…Наўрад ці знойдзецца сярод чытачоў часопіса той, хто б не адчуваў, не разумеў, у якой вялікай небяспецы апынулася сучасная сям’я. Нават тыя, хто прысягаў Богу, прымаючы сакрамэнт сужэнства ў святыні, часам не могуць супрацьстаяць сілам зла, што так агрэсіўна і адкрыта руйнуюць людскую любоў і лёсы… Але сужэнства і сям’я заўсёды былі адным з першасных клопатаў Касцёла. Пра гэта – у размове з біскупам Аляксандрам Яшэўскім, SDB, які мінулым летам узначальваў дэлегацыю ад ККББ на Х Сусветнай сустрэчы сем’яў у Рыме.
–Ваша Эксцэленцыя, шаноўны ксёндз біскуп! Як лічыце, чым выкліканы такі пільны клопат Касцёла пра сужэнства і сям’ю?
– Сужэнства і сям’я з’яўляецца адной са шматлікіх дарог, па якіх чалавек ідзе ў пошуках сэнсу жыцця. Разам са штодзённай працай гэта найбольш важная сфера чалавечага існавання. Таму Касцёл, зацікаўлены жыццём чалавека, чалавечнасцю кожнага з нас, так шмат увагі ўдзяляе тэме сужэнства і сям’і. Да розных яе аспектаў ва ўсе часы звярталіся ўсе Пантыфікі. Асаблівая ўвага надавалася гэтай тэме падчас Пантыфікату Св. Яна Паўла II. “Касцёл падзяляе радасці і надзеі, смутак і трывогу штодзённага шляху людзей”, – падкрэсліваў ён у Пасланні да сем’яў (“Gratissimam sane”, 1, 1994 год). І калі ўважліва перачытаем Святое Пісанне, убачым, што і нашыя далёкія продкі перажывалі праблемы сям’і, а былі яны ў самым чалавеку.
Каб пераканацца ў гэтым, дастаткова ўзгадаць добра вядомы ўсім урывак з Евангелля паводле Св. Мацвея (19, 3–9), дзе апісваецца дыялог паміж Езусам і фарысеямі аб непарыўнасці сужэнства. Пытанне фарысеяў да Езуса не датычылася законнасці разводу. Яны пыталіся аб прычынах, якія маглі б апраўдаць прымяненне гэтага закону. Сярод правазнаўцаў таго часу вялася дыскусія: ці сапраўды ёсць толькі адна прычына для выкарыстання гэтага дазволу, а менавіта чужаложства жанчыны, ці гэтыя прычыны могуць быць розныя? Езус адказвае: “Хіба вы не чыталі, што Стварыцель спачатку стварыў іх мужчынам і жанчынай” (Мц 19, 4).
Што гэта значыць? Сужэнства трэба разглядаць не з пазіцыі таго, што з яго ўчынілі людзі, а ў святле таго, як задумаў і стварыў інстытут сужэнства і сям’і сам Бог. Калі скульптар вырашае вылепіць статую з мармуру, ён на самым пачатку мае ідэю, кіруецца натхненнем, якое хоча рэалізаваць, затым усё разам увасабляецца ў мармуровай скульптуры. Таксама і Бог мае сваё ўяўленне пра сужэнства. У стваральным акце Бога яно было закладзена ў структуру чалавечай асобы. Асоба мужчыны і асоба жанчыны, такія, якімі яны з’яўляюцца – іх дух, псіхіка і цела – былі створаны Богам для сужэнскага жыцця.
Такім чынам, ідэю пра тое, што Стварыцель падразумявае пад сужэнствам, варта разглядаць не як закон або ідэал, а як адзіную і адвечную праўду пра чалавечую асобу. Менавіта на гэта скіроўвае нашу ўвагу Езус. Слова Хрыста “спачатку” азначае пастаянную, стваральную Божую прысутнасць у асобах мужчыны і жанчыны.
Фарысеі добра разумеюць, што мае на ўвазе Езус, і калі яны распачынаюць дыскусію ў гэтым кірунку, іх словы пазбаўляюцца сэнсу. “Чаму ж, –пытаюцца яны, – Майсей загадаў даць разводны ліст і адпусціць яе?” (Мц 19, 7). Перафразуючы словы фарысеяў, можна сказаць: “Добра, калі Ты кажаш праўду, то Бог сам сабе супярэчыць. Ты кажаш, першапачатковай ідэяй Бога з’яўляецца непарыўнасць сужэнства, а Майсей, які таксама дзейнічаў у імя Бога, дазваляе развод. Чаму ж так адбываецца?”.
У гэты момант Езус уводзіць у дыскусію аргумент, які датычыць новай і трагічнай рэчаіснасці, – “упартасць сэрцаў”. Што гэта значыць? Упартая воля чалавечай асобы, яго ўласнае “я” імкнецца адмовіцца ад таго, што было спачатку, у першапачатковым плане Бога. У сучаснасці стан чалавечай асобы ўжо не выглядае так, як было спачатку. Гэта тое самае, што накідаць камянёў або зямлі ў чыстую крыніцу. Вада будзе далей цячы, але паток знікне. Гэтак жа адбываецца з мужчынам і жанчынай, якія ўступілі ў сужэнства, да чаго былі пакліканыя Богам, але з-за беднасці сваёй волі, з-за ўпартасці сваіх сэрцаў сталі няздольнымі назаўжды зберагчы сужэнства перад Богам.
–А калі сужэнства развальваецца – прыходзяць новыя наступствы…
–Зразумела, да таго ж Касцёл моцна клапоціцца пра генеалогію або, інакш кажучы, пра радавод чалавека. Растлумачу: зачацце чалавека з’яўляецца вялікай падзеяй, вынікам творчага акту Бога і плёнам сужэнскай любові. Ніхто з нас не прыходзіць у свет выпадкова або па неабходнасці.
Паходжанне чалавека ўпісана ў біялогію пакаленняў. Калі мы будзем усведамляць тое, аб чым я толькі што сказаў, будзе няцяжка зразумець, які спосаб і якія ўмовы чалавечага зачацця найбольш годна адпавядаюць творчаму дзеянню Бога. Калі сужэнцы ўсведамляюць, што яны зачалі новую чалавечую асобу, то яны павінны таксама ў поўнай меры разумець, што менавіта Бог хацеў існавання гэтага чалавека і хацеў яго для сябе, а не для бацькоў. Гэта важная і глыбокая прычына, па якой толькі сужэнскі акт, у якім муж і жонка становяцца адным целам, з’яўляецца годнаю ўмоваю для зачацця новага чалавека.
Прадукаванне чалавечай асобы ў лабараторыі – праява сур’ёзнай непавагі да яе годнасці, бо дзіця трэба зачаць, а не прадукаваць. Гэта яшчэ адна важная прычына, па якой Касцёл моцна зацікаўлены праблемамі сям’і, бо сям’я – гэта месца, дзе чалавеку гарантавана годная генеалогія або, інакш кажучы, годны радавод для паўнаты і росквіту яго чалавечнасці.
– Аналізуючы сучасны стан сужэнства і сям’і, многія аналітыкі прыходзяць да высновы, што заходнія ідэі, погляды і прапановы ўсё больш і больш знаходзяць падтрымку ў нашай беларускай рэчаіснасці. Ці падзяляеце Вы іх кропку гледжання?
– Відавочна, і гэта не проста “погляды”, а сапраўдныя пагрозы для сучаснай сям’і, такія як адмаўленне ад дзетанараджэння, якое рэалізуецца праз аборты, кантрацэпцыю і эгаістычнае жаданне жыць “для сябе”. Як вядома, з адмаўленнем ад дзяцей цесна звязаны і глабальны дэмаграфічны крызіс. Пералік агрэсіўных пагроз вялікі: гендэрная ідэалогія; аднаполыя саюзы; сучасныя дапаможныя рэпрадуктыўныя тэхналогіі (штучнае апладненне, сурагатнае мацярынства і інш.); сучасная тэндэнцыя да таго, каб ужо на стадыі развіцця эмбрыёна гэнетычна яго мадэляваць паводле сваіх пажаданняў (колер вачэй, пол і г.д.); пашырэнне агрэсіўнага фемінізму, які таксама стаіць каля вытокаў грандыёзнага крызісу сучаснай сям’і; эўтаназія не толькі для старых, хворых, інвалідаў, але нават і для дзяцей.
На жаль, сучасныя тэндэнцыі і погляды на сужэнства і сям’ю, якія ўзнікаюць у тым ліку ў касцёльным асяроддзі і супярэчаць аб’ектыўнай праўдзе пра сужэнства і сям’ю, аб’яўленай у Бібліі, таксама становяцца пагрозай.
– У апошнія гады сярод моладзі пашыраецца тэндэнцыя “грамадзянскіх” саюзаў, што моцна шкодзіць сапраўднаму хрысціянскаму сужэнству. Ваша Эксцэленцыя, як лічыце, ці можна выратаваць сям’ю на сучасным этапе развіцця грамадства?
– Улічваючы сказанае вышэй, Касцёл мяркуе, што ўмовай выратавання сужэнства і сям’і ў сучасных абставінах павінна стаць евангельскае слова “спачатку”. Неабходна нанова адкрыць першасны план Стварыцеля адносна сужэнства і сям’і. Навучаць, асвячаць і кіраваць, суправаджаючы чалавека на яго жыццёвых дарогах, – гэта і ёсць шлях Касцёла.
Патрэбна таксама ўлічваць, што сужэнства і сям’я важныя не толькі для Касцёла, але і для сучаснага чалавека ўвогуле. Пацвярджэннем таму з’яўляюцца даследванні ў гэтай сферы. Пры дапамозе сацыяльнай сеткі “Інстаграм“ было праведзена апытанне сярод 470 чалавек, якія пажадалі прыняць у ім удзел: 250 падлеткаў ва ўзросце 14–18 гадоў склалі 48,9% апытаных,170 маладых людзей ва ўзросце 19–35 гадоў склалі 36,2% ад агульнай колькасці ўдзельнікаў, 70 дарослых людзей ва ўзросце 36–60 гадоў склалі 14,9 % апытаных.
Удзельнікам было прапанавана сем закрытых пытанняў (“Ці даражыш сваёй сям’ёй?”, “Ці з’яўляецца для цябе сям’я каштоўнасцю?”, “Ці лічыш важнымі ўзаемаразуменне, узаемапрабачэнне і ўзаемную любоў паміж усімі членамі сям’і?”, “Ці лічыш, што для цябе важныя абое бацькоў – і тата, і мама?”, “Ці лічыш ты, што добрыя адносіны ў сям’і вучаць цябе будаваць добрыя адносіны ў грамадстве?”, “Ці згодны ты, што сям’я ставіць патрабаванні, але і дае апору?”, “Ці лічыш, што сям’я з’яўляецца важным элементам у будаванні грамадства?”), на якія трэба было адназначна адказаць “так” або “не”; і два адкрытыя пытанні, на якія патрэбна было даць асабісты абгрунтаваны адказ.
Адкрытыя пытанні гучалі так: “Калі сям’я для цябе важная, то чаму?” і “Як вы разумееце вартасць сакрамэнту сужэнства –замацавання сваіх адносінаў праз прысягу перад Богам у святыні?”. Усе тыя, хто адказаў на першае з адкрытых пытанняў, сур’ёзна абгрунтавалі сваё меркаванне: сям’я з’яўляецца гарантам многіх духоўных і матэрыяльных каштоўнасцяў; надзейнай апорай і падтрымкай; месцам, дзе можна адчуваць сябе ў бяспецы і дзе ёсць жыватворная крыніца любові.
На пытанне аб вартасці сужэнства адказы былі разнастайныя. Дарослыя ў большасці сваёй выказваліся станоўча, перакананыя, што толькі Божая дапамога “трымае” іх сужэнствы ў еднасці і непарыўнасці, а “глыбокі давер да Бога” дапамагае знаходзіць узаемаразуменне і сілы захоўваць сужэнскую прысягу да канца. Падлеткі ў большасці прызнаваліся, што нічога не ведаюць пра сакрамэнт сужэнства і таму не хацелі б даваць неабгрунтаваных адказаў.
Дарэчы, апытаныя з’яўляюцца вернікамі розных хрысціянскіх канфесій або называюць сябе атэістамі ці агностыкамі.
Падагульняючы вынікі апытання, варта адзначыць, што ўсе яго ўдзельнікі сцвярджалі, што толькі сям’я з’яўляецца гарантам многіх духоўных і матэрыяльных каштоўнасцяў; даражаць ёю, бачаць неабходнасць поўнага развіцця чалавечай асобы ў сям’і, дзе прысутнічаюць абое бацькоў; існуюць добрыя адносіны, бо менавіта яны будуюць і добрыя адносіны ў грамадстве. Многія ўдзельнікі даследвання падкрэслілі, што Касцёл у сучасным свеце мае вялікае поле дзеяння ў вучэнні пра сакрамэнтальнае сужэнства і пра сям’ю.
– Шаноўны ксёндз біскуп! Што б Вы хацелі пажадаць чытачам нашага часопіса?
– Адразу хацеў бы яшчэ раз падкрэсліць, што Касцёл моцна зацікаўлены сужэнствам і сям’ёй. Сям’я – гэта будучыня Касцёла і хрысціянскай цывілізацыі. Без моцных шматдзетных сем’яў, адкрытых на перадачу жыцця, мы асуджаныя быць маргіналамі, у нас не будзе ні святых місіянераў, ні манахаў, ні святароў, ні біскупаў. А без гэтага вельмі складана гаварыць пра рэальнае будаванне і рост Божага Валадарства.
Жадаю ўсім нам, членам Містычнага цела Хрыста, поспехаў у служэнні на карысць сужэнства і сям’і ў нашым беларускім грамадстве, а вам, дарагія сужэнцы і сем’і, зычу, каб пачуцці ўзаемнай любові, жаданне прайсці свой зямны шлях разам, якія прывялі вас пад вянец, з цягам часу ўзмацняліся і каб вы ясна разумелі, што толькі ў касцёльнай супольнасці магчыма ўзрастаць ў сужэнскім і сямейным жыцці так, як гэта за-планаваў і гэтага жадае Ўсемагутны Бог.
Пытанні задавала Раіса СУШКО.
Фота Карнэлія КОНСЭКА,SVD.