Упершыню ў гэтым годзе, у ліпені святкаваўся Сусветны дзень дзядуляў, бабуль і пажылых людзей, абвешчаны Папам Францішкам. Святы Айцец заўважыў, што пажылыя людзі нярэдка застаюцца ў самоце, а грамадства забываецца пра каштоўнасць захавання гэтых жывых каранёў, якія могуць даць годныя парасткі. Пра гэта, пра адносіны пакаленняў – размова з душпастырам гродзенскай парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля на Дзевятоўцы а. Юзафам ГЭНЗА, CSsR
– Як лічыце, а. Юзаф, аб’яўлены Папам Францішкам Су-светны дзень дзядуляў, бабуль і пажылых людзей, які будзе штогод адзначацца ў 4-ю нядзелю ліпеня, з’явіўся як адказ на наступствы пандэміі, якая зачыніла пажылых у сваіх кватэрах, ці на канф-лікты пакаленняў, пра якія ўсё часцей нагадваюць сацыёлагі і якія ўсё часцей назіраем у жыцці?
– На мой погляд, увага да старасці, шанавання яе, а таксама да адносін паміж пакаленнямі мае такі ж узрост, як само чалавецтва. Бачым гэта на старонках Святога Пісання, да гэтага заўсёды звяртаецца Касцёл, даючы шанс маладым пазнаць мудрасць людзей старэйшага веку і ўзбагаціцца ёю, а старэйшым – будучы сведкамі веры, убачыць радасць адкрыцця Бога на тварах маладых, убачыць плён захавання іх у цнотах чыстасці і праўды, адчуць пераемнасць хрысціянскіх традыцый.
Асабіста мне ўстанаўленне дня дзядуляў, бабуль і пажылых людзей нагадала ліст св. Яна Паўла II “Маім братам і сёстрам – людзям пажылога веку”, дзе ён звярнуўся да асобаў старэйшых – як адзін з іх, – падкрэсліваючы выключную вартасць гэтага асаблівага перыяду жыцця чалавека.
Канечне, час пандэміі каронавірусу значна абвастрыў праблемы старасці і яе спадарожніцы – самотнасці. Магчыма, што сітуацыя з захворваннямі, а таксама ўзрастаючы ў нашыя часы культ маладосці, фізічнай спраўнасці, задавальнення як правіл жыцця, а таксама рост лічбы асобаў пажылых і смертнасць сярод іх і матывавалі Папу Францішка да ўстанаўлення свята дзядуляў, бабуль і пажылых лю-дзей, каб нахіліцца да старасці з паразуменнем і цеплынёй, надаць гэтай працы сістэмны характар. Не выключаю, што і ўзрост самога Пантыфіка меў значэнне.
– Касцёл на Гродзеншчыне мае свае адметныя рысы і традыцыі. Як святар з вялікім душпастырскім вопытам, ці можаце гаварыць аб пераемнасці пакаленняў, ці таксама заўважаеце такую сацыяльную з’яву як канфлікты паміж “отцами и детьми”? Калі заўважаеце, то чым яна абумоўлена, на Ваш погляд, сёння?
– Пачну з апошняга. Не хацеў бы выкарыстоўваць паняцце “канфлікты” – лепей “непаразуменні”. Яны былі, ёсць і, хіба, будуць. Яны нават не заўсёды залежаць ад самога чалавека, але, апынуўшыся ў стане іх, ён павінен спраўляцца з імі, умець растлумачыць, перш за ўсё самому сабе, іх прыроду і знайсці іх уладкаванне. Безумоўна, той лад жыцця, якім жылі старэйшыя людзі, не заўсёды зразумелы сённяшнім маладым і наадварот. І справа тут не ва ўзросце, а ў каштоўнасцях, якімі даражылі старэйшыя, і якім надаюць сэнс маладыя сёння, і ва ўмовах і магчымасцях, якія мелі старэйшыя і маюць маладыя. У выніку бакі не разумеюць або неда-ацэньваюць адзін другога. Акрамя гэтага, існуе яшчэ і праблема псіхалагічнага характару, незалежна ні ад якіх іншых умоваў: з пэўнага моманту дзеці пачынаюць лічыць сябе дарослымі, а для бацькоў яны працягваюць заставацца дзецьмі; бацькі па-ранейшаму павучаюць, а дзеці – ужо адкідаюць іх навуку. Маёй маме 96 гадоў, жыве у сям’і малодшага сына, і непаразуменні таксама ўзнікаюць. Прэтэнзія ў яе да сына і сыновай – чаму яны так неразумна трацяць грошы? Мы стараліся пераканаць: мама, яны даўно дарослыя, лічаць па-свойму, маюць свае мэты, урэшце, няхай вучацца на сваіх памылках! Мама застаецца пры сваіх меркаваннях.
Са шматлікіх размоваў з парафіянамі падчас споведзі прыйшоў да высновы: усе гэтыя непаразуменні ўзнікаюць таму, што людзі пра сур’ёзныя рэчы – спакойна, з зацікаўленасцю і павагаю да суразмоўцы – між сабою не размаўляюць! Не вядуць дыялогі, не чуюць іншы бок, не слухаюць яго довады. А ўжо каб падзякаваць блізкаму чалавеку за тое ці іншае – гэта, на жаль, для іх яшчэ складаней. На рэкалекцыях Дамашняга Касцёла мы абавязкова разважаем над гэтымі тэмамі, бо гэта акурат тое, што патрэбна выпраўляць.
Безумоўна, ёсць многа сямей, дзе з радасцю сустракаюцца тры-чатыры пакаленні, каб у ня-дзельку разам пайсці да касцёла, разам праводзяць святы. Сем’і, дзе старэйшыя клапатліва гадуюць малодшых – свае маладыя парасткі, а малодшыя ўважліва апякуюцца сваімі каранямі, – бачныя, заўважныя, бо самая галоўная для іх каштоўнасць – жыццё ў лучнасці з Богам.
Схіляюся палічыць добрымі парафіяльнымі традыцыямі пакаленняў пешыя пілігрымкі сямей ў Санктуарый Маці Божай Чанстахоўскай у Капцёўку на пачатку навучальнага года, на Дзень маці, на Дзень бацькі. З пэўнасцю магу сказаць, што паяднанню пакаленняў служыць спецыяльна распрацаваны Ружанец і інсцэніраваны Крыжовы шлях, які праводзяць сем’і ў парафіі на Дзевятоўцы. Падобна ўзрушаюць сэрцы вернікаў і ўрачыстасці ў гонар св. Станіслава Косткі, “Андрэйкі”, карнавал, маючы характар сямейных мерапрыемстваў.
– Евангельскія словы “Я з вамі ва ўсе дні” (Мц 28,20) сведчаць аб блізкасці Хрыста і Касцёла да кожнага пажылога чалавека. Айцец Юзаф, што, на Ваш погляд, можа зрабіць у сённяшніх умовах касцёльная супольнасць, каб пажылыя не за-ставаліся самотнымі?
– Думаю, што кропкаю адліку тут павінна быць глыбокая вера супольнасці, кожнага верніка ў прысутнасць Езуса сярод нас і радасць ад гэтага факту. Кожны павінен адчуваць: Езус – мая Любоў, Ён ставіць знак роўнасці паміж Сабою і бліжнім, асабліва з Церпячым. Гэта Ён церпіць, гэта Ён самотны.
Кожны павінен адчуваць: я любімы і люблю. Шукаю Езуса, а Ён з‘яднаны з кожным чалавекам і што раблю я іншаму чалавеку, тое раблю Яму, знаходжу Яго ў бліжнім. Менавіта з такой паставай хіба пераадолеем свой эгаізм, слепату і па аднаму, ці разам з супольнасцю дасягнём састарэлых, якія перастануць быць для нас цяжарам, а стануць благаслаўленнем. Думаю, што дайсці да такіх асобаў мы павінны праз дзяцей, моладзь, валанцёраў, членаў Жывога Ружанца, шматлікія касцёльныя рухі.
У маёй роднай парафіі ў Польшчы ёсць і такая паслуга як szafary nadzwyczajny (з ліку свецкіх), які ў кожную нядзелю і свята прыносіць маёй старэнькай маме св. Камунію, што дастаўляе ёй вялікую радасць, узмацняе, ангажуе астатніх членаў сям’і, уключаючы 2-гадовага праўнука, які пры гэтым спантанна кленчыць і хрысціцца. Распаўсюдзілася і такая форма арганізацыі пажылых, як групы па месцы жыхарства (у адным доме, на адной вуліцы), каб не зачыняліся ў 4-х сценах, а выходзілі на сумесныя малітвы і духоўныя разважанні.
Безумоўна, многае залежыць у гэтай справе ад пробашча. Добра было б, на маю думку, праводзіць спатканні для старэйшых, таксама катэхезы для іх, спатканні з псіхолагамі і “вучыць” адносінам з дарослымі дзецьмі і ўнукамі.
– Пажылыя маюць евангелізацыйную місію – абвяшчаць, маліцца і прыводзіць моладзь да веры. Як гэтая місія рэалізуецца ў Касцёле? Як наогул выкарыстоўваецца багацце жыццёвага вопыту старэйшых у працэсах выхавання дзяцей і моладзі?
– Евангелізаваць пажылыя могуць, на маю думку, адзіным спосабам – быць сведкаю веры, евангелізаваць праз тое, кім ты ёсць сам. І нічога не трэба рабіць спецыяльнага, каб быць сведкаю “тут” і “зараз”, а разумеючы, што маё жыццё ў кожную хвіліну нешта азначае, ёсць знакам, які можа “падняць” чалавека і можа яго “апусціць”. Той самы 2-гадовы Аляксандр евангелізуецца праз тое, што адбываецца ў доме яго прабабкі.
…Памятаю я і сваю бабулю, пілігрымкі з ёю ў санктуарыі Маці Божай. Памятаю таксама моцна снежны сакавіцкі дзень, калі яшчэ зацемна выходзілі разам з мамаю і ішлі за чатыры кіламетры ў касцёл на св. Імшу ў гонар яе і майго апекуна – св. Юзафа – і я наравіў патрафляць след у след за мамінымі нагамі…
Было нас у сям’і дзевяцёра братоў і сясцёр. Гэта былі цяжкія часы, штодзённасць вымагала лічыцца з імі, думаць пра іх, разам выконваць працу. Не памятаю выпадку, каб тата ці мама не былі на св. Імшы. З намі ма-ліліся, апавядалі пра Бога, пра народных герояў, пра святых. Вечарамі па чарзе чыталі для нас “Ouo vadis” Генрыха Сенкевіча. Словам, знайходзілі для нас час.
Калі мы выраслі і пайшлі ў свет, то пры кожным выпадку “заляталі” дамоў і былі ад тых спантанных сустрэч узаемна шчаслівымі. Пазней нашыя бацькі сталі моцна паважанымі для сваіх унукаў, пасля і праўнукаў, а іх ні многа ні мала – 21 унук і праўнукаў – 32. Аляксандр, пра якога ўспамінаў тут не раз, бярэ ў рукі ружанец і гаворыць сваёй прабабцы: “Молімся!”. Пагэтаму зноў і зноў успамінаюцца мне словы кракаўскага Мітрапаліта кс. Караля Вайтылы, сказаныя ім на сустрэчы у папскай тэалагічнай акадэміі ў Кракаве: “Адразу займіцеся сем’ямі!”. Менавіта ў сем’ях крыніца веры.
– Паважаны ойча, і ўсё ж пра старасць, нягледзячы на звязаныя з ёю праблемы, хацелася б гаварыць як пра вялікі дар Божы. Ці можна падрыхтавацца да гэтага “залатога веку” жыцця? Якім чынам?
– Сумненняў многа, але перакананы (а трохі веку ўжо маю), што старасці патрэбна вучыцца на працягу жыцця. Яшчэ быў малады, у навіцыяце, калі ўважліва прачытаў кнігу “Прыгатаванне да смерці” заснавальніка нашай кангрэгацыі св. Альфонса Марыя дэ Лігуоры і зрабіў для сябе вывад, які датычыцца старасці, людзей пажылога веку: “Калі цябе нешта ў іх раздражняе – запішы гэта ў сваёй падсвядомасці, каб не паступаў так, калі сам састарэеш!”. І калі справядлівы выраз, што “чым нацягнецца шкарлупка ў маладосці, тым запахне ў старасці”, то значыць кожнае нашае пражыванне тут і зараз падрыхтоўвае нас да старасці. Не будзем забываць, што старэем, назапасіўшы або добрыя рысы, або дзівацтвы. Не будзьма дзівакамі! Узрастайма ва ўсялякіх цнотах!
– Дазвольце пытанне: а ці асабіста Вы падрыхтаваныя да старасці? Як лічыце?
– У некаторай ступені. Чаму “у некаторай”? Таму што старасць мусіць мець свядомую пакору, а я з ліку тых людзей, якія не любяць прасіць, хіба толькі ў выключных выпадках, калі ясна разумею, што сам гэтага не здолею ніколі. І ніколі не адмаўляюся ад дапамогі, калі яна прыходзіць сама… Але павінен прызнацца, што ўсё часцей напамінаю сабе: “Твой цягнік адыйшоў…”. І ўсё часцей задаю сабе пытанне: “А што будзе, калі старасць зусім прыцісне?”. Тэарэтычна ўяўляю, але – толькі тэарэтычна. Практычны адказ адзіна ў Пана Бога. Гэта Ён ведае, як пакіраваць маім “залатым векам”. Аднак вернемся да постаці св. Яна Паўла II. У апошнія гады яго Пантыфікату, ужо пасля замаху, калі здароўе моцна пашатнулася, з розных бакоў пачалі раздавацца галасы, маўляў, навошта губляць апошнія сілы, так доўга стоячы “у руля” Касцёла; можа для яго лепей было б пакінуць свой пост на Сталіцы Апостальскай, няхай бы прыйшоў маладзейшы, дужэйшы… А пасля таго, як адыйшоў Караль Вайтыла да Дому Айца Нябеснага, стала ўсім зразумела, якая эпахальная постаць гэта была, якім моцным сведчаннем веры і даверу Провіду Божаму былі яго апошнія гады і якую вялікую каштоўнасць набылі яны ў вачах католікаў свету.
– Шчыра дзякуем, шаноўны айцец Юзаф, за цікавую размову і за тое, што знайшлі на гэта час.
Раіса СУШКО.
Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD
г. Гродна