Крыж на мясцовай Галгофе

Str-12…Ці можаце паверыць, што сталага ўзросту пабожны чалавек, знаходзячыся на могілках, можа сказаць пра сябе: “Я тут адпачываю”? А паверце! І аўтар гэтых радкоў многа разоў лавіла сябе на думцы: сапраўдны супакой душы прыходзіць тут, на могілках, калі ўглядаешся ў знаёмыя імёны і прозвішчы, якія яшчэ нядаўна былі побач з табою… Так, смерць падзяліла нашае былое агульнае з імі жыццё-быццё… Але адкуль пачуццё супакою ў месцы, дзе пралілося мора слёз? Хіба ад крыжа, што ўзвышаецца над кожным спачылым, падагульняючы яго зямны лёс і даючы знак на жыццё вечнае?

 

 

 

 

 

 

Пакутніцкая зямля   
f-str-13Кальварыя на каталіцкіх могілках, што знаходзяцца адразу за касцёлам Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Налібаках, – зараз самае высокае месца ў ваколіцы. Вузенькая сцежка ад храма вядзе да яе праз старыя могілкі, як вяла на Галгофу крыжовая дарога Езуса Хрыста. Тут Крыжовай дарогі пакуль няма, але яна ўжо ствараецца і абавязкова будзе, таму што ў сэрцы парафіі жыве  моцная вера ў збаўчую ахвяру Езуса Хрыста, якую прыняў на крыжы.
– Ідэя аб стварэнні Кальварыі, – расказвае пробашч парафіі ксёндз-канонік Мар’ян Шэршань, – з’явілася не спантанна. Душпастырскае служэнне нясу тут з 1990 года. Добра ведаю сем’і парафіянаў, не адзін раз слухаў гісторыі іх жыццяў. І чаго толькі ні было ў тых гісторыях – і скаргі, і роспач, і бясконцая падзяка Богу за што-дзённае ўратаванне… Многа расказвалі, асабліва старэйшыя, як жылося раней, ва ўмовах, калі вера забаранялася, пераследавалася. І я заўсёды адчуваў, па-першае, што людзі прагнуць Бога, па-другое, што  тыя  трагедыі, якія  здарыліся ў  гэтых  мясцінах і ў лёсах іх насельнікаў у розныя перыяды гісторыі, асабліва падчас Другой сусветнай вайны, з памяці  жывых  не сцерліся, не ўсе людскія раны загаіліся і што Налібаччына наогул – пакутніцкая  зямля, палітая потам і крывёю продкаў.

 Падчас асвячэння Кальварыі 26 жніўня 2017 года. У цэнтры – дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр  Яшэўскі, SDB

Падчас асвячэння Кальварыі 26 жніўня 2017 года. У цэнтры – дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі, SDB

…Слухаю  пробашча кс. Мар’яна, а сама ўсё яшчэ пад уражаннем сустрэчы з  92-гадовым Вацлавам Кавалеўскім, з якім толькі што расталіся ў вёсцы Кляцішча. Зноў бачу, як дрыжыць кожная жылка на ягоным твары і напаўняюцца вочы слязьмі – памяць вяртае драматычныя па-дзеі 1943 года: “Сорак трэці быў самы страшны. 8 мая партызаны забілі больш за сотню мірных жыхароў  Налібакаў. У канцы лета пацярпелі ад немцаў… Наша сям’я жыла ў Рудні Налібоцкай. Немцы сказалі, каб 6 жніўня жыхары сабраліся ў адным месцы, узяўшы з сабою неабходнае. Тата запрог каня, на воз палажылі два пуды мукі, пасадзілі чацвёра дзяцей (я быў старэйшы, 16 гадоў), да драбінаў прывязалі карову, і даўжэразны абоз з людзьмі і грузам пацягнуўся ў бок Стаўбцоў. Аглянуліся – і жанчыны загаласілі: спякотным белым днём наша вёска гарэла. Гарэлі і Янкавічы, і Церабейна… Каня і карову ў Стаўбцах ад нас забралі, а самых усадзілі на цягнік; сказалі, у Германію, але пасля наша сям’я апынулася ва Францыі. Зведалі голад, многа разоў глядзеў я ў вочы смерці, але ва ўсякім месцы Бог нас бараніў. У чэрвені 1945 года вярнуліся на радзіму, дзякаваць Богу, і сёння жыву. 10 гадоў быў касцельным. Сёння не магу да касцёла сам даехаць – малюся каля крыжа ў сваім двары, але ведаю, што зрабілі Кальварыю. Гэта, напэўна, Пану Богу падабаецца».
– Я падумаў, – працягваў далей ксёндз пробашч, – што стварэнне Кальварыі будзе знакам памяці аб вялікіх людскіх стратах, якія панеслі Налібакі ад ваюючых бакоў, а таксама аб расстраляных у 1943 годзе ксяндзах – Юзафу Байка і Юзафу Барадыну, а крыж на мясцовай Галгофе будзе сімвалам яднання: зямлі – з небам, людзей – з Богам, жывых – з тымі, хто папярэдзіў нас на дарозе да вечнасці…

 

Ружанецf-str-15-1
Яшчэ ксёндз-пробашч палічыў, што Кальварыя адметным спосабам  павінна абавязкова ўвасабляць у сабе сэнс Ружанца, таму што менавіта дзякуючы Ружанцу наша вера захавалася. Сваімі  думкамі падзяліўся з парафіянамі,  гэта было  тры гады таму, і яны падтрымалі, пачалі выказваць свае прапановы, збіраць сродкі. Вялікую пад-трымку – ад ідэі  да  канчатковай  яе рэалізацыі – аказаў сельскі выканаўчы камітэт  і  яго старшыня Аляксандр  Пілінкевіч – дбайны гаспадар і адмысловы кіраўнік  мястэчка. Непасрэднымі працамі занялася сям’я Мазуноў – Фелікс і Ганна. Фелікс прадумаў і выканаў макет, узгадніў яго з пробашчам, мясцовымі ўладамі. Калі пачалі рыхтаваць пляцоўку, звозіць пясок, камяні – спатрэбіліся  рукі старэйшага  ўнука  Арцёма, зяцёў Аляксандра і Віталіка. Актыўна працавалі  таксама  вадзіцелі Генадзь Юргель  і светлай памяці Анатоль Чэнка.
…І вось яна – Кальварыя, рукатворная гара, якая вырасла за год з паловаю ў гонар тых, хто, напэўна, даўно ўжо ў нябёсах. Даволі значных памераў (12 м у вышыню, прыкладна  10 м у радыусе) “копішча” з усіх бакоў вымашчана камянямі, якія звозілі з усяе  акругі. Па акружнасці, на роўнаўдаленых адлегласцях, 15 умураваных  каплічак. Выява кожнай з іх прысвечана канкрэтнай Таямніцы Ружанца – малітвы, якая спалучана з роздумам пра падзеі з жыцця Езуса і Панны Марыі. Яны – быццам старонкі Святога Пісання: “Звеставанне Найсвяцейшай  Панне Марыі”, “Адведзіны Паннай  Марыяй святой  Аліжбеты”, “Нараджэнне  Езуса Хрыста”…  Таямніцы f-str-15-2радасныя, святла, хвалебныя… Колькі разоў  прачытаныя, але ці да канца  асэнсаваныя?..
Дарэчы, кожная каплічка мае свайго ахвярадаўцу, і сярод іх – імёны пляменніцы, а таксама  дзвюх  настаўніц  ксяндза  Мар’яна  (з Польшчы), сямей Чыж і Рафальскай з Мінска, самага старэйшага парафіяніна, 105-гадовага  Яна  Чарняца,  праваслаўнага  сужэнства  Аляксандра і Ніны  Пілінкевічаў, Фелікса і Ганны Мазуноў. Фундатарамі кап-лічак-таямніц  Ружанца  сталі вернікі  вёскі  Янкавічы,  дзеці, унукі  і праўнукі Франца Дубіцкага, які клаў камяні на касцёл (будаўніцтва храма пачыналася ў 1933 годзе), іншыя  хрысціяне.

 

 

Камяні Катэхізіса

 

 130  камянёў-напамінкаў, на якіх абазначаны  самыя важныя "пункты" з навукі  Касцёла: асноўныя малітвы,  святыя сакрамэнты, Запаведзі любові, Дары Духа Святога, найважнейшыя хрысціянскія ўчынкі...

130 камянёў-напамінкаў, на якіх абазначаны самыя важныя «пункты» з навукі Касцёла: асноўныя малітвы, святыя сакрамэнты, Запаведзі любові, Дары Духа Святога, найважнейшыя хрысціянскія ўчынкі…

… Крыж, што ўзвышаецца на Кальварыі ў Налібаках, бачны здалёк. Прымушае прыцішыць крок, хочацца каля яго пастаяць, падумаць пра бясконцасць, адчуванне якой распаўсюджваецца ад краявіду наўкола… І крыж абяцае нам гэтую бясконцасць, ён – брама да вечнасці, куды імкнемся праз цяжкую працу, няўдачы, памылкі, сумненні, грахі і жаль… Часам шпарка ляцім да яе, а часам ледзь блытаемся па сваёй дарозе жыцця… Штодзённасць стамляе, просім падтрымкі ў Бога і не губляем надзеі, прагнем вышыні, чысціні, неба! У Пана Езуса вучымся f-str-15-3цярпенню, мужнасці, трываласці, пра якую  нагадваюць  таямніцы балесныя – “Ма-літва Езуса ў садзе Аліўным”,  “Бічаванне Езуса”, “Укаранаванне Езуса цернем”, “Езус нясе крыж на гару Кальварыйскую”, “Укрыжаванне і смерць Езуса”. Яны размешчаны ў каплічках па “дарозе” да велічнага крыжа, якая налічвае сорак ступенек. Па ступеньках паднімаемся ўверх, памятаючы з Евангелля, што сорак дзён  Езус правёў у пустыні ў адзіноце, пасце і малітве, рыхтуючы сябе да выканання місіі, дзеля якой прыйшоў на зямлю, а сатана выпрабоўваў яго. Таямніцы Ружанца дапамагаюць  нам разважаць жыццё і ахвяру Збаўцы. Для нас сорак  ступенек  уверх  –  імгненне, хоць і моцна хвалюючае, але якой колькасці ступенек “адпавядае” нашае жыццё? Што ў ім мы робім  не так? І што павінны рабіць, каб крыж на мяжы жыцця і  смерці  быў  нашым  вянцом, а не прысудам?
Ведаеце, той, хто быў ці яшчэ будзе на Кальварыі ў Налібаках, сам з лёгкасцю адкажа на гэтае зусім не рытарычнае пытанне. Невыпадкова стварыцелі  мясцовай Галгофы каля  падножжа яе размясцілі 130 камянёў-напамінкаў. Гэта значыць, на 130 камянях абазначылі самыя важныя “пункты” з навукі Касцёла: асноўныя  малітвы, сакрамэнты Касцёла, Запаведзі любові, Дары Духа Святога, сем галоўных грахоў, пяць касцёльных наказаў, найважнейшыя  хрысціянскія ўчынкі, учынкі міласэрнасці і г. д., і г. д. Звяртае на сябе ўвагу асабліва вялікі камень – камень Майсея, што  нагадвае пра Дзесяць Божых Запаведзей, якія даў яму Бог на гары Сінай…  Асэнсаваўшы такі незвычайны каменны “канспект” з  навукі Касцёла, вы зробіце выснову: каб дайсці да неба, трэба ўсё гэта ведаць, маліцца і выконваць. Налібаччане трапна назвалі  іх  камянямі Катэхізіса.

 

Ушанаванне

Пробашч парафіі ксёндз-канонік  Мар'ян  Шэршань (другі злева) разам  з  сям'ёй Мазун – Феліксам і  Ганнай  і  Вячаславам Шэйна,  фундатарам  адной  з  каплічак-таямніц  Ружанца на Кальварыі.

Пробашч парафіі ксёндз-канонік Мар’ян Шэршань (другі злева) разам з сям’ёй Мазун – Феліксам і Ганнай і Вячаславам Шэйна, фундатарам адной з каплічак-таямніц Ружанца на Кальварыі.

І яшчэ пра крыжы. Непадалёку ад камянёў-напамінкаў – кавалак зямлі заняты старымі крыжамі. Стаяць  адзін пры другім… І з надпісамі і без надпісаў… З гэтымі  крыжамі ў  розныя гады адыходзілі з зямнога жыцця налібаччане… Кожны з нас ведае, якімі  бываюць  лёсы  крыжоў. Пэўны час яны стаяць на магілках, пасля ўзвядзення помнікаў некаторыя  людзі не ведаюць, што з  імі  зрабіць, і пакідаюць ці за помнікам, ці збоку, баючыся разабраць яго на дэталі і спаліць… Бывае, што з родных памерлага ўжо нікога і не засталося, каб гэты асноўны хрысціянскі сімвал не пакінуць занядбаным.  І зусім  жахліва глядзець, калі заімшэлы крыж-дрэўца трухлее ў траве. У Налібаках такія крыжы клапатліва паднялі з  зямлі,   зняслі ў адно месца  і ўшанавалі будаўнікі Кальварыі.
А мы з вамі – ці  да канца асэнсавалі  крыж? Той, на якім Езус Хрыстус прыняў смерць, каб адкупіць нас?.. І крыж, які сустракае пры ўездзе ў горад, вёску, мястэчка,  дзе  жывуць  руплівыя  хрысціяне?.. І той, што носім на шыі і да якога тулімся вуснамі ў хвіліну бяспекі?
– Крыж на мясцовай Кальварыі  ўтварае супакой для ўсёй ваколіцы, –  заўважыў той, хто казаў пра сябе, што адпачывае тут. І быў гэта Фелікс Мазун, а ён да  Кальварыі мае непасрэднае дачыненне.

 

 

 

 

                        Раіса СУШКО.
Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD.
і з архіва парафіі


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий