыя, але гэта залежыць, хіба, і ад асабістага настрою. Успамінаю святую Імшу, дзе былі 3 чалавекі: я, мая Ларыса і наша сведка. Ксёндз благаслаўляў наш Сакрамэнт шлюбу, чытаў Слова Божае. У тую хвіліну здавалася, што гэта былі самыя важныя ў маім жыцці словы з тых, якія я калі-небудзь да гэтага чуў. Хоць сёння адказна разумею, што кожная літургія нясе нам невымоўнае багацце, толькі ж мы часам самі губляем сваю ўвагу…
Аляксандра:
– Бываюць сітуацыі, калі хочацца прыйсці ў касцёл і пабыць з Богам адзін на адзін, а бываюць, што сэрца прагне гэтай супольнасці, еднасці, адзінства. У мяне быў такі перыяд у жыцці, калі я на працягу тыдня хадзіла і толькі думала, як і куды трапіць на рэкалекцыі. Прасіла Бога, каб Ён падарыў мне іх, хацелася нейкага асабістага духоўнага паглыблення. Сустрэла знаёмую, і яна падказала пайсці ў Кальварыйскі касцёл у Мінску, а я не была ў ім, можа, дзесяць гадоў. Можна сказаць, трапіла выпадкова… Сакрамэнт Эўхарыстыі… Казанне святара… Удзел у Адарацыі… Нікога з прысутных я не ведала, але адчуванне было такое, быццам апынулася ў роднай і цёплай сям’і… Дзякуй Табе, Божа, за такі падарунак!
Віталій, псіхолаг:
– Я памятаю з дзяцінства тыя набажэнствы ў касцёле, у якіх удзел прымалі ксёндз, міністрант і “дзяжурныя” бабулькі. Сёння касцёлы напоўніліся, у тым ліку моладдзю, дзецьмі, і дзякаваць Богу. Лічу, Эўхарыстыя прыносіць значна большы плён для душы чалавека, калі гэтая душа падчас яе не адна. Ды і фраза “Спавядаюся… І вам, браты і сёстры”… Які ў ёй сэнс, калі ты – адзін?
Ліля:
– Лічу, што пры поўным касцёле мы абавязкова адчуваем яднанне, няма каго саромяцца, тут усе твае аднадумцы, яны давяраюць табе, а ты давяраеш ім. Цябе кожны тут зразумее. А калі ты ў касцёле адзін, а бо нават і не адзін, але ўсталявалася цішыня, таксама бывае добра, ты больш адкрываеш сябе…
Вядучы:
– Сапраўды, у кожнага з нас ёсць асабістыя сустрэчы з Богам, а ёсць і абшчынныя. Уявіце сабе на хвілінку, што было б у касцёле, каб прыйшлі сто чалавек і кожны размаўляў з Богам асобна… Сумеснай размове з Богам, сумеснаму перажыванню пакланення, падзякі, перапрашэння, паяднання з Богам і пры-значана літургія (гэта яшчэ адна назва святога Сакрамэнту). Парадак яе цэлебрацыі дакладны і строгі. Адна мая знаёмая жанчына ў Пінску прызналася: “Я не каталічка, але прыходжу да вас у касцёл і цешуся: тут святар гаворыць, тут вернікі адказваюць, тут селі, тут усталі, тут укленчылі… Усе ведаюць што рабіць. Я ў вас проста адпачываю душою”. У літургіі Касцёла сапраўды ўсё падрабязна распісана: калі маўчым, калі гаворым, што адказваем, якія жэсты і калі ўжываем… І гэта ёсць заданне кожнаму з нас: ведаць, як сябе паводзіць падчас літургіі. Яшчэ, калі ласка, звярніце ўвагу на тое, што літургія – адзіная малітва, дзе чалавек задзейнічаны на ўсе 100%, з усімі сваімі органамі пачуццяў як на духоўным, так і на фізічным узроўні: бачым, слухаем, прамаўляем і спяваем, паціскаем руку, перадаючы знак пакою, адчуваем пах – перадусім кадзіла, смак – прымаючы святую камунію…
Алена:
– …І напаўняем сваё сэрца любоўю, якую дае нам Бог.
Вядучы:
– Патрэбна ведаць, што Бог размаўляе з чалавекам не толькі праз святара, але і праз чалавека. Часам вы заходзіце ў касцёл, і позірк прыпыняецца на канкрэтнай асобе. Вы не ведаеце гэтага чалавека, але адзначаеце яго прыклад малітвы, прыклад яго веры, і ў яго вучыцеся… А ці можа святая Імша цэлебравацца не ў касцёле? І ці ўплывае на яе плённасць ступень пабожнасці святара і вернікаў?
Вольга:
– Асабіста для мяне Эўхарыстыя мае найглыбейшы сэнс, калі яна адбываецца ў касцёле, дзе ёсць табэрнакулюм – у ім рэальна прысутнічае Жывы Хрыстос. Ступень пабожнасці святара, як і вернікаў, для мяне не маюць значэння.
Вераніка:
– Што святая Імша можа адбывацца толькі ў храме, я думала, пакуль не пайшла са сваімі дзецьмі ў пілігрымку ў Тракелі, а там зразумела, што гэтае свяшчэннадзейства на прывале ў лесе, ці ў чыстым полі таксама моцна кранальнае і ўздзейнічае на цябе, хоць ты і стомлены дарогай. Хвалююцца і звычайна на цябе чакаюць старэнькія бабулькі, прыбраўшыя алтар, прыгатаваўшыя яшчэ і печыва з гарбатаю. Не знаёмыя, але такія родныя! Бог прысутнічае ўсюды, і месца для Імшы можа быць усюды.
Аляксандра:
– Так здарылася, што аднойчы і я была ўдзельніцаю святой Імшы, якая цэлебравалася ў полі, пад дажджом – гэта было ў пілігрымцы. Але я перажыла духоўную радасць, атрымала падтрымку Бога. Толькі вось што хачу заўважыць: для святара, думаю, гэта не так проста, таму што трэба, каб умовы для набажэнства былі прыбліжаныя да тых, якія існуюць у касцёле. Трэба захаваць у пашане Імя Бога і Божае Цела, паклапаціцца, каб сумеснае сакральнае дзеянне адбылося належным чынам.
Алена:
– А я была сведкаю, калі ў нас у Пінску адбывалася святая Імша на будаўнічай пляцоўцы перад будучым касцёлам, і падчас яе – узвышэнне крыжа. Які ўздым пачуццяў быў у людзей! Якая чарга стаяла, каб той крыж пацалаваць! Такую падзею я перажывала ўпершыню і ўпершыню ўсім сэрцам адчула магутнасць Бога.
Ларыса:
– “Дзе двое ці трое сабраныя ў Імя Маё, там і Я сярод іх”. Цытата з Евангелля гаворыць аб тым, што Імша можа цэлебравацца ўсюды, але самая вя-лікая ўрачыстасць – канешне, касцёл, які мы павінны шанаваць і захоўваць, як сваю Айчыну.
Бр. Карнэлій:
– Весь свет – гэта велізарны храм. Параіў бы вам звярнуцца да ўспамінаў святой памяці кардынала Казіміра Свёнтка і пачытаць, як цэлебраваў ён святую Імшу у Гулагу. Я сам некалькі разоў прысутнічаў на літургіях у турмах, у шпіталях каля ложка хворага… Бог прысутнічае ўсюды.
Вядучы:
– Паважаныя, зараз мы з вамі наблізіліся да экстрэмальных сітуацый і ўмоваў, дзе ёсць патрэба Эўхарыстыі, супольнай малітвы, а няма храма. Заўважым, што, згодна з дысцыплінамі Касцёла, для цэлебрацыі Імшы ў асобным месцы патрэбен дазвол біскупа, і сутнасць таямніцы патрабуе адпаведнай атмасферы. Таму спрадвеку вякоў касцёл – самае годнае, самае выдатнае для гэтай мэты месца, цалкам прысвечанае Богу, дзе літаральна ўсё спрыяе духоўным перажыванням і падкрэслівае веліч святой Імшы, веліч Эўхарыстыі. Касцёл – гэта Дом Божы, куды ідзём, як у дом бацькоўскі, дзе збіраецца ўся наша сям’я, дзе нас чакаюць, любяць і дапамогуць. Ёсць яшчэ адно далікатнае пытанне, звязанае са святою Імшою, – пра значнасць і аўтарытэт святара і іншых асоб удзельнікаў. Што думаеце?
Іосіф:
– Вернікі не выбіраюць святара.
Яна:
– Мы павінны з даверам адносіцца да святара, да таго ж – памятаць, што ідзём не да яго, а да Бога, святар – гэта толькі пасрэднік, Божы памочнік.
Алена:
– Я б хацела сказаць, што да святароў мы павінны адносіцца з большай павагай. Святар – чалавек Бога, асвечаны, які выконвае Яго даручэнне, і, на мой погляд, мы не маем права выказваць негатыўныя меркаванні пра яго, рабіць заўвагі. З другога боку – ён чалавек, можа мець свае слабасці, а мы павінны пацярпець і пры гэтым памятаць, што ёсць Бог і ўстаноўленая Касцёлам іерархія…
Валерый:
– На мой погляд, святар сам павінен заўсёды адчуваць сваю адказнасць не толькі за паству, але і за сваё асабістае імя, не забываючыся пра свае дзеянні па-за касцёлам. Бо святар бачны здалёк, і калі дзеянні яго, мякка кажучы, будуць у якім-небудзь сэнсе непрыгожымі ці неадэкватнымі, гэта можа адштурхнуць людзей…
Вядучы:
– Ведаю такіх святароў, якімі палова парафіі – зачараваная, а палова – “вочы б яго не бачылі”; Нават на працягу аднаго набажэнства меркаванне можа памяняцца. Чуў і такія выказванні: “У касцёл не пайду, бо няма да каго ісці, нашага пробашча перавялі ў іншую парафію”. Але не забывайцеся на самую галоўную дэталь – ажыццяўляе таямніцы Бог, святар – гэта толькі прылада ў руках Бога! І вельмі важна, каб чалавек, які ўдзельнічаў у Эўхарыстыі, сам адчуў асабістыя перажыванні, атрымаў плён, каб душа яго адгукнулася на Словы Божыя. А калі ўжо існуе такая псіхалагічная несумяшчальнасць – можна пайсці ў іншы касцёл, граху няма. Непрыемна слухаць, калі хто скажа: “Нічога не адчуў, нічога не перажыў…”.
Вераніка:
– Плёны будуць, на іх пачакаць трэба; гэта, як вада, якая капае ў кружку. Пастаў – і з цягам часу напоўніцца! Так было ў мяне. Хадзіла на святую Імшу, удзельнічала і не заўважала, каб што ва мне мянялася, але ў Слова Божае ўслухоўвалася, старалася ўнікнуць. А як пайшла да споведзі, то не магла ўспакоіцца – так моцна ліліся слёзы: нешта ж «накапала»!
Вольга:
– А навошта заўважаць эфекты, плёны? Трэба верыць, што Іх мы дастаткова атрымліваем. Езус Хрыстус ведае нашыя па-трэбы і ўвесь час дапамагае.
Яна:
– Ой, не скажыце. Мы – не расліны, не камяні, мы – людзі. І калі ідзе чалавек да касцёла пад прымусам, або з агрэсіяй, або з іншым негатывам – наўрад ці сэрца яго адкрыецца і напоўніцца любоўю. Дзеля чаго мы ўдзельнічаем у Эўхарыстыі? Дзеля чаго Бог накіроўвае нам Сваё слова, дае нам Сваё Цела і Сваю Кроў? Каб мы карысталіся і мяняліся да лепшага.
У завяршэнне размовы за “круглым сталом” удзельнікі разважалі пра значэнне алтара як цэнтра Эўхарыстычнай літургіі, пра яго значэнне як ахвярніка (Ахвяра Езуса на Галгофе), а таксама як Стала, вакол якога збіраюцца Хрыстовыя вучні, каб спажыць Яго Цела і Кроў. Узгадалі, што ліітургія св. Імшы – гэта яшчэ і знак Нябеснай Гасціны, калі ўсе верныя Богу збяруцца на святкаванне ў Яго Валадарстве. А яшчэ – напомнілі адзін другому пра абавязковы ўдзел у таямніцы Эўхарыстыі ў нядзелю і каталіцкія святы, выказа-ліся наконт нядзельнага адпачынку – таго сёмага дня, які ўвянчаў Божую “працу” пасля стварэння Сусвету, а нам да-дзены ў дар таксама для адпачынку.
Абмеркаванне сакрамэнту Эўхарыстыі студэнтамі каледжа – гэта пачатак вялікай размовы, якую рэдакцыя мае намер працягваць.
Запісала Раіса СУШКО.
Здымкі Карнэлія КОНСЭКА.SVD