Пад небам адзіным

Str-12…Павінна шчыра прызнацца, што пачуццё невымоўнай павагі ды жыхароў гэтага невялікага горада на Гродзеншчыне, пераплеценае з трапяткою цікаўнасцю, напоўніла сэрца яшчэ 15 гадоў назад , калі ўпершыню за сваю шматгадовую журналісцкую працу пераступіла парог мусульманскай мячэці і пазнаёмілася з іўеўскімі татарамі. Сёння я зноў пад глыбокім уражаннем ад таго, як ашчадна захоўваюць тут памяць аб сваіх продках – тых жа мусульманах, каталіках, іўдзеях, праваслаўных – нашы сучаснікі. І робіць гэта – пры дапамозе гісторыкаў, краязнаўцаў, калекцыянераў, аматараў глыбокай даўніны і проста сумленных людзей – Іўеўскі музей нацыянальных культур, адзіны такога кшталту ў нашай краіне.

 

 

 

Не прэтэндуючы на поўны ахват тэмы, лічу сваім абавязкам хоць з большага расказаць пра гэта чытачам часопіса. Можа, хто з іх захоча дакрануцца да багатай і моцна хвалюючай гісторыі асабіста, прайсці па вуліцах габрэйскага квартала, пачуць прыветлівае “Салям алейкум!”, укленчыць у касцёле святых Пятра і Паўла, які існуе больш за 500 гадоў, і на свае вочы ўбачыць помнік славутай беларускай талерантнасці.

 

 

Адчыніце дзверы Хрыстуf-str-13
Адразу пра манумент. Не заўважыць яго нельга – у цэнтры Іўя, велічны, устаноўлены ў 2012  го-дзе і асвечаны духоўнымі лідэрамі кожнай канфесіі, ён таксама адзіны такога кшталту ў нашай краіне. Афіцыйная яго назва – памятны знак “У гонар сяброўства і згоды канфесій Іўеўшчыны”. Чатыры белыя стэлы з аркамі павернутыя кожная да сваёй святыні, яны быццам паказваюць накірунак, куды ісці верніку. Сімвалы і надпісы на іх – моцна кранальныя. Сапраўды, хіба можна без хвалявання чытаць словы, змешчаныя побач з менорай, зоркай Давіда і скруткам Торы, ведаючы, што з 3.500 іўдзеяў (на пачатак мінулага ст.) сёння іх тут не засталося зусім, і разумеючы, што словы на стэле скіраваныя да нас, сённяшніх. “Мір вам!”, – гавораць надпісы на іўрыце і па-беларуску… І гэта гавораць мёртвыя габрэі – самая шматлікая ў мінулым дыяспара на Іўеўшчыне, ушчэнт знішчаная ў 1942-м. Словы “Я есть путь и истина и жизнь…” (Ян 14, 6), якія f-str-13-2змясціла побач з выяваю Спаса Нерукатворнага і іконай Пакрова Прасвятой Багародзіцы самая маладая, праваслаўная абшчына, падштурхоўваюць да роздуму аб галоўнай праўдзе хрысціянскай веры. Мусульмане ўпрыгожылі сваю стэлу выяваю Карана, паўмесяцам з Зоркай і цытатаю з Карана, якая за-клікае да міру і спакою. І, урэшце, прадстаўнікі самай шматлікай сёння каталіцкай супольнасці змясцілі выяву святога Яна Паўла II з заклікам: “Адчыніце дзверы Хрысту”.
– У мяне да яго асабістая любоў, – прызнаецца пробашч парафіі святых Пятра і Паўла кс. Ян Гавецкі. – Святы Папа, які першы зрабіў крок ў мячэць, першы пайшоў у сінагогу, дае падказку і сённяшняму складанаму свету: “Адчыніце дзверы Хрысту”.

 

Повязь часоў і пакаленняў
Колькі гадоў выспявала ідэя стварыць дзяржаўны музей у Іўі, дакладна сказаць цяжка, але спроб зрабіць гэта было некалькі. Факт знаходжання татараў на гэтых землях на працягу больш шасці стагоддзяў, сярод хрыс-ціянаў і іўдзеяў, узаемны ўплыў культур, запазычанне адныя ў другіх звычаяў, бытавых навыкаў фарміравалі нейкія рэгіянальныя асаблівасці, якія надавалі Іўю свой адметны мясцовы каларыт і стваралі сяброўскую аўру. Першымі ў накірунку захавання гэтага надзвычай прыгожага багацця пайшлі школьныя музеі, а ў 2009 годзе была ад-крыта дзяржаўная ўстанова з экспазіцыяй “Пад адзіным небам праз стагоддзі”.Марина Позняк
– Як толькі ні называюць сёння нашае Іўе госці,– цёпла ўсміхаецца Марына Пазняк, выконваючая абавязкі дырэктара музея, якая суправаджае нас па залах. – “Беларускі Ерусалім”, “Беларускі Вавілон”, “Сталіца беларускіх татар”, “Беларускае Рыа”. Эпітэтаў не шкадуюць…”.
Не шкадуе эпітэтаў Іўю і сама Марына, у кожным слове якой – непрытворны гонар за свой край, за прыналежнасць да той часткі Беларусі, якая і стала носьбітам беларускай памяркоўнасці і згоды.f-str-14
Першы раздзел музея знаёміць нас з гісторыяй карэннага насельніцтва, якое складалі беларусы і палякі. Бачым постаць нябеснай абаронцы і апякункі Беларусі Еўфрасінні Полацкай, якая шмат зрабіла для асветы нашых продкаў. Дарэчы, гэта адзіная святая, якую прызнаюць усе хрысціянскія канфесіі. Бачым постаць Альбрэхта Гаштольда – “графа на Мураваных Геранёнах”, стваральніка і кіраўніка выдання ў 1529 г. першага Статута Вялікага Княства Літоўскага.
У пісьмовых крыніцах Іўе ўпамінаецца з 1444 г., калі вялікі князь літоўскі Казімір падарыў мясцовасць маршалку, намесніку наваградскаму Пятру Мантыгердавічу, які ў 1495 г. заснаваў тут касцёл. Увагу звяртае манаскае адзенне францішка-ніна – у знак таго, што ў часы праўлення князя Гедыміна ў ХIV ст. Слова Божае тут прапаведвалі францішкане. Дэманструецца каталіцкі арнат (верхняе літургічнае адзенне духавенства), старажытны Імшал.

f-str-14-2

Іўеўская акадэмія
Углядаючыся ў экспанаты першага раздзела, даведваемся пра тое, што ў канцы ХVI – пач. ХVII стст. у Іўі існавала 5-класная Арыянская школа (арыяне – рэфарматары, якія не прымалі некаторых дагматаў хрысціянства). Існавала, дзякуючы тагачаснаму ўладальніку Іўя, уплывоваму магнату Яну Кішка, які падзяляў погляды рэфарматараў, шмат f-str-15падарожнічаў па Еўропе, быў аўтарам некалькіх рэлігійных трактатаў і выступаў за верацярпімасць. Яе рэктарам быў выпускнік Кракаўскага ўніверсітэта выбітны педагог і паэт Ян Намыслоўскі. У 1586 г. Намыслоўскі напісаў на лацінскай мове “Дапаможнік па авалоданню навучаннем Арыстоцеля”, а праз тры гады – “Сентэнцыі, неабходныя ў грамадскім жыцці”. У ёй былі змешчаны вершаваныя і празаічныя выступленні, звароты, і болей за 200 сентэнцый на лацінскай, польскай і нямецкай мовах, напісаных у духу спрошчаных павучанняў.
У школе, акрамя тэалогіі, вывучалі паэзію, рыторыку, музыку, этыку, медыцыну, фізіку, кодэкс Юстыніана, латынь, f-str-15-2грэчаскую, польскую, старажытнагабрэйскую, беларускую мовы. Адметная рыса Арыянскай школы ў тым, што навучаліся ў ёй дзеці не толькі арыянаў, але і з сем’яў іншых канфесій. У гісторыю вучэбная ўстанова ўвайшла пад назвай Іўеўская акадэмія.
Акрамя школы, Ян Кішка перадаў арыянам таксама касцёл святых Пятра і Паўла. Арыяне адкрылі ў мястэчку тыпаграфію і ў 1568 г. праводзяць тут свой сінод, на які з’язджаюцца аднадумцы з ВКЛ, Польшчы, прысутнічае вядомы беларускі гуманіст і перакладчык Новага Запавету, аўтар першай кнігі на беларускай мове, выданай у Беларусі, Сымон Будны.f-str-16
Пасля смерці Яна Кішкі Намыслоўскі пераязджае ў Навагрудак, дзе становіцца прапаведнікам арыянскай абшчыны. У яго абліччы Іўеўская акадэмія страціла свайго духоўнага кіраўніка і паступова знікла са старонак гісторыі. Але даследчыкі мінулага Іўеўшчыны адзначаюць вялікую ролю, якую яна адыграла ў развіцці педагагічнай і асветніцкай думкі ў Беларусі.

 

Гісторыя аднаго домаf-str-16-2
У экспазіцыі “З гісторыі карэннага насельніцтва Іўеўшчыны” выстаўлены перададзеныя людзьмі праваслаўныя іконы, рытуальныя прадметы, малітоўнікі. “Ёсць тут і мой, 1898 года выдання, – заўважае Марына, – але ён не з’яўляецца ўласнасцю музея. Дала яго на некаторы час – няхай разглядаюць наведвальнікі. Справа ў тым, што гэты малітоўнічак належаў маёй бабулі Стэфаніі, па ім мяне навучала яна Катэхізісу і мне яго пакінула… Адарваць ад сэрца назаўсёды пакуль што не магу”.f-str-17
Старадаўнія кнігі, фотаздымкі, адзенне, прадметы культуры і быта… Праз іх ідзе павольны расказ пра жыццё нашых продкаў, пра святы – каталіцкія і праваслаўныя, абрады і традыцыі, якія прыжыліся тут на працягу стагоддзяў. «Калі музей наведваюць дзеці, – расказвае Марына, – то больш чым дзе, затрымліваюцца каля Каляднай батлейкі. Яна зроблена ў форме лялечнага тэатра, але акцёры ў ім гуляюць жывыя – супрацоўнікі музея!”.
f-str-17-2…Той гістарычны факт, што яшчэ ў недалёкім мінулым, да Другой сусветнай вайны, Іўе было пераважна габрэйскім, напамінае аб сабе амаль на кожнай вуліцы: дамы – перабудаваныя, абноўленыя, пафарбаваныя сённяшнімі фарбамі, а ўсё ж… Балючы напамінак аб трагедыі і генацыдзе. Захаваліся дзве сінагогі (было тры, адна з іх знесена не так даўно, у самай вялікай  – дзіцяча-юнацкая спартыўная школа), але не засталося іўдзеяў, каб святкавалі па суботах шабат… Большасці габрэйскіх дамоў наканавана было застацца жытлом для іншых, і толькі асобным – выконваць місію нашмат вышэйшую. Як дому габрэя Ніпікеровіча. Мяркуйце самі: сёння ў ім царква святога пакутніка немаўляці Гаўрыіла Беластоцкага, якая прыняла праваслаўных вернікаў у 1994 г, а адразу пасля вайны тут быў ра-дзільны дом: нараджаліся немаўляткі, разам з імі – надзеі… Пасля таго, як напрыканцы 60-х – пачатку 70-х у Іўі пабудавалі новы радзільны дом, дом Ніпікеровіча ператварыўся ў дзіцячы садок- яслі, і зноў заспявалі ў ім дзіцячыя галасы. Ёсць меркаванне, што менавіта прысутнасць дзяцей пад яго дахам пасля жудаснага ваеннага ліхалецця і падштурхнула да выбару імені святога пакутніка немаўляці Гаўрыіла для праваслаўнага храма, каб быў святы пакутнік малітоўным заступнікам хворых дзяцей і моладзі ў Іўі. Храм быў асвечаны ў 1995 годзе і  ў  тым жа годзе малебен каля яго правёў Патрыярх Маскоўскі і Ўсяе Русі Алексій II. Такая гісторыя аднаго жылога дома, чый былы гаспадар разам з тысячамі іншых пакутнікаў спачывае ў лесе каля вёскі Стоневічы…

 

Карані
Радзільны дом па былой вуліцы Віленскай, дзе зараз моляцца праваслаўныя, быў першай утульнай калыскай для дзяўчынкі Тамары Барадач, той самай, пра якую я прачытала ў адным цікавым музейным экспанаце – у лісце равіна Баярскага-Зелікпана пад назваю “Дзве Тамары”. Аўтар паведамляе, што Тамара (у дзявоцтве Кошчар) з’явілася на свет ужо пасля вайны, дзякуючы таму, што яе мама (негабрэйка) выратавала яе тату (габрэя) і вышла за яго замуж. Дзяўчынка вырасла, стала педагогам і грамадскім дзеячам, але боль за яе вялікі і па-звярынаму знішчаны род – 56 чалавек! – ніколі не пакідаў яе сэрца. Жыла, не пазнаўшы ласкі бабулі-дзядулі, не меўшая ніякіх дзядзяў і цёцяў, дваюрадных ці траюрадных братоў і сясцёр. Жыла, аднак, з перакананнем: як дрэва не можа жыць без каранёў, так і чалавек не можа адчуваць сябе поўнавартасным, калі не ведае, хто ён і адкуль.Тамара Бородач
Роднае Іўе Тамара Майсееўна пакінула ўжо ў 50-гадовым узросце (працавала на Гродзеншчыне і ва Ўкраіне) і пераехала ў Ізраіль, жыве ў Нетаніі. Можа, і не пакінула б ніколі, каб не яе дочкі-двайняты – Таццяна і Вольга, якія трапілі туды па праграме навучання “Наале”. Тамара вывучыла мову, адкрыла Міжнародны праект “Карані” і на працягу двух апошніх дзесяцігоддзяў займаецца тым, што вяртае памяць пра далёкае мінулае свайго народа – возіць у Беларусь групы людзей, якія тут нарадзіліся або чый лёс звязаны з нашай краінай памяццю аб далёкіх продках.
А чаму дзве Тамары? А таму, што Тамара Барадач, працуючы ў сваім праекце, напаткала амерыканскую балерыну і рэжысёра Тамар Рогофф, дзядуля якой выехаў з Іўя ў ЗША ў 1911 г., і якая таксама жыве думкамі аб лёсах нацый. Расказала ёй аб акцыі вынішчэння, што адбылася за 2 км ад Іўя каля вёскі Стоневічы: 2 жніўня 1941 г. фашысты забілі 220 чалавек з ліку інтэлігенцыі, а 12 мая 1942 г. правялі масавую карную аперацыю і расстралялі 2524 чалавекі. У 1994 г. амерыканка Тамар прыехала ў Іўе і ў супрацоўніцтве з артыстамі з Беларусі, Эстоніі, Літвы і ЗША на месцы трагедыі ажыццявіла пастаноўку тэатральна-харэаграфічнага прадстаўлення “Іўеўскі праект” (у музеі захоўваецца здымак).
– Моваю мастацтва я буду гаварыць з тымі, – сказала Тамар Рогофф, упершыню наведаўшы мемарыял, – хто ляжыць у гэтым журботным лесе. Мы будзем святкаваць перамогу габрэйскай культуры менавіта тут, на той зямлі, дзе гэтую культуру, як і саму нацыю, спрабавалі па-звярынаму знішчыць.

 

Божа, благаславі!
Пра Іўе – тое дарагое сэрцу месца, адкуль чэрпаюць сілу і дзе жывяцца карані,  з удзячнасцю гаворыць і муфцій Абу-Бекір Шабановіч, кіраўнік Мусульманскага рэлігійнага аб’яднання ў Рэспубліцы Беларусь. Ён таксама нарадзіўся ў  Іўі, тут пачынаў спасцігаць навуку Карана, тут пакоіцца прах яго продкаў…Муфтий Абу-Бекир Шабанович
Перад пятнічным намазам (абавязковая кананічная малітва ў мячэці) іўескія мусульмане ўзгадваюць імёны літоўскага князя Вітаўта, па запрашэнню якога прыбылі ў Мураўшчызну (зараз у складзе Іўя) больш за шэсць стагоддзяў назад першыя татарскія пасяленцы, а таксама імя ўладальніцы земляў каталічкі Эльвіры Замойскай, якая падарыла мусульманам пляц і будаўнічы лес для ўзвядзення мячэці. Адбылося гэта ў 1882 годзе. Іўеўская мячэць ніколі не зачынялася і доўгі час была адзінай, дзейнічаючай у краіне.
Музейны раздзел “Беларускія татары” багата прадстаўлены. “Самы дарагі яго экспанат, – падказвае Марына, – гэта шпіль з мінарэта мячэці, які стаяў першапачаткова, у 20-я гады мінулага стагоддзя, прынесены ў дар мусульманамі”. Таджвід (правіла чытання Карана), Лягі (пасведчанне аб заканчэнні школы пры мячэці) 1892 г., джуба (рытуальнае адзенне імама), хамаілы (рукапісныя малітоўнікі, у якіх змешчаны цытаты з Карана, малітвы асноўныя і на вылячэнне ад хваробаў), мугіры. Апошнія ствараліся рукамі асоба таленавітых людзей, бо напаміналі сабою закончаны мастацкі твор. Прыгожым почыркам напісаныя на шкле цытаты з Карана, яны акаймляліся рамкамі і вывешваліся ў мячэцях, ў жылых памяшканнях. У экспазіцыі прадстаўлена праца мясцовай мастачкі Эміліі Шабановіч. На арабскай мове выведзены словы з Карана, якія ў перакладзе азначаюць: “Божа, благаславі гэты дом”. Дарэчы, працы Эміліі Халільеўны экспаніраваліся на адмысловай выставе ў музеі.
Жыццё, традыцыі, святы – усё гэта зафіксавана на фотаздымках розных гістарычных перыядаў. Адно з галоўных свят– Курбан-Байрам: пасля малебна ў мячэці ў ахвяру прыносіцца дамашняя жывёліна – бычок ці некалькі бараноў, і мяса па кавалках разво-зіцца па хатах бяднейшым сем’ям. Дарэчы, мусульмане частуюць не толькі сваіх адзінаверцаў.
– А ці ёсць змешаныя сем’і?– пытаемся пры сустрэчы ў імама абшчыны Адама Сулейманавіча Радзецкага.
– Раней мусульмане імкнуліся жаніцца толькі на дзяўчатах сваёй рэлігіі, – гаворыць ён, – а ў астатнія часы саюзы заключаюцца і з іншымі. Але Каран дазваляе гэта толькі мужчынам, мусульманкам выходзіць замуж за інаверца не дазволена. А што датычыцца штодзённых адносінаў – адныя другім узаемна дапамагаем, людзі моцна сябруюць між сабою, духоўныя кіраўнікі віншуюць абшчыны інаверцаў з нагоды свят. У мінулым годзе адзначалася 620-я гадавіна пасялення татар на беларускіх землях. У Іўі было вялікае свята, але не толькі мусульман – усіх нацыянальнасцей і веравызнанняў, якія жывуць тут.

 

…Калі адзін у другога ёсць
Пра добрасуседскія адносіны і сяброўства між людзьмі нам яшчэ шмат раскажуць каталічка Яўгенія Іосіфаўна Макуцэвіч, праваслаўная Таццяна Ўладзіміраўна Ярашэвіч.Евгения Макуцевич
– Штодня кантактую з татарамі і татарскімі дзецьмі, бо працую ў Іўеўскай школе, якую калісьці скончыла сама і ў якой упершыню сустрэлася з людзьмі розных нацыянальнасцей, – расказвае Яўгенія Іосіфаўна. – Тады я прыехала вучыцца ў 9-ы клас, бо ў нашай вёсцы сярэдняй школы не было. Пасябравала з габрэйкай Раяй Баран і сувязь падтрымліваем па сённяшні дзень (мая школьная сяброўка жыве ў Ізраілі). А са мной побач працуюць цудоўныя настаўнікі – наш імам Адам Сулейманавіч Радзецкі, настаўнік беларускай мовы і літаратуры, яго сястра Роза Сулейманаўна таксама выкладае беларускую мову і літаратуру, Ганна Мацвееўна Рафаловіч – гісторык. У яе, нашай Айшуні, нядаўна нарадзілася дачушка Таня – усе хадзілі ў адведзіны: і татары, і палякі, і беларусы… Каб паважаць Татьяна Ярашевиччалавека, зусім не абавязкова ведаць яго нацыянальнасць, трэба проста паважаць. А што датычыцца веравызнання калегі, ці суседа, то яго трэба ведаць, каб з гэтым лічыцца і шанаваць. Сама я каталічка, некалькі гадоў назад жыла ў доме па вул. Дружбы. Побач былі і мусульмане, і праваслаўныя. Мы ведалі, калі ў каго якое рэлігійнае свята, і не йшлі ў той дзень ні бульбу капаць, ні дровы секчы. Асобна скажу пра дзяцей нашых татар: стрыманыя, працавітыя, ветлівыя. Ні адзін з хлопчыкаў не кіне табе мімаходзь “Здрасьце!”, а прыастановіцца, скажа з павагай, з паклонам… Гэта ўсё вынікі выхавання. Вельмі добра, што сёння ніхто не перашкаджае дзецям наведваць святыні. Вера – гэта патрэба душы, і калі яна ёсць, чалавек павінен мець месца, куды яму йсці. Ні ў касцёле, ні ў царкве, ні ў мячэці не вучаць дрэннаму, а толькі дабру і міласэрнасці. Мне надта імпануе, што ў нашым Іўі стала традыцыяй: выпускны баль у школе ці 1 верасня – прыходзяць кс. Ян, імам Адам, бацюшка Вячаслаў Пашкевіч; провады юнака ў войска, свята горада ці Дзень інвалідаў– зноў кіраўнікі рэлігійных абшчын разам, скіроўваюць да прысутных свае шчырыя словы…
Таццяна Уладзіміраўна Ярашэвіч, якая амаль усё жыццё працавала бібліятэкарам, расказвала пра сваю сяброўку Аміню Адамаўну Радкевіч. Аміня маладзейшая за Таццяну на пяць гадоў, але, калі разам ішлі ў Дом культуры на хор, то Таццяна выконвала ролю праважатага: у Аміні зусім слабы зрок, а голас – прыгожы. І спяваць яна любіць, і жадае ўдзельнічаць у хоры, а сцежка да яго цяжкая. “Аміня, – заўсёды падказвала Таццяна, – ступай акуратна, тут камень, тут – дрэва, тут бардзюр…”. “Нядаўна кажу ёй, – прызнаецца Таццяна Ўла-дзіміраўна. – Амінька, на хор хадзіць я болей не буду, усе ж такі узрост” (Таццяне споўнілася 80). “Дык я ж адразу памру!” – адказвае мне. І што думаеце, на апошняе свята ў Дом культуры хадзілі, падтрымліваючы адна другую, ужо ўтраіх – яшчэ каталічка Алена Нікадзімаўна Мігаль з намі”.
Слухалі мы эмацыянальную Таццяну Ўладзіміраўну, а ў галаве свідравала думка: сапраўды, як моцна пераплятаюцца чалавечыя лёсы, і як моцна шчаслівыя людзі, калі яны адзін у другога ёсць!

 

Беларускае Рыа

Настаяцель прыхода св. пакутніка немаўляці Гаўрыіла Беластоцкага протаіерэй Вячаслаў Пашкевіч разам з пробашчам парафіі  святых апосталаў Пятра і Паўла кс. Янам Гавецкім

Настаяцель прыхода св. пакутніка немаўляці Гаўрыіла Беластоцкага протаіерэй Вячаслаў Пашкевіч разам з пробашчам парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла кс. Янам Гавецкім

…І ўрэшце: адкуль Беларускае Рыа? Каб адказаць на гэтае пытанне, дастаткова глянуць у бок каталіцкай святыні – перад касцёлам святых апосталаў Пятра і Паўла, які яшчэ ў ХV ст. быў заснаваны на самай высокай кропцы мясцовасці і добра пра-глядваецца з усіх куткоў горада, размешчана фігура Езуса Хрыста. Збаўца распрасцёр абдымкі над горадам і яго жыхарамі і ўсёю сваёю постаццю быццам гаворыць: “Прыйдзіце да Мяне ўсе, спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас!”. Знешнім выглядам фігура моцна падобная да той, што знаходзіцца ў бразільскім Рыа-дэ-Жанэйра. Гэтае падабенства, відаць, і з’явілася матывам для такой пафаснай назвы. Людскія фантазіі прыпісвалі мясцоваму пробашчу кс. Яну, намаганнямі якога Езус Хрыстус падняўся на пастамент каля касцёла, што дзеля гэтага святар ездзіў нават у Бразілію.
– Ездзіў шмат, ездзіў па святых мясцінах Беларусі, Прыбалтыкі, Польшчы, ездзіў разам з вернікамі розных веравызнанняў, але не ў Бразілію, – расказваў пазней святар. – У складзе групы біскупаў  і  святароў Ўсходняй Царквы  (Беларусі, Літвы, Расіі, Украіны і Казахстана),  на   чале   з кардыналам,  святой  памяці  Казімірам Свёнткам  у 1995 годзе  здзейсніў паломніцтва   ў  партугальскую  Фаціму.  Мне  сапраўды трапіла  на  вочы  картка – статуя Езуса  Хрыста  ў  Лісабоне.  Спадабалася, прывёз у Іўе, паказаў аднаму майстру: патрэбна зрабіць такую! У 2002 г. фігура Збаўцы каля нашага касцёла была асвечана.

 

…Згадзіцеся, шаноўныя чытачы, у жыхароў гэтага ўнікальнага гарадка ёсць простае і вялікае, звычайнае і незвычайнае шчасце – мірна суіснаваць на ўрадлівым кавалачку зямлі, што аднолькава для ўсіх дадзены Богам. І хіба ёсць розніца ў тым, што адныя ў цішыні храма раскрываюць друкаваныя малітоўнікі, другія – рукапісныя хамаілы, а трэція перабіраюць пальцамі ружанчыкі?

 

 

 Раіса СУШКО.
Здымкі Карнэлія КОНСЭКА.SVD
Гродзенская  вобласць.


Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий