Не закопвайце таленты!

Str-12Тэма таленту, як і тэма, напрыклад, прыгажосці ці здароўя, да якіх найчасцей звяртаемся, такая, на першы погляд, простая і ўсім зразумелая, што большасць з нас лічаць сябе ў ёй вельмі дасведчанымі. Аднак, размаўляючы з а. Яўгенам Голубам OFMConv, мы прыйшлі да высновы, што найчасцей назіраем толькі тыя таленты, якія найбольш заўважальныя, найбольш яскравыя, якія гавораць самі за сябе. У той жа час існуе шмат іншых – нябачных, нязаўважальных, але ў жыцці вельмі значных і моцна нам неабходных…

 

 

 

– Ойча, дазвольце пачаць ад пачатку: талент – гэта што такое?f-str-13
– Калі звернемся да паходжання слова, то талент, па-грэцку,  («талантон» – «вага» ), talentum (лац.) – мера вагі, распаўсюджаная ў старажытнасці на Блізкім Усходзе, якая выкарыстоўвалася таксама як грашова-разліковая адзінка. Да нас слова “талент” дайшло, маючы ўжо зусім іншы сэнс. Талент – гэта тыя незвычайныя здольнасці, якія дадзены нам Богам ад нараджэння. З цягам часу яны развіваюцца, прыводзяць да рэалізацыі чалавека…

 

– Але могуць таксама чалавеку і пашкодзіць…
–Не, разумнаму чалавеку або разумнаму “слузе”, як у прыпавесці ад Мацвея (Мц 25, 14 – 30), не пашкодзяць. Звернемся да зместу прыпавесці: адзін заможны чалавек адпраўляўся ў далёкую краіну, паклікаў сваіх слугаў і даручыў ім сваю маёмасць. Аднаму даў пяць талентаў, другому – два, трэцяму – адзін і ад’ехаў. Першыя два пусцілі свае таленты ў абарот і зарабілі на іх кожны столькі ж, колькі і атрымаў, а трэці пайшоў і закапаў той адзіны талент у зямлю, схаваў срэбра свайго гаспадара. Праз некаторы час прыйшоў гаспадар і патрабаваў рахунку ад сваіх слугаў. Першыя два за свае дзеянні атрымалі аднолькавую пахвалу: “Добра, слуга добры і верны, у малым ты быў верны, над многім цябе пастаўлю. Увайдзі ў радасць гаспадара твайго”. А трэці слуга, які схаваў талент у зямлю, і нічога з ім не зрабіў, падышоў да гаспадара са словамі: “Вазьмі сваё”. І што ён пачуў у адказ? “Нягодны і лянівы слуга!…Трэба было табе аддаць срэбра маё банкірам, а я, прыйшоўшы, атрымаў бы сваё з выгадай. Таму забярыце ў яго талент, і дайце таму, хто мае дзесяць талентаў. Бо кожнаму, хто мае, будзе дадзена і памножыцца. А ў таго, хто не мае, будзе забрана і тое, што мае”. Наогул, талент нікому не можа пашкодзіць, справа ў іншым, як яго наяўнасць чалавек выкарыстае… Ці адразу закапае, ці паспрабуе яго развіць, памножыць… Кожнаму чалавеку Бог дае шмат пры нараджэнні.

 

– Існуе меркаванне, што талент перадаецца на генэтычным узроўні і толькі гэтай акалічнасцю абумоўлены…
–…Калі глядзець з атэістычнага пункту гледжання. Кожны з нас, напэўна, ведае такія прыклады з жыцця, калі тата з мамаю і паняцця не мелі аб музычных інструментах, а сын ці дачка сталі добрымі музыкантамі. Тут цяжка тлумачыць усё толькі генэтыкай. Значна лягчэй зрабіць гэта, калі ад двух музыкантаў нарадзіўся трэці… А Касцёл кажа аб тым, што ў Пана Бога на кожнага чалавека свой план, і калі ўжо ў маленстве Бог дае камусьці нейкія здольнасці, то значыць Ён верыць у гэтага чалавека, у гэтую асобу, хоча, каб атрыманыя здольнасці чалавек пусціў “у абарот”, каб памножыў маёмасць і каб Пану Богу вярнуў Ягонае і зрэалізаваўся сам. Пэўна ж, ад выхавання дзіцяці, яго адукацыі, ладу жыцця, які вядуць перш за ўсё ягоныя бацькі, залежыць шмат у працэсе фарміравання падрастаючай асобы, але хіба Бог пры гэтых працэсах не прысутнічае? А калі не будзе прысутнічаць, то ніякія здольнасці развіцця не атрымаюць, без Бога дзіця наогул можа пайсці не тым шляхам.

 

– Цікава ўсё ж, у якой ступені бацькі, настаўнікі, блізкія дзіцяці могуць паўплываць на развіццё таленту?
– Такой статыстыкі, прызнаюся, не сустракаў, магу сказаць толькі з асабістых назіранняў і досведу: выгадаваць талент, развіць яго, можна выключна любячы таго, хто такім табе падаецца, у каго заўважыў незвычайныя здольнасці і ў каго ты гатовы ўкладаць і свае намаганні. Пры гэтым трэба моцна паважаць асабісты выбар самога здольнага, яго прагненні. Шмат разоў бывала так, што бацькі настой-ліва прапануюць свайму сыну заняткі музыкай, прымушаюць яго, нават блізкія да пакарання за непаслухмянасць у гэтай справе, а хлопец марыць толькі пра футбол. Бацькі часта імкнуцца рэа-лізаваць у лёсах дзяцей свае колішнія мары, “рэаніміраваць” свой закапаны талент, але гэта неразумна, больш таго – можа прынесці шкоду. Рэалізацыя сябе коштам дзіцяці ніколі не будзе дабром – яму патрэбна даць свабоду выбару. Ну і, пэўна ж, час ад часу кідаць вокам, чым яно там займаецца…Калі дзіця сапраўды мае запал і захоча рэалізаваць тое, чым Бог яго адарыў, – усё атрымаецца. Мяне, маленькага, таксама запісалі ў музычную школу. Прынялі ў клас фартэпіяна, але інструмента свайго не было, школа таксама была далёка, каб там выконваць дамашнія заданні, і ахвота ў мяне да такіх заняткаў прапала; правучыўся адзін год і закінуў іх. Але Богу, відаць, было патрэбна, каб я ўсё ж па жыцці ішоў з музыкай, таму праз нейкі час, маючы вялікі запал, самастойна вучыўся граць  на гітары, гэта мне прыемна і дапамагае ў душпастырскай працы з моладдзю. І я б сказаў, што гэта зусім нядрэнны шлях – вучыцца самастойна справе, якую ты адкрыў для сябе, бывае, нават нечакана. Патрэбна жаданне, настой-лівасць і перакананасць у тым, што Бог чакае ад цябе плёну – імкніся, працуй, не закопвай талент! А яшчэ – варта быць разважлівым, мець прадбачанне, як разумныя панны з прыпавесці (Мц 25, 1 — 13).

 

– Як  мяркуеце, ойча, ці здольны чалавек сам заўважыць свае здольнасці, каб пасля мэтанакіравана памнажаць іх?
– Напэўна, заўважыць здольны, а развіць атрымоўваецца не ў кожнага. На мой погляд, вельмі часта перашкаджаюць асабістыя рысы характару і адчуванні: страх перад новай справай, лянота, пыха, няўменне распазнаць сябе. Напэўна, не раз чулі “О, гэта не маё!” або “У мяне гэта не атрымаецца!” ад чалавека, які яшчэ нічога не спрабаваў, а ўжо аднекваецца, баіцца зрабіць першы крок. І не вядома, чаго ў гэтым выпадку болей – страху ці ляноты. А першы крок ва ўсялякай справе патрэбен быць зроблены абавязкова! У спевака ёсць першая песня, выкананая ім на сцэне, у повара ёсць першае блюда, якое ён прыгатаваў самастойна, у святара ёсць першае казанне: цяжка ўявіць сабе поўны касцёл людзей і святара, які выйшаў на амбону, але, спужаўшыся, сышоў..
Другое пытанне, якое пера-шкаджае ў “адкопванні” ўласных талентаў,  гучыць прыкладна так: “А якая мне з гэтага карысць?”. Памнажаць дзеля памнажэння не кожны гатовы, а Бог менавіта гэтага ад нас чакае, падказвае нам: пусці ў абарот тое, што даў Я табе, а пасля яшчэ табе дадам! З боку Бога развіццё таленту – гэта развіццё перш за ўсё самога чалавека праз пазнанне і ўдасканальванне сваіх здольнасцей і магчымасцей. Стараннаму і працавітаму Бог абяцае ўзнагароду: “Над многім цябе пастаўлю!”. Але трэба табе яшчэ папрацаваць! Таксама і з чалавечага пункту гледжання: мець талент не азначае яшчэ дасягнуць поспеху.  Канешне, новая справа заўсёды хвалюе, але чалавек павінен быць здольным і на рызыку. Бог – найбольшы рызыкант, Ён выбраў сабе вучняў, не правяраючы іх здольнасці, Ён даверыўся ім. Працуючы над развіццём сваіх талентаў, трэба не баяцца спрабаваць.
Варта таксама звярнуць увагу на пыху, або так званую самадастатковасць, якая часта “засцілае” чалавеку вочы, ён раптам адчуе сябе геніем, тым самым “перакрые” сабе шлях на далейшае развіццё. А гэта небяспечна. Памятаеце, як Пётр хадзіў па ва-дзе? Хадзіў да той пары, пакуль спадзяваўся на Езуса. А калі стаў разлічваць на свае сілы, спалохаўся і пачаў тануць, крычучы: “Пане, ратуй мяне!” (Мц 14, 25 – 31). Езус працягнуў яму руку, разам яны ўвайшлі ў лодку, і вецер сціх. І тут мы павінны зрабіць акцэнт: Бог не забаўляе нас – а праз справу дае чалавеку магчымасць пазнаць сябе, пазнаць Бога і пазнаць іншага чалавека.

 

– Ойча, Вы сказалі аб тым, што звычайна мы заўважаем найболей яскравыя таленты, якія самі кідаюцца ў вочы…
– Пэўна, калі хто прыгожа спявае, ці танцуе, ці стварае якасныя фільмы, малюе мастацкія карціны і праводзіць выставы –як не заўважыць яго талент? У пэўны момант ён становіцца чалавекам вядомым, пазнавальным, публічным. Але ёсць таленты не заўважальныя на першы погляд, напрыклад, выслухаць іншага, даць яму параду, калі той апынуўся ў складаным стане, знайсці патрэбныя словы, каб падтрымаць яго. І далей – наладзіць неабходныя кантакты, асабліва пачынаючы новую справу, правесці перамовы з пэўнай аўдыторыяй, словам, быць камунікацыйным. Хіба не талент гэта?

 

 – У вялікай ступені такім талентам валодаюць святары… Гэта, прабачце, можа нават адна з самых галоўных якасцей добрага пастыра. А што сапраўды павінна рабіць парафія, якая практыка склалася ў вашай супольнасці па развіццю талентаў?
– На мой погляд, касцёльная супольнасць – цудоўная прастора для раскрыцця здольнасцей, у ёй ты бачыш таленты тваіх су-братоў. Тут табе падкажуць, гле-дзячы на цябе крыху збоку, што найлепей атрымоўваецца, на чым патрэбна засяродзіцца, і галоўнае – не загасяць твайго духа, а падтрымаюць! Мы – не карпарацыя, мы – каманда, разам робім справу і шукаем выніку, якога чакае ад нас Бог. Ні Рым, ні Вільня не будаваліся адразу. З нуля безумоўна ўсё пачынаецца, але заўсёды перад намі павінна стаяць пытанне: а што асабіста я магу зрабіць для Касцёла, для супольнасці? Кожны месяц да нас у кляштар прыязджае таленавітая моладзь з музычнай супольнасці “Ubi Caritas”, мы разам молімся, размаўляем, дзелімся ведамі і досведам, гэта тое, што нас яднае як людзей. Штогод у ліпені адбываецца “Музычная майстэрня” (у бягучым годзе пройдзе ўжо чатырнаццаты раз), дзе таксама няма лепшых і горшых, а ёсць кола аднадумцаў, якія жывуць з Богам, імкнуцца глыбей пазнаваць і праслаўляць Яго праз музыку і спевы. Тут, у Івянцы, праводзіцца і Парафіяда, якая апіраецца на  трох “калонах” – малітва, тэатр, спорт. Усё гэта, безумоўна, спрыяе развіццю талентаў дзяцей і моладзі, напаўняе іх хрысціянскім духам. Урэшце рэшт, яны вучацца слухаць сваё сэрца.

 

f-str-15–А гэта, відаць, самая далікатная і адказная справа – пачуць сваё сэрца і зразумець, што табе патрэбна рабіць у жыцці. Святы Павел таксама не ведаў, з чаго яму пачынаць, і пытаў Бога: “Пане, што мне рабіць?”
– Так, з гэтага патрэбна пачынаць. Так, як прасіў калісьці наш заснавальнік, святы Францішак: “Пане Божа, асвяці цемру майго сэрца…” Патрэбна спрабаваць адкрыць сябе, слухаць сэрца, а не толькі тое, што навокал, патрэбна не баяцца зрабіць першы крок. Наогул, гэта безупыннае пытанне (“Што мне рабіць?”) і безупынны на яго адказ. Жыццё не стаіць на месцы, яно ўзбагачаецца прыгажосцю, фарбамі, новым зместам і новымі магчымасцямі, а ўзбагачаюць яго людзі, якія атрымалі ад Бога дар упрыгожваць існаванне рознымі спосабамі і формамі. Але ад натхнення (дар Бога, ласка Бога) да канчатковага “прадукту”, ці гэта будзе мастацкі твор, ці вобраз на сцэне, ці ўнікальнае вынаходніцтва прагрэсу, – вялікі шлях, напоўнены імкненнем, ахвярнай працай, роздумам і расчараваннямі, але шлях, які мае сваю адмысловую інтэнцыю, а ў выніку – сваю вялікую радасць. Гэта феномен унутранага стану творцы, феномен прагнення яго душы, высокую ацэнку якому даў святы Ян Павел II у лісце да людзей мастацтва. Сапраўды, гэта складаны, таямнічы і фантастычна цудоўны працэс! Жадаю Божай ласкі і падтрымкі ўсім талентам, усім творцам!

 

 

Размаўляла Раіса СУШКО.
Здымкі бр. Карнэлія КОНСЭКА, SVD
г. п. Івянец Мінскай вобл.


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий