Пустэльнік

Відаць, у сэрцы кожнага  чалавека з дзяцінства захавалася казка. Хутчэй за ўсё,  мы  нават у яе верым;  верым  да той ступені, да якой яна ўсхвалявала, калі мы толькі пачыналі пазнаваць свет. Але часам  казка мяжуе з рэальнасцю і гэтую рэальнасць  сабою  напаўняе…

 

З братам Карнэліем едзем у Польшчу, у горы Судэты (мяжа з Чэшскай Рэспублікай), каб наведаць пустэльніка. У наш час? У век кампутараў, смартфонаў і размоваў па віберу?.. Уявіце сабе… Ды і жаданне такое  з сэрца не вырвеш – хочацца бачыць на свае вочы, чуць на свае вушы…
Павінна прызнацца, што мая доўгая журналісцкая практыка аднойчы  дарыла ўжо такое спатканне з пустэльнікамі. Было гэта гадоў  дваццаць назад, калі непадалёку ад  астановачнага пункта Іса, што ў напрамку чыгуначнага шляху Баранавічы – Слонім, пасяліліся ўдваіх – старэйшы і малодшы. Назваліся манахамі, якія прыбылі з Валаамскага манастыра. На беразе ціхай рачулкі  збудавалі сабе сякую-такую хатку, і да старэйшага прыехала кроўная сястра. Праз хуткі час малодшы іх пакінуў, людзі казалі, паехаў назад у Расію. Гадоў пяць назад я вярнулася да тае іхняй хаткі, але нікога не знайшла. Запытала ў грыбнікоў, ці хто ведае што-небудзь  пра “пасяленцаў” 90-х – у адказ усе паціснулі плячыма..

 

Шанс
І вось зноў… “Бярыце такі абутак, каб можна было паднімацца на гару без праблем”, – папярэдзіў брат. Не буду падрабязна апісваць шлях, які мы за два дні пераадолелі на аўтамабілі да гары Церняк, – быў ён прыемны: навокал прасціраліся дагледжаныя палі, пасвіліся каровы, козы і коні, і краіна наогул, з яе добраўпарадкаванымі дарогамі, развітым прыдарожным сервісам і бясконцай рэкламай, выглядала гасціннай і надзвычай яскравай. Дарэчы, папярэджанне наконт абутку не было дарэмным, бо ў дзень, калі  мы дамовіліся (праз ксяндза з Радохува) аб пажаданай сустрэчы, пайшоў моцны дождж. Прычым дождж пайшоў, калі наш аўтамабіль і маляўнічая вёсачка Радохув, дзе прыпаркаваліся, засталіся далёка за нашымі плячыма. Як кажуць, і наперад ісці, а гэта з кожным крокам усё вышэй угору, –  ужо не казка, і на дол вярнуцца – не выйсце! Пад нагамі нейкі чырвоны пясок, месцамі – гліна, таму моцна слізка. А не дай Божа ўпасці – апынішся далёка! Яшчэ гэтае паліванне зверху і парасоны, якія ўжо не ратуюць, а толькі займаюць рукі… Дойдзем ці не дойдзем да вострапікавага “стога” зеляніны, якім падаецца гара Церняк здалёк, знізу? Ці Бог дасць нам шанс глянуць на вёсачку Радохув зверху? І як там той пустэльнік у такі амаль што лівень?
З гэтымі думкамі дабраліся мы да ступенек, якія, гледзячы на іх знізу ўверх, упіраюцца ў невялічкі, як кажуць мясцовыя жыхары, касцёлік. Падымацца па ступеньках стала лягчэй, і позірк адразу  пачаў “лавіць” імёны, прозвішчы, год, мясцовасць, што на іх выпісаны.  На працягу стагоддзяў людзі прыязджаюць сюды, каб падзякаваць Богу і Найсвяцейшай Панне за атрыманыя ласкі.

 

Ступенькіf-str-25

Першая  ступенька (яе можна лічыць таксама апошняй), на якую ступіла наша нага, – ступенька ад Малгажаты Калета з Варшавы. Дзяўчына ці можа жанчына ахвяравала яе ў  2014  годзе – ёсць надпіс. А перад гэтым (у 2010 г.) ступенька  з’явілася, дзякуючы фундатару з Бельгіі – Дэр Ведуве Хансу. Падобным чынам абазначаны ўсе  астатнія. Богу вядома, якая гісторыя хаваецца за кожным надпісам, за кожнаю ахвяраю, – аб гэтым мы з вамі можам толькі здагадвацца…
А вось гісторыя, якая стала пачаткам заснавання капліцы і Кальварыі тут, на вышыні 595 м на ўзроўні мора, усё ж такі да нашых дзён дайшла. Антоні Вахсман, 27-гадовы солтыс Радохува, цяжка захварэў. Усе  вядомыя на той час спосабы лячэння былі вычарпаныя, але хвароба не адступала. Тады малады чалавек вырашыў найперш злажыць шлюбы f-str-25-2Маці  Божай і паабяцаў: калі выздаравее, пабудуе на самай верхняй кропцы ўзвышша капліцу ў гонар Найсвяцейшай Панны. Так і сталася. Антоні выздаравеў і адразу на дрэве гары Церняк павесіў абраз Маці Божай Дапамогі Верным, а пасля, ў 1849 г., пабудаваў драўляную капліцу. Два гады пазней на паўночна-усходнім схіле гары пабудаваў новую капліцу – мураваную. Навіна аб цудоўным аздараўленні хутка распаўсюдзілася па зямлі Клодзкай, і ланцужкі пілігрымаў і верных пацягнуліся на гару Церняк. Людзі пачалі фундацыю каменных сходаў, якія вялі да капліцы з боку вёскі Радохув, і пакідалі на іх надпісы сваіх прозвішчаў. Такім чынам выраслі 229 ступенек. Мы іх пералічылі нагамі.

 

«Proszê bardzo!»

На ўзвышшы нас чакала, як заўжды гэта бывае, неспадзянка, дзякаваць Богу, прыемная  –скончыўся дождж. Моцны вецер  імгненным парывам строс з дрэваў ваду, абдаўшы нас яшчэ раз, і выглянула сонейка. Буйныя кроплі вады, што ўсё ж затрымаліся недзе ў галінах дрэў, заблішчэлі каляровымі знічкамі вясёлкі. Якая дасканалая прыгажосць! Мы агледзелі кожную стацыю Кальварыі, памаліліся, прачыталі  імёны фундатараў і нясмела падыйшлі да “касцёліка” – замкнёны. А пасля заўважылі, што па тых самых ступеньках, па якіх толькі што караскаліся на ўзвышша гары мы, лёгка падымаецца мужчына – хударлявы, звычайна адзеты-абуты, валасамі  не заросшы.  Заўважыў нас, але адразу не падышоў – пайшоў адчыняць капліцу “ад кухні”, каб спытаць праз металічныя краты: хто такія і чаго прыйшлі. Мы растлумачылі, і ён адчыніў: “Proszê bardzo!”.
Пытанні – роем. Як можна жыць аднаму? У лесе? Без дапамогі, без парады, без  магчымасці хоць час ад часу перакінуцца словам? Без элементарых  умоваў жыцця, да якіх чалавек прызвычаіўся з дзяцінства? На  самой справе – не нарадзіўся ж ён мауглі?
– А я не адзін, – адказаў на ўсе адразу. – Я – з Богам!
– Вядома, мы ўсе з Богам; на зямлі, сярод людзей і – з Богам! Што так пакіравала жыццём, што пан вырашыў быць пустэльнікам?
– Толькі не пан, а брат, – паправіў ён. – Брат Элізэуш, што азначае “Бог дапамагае”.
І замаўчаў. Нам падалося адразу, што наш новы знаёмы не вельмі ахвочы да размоваў, моцна  стрыманы. Але на самой справе гэтая стрыманасць  –  для яго своеасаблівы  “парасон”: каб не пыталіся празмерна, каб не гаварылі пра непатрэбнае. “Прыязджала тут адна, дык толькі пытала, на чым я сплю і якое харчаванне… А хіба гэта галоўнае? Я не для таго сюды прыйшоў, каб толькі есці і спаць!”.
Мы моўчкі згадзіліся, быццам здагадаліся, што ён мае на ўвазе…  А тым часам зноў паліў дождж, з якім і сухая стрыманасць нашай размовы “размокла”.

 

За голасам сэрцаf-str-28

Так, ніхто не становіцца пустэльнікам  выпадкова, і ягонае рашэнне  выспявала многа гадоў. Нарадзіўся ў звычайнай сям’і, дзе было трое сыноў і адна дачка. Ён, брат Элізэуш,  быў другім сынам у сям’і.  Скончыў школу агароднікаў у горадзе Згожэлец і некалькі гадоў працаваў у цяплічнай гаспадарцы. Вырошчваў кветкі і агародніну. Акурат тады прыязджалі да польскіх агароднікаў іх  калегі з Галандыі, каб навучыцца вырошчваць агародніну без хіміі і пад музыку. “Не здзіўляйцеся, –  гаварыў брат Элізэуш, – расліны моцна любяць музыку, але спакойную, павольную, найлепей класічную, напрыклад, Бетховена.  Могуць “слухаць”  24 гадзіны ў суткі і добра растуць. Але не любяць “металу”. Я таксама не люблю “металу”, наогул люблю маўчаць, таму што маўчанне дабаўляе сілы і энергіі. І малюся. Чалавек без малітвы – мёртвы”.
f-str-28-2У брата Элізэуша малітва займае большую частку яго жыцця. У тры гадзіны ночы ён распачынае малітву на Брэвіарыі і га-дзіну моліцца. Пасля – медытацыя і дзве гадзіны сну. У сем гадзін раніцы  – святая Імша “на доле”, гэта значыць, у касцёле г. Лондэк Здруй. Спуск з гары і дарога да Лондэка займаюць каля гадзіны, і брат Элізэуш прысвячае гэты час малітве на Ружанцы. Пасля св. Імшы – зноў дарога ўгору: “Найлепшы час. Успамінаю памерлых, малюся за іх, і мне добра. Прыйшоўшы, кладуся спаць на дзве гадзіны”.
– Усяго? – не вытрымліваем мы, падобныя да той самай, “катора тут была і пытала…”
– Больш  як дзве гадзіны не сплю. Бог Сам пільнуе, каб я моцна не аслаб, і часам кажа: адпачні троху! Тады яшчэ кладуся. Але сон не павінен займаць часу малітвы і часу  кантэмпляцыі. З чаго складаецца малітва – Брэвіарый, Святое Пісанне, да таго яшчэ сваё сэрца, яго таксама патрэбна слухаць. За голасам сэрца я сюды і трапіў. Мне было ўжо каля трыццаці, калі вырашыў ісці да Закону. Некалькі гадоў правёў у супольнасці  братоў-альбертынаў у Закопанэ, Кракаве, Пшэмыслю, прымаў часовыя шлюбы. Быў таксама ў Вамбежыцах, але весь час лічыў, што будаваць у душы Санктуарый найлепей, калі чалавек жыве як пустэльнік, вядзе самотнае жыццё. Шукаў месца, дзе магу гэта рэалізаваць. Мне падказалі, што на гары Церняк акурат такое месца, дзе да другой сусветнай вайны жылі пустэльнікі. Праўда, пасля вайны, акрамя руінаў, нічога тут не засталося, але капліцу добрыя людзі дапамаглі адрэстаўрыраваць. А я прыйшоў чатырнаццаць гадоў назад. Прыйшоў, паглядзеў і застаўся; біскуп Свідніцкай дыяцэзіі благаславіў. За два гады я  выкаваў у скале гары такое быццам  паглыбленне, у якім збудаваў невялікі домік. Не сам – людзі дапамаглі. Але і жыццё я выбраў самотнае не толькі для сябе. Зараз апякуюся капліцаю, прыбіраю тэрыторыю, снег нападае – ачышчаю ўсе ходнікі, скамейкі, каб людзі маглі падняцца ўгору, затрымацца ля кожнай стацыі Кальварыі. Штодня ў капліцы б’ю ў звон, гэта значыць, падаю голас Богу і сваім субратам, што брат Элізэуш жывы і моліцца – за леснікоў, што дапамаглі збудаваць домік, за памерлых, за святароў і братоў законных, за святых айцоў Касцёла, за ненароджаных дзяцей і пакутуючых з-за хваробы людзей, за новыя пакліканні, за моладзь, каб па-знала Бога. Вяду дзённік.

 

Заставайцеся з Богам!f-str-29

Пілігрымы і вернікі, што прыходзяць сюды падчас адпустаў – 24 мая і 15 жніўня, або падчас летняга адпачынку, пакідаюць інтэнцыі, у капліцы ёсць Кніга інтэнцый да Маці Божай Дапамогі Верным – і пустэльнік   моліцца за ўсіх.
Брат Элізэуш расказваў нам пра сваё дасведчанне, пра перакананне, што  чалавеку карысныя дзве рэчы – маўчанне і пакора. “Апосталы казалі, – пад-крэсліў ён, – што Езус маліўся ўсё жыццё, а яны гэтага не зразумелі, а пасля самі прасілі: навучы нас маліцца! А малітва выплывае з сэрца. Для гэтага патрэбна многа маўчання і многа разважання… І пабудова Санктуарыя ў душы чалавека стане магчымай, калі ён будзе  пераадольваць свае людскія патрэбы, жыць у цярпенні, маліцца, разважаць над словамі Святога Пісання. Каб людзі зразумелі і асэнсавалі, што Бог ёсць у кожным з нас, – давалі б адзін другому паклоны… ”.
– Браце Элізэуш, а чаго просіш і чакаеш ад Бога для сябе?
– Прагну Большага кантакту з Богам, таму жыву ў адзіноце і самотна. Амаль што  ва ўмовах дзікай прыроды…
І тут мы звяртаем ўвагу на дровы, складзеныя недалёка каля хаткі, сякі-такі посуд і пластыкавыя бутэлькі. Брат Элізэуш “перахапіў” наш  позірк і растлумачыў: дровы – бо ёсць печка; бутэлькі – каб набраць вады з крыніцы. Спрабаваў пасадзіць бульбу – не расце. Збірае лекавыя расліны, ягады і грыбы. Сушыць і сяк-так іх выкарыстоўвае. Вечарам з’ядае лустачку ці скарынку хлеба, часам людзі што-небудзь дадуць. “А найчасцей – пост.  У панядзелак, сераду і пятніцу, – удакладніў ён, – на хлебе і вадзе”.
– Весь час так строга?
– Ну, так. Я выбраў для сябе духоўнасць святога прарока Іліі. Ілія таксама жыў  на пустыннай гары,  у адзіноце, малітве і ўтрымліваў пост. У канцы жыцця жывым быў узяты на неба… А вы думаеце, чалавеку патрэбна так многа есці – аж тры разы на дзень? Памыляецеся! Гэта маліцца трэба тры разы на дзень. Я малюся болей. І прашу Бога аб адпушчэнні грахоў усім людзям, якія саграшылі.
…Мы спускаліся з гары, дзе толькі што развіталіся з братам Элізэушам, яшчэ не даючы тлумачэння ўсяму, што толькі што ўбачылі і адчулі. Патрэбен час, каб гэта асэнсаваць.

 

Раіса СУШКО.
Фота Карнэлія КОНСЭКА.


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий