На скрыжаваннях дарог і жыцця

Str-12Якая ўсё ж умоўная гэта акалічнасць – чалавечы ўзрост! Маладыя часам падаюцца старымі, а некаторыя людзі старэйшага веку – быццам усё яшчэ на крылах… Менавіта такое ўражанне пакідае аб сабе закрыстыянін  касцёла Святога Станіслава ў Даўгінава Міхаіл –  жвавы і спрытны чалавек, які ў гэтым месяцы прымае віншаванні з 70-годдзем. Тэлефануюць і прыязджаюць дзеці і ўнукі, родныя і парафіяне, нават пілігрымы, якія не забываюць гасціннасць гаспадара і яго жонкі. Так, кожны год, у ліпені  сужэнства прымае на начлег і дае прытулак  тым, хто спяшаецца да Маці Божай Будслаўскай.

 

 

 

 

 

Пілігрымы

Крыж, дзе сышліся дарогі з Вілейкі, Крывічаў, Докшыцаў і Даўгінава...

Крыж, дзе сышліся дарогі з Вілейкі, Крывічаў, Докшыцаў і Даўгінава…

Калі ўпершыню ўбачыў пілігрымаў Міхаіл? Сёння нават успомніць цяжка. Можа, яшчэ тады, калі малым прыбягаў да касцёла (іх сям’я жыла непадалёку), каб  пачысціць падсвечнікі ці выканаць  яшчэ якое-небудзь даручэнне кс. Казіміра Дарашкевіча. Хлопец не аднойчы  заўважаў, што, акрамя парафіянаў, у храм зайходзілі людзі не тутэйшыя, маліліся, ксёндз благаслаўляў іх, і яны адпраўляліся далей, у Будслаў. Дарэчы, пра ксяндза Дарашкевіча многа расказвалі старэйшыя  – пра тое, якім слынным святаром быў, як у сваёй плябаніі хаваў габрэяў ад фашысцкага тэрору падчас другой сусветнай вайны, якую смерць панёс ад рук бандытаў, і ўсё, што было звязана з асобаю пробашча і з касцёлам, заставалася для Мішы яс-кравымі крышталікамі, якія хацелася зберагчы  назаўсёды…
 Напачатку 90-х рушылі першыя публічныя пілігрымкі да Маці Божай Будслаўскай, і ўсе яны ішлі і зараз ідуць праз Даўгінава. Мясцовыя жыхары з адкрытым сэрцам сустракаюць іх, прадастаўляюць начлег, рыхтуюць для іх лазні, частуюць чым маюць, клапоцяцца пра іх самаадчуванне і здароўе. Шмат разоў  Міхаіл з Галінай далучаліся да пілігрымаў,  бралі сваіх траіх дзяцей і далей ішлі разам з імі,  несучы свае інтэнцыі ў будслаўскую святыню – прасіць Маці Божую заўсёды было і ёсць аб чым.    

Маці Божая Фацімская з крыжам на скрыжаванні вуліц ў Даўгінава

Маці Божая Фацімская з крыжам на скрыжаванні вуліц ў Даўгінава

Сказаць,  у які момант Міхаіл усвядоміў сабе, што чалавек у сваім зямным жыцці  – той жа пілігрым,  таксама цяжка.  Відаць, гэтае ўсведамленне да яго прыйшло, калі ўжо працаваў вадзіцелем машыны хуткай медыцынскай дапамогі – прый-шло паступова, быццам крадучыся. Канешне, дзяжурствы былі розныя, і выпадкі, калі “на экстрыме” дастаўляў доктара да патрабуючага неад-кладнай дапамогі, таксама былі розныя. Але чаго толькі ні нагледзеўся Міхаіл за 27 гадоў працы! І не дзіва, што  кожны раз, вяртаючыся пасля змены дамоў, не мог адчапіцца ад думак і роздуму аб чалавечым жыцці, яго змястоўнасці або бессэнсоўнасці, аб тым, што нейкі  раптоўны ці незвычайны выпадак можа змяніць і лёс самога чалавека, і лёс яго сям’і. Разважаў: добра, калі людзі адыходзяць, паспеўшы – не, не толькі пабудаваць дом, выгадаваць сына і вырасціць дрэва! –  пакінуць пасля сябе яшчэ нейкі адметны след, а калі не паспеюць? Калі адыйдзе чалавек з жыцця  трагічна, заўчасна, раптоўна, нават не паспеўшы паспавядацца? Можа стацца, што і вінаваціць у гэтым не будзе каго, акрамя яго самога… Не, чалавек павінен берагчы жыццё – сваё і чужое –  як самы вялікі дар Бога!  Пра гэта калісьці гаварыла з Міхаілам мама, але хіба ўжо так адразу дасканала засвойваецца тое, аб чым кажуць бацькі? А можа замалады яшчэ быў для разумення такіх сур’ёзных рэчаў?

 

Крыжы-абярэгі

Сужэнства Міхаіл і Галіна Заяц каля крыжа пры ўездзе ў Даўгінава

Сужэнства Міхаіл і Галіна Заяц каля крыжа пры ўездзе ў Даўгінава

Словам, надышоў час, калі ва-дзіцель хуткай дапамогі Міхаіл Заяц сам задумаўся, шукаючы адказу на пытанні:   ЧАМУ так часта адбываюцца няшчасныя выпадкі, і ЯК пера-сцерагчы чалавека ад жудаснай заўчаснасці?
Напэўна, трэба паспачуваць прадстаўнікам прафесіі, якія круцяць баранку гэтай спецтэхнікі і вымушаныя  “ляцець”, каб своечасова даставіць дапамогу пацярпеламу, але пры гэтым  ехаць так асцярожна, каб не нарабіць новай бяды. Як спалучыць адно з другім? За амаль тры дзесяцігоддзі  мужчына навучыўся віртуознаму кіраванню аўтамабілем, аднак абстрагавацца  ад чужога болю не змог. Асабліва цяжка перажываў дарожна-транспартныя здарэнні, якія заканчваліся смерцю…  “Ты толькі падумай, імгненне – і чалавека як не было!  – не супакойваўся Міхаіл, вызываючы адпаведныя эмоцыі  ў жонкі. – А як будзе без яго сям’я,  дзеці?!”.
Адказ на ўсе гэтыя пытанні, пачуцці і эмоцыі прыйшоў –  крыжы-абярэгі! На самых ліхіх дарогах і  скрыжаваннях, дзе многа транспарту і людзей, трэба ставіць крыжы-абярэгі! Няхай гэтыя і іншыя  хрыс-ціянскія сімвалы напамінаюць чалавеку, што не ён даўца жыцця, а Бог, які смерць сваю прыняў на крыжы дзеля таго, каб збавіць нас ад легкадумнасці, ад граху  і давесці да жыцця вечнага. Няхай чалавек,  бачачы гэты крыж,  падумае пра сябе, пра сваіх бліжніх, пра каштоўнасць свайго жыцця, урэшце – пра смерць, якая можа прыйсці неспадзявана!  І Міхаіл пагаварыў з Янам Ягелла, які доўгі час быў закрыстыянінам ў касцёле, параіўся з іншымі аднавяскоўцамі і паставіў свой першы крыж – на ўездзе ў Даўгінава з боку Мінска, на тым самым месцы, дзе раней крыж акурат стаяў, але за савецкія часы быў знішчаны.

 

Перакананне

Міхаіл Якаўлевіч Заяц каля крыжа яднання

Міхаіл Якаўлевіч Заяц каля крыжа яднання

Праўду кажучы, ідэя ўстаноўкі крыжоў на скрыжаваннях не сустрэла супраціву ні сярод насельніцтва, ні сярод мясцовай улады. Аднак, калі надумаў Міхаіл ставіць дубовы крыж і фігурку Маці Божай Фацімскай  на скрыжаванні  вуліцы Мінскай і Цэнтральнай, амаль у цэнтры вёскі, старшыня сельсавета  Анатоль Красневіч зазначыў: а ўсё ж цікава было б ведаць настрой жыхароў, ці будуць яны згодныя? Сабралі подпісы:  пэўна ж, згодныя! Кампазіцыя была ўстаноўлена,  і ў 2009 годзе адбылося яе асвячэнне. Людзі пачалі збірацца тут на маёвыя і ружанцовыя малітвы, затрымліваліся і кленчылі пілігрымы,  і ў душы Міхаіла  расло перакананне, што сімвалы хрысціянства моцна ўздзейнічаюць на стан душы чалавека і што іх  трэба несупынна памнажаць!  Няхай яны штодня  напамінаюць, што толькі  Стварыцель Неба і Зямлі кіруе нашым лёсам і аберагае ў цяжкія хвіліны жыцця!
І  Міхаіл працягваў  – паставіў крыж на ўездзе ў в. Плябанцы, адкуль родам яго Галіна Вікенцьеўна і дзе  пэўны час жыў сам,  фігурку Маці Божай на тэрыторыі двара бальніцы, каб маглі падыйсці да яе і памаліцца ў цішыні тыя, хто тут лечыцца. Пасля з’явілася ў яго новая ідэя – паставіць крыж яднання – каталіцкі і праваслаўны разам. Разважаў: “ Бог – адзін, Маці Божая – адна, і між хрысціянамі не павінна быць ніякага падзелу! Тым больш, што многа  сямей змешаных, у тым ліку і ў Даўгінава”. Падобны крыж ён падгледзеў у в. Бярозаўка, у храме, дзе моляцца і католікі, і праваслаўныя, але час такога крыжа ў Даўгінава прыйдзе значна пазней…  
Жыццё тым часам віравала. Стаяла летняя спякота, вёска жыла чаканнем жніва, і ў адзін з такіх прыгожых дзянькоў –  як гром сярод  яснага неба: на дарозе Крывічы – Даўгінава дарожна-транспартнае здарэнне, ёсць пацярпелыя. Брыгаду хуткай дапамогі Міхаіл прымчаў тэрмінова, але траўмы, якія атрымаў ў тым здарэнні яго добры знаёмы Мар’ян Паўлоўскі, з жыццём, на жаль,  былі несумяшчальныя…  Да самага ранку праляжаў Міхаіл з адкрытымі вачамі: “Колькі ўжо было тут аварый? І ці апошняя?.. Вось дзе па-трэбна ставіць крыж-абярэг!”.
Драўніна для крыжа ў Міхаіла была  – Ян Ягелла перад гэтым неяк падказаў, дзе можна ўзяць дубовае дрэва, і Міхаіл згадзіўся. Падрыхтоўка заняла шмат часу – вазіў у суседні раён на пілараму, распілоўваў, габляваў, сушыў…  Раптам гэты трагічны выпадак… А  праз некаторы час прыходзіць да яго аднавясковец, былы старшыня сельсавета Іван Ляшковіч: “Ведаеш, – кажа Міхаілу, – прысніўся мне незвычайны сон. Я пачуў голас Бога, які загадаў,  каб  на тым месцы, дзе адбылася гэтая аварыя,  я паставіў крыж. Але дачуўся, што і ты меў такую задуму”.  “Так, меў, – адказаў Міхаіл, – але  можа Бог хоча, каб я аддаў табе драўніну. Бяры, Іван, стаў! Гэта ўсё ў імя Бога і для дабра нашых людзей!”. Міхаіл Заяц аддаў Івану Ляшковічу дуб, крыж з якога і сёння стаіць на дарозе Крывічы – Даўгінава.

 

Дзве галінкі  аднаго  дрэва
Пяць гадоў назад машына хуткай дапамогі даставіла ў бальніцу Міхаіла Якаўлевіча самога.  Аперацыя па ўдаленню жоўці, што разышлася па ўнутраных органах,  ішла чатыры гадзіны. Галіна Вікенцьеўна, дзеці і ўнукі маліліся, не выпускаючы з рук малітоўнікаў. Тры  дні хворы знахо-дзіўся, як казалі дактары, паміж небам і зямлёй, і гарантый на жыццё ніхто ніякіх не даваў. Гарантыя, відаць, была ў Бога. “Усе дні перад маімі вачамі, – успамінае Міхаіл Якаўлевіч, – быў прыгожы бліскучы шар; з аднаго боку яго – абразы каталіцкія, з другога – праваслаўныя. І гэты шар то аддаляўся ад мяне, то зноў прыбліжаўся. Я  глядзеў на лікі святых, хацеў дакрануцца да іх рукамі, але мае рукі губляліся недзе ў паветры, і душа пры гэтым супакойвалася… Карціна паўтаралася зноў і зноў… Калі крытычны стан мінуў, дактары распытвалі ў мяне, што гэта  было са мною, і здзіўляліся майму расказу. А я быў шчаслівы ад таго, што здароўе вярталася, і што я цвёрда ведаў, з чым мне патрэбна паспяшацца”.
А паспяшаўся ён, крыху акрыяўшы, з дзвюма рэчамі: прыняў удзел у пілігрымцы на Святую Зямлю, каб падзякаваць Богу менавіта ў тым месцы, адкуль пайшла Божая праўда, і заказаў, а пасля ўстанавіў металічны крыж яднання. Вядома ж, з дазволу ДАІ і службаў дарожнага кантролю. На  трохкутніку бяспекі, які ствараюць  новая дарога на Даўгінава з боку Вілейкі з дарогай Вілейка – Ушачы, на  адзіным металічным стрыжні стаяць два крыжы  – быццам дзве галінкі аднаго магутнага дрэва, пад ажыўчай кронай якога ў час спякоты можа глынуць свежае паветра  любы падарожны. Аб гэтым казалі падчас асвячэння крыжа  пробашч Даўгінаўскай парафіі а. Алойзы Шулік і настаяцель Троіцкай царквы ў Даўгінаве  протаіерэй Іаан Ліннік. Крыжы яднае фігура Езуса Хрыста – Таго, хто ёсць “дарога і праўда, і жыццё”.  
–Парафіяне задаволеныя, – гаворыць а. Алойзы, – спакайней стала на нашых дарогах,  меней адбываецца аварый пасля таго, як узняліся крыжы, як людзі пачалі маліцца Богу на кожным кроку свайго жыцця. Няхай і надалей Добры Бог благаслаўляе ўсіх вандруючых і тых, хто чакае іх дома, і надзяляе іх сваімі ласкамі і шчадротамі.

 

 

Раіса СУШКО.
Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD


Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий