Не на іншай планеце — тут!

Str-12Два гады таму Папа Францішак устанавіў Сусветны  дзень малітваў аб абароне Божага стварэння, які адзначаецца кожны год 1 верасня. Устанаўленне гэтага дня звязана з выхадам у свет энцыклікі “Laudato si” Свяцейшага Айца. Паразважаць на тэму значэння яе для  сучаснага чалавека мы запрасілі  пробашча парафіі Езуса Міласэрнага ў Віцебску кс. Паўла Кнурэка.

 

 

 

f-str-13– Шаноўны ойча, перш чым пачнем  размову на вызначаную  тэму, скажыце, калі ласка, ці  асабіста Вы блізкі да прыроды чалавек?
– Па-першае, як і кожны чалавек, я – частка яе, няхай сабе нават мізерная. Па-другое, я  нарадзіўся і выхаваўся ў Паўднёвай Польшчы, там, дзе ў большасці букавыя лясы, а тут на Беларусі  пераважна хваёвыя. Еду “ад дому да дому” і першае ўражанне – іншы пах паветра, іншы пах лесу! Я гэта вельмі  адчуваю – пах паветра і пах лесу. Апошнія амаль 15 гадоў служыў у парафіі св. Андрэя ў Лынтупах, займаўся са скаўтамі і гэтую цудоўную блізкасць прыроды адчуваў штодня. Яна сапраўды прываблівала. У апошні час стала  звычкаю – у восем вечара,  або нават пазней,  садзіўся ў машыну і ехаў. Ведаў, куды ехаць,  каб убачыць, напрыклад, лася ці касулю. Два месяцы таму ўбачыў ласіху з малымі, іх было двое, стаялі пад мамаю, “частаваліся” малаком. Адразу падалося, што гэта  жарабяты – рыжанькія, прыгожанькія, а калі пачалі ўцякаць, зразумеў:  ласяняты.  У Лынтупах быў у мяне і другі  звычай: раніцай, у шэсць, а, калі не спіцца, то і ў пяць гадзін, браў брэвіаж пад паху і ехаў на азёра. Азёраў на Пастаўшчыне шмат, з вастравамі, з багатай расліннасцю.  Маліўся. Чытаў. Плаваў. Слухаў цішыню. Сустрэць у Лынтупах жураўля, ёжыка, ці га-дзюку  –  не было неспадзянкаю, такія там мясціны, балоцістыя. Едучы ў Паставы праз лес, убачыў  нават чорнага бусла.

 

 
– На  Вашую  думку,  кс. Павел, чым вызвана  з’яўленне энцыклікі Папы Францішка?
– Уважліва прачытаўшы тэкст,  я яшчэ раз падумаў пра Папу: адказны чалавек, ён узяў на сябе адказнасць за весь Касцёл. Пытанне, якое так выразна паставіў зараз, датычыць  абароны Божага стварэння, іншымі словамі, усяго наваколля, у якім чалавек жыве  і якім карыстаецца. Пытанне гэтае і раней з’ўлялася ў навуцы Касцёла,  ставілі яго  папярэднікі Папы Францішка, але зараз Свяцейшы паглядзеў на гэта значна шырэй, паказаў  сувязь паміж голадам, беднасцю, несправядлівасцю і падыходам да ўсяе філасофіі разумення жыцця. Гэта жудасна, што людзі не маюць чаго есці, што паміраюць ва ўмовах, не годных чалавека. Напэўна, з пункту гледжання самога Папы, гэта было прычынай паяўлення энцыклікі. У ёй асабліва праявілася свядомасць Папы за адказнасць Касцёла ў свеце. Нават у тым сэнсе, што Касцёл павінен абвяшчаць, навучаць, бо без навучання чалавек не можа зразумець той гармоніі, таго багацця і  таго дару, які атрымаў ад Бога. Часам ён і сам   задумваецца над гэтымі праблемамі, але, як пад-крэсліў Папа, часта знаходзіцца пад ціскам праблем фінансавых, тэхналагічных. Чытаючы энцык-ліку, я згаджаўся з меркаваннем аўтара  аб тым, што погляд, мысленне свету таксама моцна ўплываюць на нас. Больш таго,  зараз дамінуе такая шкодная кропка гледжання, маўляў, мы не можам нічога зрабіць, наш голас нічога не значыць, бо ўсім кіруюць толькі грошы і тэхналогіі. Папа пераконвае, што гэта  –  памылковая філасофія, якая завядзе ў тупік, прывядзе да катастрофы.

 

– Трывогу  пра небяспеку планеты падзяляюць і іншыя хрысціянскія супольнасці, іншыя  рэлігіі. Але ці дастаткова адзінага дня малітвы, каб сапраўды забяспечыць чалавеку годныя натуральныя ўмовы жыцця, якія стварыў яму Бог?
– Так, Папа Францішак пераканаўча гаворыць аб еднасці, асабліва падкрэсліваючы  клопат  Канстанцінопальскага Патрыярха Барталамея, які, падобна свайму папярэдніку Дзімітрыю,  таксама многа разоў выказваўся  супраць граху разрушэння Божага стварэння, звяртаў увагу на  маральны і духоўны крызіс як на крыніцу экалагічных праблем. Папа пералічвае грахі супраць прыроды – гэта разрушэнне біялагічнай разнастайнасці, парушэнне цэласнасці зямлі, садзейнічанне  кліматычным змяненням, знішчэнне лясоў і разрушэнне вільготных раёнаў, забруджанне вады, паветра,  глебы. Злачынства супраць прыроды – гэта злачынства чалавека супраць Бога-створцы  і супраць сябе  самога.  Папа прызваў хрысціян і нехрысціян,  веруючых і ўсіх людзей добрай волі быць адзінымі ў праяўленні міласэрнасці ў адносінах да Зямлі, бо яна – наш агульны дом. А што датычыцца адзінага Дня малітвы… Не будзем звяртаць увагу, што розных “дзён” прыдумана шмат у нашым календары, але на тое, што ў розных кутках зямлі ў адзін і той жа дзень да Бога будуць свядома звяртацца мільёны.  Калі мы молімся, звяртаемся да Бога з просьбай – значыць, ёсць праблемы. І хоць на  маланкавы плён ад малітвы ў гэтай справе разлічваць цяжка, але  памятайма, што малітва дапамагае  сканцэнтрыравацца на існуючых праблемах, іх асэнсаваць і зменьвае  наш светапо-гляд, што прыводзіць, у сваю чаргу,  да  змены нашых дзеянняў, паводзінаў, ладу жыцця, гэта – па-першае. Па-другое, філасофія гэтай энцыклікі падкрэслівае, што мы не жывём асобна ад прыроды ці асобна ад іншых людзей, а разам з імі  гэтым дарам карыстаемся і разам гэты дар, на жаль, за-бруджваем. Таму патрэбна, каб у справе забеспячэння экалагічнай бяспекі ўсе таксама былі адзінымі, і кропка! Можна правесці такую аналогію:  калі хвораму пры аперацыі патрэбна трансфузія крыві, то не мае значэння, ад каго гэтая кроў узятая – ад мужчыны ці ад жанчыны, ад католіка ці  ад праваслаўнага, абы яна падыходзіла яму па медыцынскіх паказчыках.  Так і тут,  не будзем адмяжоўвацца, калі ўсім нам пагражае  экалагічная катастрофа; бараніцца ад яе павінны разам. Мы – дзеці аднаго Бога, але ў спрэчках палітычных і філасофскіх, на жаль,  даўно пра гэта забыліся. А хто, калі не вернікі, калі не хрысціяне, напомніць аб гэтым?
Чытаючы энцыкліку, заўважыў наступства іезуіцкага ў мысленні Папы. Справа ў тым, што Ватыкан, Касцёл заўсёды ўспрымаўся ў свеце як кансерватыўны, а тут Папа Францішак,  чалавек немаладога ўзросту, што таксама  вызывае захапленне і здзіўленне адначасова (лічыцца, што рашучасць – рыса маладых), заўважае праблемы,  называе і патрабуе іх вырашэння сёння! Няма часу на размовы, трэба вырашаць – гэта яго пазіцыя. Падабаецца мне, што  ён звязаў абарону самых бедных з абаронай навакольнага асяроддзя. Безумоўна, энцыкліка  ўвабрала яго асабісты багаты духоўны вопыт, нават дапамагае зразумець некаторыя яго жэсты, зробленыя яшчэ на пачатку пантыфікату: не змяніў звычайны чорны абутак на папскі, адмовіўся ад  памяшкання, дзе жылі папярэднікі, адмовіўся ад браніраванага аўтамабіля, карыстаецца старым партфелем і інш., і інш. Але гэтым самым Папа нешта хоча сказаць свету!
Мне падабаецца, што Папа Францішак падкрэсліў і такую важную думку, як  пашана да таго месца, дзе чалавек вырас і выхаваўся. Доўгі  час працуючы на  вёсцы і захапляючыся прыродаю, яе натуральнаю прыгажосцю, я спачуваў жыхарам горада – затаптаныя сцежкі, асфальт… Сёння  гляджу на гэта  іншым поглядам: гэтыя людзі жылі і жывуць тут  доўгі час, тут падрастаюць іх дзеці, для іх гэта таксама натуральнае асяроддзе, да якога яны прызвычаіліся, якое яны імкнуцца добраўпарадкаваць і якім  даражаць. І так кожны з нас; мы прывязаныя да роднай мясціны, да роднага “асфальту”, хоць і жывём даўно ў іншых умовах. Інакш і быць не можа. Стаю перад вакном і бачу, як ідуць людзі да касцёла (праяўляецца іх духоўнасць), дзеці бягуць у школу (забяспечваецца культура), дарослыя спяшаюцца на працу (умовы існавання) і г. д. Гэта ўсё складае нашу  рэчаіснасць, у якой жывём і ад якой залежым, мы ж не на іншай планеце – мы ўсе тут! І гэтая рэчаіснасць будуе чалавечнасць. Успамінаю тэлеперадачу, у якой светлай памяці кардынал Казімір Свёнтэк сказаў: адразу патрэбна быць чалавекам, пасля – хрысціянінам, ксендзам, кардыналам. Але адразу – чалавекам! Што маем сёння? Усе наракаюць на спажывецкі лад жыцця, які авалодаў большасцю грамадства, атрымліваюць інфармацыйны шок і  шукаюць шчасця паміж палічак супермаркетаў…  А там яго няма.  Але калі іншага ладу ніхто не паказаў, то адкуль ён возьмецца? Энцыкліка Папы  сваім зместам заклікае чалавека да разважання і асэнсавання:  хто я і адкуль, куды іду і  чаму старэю і г. д. Гэта ўсё – філасофія жыцця.

 

 
f-str-14– А што павінны рабіць парафіяльныя супольнасці дзеля змяншэння праблемаў экалагічнага характару?
– Задача Касцёла ў свеце – падтрымаць голас тых, хто шануе Божае стварэнне, заўважае небяспеку супраць яго і хто імкнецца да справядлівага вырашэння існуючых праблем. На  гэта Папа звяртае асаблівую ўвагу. Справа ў тым, што не ўсе краіны ў  аднолькавай ступені адчуваюць  сваю адказнасць за забру-джанне вады, паветра, глебы і наваколля ў цэлым, як і не ўсе маюць аднолькавыя магчымасці, каб гэтыя праблемы вырашаць. Так і нашыя парафіяльныя супольнасці. Магчымасці аказаць значны ўплыў, відавочна, у іх няма, але ёсць f-str-15абавязак берагчы створанае Богам, не дапускаць шкодных дзеянняў супраць натуральнай прыроднай прыгажосці, а гэта азначае – і супраць бліжняга. Калі чалавек клапоціцца, каб пасадзіць дрэўца, ці каб выраслі кветкі (і не толькі на ягоным  па-дворку!), ці каб не загінула рыба ад атручанай прамысловымі адходамі вады ў рацэ, калі, адпачываючы ў лесе, не пакідае пасля сябе пластыкавых бутэлек ці іншага смецця  – гэта будзе яго  канкрэтным унёскам у паляпшэнне экалагічнага становішча, а таксама канкрэтным праяўленнем любові да другога чалавека. А калі будзе так, што ў 15 гадоў хлопцу  хочацца пад вакном шматпавярховага дома (і менавіта тут) гуляць у футбол, у 25 – піць піва і раскідваць пад тымі ж вокнамі акуркі, у 30 –  толькі тут паставіць свой аўтамабіль, а ў 60 завесці восем кошак, бо ён пакутуе ад адзіноты, то гэта не будзе актам любові да бліжняга.  Заўсёды памятайма, што галоўная Запаведзь Бога – палюбіць бліжняга як самога сябе. Іншымі словамі, хрысціянін не павінен задавальняць толькі свае патрэбы, а мець клопат пра нашае агульнае дабро, пра наш агульны дом, збудаваны для нас Панам Богам. Гэта любоў патрабуе ад нас шанавання навакольнага асяроддзя; гэта любоў патрабуе ад нас прыгажосці нашых паводзінаў, нашага слова… Так, Папа і на гэта звяртае ўвагу.

 

 – Папа Францішак гаворыць  пра грахі супраць Божага стварэння і пра “экалагічнае навяртанне”. Шаноўны ойча, растлумачце, калі ласка, што гэта азначае.
– Калі гаварыць пра грахі супраць экалогіі, то  тлумачэнне іх знойдзем не абавязкова  сярод наўмысных злых дзеянняў чалавека, а хутчэй за ўсё – сярод недахопу любові да таго, што навокал нас, сярод адсутнасці духоўнасці мыслення. Мне вельмі  падабаецца апошняя частка энцыклікі, у якой і гаворыцца пра духоўнасць філасофіі мыслення. З гэтага трэба пачынаць, з гэтага возьме пачатак экалагічнае навяртанне, бо яно будзе абавязкова часткаю высокай хрысціянскай культуры чалавека. Неабходна захаваць іерархію каштоўнасцей: Бог, чалавек, створаная Богам прырода. Невыпадкова Папа Францішак звяртаецца да пры-кладаў святых, якія ўмелі звязаць захапленне прыродай з сустрэчай з Богам. Свяцейшы называе таксама паступкі, якія азначаюць экалагічнае навяртанне: разумнае выкарыстанне паперы і пластмасы, разумны расход вады, прадуктаў харчавання, электраэнергіі, беражлівыя адносіны да жывых істот, сартыроўка смецця і інш, і інш.Традыцыйны пералік спраў міласэрнасці для цела Папа дапаўняе  клопатам пра наш агульны дом – навакольнае асяроддзе. Папа заклікае  не губляць надзею перад экалагічнымі вызывамі, бо ў сваім замысле любові Бог ніколі не робіць крок назад – Бог дапамагае.

 

–  Шчырае дзякуй Вам, ойча, за цікавыя і карысныя разважанні.

 

 

             Размаўляла Раіса СУШКО.
  Здымкі бр. Карнэлія КОНСЭКА, SVD
                г. Віцебск.


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий