Не той багаты, у каго многа…

Str-12У свята Божага Нараджэння мы зноў узгадваем пра стаенку, у якой прыйшоў на гэты свет наш Збаўца. Уявіць, у якіх умовах гэта магло адбыцца, сучасныя ні мамы, ні таты не здолеюць, бо ў такой беднасці ўжо даўно ніхто не знаходзіцца. А калі знаходзіцца і там прыходзяць на свет немаўляты, то ўспрымаецца гэта як з’ява анамальная і грамадства задае сабе пытанне: што прывяло да гэтага – беднасць? Якая? І зараз пра беднасць гутарым з а. Тадэвушам Кавальскім OFM, пробашчам парафіі Хрыста – Валадара Сусвету ў Бягомлі.

 

 

 

f-str-13– Шаноўны а. Тадэвуш, пачнем з асабістага: Вы самі – з беднай сям’і ці з багатай? З якою асацыіравалі сябе ў дзяцінстве?
– Хутчэй за ўсё, наша сям’я была сям’ёю сярэдняга дастатку, бо землі на той тэрыторыі, дзе я нарадзіўся, – а гэта Курпёўская Пушча ў Ломжынскай дыяцэзіі Польшчы, моцна пясчаныя, таму вялікіх ураджаяў не было, хоць бацькі і мелі 12 га поля, многа працавалі, трымалі сельскагаспадарчую жывёлу, птушак, каня. Нас у таты з мамаю было двое – мой брат і я. Гэта быў пачатак 60-х гадоў мінулага стагоддзя, і каб сям’я магла набыць, напрыклад, якую-небудзь тэхніку, многія ехалі на заробкі ў Амерыку. Наш тата таксама ездзіў, і мы набылі трактар. А пасля, калі краіна апынулася ў Еўрасаюзе, падыход да арганізацыі дамашняй гаспадаркі змяніўся прынцыпова, прыйшла спецыялізацыя, бацькі пасадзілі ўжо болей лесу. Малодшы мой брат авалодаў сталярным майстэрствам, адкрыў сталярны цэх. Але як бы ні была праца на зямлі цяжкай, гэта добра памятаю з дзяцінства, ўсё ж ад яе заўсёды ішла радасць – радасць, што працуе чалавек на зямлі, на прыродзе, у кантакце з Божым стварэннем, працуе на карысць сваёй сям’і, атрымоўвае пры гэтым плён.

 

– Ва ўсе гістарычныя перыяды былі “багатыя” і “бедныя”. Ці мяняўся з гадамі Ваш погляд на гэтую з’яву?
– Сказаў бы, што “погляду” як цалкам сфарміраванага меркавання у накірунку “багацця” і не было, бо нашыя бацькі клапаці-ліся болей пра духоўныя каштоўнасці і выхоўвалі нас ў пабожнасці. І трактар купілі не для таго, каб перад суседзямі пахваліцца, а таму што быў патрэбен у гаспадарцы. Што мянялася ў мяне з цягам часу – дык гэта прыходзіў вопыт. І быў ён на дзіва просты і пераканаўчы: задавальненне прыходзіць толькі ад шчырай і цяжкай працы – па-першае. І па-другое: усё тое, што даецца чалавеку лёгка, не толькі не цэніцца ім самім, не ўдасканальвае яго як асобу, а наогул псуе гэтага чалавека. Бывае так, што матэрыяльна забяспечаны з дзяцінства, не імкнецца працаваць, затое вельмі лёгка ўваходзіць у кола людзей асацыяльных паво-дзінаў,  залежных ад алкаголю, наркотыкаў, тым самым пера-крэслівае  сваё духоўнае развіццё (лёгка прыйшло – лёгка пайшло). Па якой “шкале” тады  ацэньваць такога чалавека: быў ён багаты ці бедны? Памятайма словы з Евангелля паводле Марка: “Якая карысць чалавеку, калі ён здабудзе ўвесь свет, а пашкодзіць сваёй душы?”. Таму важна быць не матэрыяльна багатым (матэрыяльнае прападзе, згніе, яго з’есць моль), а мець багацце духоўнае. А яшчэ – быць умеркаваным у сваіх патрэбах. Наконт гэтага ёсць вельмі разумная пагаворка: “Не той багаты, у каго многа, а той, каму – хапае”.
Маё сэрца захоўвае вобразы многіх шматдзетных сямей,  у якіх Бог быў на першым месцы. Здаецца, не было  ніякай раскошы,  але паесці хапала, і ўсё патрэбнае Бог ім забяспечваў, а галоўнае – быў мір і згода.  Дзеці былі дружныя між сабою – заўсёды “у кучы”, заўсёды разам – даглядалі адзін другога, радаваліся адно другому, і ўсе вы-ключна пайшлі добрым жыццёвым шляхам! Беднасць такіх людзей Бог бачыць, і веру іх бачыць, і іх імкненні… Ён бачыць тых, хто звяртаецца да Яго за дапамогай, хто ўскладае на-дзею на Яго, а не на матэрыяльнае багацце.
Таму і Сыну Свайму Адзінароднаму месца вызначыў не на футравых коўдрах у пазалочанай калысцы, а памясціў ў стаенку, паклаў на салому побач з жывёламі. Бог хацеў, каб Сын прыйшоў на зямлю ў прастаце, каб прыйшоў да беднага чалавека, каб быў сярод бедных, разумеў іх, спагадаў ім, быў, як яны…
Езус не толькі нарадзіўся і вырас у беднай сям’і, але бедным быў усё жыццё. “Лісы маюць норы, і птушкі нябесныя – гнёзды, а Сын Чалавечы не мае дзе схіліць галаву”, – сказаў Ён аднойчы чалавеку, які хацеў стаць Яго вучнем, аб чым паведамляе нам евангеліст Лука (9, 58). Аднак сваім прыйсцем на зямлю Езус адкрыў сваім вучням магчымасць атрымаць вялікае духоўнае багацце. Як пісаў апостал Павел, “Ён (…) стаў бедным дзеля вас, каб вы ўзбагаціліся Ягоным убоствам”.
Езус Хрыстус не прапаноўваў сваім паслядоўнікам матэрыяльнага багацця, наадварот, казаў, што цяжка тым, хто мае багацце, увайсці ў Валадарства Божае. Вучні дзівіліся з Ягоных слоў, але Езус падкрэсліваў у адказ: «Лягчэй вярблюду прайсці праз ігольнае вушка, чым багатаму ўвайсці ў Валадарства Божае» (пар. Мк 10, 23-25).

 

– Шаноўны ойча, якія пачуцці  выклікаюць у Вас сённяшнія бедныя,  жабракі, ці  патрэбна даваць  ім  міласціну?
– Калісьці, як толькі  бачыў чалавека з працягнутаю рукою, пытання нават не ўзнікала: раз ён просіць – значыць, трапіў у бяду (бо на самой справе прасіць – сорамна!), значыць – трэба яму дапамагчы. Так было не адзін раз, і так было на працягу некалькі гадоў. Пасля прыйшоў досвед: некаторыя з гэтых пастаянна жабруючых, што таўкуцца каля магазінаў, як камары ўлетку, абралі менавіта такі стыль жыцця – прасіць! Не працаваць, не шукаць працу, а прасіць! Размаўляў са многімі з іх. Бачу – малады, здаровы, пытаюся: “Табе не сорамна прасіць?”. “Не… Няхай не даюць!”. “А калі ты просіш у маці, якая ідзе з дзіцём, – у яе не сорамна прасіць?”. “Няхай і яна не дае… Але ж даюць!”. Такая спажывецкая “філасофія”, такі стыль жыцця. Але ён не прыходзіць з нармальнай хрысціянскай сям’і, а прыходзіць адтуль, дзе няма Бога, дзе няма ніякага духоўнага жыцця, дзе няма разумення, што такое чалавечая годнасць. І калі такому я даю грошы, то атрымоўваецца, што, сам таго не жадаючы, падтрымліваю іх грэшныя, асацыяльныя паводзіны, патураю людской разбэшчанасці, несправядлівасці. А навошта я гэта раблю? Не, ім не грошы патрэбныя, іх патрэбна навучыць працаваць. Пазней, калі мы арганізавалі цэнтр дапамогі залежным ад алкаголя і наркотыкаў у Бягомлі, калі да нас прыехалі людзі, якія вырашылі змяніць сваё жыццё да лепшага, у размовах з імі колькі разоў чуў прызнанні і роспач: маўляў, як да такога жыцця я дакаціўся, згубіў усё, што меў, цяпер я – бедны з бедных! Тут я быў згодны: беднасць духоўная прывяла да беднасці матэрыяльнай – паміж імі сувязь прамая.

 

– Шаноўны а. Тадэвуш, але Касцёл вучыць, каб тым, хто просіць міласціну, даць і не задумвацца, на што ён патраціць яе…
– Не маю сумнення наконт вучэння Касцёла і не кажу пра тыя выпадкі, калі чалавека спасцігла якое-небудзь цяжкае здарэнне ці цяжкая хвароба (тут, безумоўна, трэба дапамагчы). Я толькі хачу падкрэсліць, што асобныя людзі, якія знайшлі  такі “спосаб  жыцця”, даўно страцілі ўжо і сорам, і сумленне, забыліся, што нават у складаных умовах сродкі на існаванне ўсё ж можна зарабіць, а не стаяць з працягнутаю рукою. Перакананы, што, калі мы будзем ім кожны дзень даваць, яны будуць апускацца яшчэ ніжэй. Словы з Евангелля “будзьце простыя, як галубы, і разважлівыя, як вужы” – думаю, акурат пра адносіны да сучаснага папрашайніцтва, да сучаснай беднасці.

 

– Згаджаюся з Вамі, а. Тадэвуш, наконт разважлівасці і адказнага разумення стану сучаснай беднасці, бо найчасцей, відаць, прычына яе сапраўды ў самым чалавеку?
–– Папа Францыск скіраваў ліст да Сусветнага дня бедных (19 лістапада 2017 г.), у якім звярнуў увагу ўсяго чалавецтва на хрысціянскае разуменне беднасці і справы служэння ўбогім. Памятаеце выраз з Евангелля Мацвея: “Тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў маіх меншых, вы Мне зрабілі”? Папа падкрэсліў, што любоў да бедных натхняецца Евангеллем благаслаўленняў, беднасцю Езуса, Яго клопатам пра бедных. Безумоўна, ліст звернуты да людзей, якія жывуць на розных кантынентах свету, у розных умовах, і беднасць іх праяўляецца таксама ў розных формах. У нашай сітуацыі  бачу неабходнасць перш за ўсё дапамагаць дзецям, якія страцілі бацькоў, або засталіся без бацькоўскай любові і апекі па розных прычынах, жывуць у інтэрнатах ці ў дзіцячых дамах. Бачу неабходнасць таксама дапамогі дарослым, якія страцілі веру, або не мелі яе зусім, і па-грузіліся ў гэтыя грэшныя залежнасці – ад алкаголю, наркотыкаў, сігарэт і іншага. Бачу неабходнасць дапамагчы ім атрымаць унутраную свабоду і перажыць навяртанне. Чалавек заўсёды багаты, калі ён свабодны, калі яго не прыгнятае ні залежнасць ад прагі мець шмат грошай, ні залежнасць ад грэшных прывязанасцей у яго паводзінах. І тут праца павінна быць сумеснай – Касцёла, Царквы, сям’і, і менавіта праца адказная, разумная, рашучая… Прывяду такі прыклад. Маладая жанчына моцна запівала, дзіця яе гадавалася ў бацькоў, і аднойчы, калі прыйшла дамоў п’яная, маці не адчыніла ёй дзверы, сказаўшы: “Ты болей – не наша дачка, а мы – не твае бацькі”. Жанчына аслупянела ад нечаканасці: зіма, роспач, бацькі адракліся… Пайшла ў бальніцу, на шчасце, там было месца, і яе прынялі. Ляжала на ложку і плакала. Але пачула пра групы АА, задумалася пра свой лёс, а праз некаторы час стала актыўным членам руху за цвярозае жыццё, перажыла навяртанне. Неўзабаве яе  маці памерла, і зараз дачка носіць кветкі на яе магілку  менавіта ў той дзень, калі мама не  адчыніла  ёй  дзверы… Але ведаў я і такую маму, якая аддавала  апошнія  грошы  з пенсіі “на бутылку” для сына, не разумеючы, што патурае яго п’янству і лайдацтву. Вось тут сапраўдная ўжо беднасць – духу, розуму, стылю жыцця – іх абодвух.

 

f-str-15

–Так, паняцце “беднасці”, асабліва ў наш час, вельмі шматзначнае: бедны, бо не мае за што ў Егіпет на адпачынак паехаць, ці бедны, бо не мае за што хлеба купіць, прапіў усё…
– Так, справа найчасцей не ў тым, што ў чалавека пусты кашалёк, а ў тым, як выкарыстоўвае ён свае сродкі, на што іх траціць, якія ў яго планы на жыццё. Калі ўкладае ў адукацыю сына ці ў развіццё таленту дачкі – адна справа і зусім іншая – калі прапівае з такімі ж, як сам, або прагульвае. Але з якога б боку мы ні падыходзілі да абмеркавання тэмы  беднасці  сацыяльнай,  матэрыяльнай,  будзем  напрасткі вяртацца да тэмы беднасці духоўнай.  Без  Бога,  без Божай ласкі  чалавек  не здольны быць ні шчаслівым, ні багатым.

 

– Шчырае дзякуй, а. Тадэвуш, за размову, якою, будзем думаць, некага мы ўсё ж пад-штурхнулі да роздуму: што ёсць сёння беднасць і што ёсць сапраўднае багацце?

 

   Размаўляла Раіса СУШКО.
Здымкі Карнэлія КОНСЭКА,SVD.


Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий