“Адкуль у Вас вера?”, – агучваю стэрэатыпнае пытанне, хоць і разумею, што не кожны зможа на яго адказаць. Насамрэч, нехта прыйшоў да Бога пасля цяжкіх блуканняў і пакутаў, нехта не заўважыў, дзе і як Бог пачаў дзейнічаць у ягоным жыцці, і засведчыў аб гэтым ужо па часе, а нехта быццам нарадзіўся з глыбокім пачуццём Бога ў самым сабе… Падобна, як мой суразмоўца фатограф (па адукацыі журналіст) Віктар Ведзень, аўтар фотавыставы “Рараты”, якая адкрылася ў касцёле святых Сымона і Алены ў Мінску і будзе дзейнічаць да свята Божага Нараджэння. Віктар не першы раз паказвае жыццё Каталіцкага Касцёла. Гэта яго цікавіць, надае яму сілы. Імкнуся зразумець, як гэта ў яго “працуе”, і ўважліва слухаю маналог свайго маладога калегі…
Рараты
– Была пятніца. Прачнуўшыся на досвітку, адчуў жаданне быць на ранішняй Імшы. Ведаў, што ў гэты час звычайна адбываюцца раратнія набажэнствы, таму была з сабой свечка і фотаапарат. Заходжу ў храм – святло выключана і толькі бачны маленькія агеньчыкі ад лампадак і ліхтарыкаў, з якімі стаяць людзі. Адчуванне, нібы зоркі, што свецяць у цемры. У гэтай прасторы распачынаецца спеў са словамі: “Дайце, нябёсы, росаў з вышыні…”. Момант гэтай таямнічай атмасферы звычайна нядоўгі, на тое, каб зрабіць выразныя здымкі, ёсць 5-7 хвілін, далей святло часткова ўключаецца, і здымкі ўжо іншыя… Не магу адарваць позірк ад твараў людзей, якія бяруць удзел у гэтых Імшах.Адчуваецца, што яны сапраўды чакаюць прыйсця Збаўцы і сваімі малітвамі набліжаюць Божае Нараджэнне, а святло, што ў руках, і свет ад твараў і вачэй асвячае Яму шлях.Хацелася перадаць вобразы вернікаў ў атмасферы сапраўднай надзеі. Час Адвэнту – для мяне незвычайны перыяд. Не толькі назіраеш за людзьмі як фатограф, але і сам адчуваеш радаснае чаканне, настройваеш сябе на плённую ўнутраную падрыхтоўку да свята.
Пра твары, эмоцыі і карцінкі
– Сярод членаў Беларускага грамадскага аб’яднання фатографаў, у якое ўваходжу, таксама сярод членаў народнага фота-клуба “Мінск” я больш вядомы як чалавек, які спецыялізіруецца на хрысціянскай фатаграфіі. Нават у сумесных (свецкіх) выставах імкнуся прадстаўляць жыццё Касцёла ў розных тэмах і розных жанрах, лічу, што гэта вельмі важна – паказваць шлях чалавека да яго Створцы. Як журналіст, таксама пішу тэксты да фотарэпартажаў, духоўныя разважанні, супрацоўнічаю з рознымі выданнямі, але пераважнасць аддаю фотаздымкам. Займаюся гэтым доўгі час, па-першае, таму што сам католік, па-другое, як фатограф не магу не зрабіць здымак моманту, які мяне ўразіў… Лаўлю імгненні, імкнуся заўважыць незвычайнае ў звычайным і, калі нешта кранула, “зачапіла” мяне, – націскаю затвор фотаапарата. Заўсёды напагатове здымаць. Але бывае па-рознаму. Напрыклад, падрыхтаваўся да з’ёмкі, ведаю, як будуць развівацца падзеі, выбіраю прыдатнае месца, а там, ужо ў працэсе, адчуваю, што нешта адбываецца не так. Знешнія ўмовы спрыяльныя, каб зрабіць цікавыя кадры, а ўнутраны стан не адпавядае. Пасля, калі ўжо праглядаю кадры, бачу: карцінка ў цэлым быццам нядрэнная, а нечага ў ёй не хапае: ці святло не так лажыцца, ці запозна націснуў на кнопку апарата, ці зарана, ці трэба было здымаць з іншага ракурсу… Часам бывае наадварот. Іду на су-стрэчу і для сябе вырашаю: па-прысутнічаю, але здымаць буду ў іншы раз. А там такія кадры паўстаюць, што не можаш ад іх абстрагіравацца, на цябе самога быццам Святы Дух сыходзіць… Стаіш на адным месцы, назіраеш за тварамі людзей, за іх эмоцыямі і праз нейкія асобныя дэталі можаш цалкам перадаць атмасферу, якая пануе навокал… Гэта вельмі вялікая асалода…
Стомленасць, якая надае сілы
– Але пералічаныя акалічнасці ніяк не ўплываюць на якасць здымкаў, бо ёсць значна больш важныя рэчы: мая праца – бы мой асабісты твар, я пад гэтым падпісваюся. І даўно заўважыў: фотаздымкі заўсёды больш цікавыя і незвычайныя, калі не надта іх чакаў, але быў на іх прыгатаваны. Маю на ўвазе свой унутраны псіхалагічны стан, спакой, які дазваляе заўважыць моцна кранальныя дробязі.Тады літаральна патанаеш у тэме, у сюжэце. Заўважыў за сабою таксама, што падчас такой здымкі не ўспрымаю інфармацыю на слых – толькі ў карцінках. Працэс проста паглынае… Прысутнічаю на святой Імшы, “щёлкаю затвором” і не чую, што адбываецца вакол мяне, прычым да такой ступені, што, бывае, вымушаны прыйсці на святую Імшу яшчэ раз…
У дні, калі здымаю многа, калі ўжо “глаз замылился”, адчуваю эмацыянальную стомленасць, яна перарастае ў фізічную, але задавальненне, якое пры гэтым атрымліваю, непараўнальна большае – адчуваю сябе сродкам, прыладай у руках Бога. І кожны раз, калі збіраюся здымаць адказныя падзеі, прашу, каб Дух Святы адкрыў мой позірк, каб я мог убачыць гэтыя твары, гэтыя вобразы і данесці да будучага гледача духоўную атмасферу, сведкай якой з’яўляюся сам. Разумею, што, выкарыстоўваючы мяне і маю працу, Бог нешта гаворыць іншым людзям.
–…Мая малая радзіма – невялічкі хутар Руднішкі – захавалася недзе на памежжы Астравецкага, Мядзельскага і Смаргонскага раёнаў. Там нарадзіўся, там вырас, адтуль паходзіць мой род па матчынай лініі. Там жыў мой прадзед – Баляслаў Францавіч Сымановіч, знакаміты на ўсю акругу разьбяр па дрэву. Выконваў замовы на розную мэблю, і людзі яго моцна паважалі. Але вядомы ён быў яшчэ тым, што ў многіх каталіцкіх храмах у гэтых мясцовасцях па сённяшні дзень захавалася абсталяванне касцёлаў – праца рук майго прадзеда. У сярэдзіне 20 – 30-х гадоў мінулага стагоддзя ён актыўна ўдзельнічаў у рэстаўрацыі і аднаўленні інтэр’ераў каталіцкіх святыняў. У першую чаргу хачу назваць касцёл святога Мікалая біскупа ў Свіры, у якім знаходзяцца дзве фігуры Маці Божай. Адна – унутры каля бочнага алтара, памерам амаль у чалавечы рост, другая – пры ўваходзе ў храм. Заўсёды, прыязджаючы ў сваю родную парафію, іду ў касцёл, імкнуся застацца на тым баку, дзе ўстаноўлена сакральная фігура. Углядаючыся ў Маці Божую, уяўляю сабе, з якім замілаваннем і пашанай углядаўся ў Яе твар мой прадзед, шчыруючы над кожнай рысачкай дарагога аблічча. У касцёле Найсвяцейшай Тройцы ў Засвіры – галоўны алтар, амбон, старыя лавы, зробленыя маім прадзедам, у касцёле Маці Божай Добрай Рады ў Нястанішках – два бакавыя алтары: справа – святога Ізідора, злева – святога Роха. Лічу, усё, што ён рабіў, што засталося пасля яго, – гэта памяць і матэрыялізаваная падзяка Божай Маці за тое, што вяла род Сымановічаў па жыцці.
Падзякаю Маці Божай можна назваць і каплічку, якую збудаваў мой прадзед на нашым хутары. Не адзін, канешне, дапамагалі іншыя з нашага разгалінаванага роду, якія калісьці тут “гняздзіліся”. Але час, як вядома, змяніў людское жыццё, моладзь выехала ў гарады, і сёння толькі ў трох хатах над камінамі бачны дымок… Але калі хто прылятае ў родныя мясціны – адразу да каплічкі. Я і сам перш за ўсё спяшаюся да яе, каб выказаць падзяку Богу за ўсіх, хто тут жыў і працаваў, хто тут нарадзіўся, жыве зараз і будзе жыць надалей. Прашу благаслаўлення і апекі Божай Маці для сябе і свае сям’і.
…І нават падаць будзеш – не разаб’ешся!
– Да Божай Маці выказваю таксама просьбу, каб дапамагала мне як фатографу – заўсёды ўбачыць, як хрысціяніну – распазнаць і асабліва прыняць і выканаць Божую волю, таму што ў нашай галаве заўсёды нейкі свой “сцэнарый” развіцця падзей. А праходзіць час – пачынаеш разумець, што ёсць рэчы, якія спланаваць нельга, але яны адбываюцца, а ты нават падумаць не мог, што можа адбыцца іначай, што могуць вырашыцца складаныя пытанні або так павернуцца абставіны, што ад гэтага стане для цябе яшчэ лепей, чым ты планаваў бы сам. І яшчэ: калі ў чалавека адбываюцца адхіленні ад “сцэнарыя”, які ён сам сабе абазначыў, то гэта насамрэч ня-дрэнна, а натуральна і добра. Тады самы час задаць сабе пытанне, але не – “За што мне ўсё гэта?”, а – “Для чаго мне гэта?”. І рэагаваць на такія “адхіленні” трэба не негатыўна, а хоць бы нейтральна, каб пасля паціху паназіраць, як напаўняецца нашае жыццё, як становіцца ўсё на свае месцы, і прыйдзе перакананне, што ў нашым жыцці ёсць сіла, значна большая, значна мацнейшая і дасканалейшая, якая ведае нас лепей за нас самых.
Калі быў студэнтам, адчуў на сабе, што ад душэўнага стану залежыць многае. Таксама і ад успрыймання людзей, падзей, ад таго, як чалавек настроіць сябе напачатку, бо насамрэч усё мае значэнне – і пра што думаеш, і як думаеш, і якія фантазіі будуеш ў галаве. Але, калі жыццё тваё з Богам, калі ёсць да Яго поўны давер, калі можаш “адпусціць” рукі і не азірацца, то і калі падаць будзеш – не разаб’ешся. Бог падложыць пад цябе Свае рукі, а ты, напэўна, расцэніш гэта як цуд… Але каб былі мы больш уважлівымі, то пераканаліся б, што цуды адбываюцца кожны дзень, шкада, што мы не навучыліся за іх дзякаваць. А менавіта з іх – маленькіх цудаў-дробязей, як з пазлаў, складаецца нашае жыццё… Добра б навучыцца пераасэнсоўваць усё тое, што з намі адбываецца.
Пераасэнсаванне
– Першай для мяне ступенькай у вялікі свет фатаграфіі з’явілася мая асабістая фотавыстава у жанры пейзажу. Адбылося гэта ў першы дзень вясны 2010 года, калі я быў навучэнцам індустрыяльна-педагагічнага каледжа ў Мінску. Да гэтага многа здымаў мясціны, дзе вырас, нарачанскія краявіды, накапліваў здымкі, але ні ў чым падобным не браў удзел. І раптам – персанальная выстава, арганізаваная ў маёй навучальнай установе, дзе дагэтуль нічога падобнага не адбывалася! Ідэя належала маім выхавацелям, выкладчыкам, якія самі прапанавалі, дапамаглі рэалізаваць, зладзілі сапраўднае адкрыццё, суправадзіўшы яго невялікім канцэртам.
Атрымалася прыгожа, кранальна, і я не стамляўся дзякаваць Богу за тое, што паставіў на маім шляху людзей, якія ў маіх ранніх, можа недасканалых здымках распазналі маю здольнасць заўважаць тое, што застаецца незаўважаным іншымі. Дарэчы, па часе гэта супала з маім знаёмствам з народным фотаклубам “Мінск”, кіраўніком якога быў знакаміты фотакарэспандэнт, аўтарытэтны фотамайстра Яўген Казюля. Ён знайшоў час, прыехаў на выставу і прааналізаваў кожны мой здымак; даў настаўленне, пасля чаго я і сам пачаў пера-асэнсоўваць літаральна ўсё, што раблю, што адбываецца ў маім фатаграфічным жыцці. Без гэтага пераасэнсавання не будзе прафесійнага руху наперад.
Чаго зноў ідзеш?
– Падзеяй у маім асабістым жыцці лічу не толькі фотавыставу, з якой пачалі мы размову, але і апошнюю пілігрымку з копіямі каранаваных абразоў Маці Божай, што адбылася мінулым летам у рэспубліцы. Называю яе служэннем. Унутрана я быў гатовы да служэння ў такой вялікай справе – Богу, Божай Маці, святарам, людзям, а калі ксёндз-канонік Ўладыслаў Завальнюк прапанаваў канкрэтна, – прагучала прыемнай нечаканасцю. Аб’ехалі чатыры дыяцэзіі. Бывалі дні, што ў розных месцах было 2-3 святыя Імшы, здымаў, як першы раз, ня-гледзячы на тое, што некаторыя сюжэты паўтараліся. А як іначай? Новае месца, іншыя людзі, іншыя перажыванні. Было бачна, як чакалі яны гэтага моманту сустрэчы з копіямі абразоў Маці Божай, бо не ўсе ведалі, што на Беларусі ёсць столькі санктуарыяў. І не ўсе там былі і не ўсе бачылі гэтыя іконы. Да таго ж, у кожным месцы, дзе знаходзіцца каранаваны абраз Маці Божай, ёсць свая адметнасць, свая гісторыя з’яўлення яго і цуды, якія звязаны з прабываннем апякункі на пэўнай тэрыторыі. Дарэчы, пілігрымка працягваецца. За гэты час Марыйных абразоў з беларускіх санктуарыяў стала больш, зараз ужо 13, адбываецца іх перыгрынацыя, і парафіяне ў розных месцах чакаюць, калі іх наведае Насвяцейшая Маці.
Камусьці збоку можа падацца: маўляў, усё адно і тое ж, вузкая тэма… О. каб можна было ахапіць усё, чым жыве Касцёл!.. Жыцця не хопіць. Выставы, якія апошнім часам раблю (“Рараты”, “Крыжовы шлях” 2020 г., “Адчуванне Праўды” 2020 г.), імкнуся напаўняць больш мастацкімі вобразамі і бачу, што людзям гэта цікава. Так, напрыклад, выстава “Дарогі, якімі мы Бога шукаем” пабывала ў 12 касцёлах і адным з мінскіх кінатэатраў. І чым больш я ў гэтай тэме, тым болей адкрываю наогул хрысціянскі шлях. Часам хто-небудзь са знаёмых пытаецца: “Чаго зноў ідзеш на Будслаў? Ты ж там быў!”. Так, быў, але іду з іншымі людзьмі, з іншым настроем, з іншымі мэтамі і перажываннямі. Ніколі не стаўлю кропку, ведаю, што зноў буду збірацца ў пілігрымкі, каб новым зместам узбагачаць распачаты духоўна-даследчы праект.
Раіса СУШКО.
Здымкі Віктара ВЕДЗЕНЯ
(з фотавыставы «Рараты»)
і Карнэлія КОНСЭКА, SVD.