(Працяг. Пачатак у № 01-2015 г.)
Кожны знак да чагосьці адносіць. У залежнасці ад часу і культуры мяняецца значэнне сімволікі. Прадстаўленыя тут некаторыя папулярныя ў наш час сімвалы паказваюць, наколькі асцярожна хрысціяне павінны адносіцца да знакаў і ўпрыгажэнняў, якія носяць…
Пентаграма (пяціканечная зорка; зорка Саламона; зорка Піфагора; зорка Ісіды)
Пентаграма (пентаграман) – адзін з найважнейшых сімвалаў акультызму і сатанізму. Гэта пяціканечная зорка, упісаная ў акружнасць. Адасоблены канец зоркі сімвалізуе дух, скіраваны ў неба (уверх) або ў пекла (уніз). Іншыя краі сімвалізуюць знаходжанне чалавека па-над светам прыроды. Чатыры канцы зоркі – гэта чатыры асноўныя стыхіі: вецер, агонь, зямля і вада. Поўная зорка сімвалізуе чалавека (увогуле), які балансуе паміж небам (верхні канец) і зямлёй-прыродай (іншыя 4 канцы).
Гэта адзін з найбольш распаўсюджаных сімвалаў у гісторыі чалавецтва. Найстарэйшыя пентаграмы знойдзеныя ў старажытным Уры (цэнтр месапатамскай цывілізацыі) і датаваны 3500 г. да н.э. Лічыцца, што гэты сімвал ужываўся як каралеўская пячатка. Пяціканечную зорку можна знайсці ў язычніцкай, старажытнагабрэйскай, старажытнахрысціянскай сімволіцы. У наш час гэты сімвал шырока выкарыстоўваецца ў магіі, акультызме, сатанізме.
Сярод старажытных хрысціянаў пяціканечная зорка была вядомая як сімвал праўды і містыцызму. Гэты сімвал часта атаясамліваўся з Бэтлеемскай зоркай або Зоркай трох каралёў. Іншыя ж хрысціяне бачылі ў зорцы сімвал пяці ран Хрыста (на прабітых руках, нагах і баку). Некаторыя даследчыкі гавораць пра тое, што пентаграмай карыстаўся старазапаветны цар Саламон як абаронай ад злых духаў. Таксама лічыцца, што гэтым сімвалам карыстаўся імператар Канстанцін як пячаткай і абарончым знакам ад дэманаў. А сярэднявечныя рыцары бачылі ў зорцы сімвал пяці рыцарскіх цнотаў: вялікадушнасці, адвагі, дзявоцтва, мужнасці і пабожнасці.
Даследчыкі гавораць пра тое, што адносіны хрысціян да пентаграмы пачалі мяняцца пад уплывам Інквізіцыі. Поўнае размежаванне на “добрую” і “дрэнную” пентаграму ўвёў у 19 ст. вядомы акультыст і кабаліст Eliphas Levi (сапраўднае імя — Alphonse Louis Constans). Добрай пентаграмай лічылася скіраваная верхавінай угору, а дрэннай – уніз. Адмоўную версію пентаграмы выкарыстаў Anton Szandor LaVey (аўтар “Сатаністычнай бібліі”), працуючы над стварэннем культаў сучаснай сатаністычнай царквы. Ён выкарыстаў перавернутую пентаграму (зорка Бафамета), з якой цяпер усе асыцыіруюць сатанізм і чорную магію.
У сімволіцы магіі і акультызму пентаграма мае вельмі багаты змест. Зорка без акружнасці азначае унутраны распад, канфлікт, змаганне. Пяць канцоў зоркі – гэта сімвал: 1) пяці цялесных пачуццяў чалавека; 2) пяці светаў (фізічны, эстэтычны, астральны, ментальны і духоўны); 3) пяці стыхій паводле старажытна-кітайскай філасофіі (4 прыродныя стыхіі і дух, які імі кіруе). У неаязычніцкіх культах Вікка (“Wicca” (гал.) значыць “чараўніца”), асабліва ў яе гарднэрыянскай традыцыі, перавернутая пентаграма ў акружнасці лічыцца знакам высокага ўзроўню таемнага пасвячэння. Гэта адзін з важнейшых сімвалаў магіі, увасабленне зямлі, матэрыі, а таксама брамы ў астральны свет (акно дэманаў). Зорка ў апошнім значэнні выкарыстоўваецца рознымі “біяэнергатэрапеўтамі”, экстрасенсамі, чарнакніжнікамі і т.п.
Пентаграма лічыцца адным з важнейшых сімвалаў масонаў. Паводле масонскіх перакананняў, пяціканечная зорка сімва-лізуе чалавека (adam-eve), які адраджаецца, багатварыцца (сімвал язычніцкага ініцыяцыйнага гуманізму). Леў Троцкі-Бронштайн, член масонскай ложы Вялікі Ўсход, які добра ведаў эзатэрычны сэнс пентаграмы, прапанаваў яе як сімвал камунізму.
Гэты знак выкарыстоўваецца таксама многімі рок музыкантамі (Motley Crue, Danzig, Morbid Angel і інш.), а таксама ў камп’ютэрных гульнях, тэндэнцыйных фільмах і шоу.
З пункту гледжання хрысціянства, належыць прызнаць, што сама па сабе пяціканечная зорка не нясе абсалютна адмоўнага сімвалізму. Аднак варта размяжоўваць сімвал пяціканечнай зоркі ад графічнага (лінейнага) накрэслення пентаграмы. У сувязі з тым, што ў сучасным свеце пентаграма становіцца амаль што ідэнтыфікацыйным сімвалам магіі, сатанізму, масонства, варта пазбягаць яе выкарыстання. Асабліва належыць адмовіцца ад ужывання пентаграмы, упісанай у круг або перавернутай, бо такія формы сімвала адназначна нясуць у сучасным свеце сатаністычнае пасланне.
Гэта найважнейшы сімвал сатаністаў. Уяўляе сабой галаву казла, упісаную ў круг. Пяць крайніх пунктаў галавы ўтвараюць пентаграму, скіраваную ўніз. Часам у гэтыя пункты або ў акружнасць запісаныя розныя рунічныя знакі ці словы. Два верхнія канцы зоркі (рогі казла) сімвалізуюць адвечны дуалізм сусвету: дабро і зло. Асобны канец зоркі, скіраваны ўніз, паказвае на пекла і выражае сутнасць сатанізму: адмаўленне, пярэчанне, перавёрнутасць (апазіцыя да хрысціянства). Акружнасць у сімвале выражае абарону ад уплыву іншых дэманаў, а таксама моц і вечнасць. У многіх магічных ці сатаністычных рытуалах удзельнікі абавязкова павінны знаходзіцца ўнутры круга. Як пентаграма, так і бафамет выкарыстоўваецца сярод асноўных сімвалаў масонскага ордэна Усходняй зоркі (MOES).
Гэтыя сімвалы навязваюць да біблейскай традыцыі (Ісая 14, 12; Адкрыццё 9, 1), на аснове якой узнікла паданне аб падзенні Люцыфера. Гэты знак выкарыстоўваецца рознымі музыкантамі (Venom, Slayer і інш.), а таксама ўсімі, хто сімпатызуе сатанізму.
З пункту гледжання хрысціянства, гэты знак абсалютна не можа выкарыстоўвацца вернікамі, бо наўпрост і адназначна сімвалізуе антыхрысціянскія сілы, сатанізм, бунт супраць Бога.
Раўнабокі крыж з загнутымі (заламанымі) пад прамым вуглом улева канцамі быў распаўсюджаны ў старажытнаіндускай і кельцкай культурах, сімвалізаваў сонца і агонь. Сама ж назва “свастыка” перакладаецца з санскрыту як “прыносячая шчасце”. Некаторыя лічаць, што гэты тэрмін быў сінонімам слова “талісман”. Найстаражытнейшыя выявы свастыкі датуюцца палеалітам (каля 100 000 гадоў да н.э.). Розныя народы маюць свае назвы свастыкі: “gammadion” (грэч. склад чатырох літар “г”), “croix gammеe” (франц. “крыж гамма”), “hakenkreuz” (ням. “крукаты крыж”), “fylfot” (англ.), “сварыца”(славян.).
Свастыка, закручаная канцамі ўправа, нібы паўтарае рух Сонца і сімвалізуе салярныя (сонечныя) культы. Як сімвал язычніцкіх багоў, яна лічылася знакам плоднасці, шчасця. Свастыка, закручаная ўлева, з’яўляецца сімвалам начы, магіі, дрэннай багіні Калі (індуізм). Трэба сказаць, што свастыка належыць да тых сімвалаў, значэнне якіх моцна мянялася ў залежнасці ад часу і культуры.
Найстаражытнейшыя індыйскія свастыкі датуюцца 3,5 – 2, 5 тыс. гадоў да н.э. Яны па сённяшні дзень аздабляюць індуісцкія сакральныя кнігі. Пасля ўзнікнення буддызму свастыку сталі называць таксама “слядамі Будды”. Свастыка выкарыстоўвалася старажытнаамерыканскімі плямёнамі як салярны знак. Старажытнагабрэйскія сінагогі ў Афрыцы і Палесціне таксама мелі ў арнаментах свастыку. У старажытных славян гэты сімвал быў вядомы пад назвай “сварыца” (ад бога Сварога) або “калаварот” і быў звязаны з салярнымі культамі.
У германскіх плямёнаў сустракалася трохканечная свастыка (triskelion). Яе па сённяшні дзень можна сустрэць сярод арнаментаў, напрыклад, у Сіцыліі.
Аднак сучаснаму чалавеку свастыка найбольш асацыіруецца з гітлераўскім нацызмам. Лічыцца, што нацысцкая свастыка бярэ свой пачатак ад нямецкіх масонскіх арганізацый.
У 1914 г. гэты сімвал упершыню быў публічна выкарыстаны маладзёжнай арганізацыяй “Wandervogel” як знак нямецкага нацыяналізму. У 1918 г. паўстала нямецкая арганізацыя “Thule” (назва, звязаная з востравам, адкрытым у Паўночным моры ў 4 ст. да н.э., які Пталемей лічыў канцом свету). Гэта была баварская ложа старапрускіх масонаў Ордэна германцаў. Гэтай арганізацыяй кіраваў „baron Sebottendorf” (сапраўднае імя — Adam Glauer), нямецкі бізнесмен і вандроўнік, ганаровы грамадзянін Турцыі, магістр Ордэна розенкрэйцаў. Гэты чалавек, між іншым, фінансаваў распрацоўку нямецкай газавай зброі, якая была выкарыстана ў І Сусветнай вайне. Кіруемая ім арганізацыя выкарыстоўвала свастыку як свой адмысловы знак. У 1920 г. доктар Friedrich Krohn, член Туле, вядомы акультыст, прапанаваў свастыку Гітлеру як знак нацыянал-сацыялізму. Свастыка ў белым коле на чырвоным фоне сімвалізавала ідэю руху (чырвоны колер – грамадства, белы – нацыяналізм, свастыка – пераможная барацьба арыйцаў).
Цікава, што па праекту Крона свастыка была заламаная традыцыйна (ўлева), але Гітлер загадаў павярнуць яе канцы ўправа, што сімвалізавала пратэст, адваротнасць, духоўную пагібель і чорную магію. У 1946 г., пасля паражэння нацыстаў, свастыка была забаронена. Але па сённяшні дзень яна выкарыстоўваецца як сімвал расістаў і нацыстаў.
Трохвугольнік
Мнагазначны сімвал. У некаторым разуменні (абавязкова скіраваны ўверх) выкарыстоўваецца хрысціянамі як сімвал Найсвяцейшай Тройцы.
У іншых значэннях ён папулярны сярод масонаў і акультыстаў. Трохвугольнік, скіраваны ўверх (г.зв. “перадаючы трохвугольнік”), з’яўляецца сімвалам мужчынскасці, а скіраваны ўніз (т.зв. “прымаючы трохвугольнік”) – сімвал жаноцкасці. Пры злучэнні двух супрацьлеглых трохкутнікаў паўстае т.зв. “гексаграма” – новы і багаты ў значэнні сімвал (глядзі ніжэй рубрыку “гексаграма”). Для хрысціянаў трохвугольнік, скіраваны ўверх, прымальны як сімвал Найсвяцейшай Тройцы. Аднак непрымальныя: 1) трохкутнік, скіраваны ўніз, як знак пагарды да Найсвяцейшай Тройцы, адваротнасць, скіраванасць на пекла; 2) спалучэнне двух трохкутнікаў, скіраваных уверх і ўніз (язычніцкая гексаграма).
Гексаграма (шасціканечная зорка; пячатка Саламона; Зорка Давіда)
Адзін з найважнейшых сімвалаў акультызму, які шырока выкарыстоўваецца для выклікання дэманаў. Акультысты звяртаюць увагу на тое, што гэты знак складаецца з двух павернутых у адваротным напрамку трохкутнікаў. Такое спалучэнне трохвугольнікаў сімвалізуе ўзаемадзеянне супрацьлегласцей дзеля працягу жыцця. Гексаграма (як “пячатка Саламона”) выкарыстоўвалася габрэямі, але не мела ніякага акультнага значэння. Магічны ці акультны сэнс гэты сімвал набраў пад уздзеяннем секты Кабалы.
Для хрысціянаў гэты сімвал непажадана выкарыстоўваць, бо ён моцна звязаны з антыхрысціянскімі кабалістычнымі і акультнымі групоўкамі. Гексаграма не мае наўпрост антыхрысціянскага значэння, а ў пэўных сэнсах (напр., як Зорка Давіда) выкарыстоўваецца некаторымі вызнаўцамі Хрыста. У сувязі з ма-ніпуляцыямі гэтым знакам належыць быць асцярожнымі ў яго выкарыстанні.
кс.Андрэй РЫЛКА
(Заканчэнне ў наступным нумары)