Кс. Станіслаў Паўліна: «Генерала над сабою не адчуваў»

100 гадоў з дня нараджэння кардынала Казіміра Свёнтка

Год 1994-ы. Ксяндза Тадэвуша Шэшка на пасадзе канцлера курыі Пінскай дыяцэзіі змяняе ксёндз Ста-ніслаў Паўліна, FDP, які не разлучаецца  з кардыналам  Казімірам Свёнткам да астатніх дзён яго жыцця. Зараз жыве і працуе ў  Варшаве. У жніўні бягучага года ксёндз доктар Станіслаў Паўліна прыяз-джаў у Пружаны. У касцёле св. Міхаіла Арханёла, дзе ў 1939­­–1941 гг. вікарыем служыў малады кс. Казімір Свёнтэк, цэлебраваў урачыстую святую Імшу і асвяціў памятную дошку ў гонар 100-годдзя з дня нараджэння Кардынала. Шаноўны госць даў згоду на інтэрв’ю нашаму часопісу.

f-str-22– Паважаны ксёндз доктар, побач з кардыналам Казімірам Свёнткам Вы працавалі 17гадоў; хочацца думаць, ніхто не быў з ім бліжэй у тых галоўных справах Касцёла – а менавіта ў адраджэнні Касцёла на Беларусі, – чым Вы. Ці памятаеце сваю першую сустрэчу,  дзе яна адбылася?
– Так, 17 гадоў – не 17 дзён. З ксяндзом кардыналам Казі-мірам Свёнткам мы былі знаёмы раней, чым я стаў канцлерам курыі ў Пінску. Ведаў аб ім з вуснаў ксяндза  Станіслава Рыжко, пробашча парафіі ў Лагішыне, чый брат Зыгмунт  быў таксама ў нашым Ордэне. Час ад часу яны кантактавалі, і кс. Станіслаў і кс. Зыгмунт расказвалі нам пра кс. Казіміра, пра  напаткаўшы яго лёс, пра тое, колькі пацярпеў ён за веру Хрыстову. 10 гадоў турэмнага зняволення адабралі здароўе у ксяндза Казіміра, і вярнуўся ён, можна сказаць, фізічна вычарпаны і зруйнаваны – хворыя вочы, ныркі, сэрца, пазваночнік, таму быў вымушаны звяртацца, даволі часта, за медыцынскаю дапамогаю.

Падчас перанясення рэліквій св. Андрэя Баболі ў касцёл Узвышэння Святога Крыжа 14 верасня 1999 года. г. Іванава Брэсцкай вобласці.

Падчас перанясення рэліквій св. Андрэя Баболі ў касцёл Узвышэння Святога Крыжа 14 верасня 1999 года. г. Іванава Брэсцкай вобласці.

Я і мае субраты працавалі капеланамі ў многіх варшаўскіх шпіталях, нам было няцяжка дамовіцца на кансультацыю для яго,  ці на канкрэтную  дапамогу. Прыязджаў у Варшаву, у шпіталь “Дзіцятка Езус”,  перанёс там некалькі аперацый і ніколі не паказаў, не паскардзіўся, што яму цяжка.  Таму мы зналі яго ў першую чаргу як чалавека, які моцна цярпеў не толькі з-за недахопу здароўя, але і ў сувязі з пераследам Касцёла. У гэтым цярпенні быў трывалы, панаваў над ім, бо ведаў, што скончыцца; меў у гэтым жыццёвае сведчанне з часоў “акадэміі”, якую скончыў у лагерах. Можна сказаць, цярпенне ксяндза Казіміра нас пазнаёміла і зблізіла. І тое цярпенне,  якое замыкала яго зямное жыццё, таксама прайшло з намі.
Калі кардынал Юзаф Глемп, прымас Польшчы, наведаў  Расію і Беларусь (5-7 верасня 1988 г.) і расказаў нам пра патрэбы Касцёла ў гэтай краіне, пачалася праца ў накірунку духоўнага акармлення паствы на Беларусі. Тады кс. пралат Казімір  Свёнтэк звярнуўся да мяне як да правінцыяла Ксяндзоў Арыяністаў у Польшчы, каб накіраваў у Пінскую дыяцэзію, дзе ён быў вікарыем генеральным, хоць бы аднаго святара.
Правінцыяльная Рада рашэнне прыняла не адразу. Праз некаторы час, акурат быў перыяд  Вялікага Посту, на спатканне з ксяндзом пралатам Казімірам у Пінску выбраліся мы траіх – кс. Станіслаў Рыжко, кс. Зыгмунт Рыжко і я.  Прынятыя мы былі надзвычай сардэчна.  Кс. пралат накіраваў нас у розныя раёны архідыяцэзіі і дыяцэзіі. І, такім чынам, выконваючы абавязкі правінцыяла, я застаўся выконваць абавязкі пробашча, з усімі неабходнымі паўнамоцтвамі: правядзенне кароткіх Вялікапостных рэкалекцый, удзяленне сакрамэнтаў споведзі (невымерна доўгія чэргі), удзяленне сакрамэнтаў хросту, благаслаўленне сужэнстваў і інш. З тым набыткам, радасныя, вярнуліся мы пасля Вялікадня ў Польшчу. Расказалі аб тым, што бачылі. Я меў шырокае поле для апісання як правінцыял і як выкладчык Вышэйшай Духоўнай Семінарыі. З’явіўся цэлы спіс жадаючых да душпастырскай працы на Беларусі.

Падчас благаслаўлення св. Янам Паўлам II абраза, які змешчаны ў галоўным алтары архікатэдры Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску.

Падчас благаслаўлення св. Янам Паўлам II абраза, які змешчаны ў галоўным алтары архікатэдры Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску.

І так сталася. Правінцыяльная Рада прыняла рашэнне: уключаемся ў працу “Аднаўленне ў Хрысце” супольнасцей, з якімі прыдзецца працаваць на Палессі. Тады, у 1990 г., па узгадненню з кс. бп. Тадэвушам Кандрусевічам, Апостальскім Адміністратарам  Мінскай дыяцэзіі для католікаў на Беларусі,  у парафію Лагішын быў накіраваны  кс. Міраслаў Жлабінскі FDP, з абавязкамі дапамогі кс. пралату Казіміру Свёнтку ў Пінску.  У сваю чаргу, калі  кс. пралат  Казімір Свёнтэк стаў біскупам, запрасіў яшчэ аднаго святара, каб  выконваў абавязкі душпастыра ў парафіі Пінскай, а таксама канцлера курыі. Тады, у 1991-м, я направіў у Пінск  кс. Тадэвуша  Шэшка, FDP, якога сам і змяніў у 1994 г. Я быў накіраваны на службу пробашчам адразу ў чатыры парафіі – Пінск, Янаў Палескі, Асавую, Столін і адначасова – канцлерам курыі  Пінскай дыяцэзіі, а на працягу  першых 10 гадоў – і выконваючым абавязкі канцлера Мінска-Магілёўскай Архідыяцэзіі.

– Канцлер – правая рука Ардынарыя. Скажыце, калі ласка, ці кожны Ваш крок павінен быў быць узгоднены з ксяндзом кардыналам, ці Яго Эмінэнцыя даваў Вам свабоду дзеяння? І чаго было болей, з яго боку, у адносінах да канцлера – даверу ці кантролю?
– Перад маім  прызначэннем у Пінск я быў працаўніком  правінцыяльнай курыі нашага Ордэна ў Варшаве, капеланам у арцыбіскупа Браніслава Дамброўскага, Генеральнага сакратара Епіскапату Польшчы, f-str-25таму абавязкі канцлера і капелана біскупа  для мяне былі добра знаёмыя. Ксёндз кардынал Казімір Свёнтэк чытаў усю карэспандэнцыю і разглядаў усе справы, якія прыходзілі на курыю, я  рыхтаваў пісьмы, адказы на розныя запросы. У сваіх дакладах яму я павінен быў быць канкрэтным, а мае прапановы і вывады – аргументаванымі. Што датычыцца вольнасці, яна была абсалютная, зразумела, у працы, у тварэнні, а не па-за плячыма Кардынала. Кардынал Казімір сам быў адкрыты і просты, не рабіў  між намі бар’ераў і не саромеўся сказаць тое, што думаў. Ён быў даступны і настойлівы;  ніколі не абразіў, і я ніколі не адчуваў над сабою генерала! Да таго ж ён быў чалавекам вельмі далікатным, цаніў працу іншых. Такі прыклад. У 1996 – 2000 гг. праходзіў Сінод Архідыяцэзіі Мінска-Магілёўскай і Пінскай дыяцэзіі. Мудры арцыпастыр, ён добра ведаў узровень рэлігійнасці насельніцтва,  абмежаваную  (у сувязі з гістарычнымі акалічнасцямі) рэлігійную практыку ў большасці парафій, адсутнасць катэхізацыі наогул, таму мэтаю яго было перш за ўсё – адчуць настрой як мага большай колькасці людзей свецкіх, якія імкнуцца пазнаць Бога, каб даведацца пра іх духоўныя патрэбы і дапамагчы гэтыя патрэбы задаволіць. Кожная тэма, якую разглядаў Сінод, папярэдне абмяркоўвалася на парафіях, у дэканатах, над ёю працавалі адпаведныя камісіі, разглядалі матэрыялы, якія паступалі з розных куткоў архідыяцэзіі і дыяцэзіі, а канчатковую апрацоўку павінен быў рабіць я, таму што быў прамоўтарам Сіноду, значыць  адказным за яго ход, працу і вынікі. Аднойчы Кардынал кажа мне: “Кс. канцлер, я гэтую тэму ўжо апрацаваў”. Я – у адказ:  “Эмінэнцыя, дык і я апрацаваў!”. Тады ён, нібы жартам, паціху: “Як, кс. канцлер,  думаеш, ці ўдасца нам ажаніць іх?..  Можа ўдасца, паспрабуем!”. Іншы на яго месцы сказаў бы: “Пакінь тое, што апрацаваў я, і кропка!”. Але Кардынал ніколі не дапускаў бестактоўнасці да іншага, заўсёды цаніў працу чалавека. Мяне не кантраляваў, часам толькі  пытаў, як развіваецца сітуацыя з тою ці іншаю справаю – яго давер быў абсалютным. І такая яго пазіцыя абавязвала быць верным і любіць. Мне падабалася атмасфера ў курыі – была яна адкрытай, шчырай, і ніякіх грымасаў ніхто нікому не паказваў.

– Ксёндз доктар, а ці здаралася, што Кардынал быў не задаволены працаю канцлера?
– Мне цяжка адказаць на такое пытанне, бо сам я гэтага ніколі не адчуў, а ён аб гэтым ніколі мне не паведаміў. Быў шчыра ўдзячны за маю пазіцыю і працу, аб чым многа разоў даводзіў святарам і Сталіцы Апостальскай. Таму я быў узнагароджаны  знакам  “Pro Ecclesia et Pontifice”, які ў 2008 г. у Пінскай катэдры ўручыў кардынал Тарчызіо Бэртонэ, Дзяржсакратар Апостальскай Сталіцы. Мне  было таксама даручана суправаджаць кс. кардынала Казіміра  падчас  візіту  “Ad limina apostolorum” у 2008 г., прымаючы удзел  разам з нашымі біскупамі ва ўсіх, за выключэннем двух, пасяджэннях.

– Скажыце, калі ласка, як ацэньвалася фігура Кардынала на той час людзьмі, і як рэагаваў на гэта сам Кардынал?
– Па-рознаму. Вельмі многа часу ён праводзіў з людзьмі, ездзіў ад парафіі да парафіі, сам ацэньваў стан касцёлаў, жыццяздольнасць парафій і імкнуўся, як кажуць, усё бачыць на свае  вочы. Такая  пазіцыя  іерарха не ўсім падабалася, не заўсёды быў правільна зразумелы іншымі. У шматлікіх размовах з людзьмі ён быццам шукаў для сябе адказу на пытанне: “Што, на дадзены момант, я магу даць  Касцёлу?”. І  адказ знаходзіў такі: “Сваю прысутнасць”. Да сябе адносіўся таксама крытычна, не любіў доўгіх дыскусій, бо  быў чалавекам справы, які не траціць час попусту. Бясконца шукаў грошы – на адраджэнне і пабудову святыняў, на рамонт  Мінскай архікатэдры і Духоўнай Семінарыі ў Пінску было патрэбна грошай шмат – і гэта было хіба самай цяжкай справай. Звяртаўся да сваіх знаёмых, святароў і ў рамах былога Савецкага Саюза, і за мяжою. Я таксама ездзіў разам з ім у Германію,  Польшчу, Аўстрыю, Італію. Кардынал не саромеўся прасіць. Моцна радаваўся, калі нешта атрымоўвалася, і не абрываў сяброўства ў выпадку, калі яму на тую хвіліну ў фінансавай дапамозе адмаўлялі. Але не ставіў сябе на “чатыры лапкі” – ведаў, кім ёсць! І ніколі не губляў пачуццё аптымізму – меў цэлы  куфэр аптымізму ў сваім сэрцы!
У Кардынала было заўсёды многа замыслаў, планаў, і ён іх, з Божай дапамогай, паспяхова рэалізоўваў. Бадай, самы яскравы прыклад – адбудова Мінскай архікатэдры Найсвяцейшай Панны Марыі. Гэта было перамогаю Кардынала ва ўсіх сэнсах.  Ну а Пінскую катэдру, як вядома, адбудаваў, будучы яшчэ ксяндзом парафіі, і дапамог яму фінансава ў гэтым святар з Украіны, былы “калега” па зняволенню…
Хацеў бы дадаць, што пошук грошай за мяжою для аднаўлення храмаў – не адзіны занятак для ксяндза кардынала Казіміра. Усе ведалі і высока цанілі яго асабістае імкненне да культуры. Кардынал Свёнтэк будаваў не толькі сцены святыняў і людскія душы, але і будаваў свой унутраны свет, узбагачаў інтэлект. Прыязджаем, напрыклад, у Варшаву, і кожную вольную гадзінку ён імкнецца выкарыстаць, каб пайсці ў тэатр, філармонію, ці наведаць выставу жывапісу. Захапляўся спортам, як гімназіст, нават заваяваў спартыўныя адзнакі, сачыў за рознымі чэмпіянатамі свету, і гэта вызывала заўжды захапленне яго натураю, асабліва з  боку маладых святароў! У сваю чаргу, Кардынал таксама з вялікім  шанаваннем адносіўся да маладых душпастыраў – апекаваў іх, як родны бацька. Пад-крэсліваў: “Кожны ксёндз – гэта  сапраўдны скарб”.

– Ксёндз Станіслаў, дазвольце яшчэ пытанне: у чым заключаецца самы галоўны вывад жыцця, які Вы зрабілі асабіста для сябе, назіраючы кардынала-працаўніка?
– Служба Касцёлу ёсць найвышэйшы  сэнс  жыцця. Наш улюбёны і вялікі Арцыпастыр стаў своеасабліваю кнігай, якую будуць імкнуцца  адкрыць гісторыкі,  тэолагі, пісьменнікі,  сцэнарысты, кінарэжысёры,  як гэта ўжо спрабуюць рабіць, але сапраўды адкрыць яе мог  толькі Беззаганны Баранак, Езус Хрыстус, Арцыпастыр навекі, а калі яе адкрыў, усталявалася ў небе ціша дзесьці напаўгадзіны, а потым наступіла вечная, святая літургія (пар.  Ап 8, 1-13).

– Шчырае дзякуй, ксёндз доктар, за размову. Няхай Добры Бог будзе побач з Вамі на кожным кроку Вашага жыцця, а памяць пра Кардынала – Чалавека, Асобу, Святара – жыве вечна!

 Размаўляла Раіса СУШКО. Фота Карнэлія КОНСЭКА, SVD

і з альбома «Fidei testis» – «Сведка веры».


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий