…А ўсё ж кожнага чалавека, відаць, часам падштурхоўвае думка – пабыць некаторы час аднаму. У адзіноце… Але ці такі стан магчымы ўвогуле? Хіба не, таму што, калі нават няма побач каго-небудзь з родных, калег і сяброў, мы не адныя, мы – з Богам. Чуем мы Яго ці не, але Ён існуе, нас бачыць, нашыя крокі і ўчынкі ацэньвае і нас любіць. Як любіць натоўпы пілігрымаў, што да Яго спяшаюцца, каб сустрэцца і з галавой акунуцца ў таямнічы і бясконца прыгожы свет Ягонага стварэння. Пра гэта і іншае – у інтэрв’ю з кс. Паўлам Рудзьманам, дырэктарам пілігрымкі Баранавічы – Будслаў, пробашчам парафіі Божай Міласэрнасці і Маці Божай Вострабрамскай у Баранавічах.
– Шаноўны кс. Павел, многа гадоў Вы ходзіце на чале пілігрымак і толькі што вярнуліся з чарговай. Чым для Вас асабіста з’яўляюцца гэтыя дзевяць ці дзесяць дзён? Гэта абавязак святара ці яго ініцыятыва?
– Правільней сказаць – жаданне. Жаданне быць, служыць, духоўна падтрымліваць вернікаў менавіта ў гэтым фармаце. Канечне, калі прымаеш на сябе абавязкі кіраўніка, з табою размаўляе дыяцэзіяльны біскуп і пытае, ці гатовы ты стаць духоўным лідэрам на час падарожжа. Але, калі справа дайшла ўжо да размовы з біскупам, значыць, гатовы, значыць, ты прыняў рашэнне, цябе нешта паклікала… Чым з’яўляецца пілігрымка для мяне? Адкажу так: калі пасля, на працягу года паўстаюць якія-небудзь цяжкасці самага рознага кшталту, калі не находжу выйсця з якога-небудзь складанага становішча, пачынаю пераглядаць фота, відэа з пілігрымак… Дапамагае! Пілігрымка – гэта як крыніца са сцюдзёнай вадой або як павеў свежага ветру ў гарачыню. А калі сур’ёзна – ёсць такое выказванне: дарога вучыць. З ім нельга не пагадзіцца, бо дарога сапраўды вучыць: цярпенню і трываласці, служэнню і разуменню, дабрыні і міласэрнасці, вучыць любіць бліжняга, як самога сябе. Асабіста мяне пілігрымка кожны раз пераконвае: служэнне іншаму – гэта маё! Сёлетняя пілігрымка была для мяне 25-й.
– …Чвэрць веку, кожны год? А памятаеце сваю першую пілігрымку як звычайны яе ўдзельнік? Раскажыце, калі ласка, якія ўражанні пакінула?
– Было мне 14 гадоў. Можна сказаць, што да таго моманту нідзе асабліва яшчэ не быў, а тут кс. Анджэй Мажэц, пробашч нашай парафіі ў Бярозе, прапаноўвае мне разам з іншымі міністрантамі прыняць удзел ў пілігрымцы Баранавічы – Будслаў. Хто ўпусціў бы шанс трапіць у такое загадкавае падарожжа – хіба ніхто. І напрыканцы чэрвеня цягніком адправіліся мы разам з пробашчам у Баранавічы. На начлег прыняў кс. Тадэвуш Волас, а раніцою наступнага дня адвёз на сваім вішнёвым бусе у касцёл Маці Божай Фацімскай. Адразу ўсё падалося незразумелым, таямнічым, але, калі пасля святой Імшы вырушылі ў дарогу непасрэдна, нашу нясмеласць і недасведчанасць, дзякуючы прастаце ксяндза Яна Глінкі (ён узначальваў пілігрымку), як ветрам здула. У святарах і клерыках-вярбістах, якія ішлі разам, мы ўбачылі звычайных і блізкіх людзей, якія размаўляюць з намі, як з роўнымі, ахвотна адказваюць на пытанні, дапамагаюць, разам з намі моляцца, разам вячэраюць і ўладкоўваюцца на начлег… А было нас усіх 200 чалавек! Упершыню прыйшла думка, можа, такая яшчэ дзіцячая, што так чалавек набліжаецца да Бога, і што гэта можа зрабіць кожны, хто пажадае… Менавіта тады пазнаёміўся з такімі, як сам, вольнымі па духу Юркай Медушэўскім, Яўгенам Голубам, Паўлам Ярашэвічам, сёння яны святары, якія таксама захавалі той юнацкі запал… Зараз разумею: з той першай пілігрымкі пачынаўся мой шлях на Будслаў, які доўжыцца па сёння, і адтуль пачынаўся мой шлях у святарства… У 2002 годзе я паступіў у Духоўную семінарыю, вызначыўшы служэнне Богу і людзям асноўным сэнсам свайго жыцця, таму падзяка Богу за гэтыя дваццаць гадоў і за людзей, якіх паставіў Усявышні на маім шляху, была адной з інтэнцый, якія нёс у сэрцы сёлета.
Першая пілігрымка пакінула ўспамін і пра здарэнне – у Налібоцкай пушчы мы заблудзіліся. Ад гэтага нам стала чамусьці весела, пачалі прыдумоўваць, чым справа скончыцца, але моцна спалохацца не паспелі – даволі хутка нас знайшла сястра Зэлія, MSF, якая, у прынцыпе, і начэквала з супрацьлеглага боку.
– Так, першая пілігрымка… А якая была самая яскравая?
– Кожная, без перабольшвання, была шчаслівым здарэннем года, у кожнай было штосьці непаўторнае, але што насамрэч хацелася паўтарыць. І было так: не паспеў аседзецца дома і загаіць мазалі, як зноў карцела збірацца ў дарогу, скарыстаўшы “урокі” папярэдняга маршрута, вучыць малітвы і песні, прыспешваючы час – хутчэй бы на Будслаў! У асобным радзе стаіць пілігрымка 2002 года. Я скончыў школу і на карысць свайго духоўнага падарожжа адмовіўся ад выпускнога вечара, чым моцна здзівіў аднакласнікаў. Настрой быў цудоўны, на працягу ўсяго шляху пілігрымы маліліся, я з імпэтам іграў на гітары і не заўважыў, як пальцы мае сталі “драўлянымі”. Але гэта яшчэ не ўсё: у нас сапсаваліся радыё-калонкі і каб малітва была чутна ўсёй групе, 12 самых спрытных хлопцаў, стаўшы ў дзве шарэнгі па 6 чалавек тварам у твар, трымаючыся за рукі, ішлі (адныя – “перадам”, другія – “задам”) і літаральна крычалі малітву Ружанца. Такім спосабам мы стваралі гук; малітва ж галоўнае, дзеля чаго ідуць людзі…
– А ці расказваюць, з якімі інтэнцыямі ідуць?
– Так, некаторыя расказваюць, дзеляцца жаданнямі, агучваюць інтэнцыі і просяць за іх памаліцца. Да Бога нясуць і свае асабістыя, і просьбы іншых людзей. Ёсць нават такое паняцце – духоўны пілігрым. Гэта той, хто па нейкіх прычынах пайсці не можа, даручае каму-небудзь сваю інтэнцыю, а сам застаецца дома і за пілігрыма штодня моліцца, каб той шчасліва дайшоў да Нацыянальнага санктуарыя, і каб Бог выслухаў яго ма-літоўныя просьбы. У інтэнцыі духоўных пілігрымаў на працягу ўсяго шляху цэлебруецца святая Імша.
– Як лічыце, адчуванне ўдзельніка адрозніваецца ад адчування кіраўніка пілігрымкі?
– Адрозніваецца прынцыпова, адчуў гэта, калі з-за пандэміі групавыя пілігрымкі два гады не арганізоўваліся, а “адзінкі” – хадзілі. Пазалетась нас было чацвёра святароў, і на кавалку дарогі з Дзераўной да Івянца а. Яўген “пацягнуў” нагу. Папрасіў: “Не ідзіце так хутка, да прывала не дайду…”. Крок сцішылі, а ў падсвядомасці – распарадак, маршрут, схемы, і толькі на трэці дзень скемілі: прывал для нас можа быць у любым месцы, мы ж не “прывязаныя” ні да групы, ні да касцёлаў і плябаній, начуем у палатках, па чарзе цэлебруем святую Імшу і “прагаворваем” адзін другому канферэнцыі.
З той пілігрымкі яшчэ адзін непаўторны ўспамін: раніца, ускрай лесу, молімся: “Маці Божая Будслаўская! Панна праслаўлёная! Да падножжа Твайго алтара, да месца, якое абрала Ты, каб з’явіцца людзям беларускай зямлі, наш пралягае шлях. Увесь цяжар пілігрымкі мы ахвяруем Твайму Сыну на знак вялікай удзячнасці за збаўленне роду людскога з моцы смерці. Кожны крок наш у гэтыя дні — на хвалу Яго, падзяка Яму, адданасць Яму. Кожны стук сэрцаў – падзяка Табе за тое, што нам дала Сына Збавіцеля. (…)
Маці Міласэрная! Прытулак грэшных! Ратуй нас з цемры бязвер’я, дапамажы адшукаць на заблытаных сцежках адзіны верны шлях да Твайго Сына. Навучы нас ніколі больш не здраджаць Яму ў жыцці часовым, каб заслужыць жыццё і радасць вечную. Амэн”.
…А наўкола такая цішыня, што вуха затрымлівае толькі дзве рэчы – малітву і спеў жаваранкаў, і гэты кайф займае дух. Божа, дзякуй Табе за гэты благаслаўлёны час, за духоўнае яднанне з Тваім бясконцым сусветам!
А летась ішоў адзін. За плячыма ўсё – палатка, начынне для цэлебрацыі Імшы, медыкаменты, газавая гарэлка, харч, а вонкавай дапамогі – ніякай і ніадкуль. Мінуў вёску Ільлю на Вілейшчыне, затрымаўся на беразе ракі, каб памыцца, а тут – “адпачываючыя”, “пад мухай”. Не спадабаўся ім мой вялізны горны заплечнік, убачылі крыж на шыі – і пачаліся прэтэнзіі: хто такі, што тут забыў? Каб не трапіць “у гісторыю”, я адышоў, зрабіўшы многа лішніх кіламетраў. На наступны дзень адчуў расцяжэнне звязак правай нагі, яшчэ праз дзень – расцяжэнне на левай. Апошнія 7 км перад Будславам літаральна кожны крок аддаваўся болем, утаймоўваў яго, “капаючыся” ў сабе, “пракручваючы” у сваёй галаве сітуацыі, абставіны і людзей, якія ў маім жыцці былі і якія ёсць – каго з падзякай, каго з малітвай аб навяртанні. Шлях быў фізічна цяжкі, успрымаў яго як пакуту, вызначаную мне Богам і адначасова – як Божае благаслаўленне “занырнуць” у сябе самога. Дарэчы, два разы служыў святую Імшу для пілігрымаў, якія ішлі паасобку і знайшлі мяне па мабільніку. Мы маліліся, разам абедалі і разыходзіліся кожны ў сваю дарогу, як практыкуюць ідучыя ў Сант’яга.
– Шаноўны ойча, Вы назапасілі столькі досведу і назіранняў, што можаце беспамылкова ацэньваць духоўныя плёны, якія ў выніку атрым ліваюць людзі. Што пра гэта думаеце?
– Калі абазначыць адным словам, гэта ўсё – евангелізацыя, і плёны ад яе атрымліваюць дакладна усе, каго гэта якім-небудзь чынам датычыць, нават тыя, хто на шчаслівыя натоўпы людзей, што ідуць у бок Будслава, выглядае з-за штыкетніка свае агароджы, усё яшчэ не рызыкуючы адчыніць веснічкі і пайсці разам… Канечне, за два з паловаю дзесяцігоддзі змянілася ўсё, пачынаючы ад экіпіроўкі паломнікаў да асвятлення адпачынку з Богам у СМІ (сёння пілігрымку глядзяць ан-лайн праз Інстаграм, ёсць акаўнты ў сацыяльных сетках, вядзецца праца па стварэнню электроннага дадатку для паломнікаў, жадаючых самастойна ісці па трасе Баранавічы-Будслаў). Справа гэта не такая, што сёння вырашылі і адразу пайшлі. Падрыхтоўка пачынаецца месяцаў за тры-чатыры, да дробязей удакладняюцца маршрут, прыпынкі, начлегі, месцы і час цэлебрацыі святых Імшаў, тэмы штодзённых канферэнцый і духоўных практыкаванняў, не гаворачы ўжо пра харчаванне і медыцынскае абслугоўванне. Працуюць над гэтым святары і валанцёры з ліку пілігрымаў, якія даўно “ураслі” у гэта амолены людзьмі шлях, на якім прыходзіць сапраўднае разуменне міласэрнасці, ахвярнасці, сяброўства, на якім нараджаецца дружба і любоў, дзе ўпершыню знаёмяцца будучыя сужэнцы…
А калі параўноўваць падрыхтаванасць і настрой пілігрымаў, то мне падаецца, што моладзь майго пакалення была фізічна мацнейшая, болей загартаваная і прызвычаеная да бытавых нязручнасцей; не палохаў іх і начлег у якой-небудзь адрынцы, калі не хапіла месца ў школе ці не “разабралі” іх па сем’ях… Сёння патрабаванні да ўмоваў іншыя, і гэта лагічна. Але сёння змяніўся і падыход улады, кіруючых органаў да духоўных патрэбаў вернікаў, з іх боку мы сустракаем паразуменне і падтрымку.
Моцна цешыць і цешыла заўсёды стаўленне да пілігрымаў з боку жыхароў вёсак, праз якія ідзём, асабліва гасцінны Івянецкі край: сустракаюць хлебам-соллю, частуюць печывам, малаком і хлебным квасам. У Каралеўшчыне нават кветкамі дарогу высцілаюць перад пілігрымамі, а смачнейшых сырнікаў, чым гатуюць у вёсцы Скрошчына, не еў нідзе.
– Шаноўны ойча, аб чым мараць пілігрымы і аб чым марыце Вы?
– “Пракласці” трасу Баранавічы – Сант’яга-дэ-кампастэла, набрацца Духу Божага, які распаўсюджваецца па свеце, робячы гэты свет лепшым.
– Няхай Усявышні благаславіць і дапаможа! Дзякую Вам за цікавую размову.
Размаўляла Раіса СУШКО.
Фота Карнэлія КОНСЭКА,SVD,
Брэсцкая вобласць.