У Лагішыне было свята – Дом Міласэрнасці пры парафіі св.св. Пятра і Паўла – адзначаў 5 гадоў існавання. У мясцовым санктуарыі Маці Божай Лагішынскай прайшла св. Імша, якую цэлебраваў біскуп Пінскі Антоні Дзям’ янка. Удзел у ёй бралі дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец, святары з усіх дыяцэзій Беларусі, госці з замежжа, шматлікія вернікі, прадстаўнікі ўлады. Пасля св. Імшы працэсія з фігурай Маці Божага Провіду з санктуарыя накіравалася ў Дом Міласэрнасці – яго пастаяльцы сустрэлі яе дружнымі апладысментамі, і свята прадоўжылася пад гэтым дахам.
Ці многа трэба для шчасця?
…Перад маімі вачыма і сёння тая бабулька, якой моцна хацелася танцаваць, – у чорных легінцах (больш далікатнай назвы для яе гардэроба я не падабрала), цёмным “блузоне” з яскравым арнаментам на грудзях і ў белай шапачцы, падобнай на чэпчык, – такой смешнай і адначасова вельмі мілай. Гучала бравурная музыка, прыгожы юнацкі голас гарэзліва падказваў “Выбери меня, выбери меня, птица счастья завтрашнего дня!”, і бабулька выходзіла насярэдзіну фае, у такт музыцы старанна выводзіла свае “па”, рабіла нейкія камбінацыі рукамі… Нават пас-прабавала запрасіць на танец спевака, які ў складзе творчага калектыву Дома культуры завітаў у той дзень у Дом Міласэрнасці. Болей аматараў да танцаў не аказалася (многія пастаяльцы – інваліды-калясачнікі), і падтрымаць вясёлы настрой 83-гадовай Ніны Аляксееўны Цвігун вымушана была сацыяльны работнік Ала. У гэтыя хвіліны Ніна Аляксееўна свяцілася ад шчасця.
А наогул, што і ці многа патрэбна чалавеку для шчасця, у чым мера адчування яго?
Такое простае і такое складанае пытанне. Сапраўды, людзі шукаюць адказ на яго часам усё жыццё і адыходзяць, ні шчасця, ні адказу не знайшоўшы. А іншыя радуюцца ўжо таму, што маюць гэты бясцэнны дар жыцця, маюць што з’есці і ва што апрануцца, радуюцца, што спяць у цёплай і чыстай пасцелі і кожную хвіліну адчуваюць на сабе чыйсьці клопат. Скажаце, мысленне на ўзроўні інстынкту? Не, лепей не кажыце нічога, лепей прамаўчыце, бо сёння вы чытаеце гэтыя радкі, а заўтра…. Я не ведаю, дзе апынуся я, якая піша, і не ведаеце, дзе скончыце заўтрашні дзень вы, мае чытачы. Ведае толькі Бог, гэта ў Яго на нас планы. І на нашую будучыню, і на нашую старасць… Можа, бездапаможную, можа, неадэкватную, можа, з нерэалізаванымі магчымасцямі і пачуццямі, якія пасля будуць напамінаць аб сабе і “прачынацца” падчас падобнага свята, зладжанага іншымі, маладымі людзьмі, каб крыху растапіць лёд ў нашым сэрцы ці вызваць усмешку на нашых тварах… Божа Міласэрны, дай сустрэць старасць у розуме, дапамажы з ёю пасябраваць і прыняць тое, што Ты падрыхтаваў.
Над чалавекам Бог схіліўся ў Лагішыне
У Доме Міласэрнасці сёння 44 насельнікі. Па-людску разважаючы, наўрад ці хто з іх марыў трапіць у “казённы дом”, але так сталася, што ўсе яны апынуліся ў надзвычай цяжкіх жыццёвых ўмовах, страцілі магчымасць абслугоўваць сябе самі, і Бог схіліўся над імі менавіта тут, у Лагішыне…
– Мне дзевяць гадоў было, як мы са старэйшаю сястрою пасвілі каровы, – расказвае сваю гісторыю Чэслаў Сімаковіч з Баранавіцкага раёна, – і я знайшоў нямецкую супрацьпяхотную гранату. Круціў-вярцеў яе, спрабаваў схаваць у кішэню, а на мяне пачалі крычаць: “Выкінь, выкінь!..”. Я й кінуў. Адляцела метры на два і разарвалася. Мяне аглушыла, зрабіла нерухомым, галаву забіла асколкамі, і каля чатырох месяцаў я праляжаў у бальніцы, прычым першы месяц – у непрытомнасці. Было мне тады 9 гадоў, а сёння ўжо 57… Праўда, скончыў вячэрнюю школу, спрабаваў працаваць у калгасе… Цяжка было. Здаралася, поўзаў і лямантаваў ад роспачы і болю (весь правы бок так і застаўся паралізаваным), але жыў, лічыўся інвалідам дзяцінства, зараз маю статус “інвалід дзяцінства з-за наступстваў вайны”. Мама памерла 21 год назад – застаўся з татам. А тры гады назад з жыцця пайшоў тата – я апынуўся тут. Ёсць у мяне дзве сястры, брат, клічуць да сябе, але ў іх свае сем’і, дзеці, ўнукі… Не хочу быць для іх абузаю, не хочу ім перашкаджаць… Дом Міласэрнасці – гэта Божы дом, тут працуюць чулыя людзі, пра нас клапоцяцца. Жывём па два чалавекі ў пакоі, у чыстаце, у добрым догля-дзе, смачна кормяць. Кожны чацвер прыходзіць доктар, выслухае ўсе нашыя скаргі; медсястра працуе ў Доме пастаянна, і ў любую хвіліну акажа дапамогу. Па суботах прыязджае кс. Тадэвуш, служыць св. Імшу, удзяляе сакрамэнт споведзі. У кожную нядзелю раніцай слухаю трансляцыю святой Імшы з Мінскай архікатэдры па радыё. Трымаюся Бога, і Ён трымае мяне.
Прысутны на святкаванні 5-годдзя Дома Міласэрнасці ў Лагішыне правінцыял польскай пра-вінцыі супольнасці айцоў арыяністаў кс. Кшыштаф Бараноўскі, FDP падкрэсліў: “Учынкі міласэрнасці – краевугольны камень, на якім была заснавана наша супольнасць. Наш заснавальнік Луіджы Арыёна – італьянец, які моцна любіў усіх патрабуючых. Ён не ведаў замежных моваў, але паўтараў, што ўніверсальнай мовай для ўсіх лю-дзей з’яўляецца мова любові і міласэрнасці. Пра гэта варта памятаць і сёння”.
Дом для ўсіх
У Лагішыне пра гэта памятаюць. Адкрыць Дом Міласэрнасці для пажылых людзей было марай светлай памяці кардынала Казіміра Свёнтка, пра гэта казаў каардынатар Дома пробашч парафіі св. св. Пятра і Паўла ў Лагішыне кс. Тадэвуш Шэшка, FDP. Гэтая мара ажыццявілася дзякуючы ксяндзам арыяністам Станіславу Паўліне і Міраславу Жлабінскаму, якія прыклалі шмат намаганняў, каб справа міласэрнасці паўстала. “І сёння, – падкрэсліў кс. Тадэвуш, – наш дом адкрыты для ўсіх патрабуючых людзей, незалежна ад іх веравызнання, – католікаў, праваслаўных, пратэстантаў; для нас галоўнае – чалавек. Заснавальнік нашага Ордэна экуменізм бачыў у тым, каб у Божай Міласэрнасці мы аб’ядноўвалі сэрцы ўсіх лю-дзей”. І Лагішын аб’ядноўвае, за пяць гадоў пад яго дахам Божую Міласэрнасць спазналі 269 пажылых: 77 з іх – католікі, 171 – праваслаўныя, 21 – іншых канфесій…
Сапраўды, што яшчэ, калі не Божая Міласэрнасць, трымае гэтых людзей у жыцці, ахінае пяшчотаю, хоць на кароткі час дорыць ім усмешку? У 1942-м на Піншчыне у сям’і Казак нарадзілася дзяўчынка Каця, жаданае дзіцятка было без ног. Хто і дзе мог шукаць параду ў тое ваеннае ліхалецце? Так і вырасла. Пакуль былі жывыя бацькі, іншыя родныя – жыла пры іх, пасля – сацыяльныя прытулкі, зараз калясачніца тут, у Лагішыне. Да Кацярыны прыязджаюць браты і сёстры Хрысціян Веры Евангельскай, без увагі не пакідаюць і яны… Дарэчы, дзверы Дома Міласэрнасці заўсёды адчыненыя –-яго жыхароў могуць наведаць родныя, блізкія, сябры.
Напрыклад, другую Кацярыну, Мамчур, наведваюць супрацоўнікі тэхучастка Пінскага рачнога флота – апошняга месца працы жанчыны. Лёс выпрабоўваў яе змалку, а Бог Кацю змалку аберагаў. Нарадзілася ў Вялікім Ноўгарадзе. У 1942 г. яе бацькоў і іх пяцёра дзяцей забралі ў Германію. “ Вярнуліся ў Расію ў 48-м, – успамінае Кацярына Іванаўна, – і мой хросны забраў мяне да сябе, у Ленінград, каб вучылася ў тэхнікуме. У 56-м вышла замуж за афіцэра і прыехалі ў Лагішын. Мелі сына – у 1984 г. Ігар загінуў трагічна. Праз некалькі гадоў мой муж паехаў на Украіну наведаць сваю старэнькую маці, і там памёр… Прайшло яшчэ некалькі гадоў і да мае адзіноты прыбавілася складаная і цяжкая траўма – пералом рукі і сцягна. І вось я перад вамі”, – Кацярына Іванаўна старанна паправіла свой “парадны” піджак. – Тут жыву, дзякаваць Богу, умовы добрыя, ёсць “міжканфесійная” каплічка, абразы і праваслаўныя, і каталіцкія. Да праваслаўных прыязджае бацюшка Ўладзімір, а я, хоць і праваслаўная, часам і да кс. Тадэвуша іду, каб памаліцца разам…
Прабачце за пытанне
Яе суседка, Рэма Васільеўна Пчолкіна, трапіла сюды з Асіпо-вічаў, дзякуючы законнай сястры Самуэлі, якая служыць у парафіі.
– Прыйшла наша Рэмуальда аднойчы да касцёла, – успамінала падчас нашай сустрэчы манахіня, – а я гляджу на яе – яна ўся фіялетавая ад холаду, ледзь дыхае. Высветлілася, што ў хаціне яе 4-5 градусаў плюс, і хату гэтую нічым не нагрэеш, старая, без догляду. Што рабіць? Пачалі мы весці перагаворы з сацыяльнымі службамі, медыкамі, пробашчам кс. Тадэвушам, дырэктарам Дома Міласэрнасці Аляксандрам Фядковічам, і па-глядзіце сёння на нашу Рэму!
– Наш дырэктар вельмі далікатны чалавек, – расказвала Рэмуальда Васільеўна. – Прыбыла я ў Лагішын, і пры першай нашай сустрэчы кажа, маўляў, прабачце за такое непрыемнае пытанне: “Дзе Вас хаваць?”. Дык гэта пытанне цудоўнае, адказваю яму, і дзякуй, што Вы задалі яго. Я не мела свае сям’і, хацела, каб мяне пахавалі каля таты з мамаю на могілках у Асіповічах, дзе мы жылі, а пасля тое месца нехта заняў. Таму я ўжо нічога не выбіраю…
На жаль, на зямлі жыцця вечнага няма, усё толькі часовае, вечнае – у небе. І калі кагосьці з насель-нікаў Дома Міласэрнасці напаткае смерць, звычайны рытм быцця астатніх нібыта збаўляе хуткасць. Смуткуюць, у паўголаса размаўляюць, моляцца, тыя, хто больш вы-трывалы, накіроўваюцца ў каплічку, каб прыняць удзел у св. Імшы і па-хрысціянску развітацца з памерлым. За пяць гадоў існавання Дома Міласэрнасці з жыцця адыйшлі 36 яго пастаяльцаў. Родныя і блізкія звычайна забіраюць памерлых, каб пахаваць на радзіме, але ёсць і такія, у каго, акрамя супрацоўнікаў Дома, не засталося ніводнай роднай душы. Светлай памяці Ліда Кузняцова і Сійры Юнгіна таму і пахаваныя на Лагішынскіх могілках. Супрацоўнікі Дома Міласэрнасці прыбіраюць месцы захавання, носяць кветкі, моляцца за іх.
…А перад маімі вачыма чамусьці зноў тая бабулька ў белай шапачцы, якой моцна хацелася танцаваць.
Раіса СУШКО.
Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD,
г. п. Лагішын.