Ці можаш, шаноўны чытач, весці аскетычнае жыццё, адмовіўшыся ад пэўных матэрыяльных і іншых выгодаў быту, а таксама розных жыццёвых уцех? А калі можаш, то як доўга? Галоўнае – чаму прысвячаеш сваё рашэнне вызначыць сабе такі строгі ўклад жыцця? Адказаць на гэтыя пытанні, відаць, падштурхоўвае нас перыяд Вялікага Посту, таму мы звярнуліся да брата Яраслава Крыловіча, OFMСap, з просьбай адказаць на шэраг пытанняў, звязаных з пастом наогул.
– Шаноўны брат, большасць людзей лічаць сябе, напэўна, да-сведчанымі ў вызначанай тэме, але, думаю, не будзе лішнім, калі ўсё ж удакладнім некаторыя моманты і пачнем ад пачатку: што такое пост, што пра яго вядома з гісторыі Касцёла?
– Пост – аскетычная практыка, калі чалавек абмяжоўвае сябе ў ежы, якая можа быць дапоўнена іншымі самаабмежаваннямі. У хрысціянскай традыцыі гэта яшчэ і літургічны перыяд, у які такая практыка для веруючых пажадана. Як з’ява пост існаваў ва ўсіх рэлігіях свету, пачынаючы з першабытных, аднак у большасці нехрысціянскіх ён і да сёння захаваўся як нешта магічнае, што ставіла сваёю мэтаю “назапасіць” нейкія звышнатуральныя сілы, а пасля выкарыстаць іх. Хрысціянская гісторыя посту вырастае са Старога Запавету, інакш кажучы, практыкі посту, якія ёсць у Старым Запавеце, – гэта і ёсць, галоўным чынам, карані хрысціянскага посту. Ад нехрысціянскіх яны адрозніваюцца тым, што ставяць перад сабою прынцыпова іншыя мэты. У Старым Запавеце пост з’яўляўся выразам пакоры перад Богам як асобнага чалавека, так і ўсяго выбранага народу, а выражаўся ў поўным устрыманні ад усялякай ежы і піцця, а таксама ад палавых зносін. Пост, напрыклад, вызначаўся перад тым, як іудзеі прыступалі да выканання складанай задачы, або каб вымаліць канец якому-небудзь бедству, вымаліць аздараўленне або прабачэнне за сваю віну, для выразу смутку і жалобы. Абавязковым днём посту ў іудаізме і сёння з’яўляецца Дзень Ачышчэння, калі Ізраэль прыносіць Богу ўміласціўленне за грахі свайго народу.
З часоў Езуса Хрыста захавалася многа прыкладаў ўласнай людской пабожнасці – напрыклад, прытрымліваліся посту вучні Яна Хрысціцеля; фарысеі, як расказвае прыпавесць пра фарысея і мытніка, пасцілі два разы на тыдзень, хоць прадпісання такога і не было. Аднак ужо у старазапаветныя часы паўстала праблема, што пост можа зрабіцца фармальным, стаць такім знешнім выкананнем прадпісанняў. Аб гэтым папярэджвалі прарокі, і сам Езус Хрыстус. Падкрэслівалася, што пост павінен быць напоўнены малітвамі і добрымі справамі.
– Які сэнс надавалі пасту першыя хрысціяне?
– На жаль, крыніцаў звестак з таго часу няшмат, хіба толькі асобныя творы, з якіх вядома, што напачатку было многа іудэяў-хрысціянаў. У I і II ст.ст. практыкавалі адна-двухдзённыя пасты перад хростам. Акрамя таго, пасцілі хрысціяне ў сераду і пятніцу; серада звязвалася з днём здрады Езуса Хрыста, пятніца – з днём Яго смерці на крыжы. З цягам часу практыка падрыхтоўкі катэхуменаў да прыняцця хросту некалькімі поснымі днямі распаўсюдзілася, а колькасць такіх посных дзён павялічылася да 40 (па вобразу посту Самога Езуса ў пустыні).У IV ст., калі хрысціянства распаўсюдзілася болей, у падрыхтоўцы катэхуменаў пачалі ўдзельнічаць цэлыя парафіі, і пост стаў масавай з’явай. Акрамя гэтага, пост стаў сродкам падрыхтоўкі да ўдзелу ў Эўхарыстыі.
– Брат Яраслаў, як выглядае змест посту, згодна з навукаю Касцёла, якія мэты павінны ставіць перад сабою вернікі? Застанавіцеся, калі ласка, на гэтым.
– Для хрысціяніна пост – гэта перш за ўсё перамога духоўнага над цялесным, перамога чалавека над сіламі зла, якія жывуць у ім самым, гэта сродак, які спрыяе пераменам у самым чалавеку – пераменам з горшага на лепшае. Пост для хрысціяніна – гэта сродак пакаяння, а пакаянны працэс павінен праходзіць на працягу ўсяго жыцця. І таму пост для хрысціяніна – ніколі не дзеля самога посту – а дзеля перамянення, менавіта такія мэты павінен ставіць перад сабою кожны вернік.
– Якія змены адбыліся ў традыцыі посту з цягам часу?
– Пост належыць да тых элементаў хрысціянскага жыцця, якія не з’яўляюцца дагматычнымі, таму могуць зменьвацца і быць рознымі. У гісторыі Касцёла можна прасачыць, як выразна акрэсліваліся, пачынаючы з IV ст., візантыйская і заходняя традыцыі посту. Гэта тлумачылася падзелам, які адбыўся. Рымскі імператар Канстанцін Вялікі перанёс сталіцу імперыі з Рыму ў Канстанцінопаль, даўшы пачатак будучай Візантыйскай імперыі. Паступова з’явіліся дзве дзяржавы, пазней – дзве культуры, дзве мовы, а яшчэ пазней – дзве канфесіі. Але Каталіцкі Касцёл, які заўсёды быў адзіным, падкрэсліваў і падкрэслівае, што ў гэтых дзвюх традыцыях посту бачыць не супярэчлівасць, а сведчанне багацця Касцёла, абедзве традыцыі дапаўняюць адна другую.
Усходняя, або візантыйская традыцыя “пайшла” за досведам манаскага посту. Манаская аскеза, у аснову якой лягла складаная і строгая градацыя прадуктаў харчавання па ступені іх каларыйнасці – мяса цеплакроўных жывёлаў, яйкі, масла слівачнае, сыр, малако, рыба (халоднакроўнае мяса), алей, прыгатаваная ежа без масла, ежа сырая – практычна даказала сваю мэтазгоднасць, бо ўздзейнічала на адкрытасць сэрца, на спосаб узмоцненай малітвы, каб дух перамяніў цела. У часы Сярэднявечча ў манаскай візантыйскай традыцыі сфарміраваліся многадзённыя пасты: Вялікі, 40-дзённы пост перад Вялікаднем, Пятроў пост, які пачынаецца пасля Пяцідзесятніцы і працягваецца да свята апосталаў Пятра і Паўла, Успенскі пост працягласцю два тыдні напярэдадні Ўрачыстасці Ўнебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і 40-дзённы – перад Святам Божага Нараджэння. Існавалі на працягу года і абавязковыя аднадзённыя пасты – серада і пятніца, а таксама Дзень Ўзвышэння Святога Крыжа, Дзень Адсячэння Галавы св. Яна Хрысціцеля. Гісторыя сведчыць таксама аб тым, што схемы посту паўставалі на аснове практыкі і вопыту манастыроў.
На Захадзе было інакш. Манастыры і там адыгрывалі сваю вялікую ролю, але была яшчэ і свядомасць, што Папа Рымскі, галоўны біскуп Рыма, вакол якога ядночыцца народ Божы, а значыць і манахі, і святары, і просты люд, можа нешта адмяніць або змяніць дзеля дасягнення аднолькавасці, адзінства ў імкненні да хрысціянскай дасканаласці. Пэўна ж, і на Захадзе існавалі Вялікі Пост, Пост перад Божым Нараджэннем, посная пятніца, субота. Але з цягам часу правілы посту паслабляліся, станавіліся больш мяккімі, а Папа Бэнэдыкт ХIV у 18 ст. дазволіў, з некаторымі агаворкамі, ужываць мяса нават у дні строгага посту. Мясцовым царкоўным уладам дазвалялася па свайму рашэнню змяняць дысцыпліну посту. Гэта адпавядала тэндэнцыі, якая намецілася яшчэ ў Сярэднявечча, – аслабіць рэгламент посту, не рабіць яго такім жорсткім. Як вынік – Адвэнт страціў значэнне посту і ператварыўся ў радаснае чаканне Нараджэння Збаўцы.
Кананічнае Права на Захадзе адрознівала два віды посту – устрыманне (калі абмяжоўваецца характар ежы) і пост (калі абмяжоўваецца колькасць прыемаў ежы і іх аб’ем). Гэты падзел захаваўся і ў сучасным Кодэксе Кананічнага Права. Да пакаянных дзён, або дзён пакуты, ККП адносіць усе пятніцы на працягу года і перыяд Вялікага Посту (кан 1250). А ўстрымлівацца ад мясных відаў ежы абавязвае ў кожную пятніцу, хіба што Канферэнцыя мясцовых біскупаў пастановіць інакш. Калі ж пятніца супадае з урачыстасцю – устрымання ад мяснога пакарму няма (кан 1251)). А вось у Папелец і Вялікую Пятніцу абавязвае адначасова і ўстрыманне, і пост. Гэта значыць, акрамя таго, што мяса не ўжываецца, колькасць прыёмаў ежы абмяжоўваецца: адзін раз дасыта або два разы – не дасыта (кан. 1251).
Адказваючы на пытанне аб зменах, хацеў бы падкрэсліць: традыцыя посту ў Касцёле на Беларусі – жывая, дзейсная, развіваецца. Імкнучыся прытрымлівацца посту і акрэсліваючы сабе незвычайныя абавязкі, людзі разважаюць над сутнасцю паста, з’яўляюцца новыя формы яго. Напрыклад, падчас агульнанацыянальнай пілігрымкі ў Будслаў, якая штогод адбываецца летам, ад Чырвонага касцёла ў апошнія гады пад кіраўніцтвам кс. Ўладыслава Завальнюка выходзіць альтэрнатыўная, пакутная пілігрымка – пілігрымы ідуць на хлебе і вадзе. Свой пакутны шлях вернікі прысвячаюць Езусу, імкнучыся з’яднацца з Ім у Яго перадсмяротнай пакуце, молячы аб атрыманні Божых ласкаў для сябе і сваіх блізкіх.
– Прадпісанні посту, аднак, маюць і свае выключэнні – для дзяцей, для пажылых…
–Так, устрымлівацца ад ужывання мяса абавязаны ўсе, хто мае 14 гадоў і старэйшы, а перажываць пост (у Папяльцовую сераду і Вялікую Пятніцу) – толькі паўналетнія людзі да 60-гадовага ўзросту (кан 1252). Такі важны момант: канферэнцыям каталіцкіх біскупаў прадастаўлена права самым вызначаць парадак перажывання посту ў сваіх рэгіёнах, а таксама замяняць яго іншымі формамі пакаяння, у асаблівасці – справамі міласэрнасці і пабожнасці (кан 1253). Дарэчы, у многіх заходніх краінах так і зрабілі.
– Першы дзень сакавіка ў гэтым годзе – Папелец, ён распачынае Вялікі Пост. Брат, ці можаце падзяліцца ўласным падыходам да гэтага перыяду? Якое месца займаюць Папелец і Вялікая Пятніца ў Вашым духоўным жыцці?
– Мне здаецца, што ў практыцы посту магчымыя два падыходы, з якіх, адпаведна, вынікаюць дзве карысці: першая – гэта ўзмацненне духоўнага стану, другая – выпрацоўка здольнасці быць ахвярным. Першы падыход практыкуецца спосабам простым (не скажу “лёгкім”) –устрыманнем ад некаторых відаў ежы, напрыклад, мяса і інш., што значна прытупляе цялесныя жаданні, яны перастаюць хваляваць, “узвінчваць” нервы, цела пачынае прыслухоўвацца да душы, чалавек становіцца больш адкрыты на ма-літву. Інакш кажучы, ты не даеш волю прыродным інстынктам, а жывеш розумам і сумленнем, кантралюючы свае дзеянні. Асабіста я практыкую як раз гэты першы падыход, каб, адышоўшы ад стала цялеснага, з радасцю пакаштаваць сытай ежы духоўнай. Другі падыход да посту – як да ахвяры. Ён датычыцца абмежавання сябе не толькі і не столькі ў ядзе, але ва ўсім, што ў прынцыпе дазволена і што ў звычайны перыяд мне асабліва прыемна. Напрыклад, нехта кожны дзень глядзеў серыял па тэлебачанню, або ўжываў штосьці прыемнае, а пасля адмовіўся, паставіў для сябе строгую ўмову… “Я адмаўляюся…“. Сам факт ах вяры таксама мае духоўнае вымярэнне, спрыяе навяртанню, прычым адбываецца так, што першы дзень посту дае добры штуршок усяму перыяду. Такі сэнс строгасці Папяльцовай серады і Вя-лікай Пятніцы. Папелец, першы дзень посту, я ахвярую і пражыву яго на хлебе і вадзе, або зусім не еўшы, як робяць многія вернікі. Гэты дзень я пражыву незвычайна, можна сказаць, “стрэсава”, але я іду на гэта, бо ведаю, ён дасць мне такі штуршок для наступнага перыяду, такую перспектыву на будучыню, што мая ахвяра стане крыніцаю яшчэ большай духоўнасці для мяне самога. Магчыма, гэта толькі мая суб’ектыўная ацэнка, але такі падыход я вынес з 10-гадовага вопыту жыцця ў капуцынскіх кляштарах у Польшчы.
– Многія вернікі памылкова лічаць, што, калі яны прытрымліваюцца посту, гэта пазбаўляе іх неабходнасці выканання ўсіх іншых абавязкаў хрыс-ціяніна…
– Пост – гэта толькі сродак, каб, менавіта, выконваць іншыя абавязкі хрысціяніна. Пра гэта выразна кажуць літургічныя чытанні адпаведнага перыяду і прыгадвае афіцыйнае навучанне Касцёла. Не думаю, што той, хто, напрыклад, чытае штогод пасланне Святога Айца на Вялікі Пост, будзе мець такія памылковыя меркаванні.
– Брат, а можа, не ўсе здольныя перажыць перыяд посту, паставіўшы перад сабою складаныя і суровыя задачы?
–Мне здаецца, што важна, каб чалавек сам перад сабою быў шчыры. Ці ў яго жыцці не здараецца, што ён не паабедае, бо працы зашмат? Або не паспіць, бо экзамен заўтра? Калі дзеля зямных спраў мы здольныя так часта сабе адмовіць у нечым значна большым, то чаму так складана дзеля спраў духоўных адмовіць так няшмат? Таму важным з’яўляецца падрыхтоўка да посту, разважанне над тым, дзеля чаго я буду пасціць канкрэтна, які ў гэтым сэнс. А сэнс можа быць не толькі духоўны, але і мець выразы матэрыяльныя. Напрыклад, тыя га-дзіны, якія хтосьці высвабадзіў ад прагляду тэлевізійнага шоу ці канцэрту заезжай “зоркі” эстрады, ён можа прысвяціць дапамозе патрабуючым, а тымі сродкамі, якія атрымаў у выніку адказу ад мяса, масла, каўбасаў, кандытарскіх вырабаў, цукерак і інш., можа дапамагчы бедным. Пост патрэбны, але добра, калі кожны сам для сябе зразумее, якую канкрэтную карысць, добрую ў вачах Божых, асабіста ён можа ад посту атрымаць.
–Шчырае дзякуй, брат Яраслаў, за такое змястоўнае тлумачэнне тэмы.
Размаўляла Раіса СУШКО.
Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD