Самотнасць

Str-12

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Так ёсць у нашым жыцці: многія справы, якія нас не закранаюць, здаюцца далёкімі і нецікавымі. Калі ж яны ўвойдуць у нашае штодзённае жыццё, пачынаем разумець, якімі сапраўды важнымі яны з’яўляюцца. Такая ж сітуацыя і з самотнасцю. Доўгі час я нават і не задумваўся над ёю. Нарадзіўся і вырас у шматдзетнай сям’ і, там  не было шансаў на самотнасць. Таксама і ў школе, і ў семінарыі самотнасці сярод вучняў і клерыкаў не адчувалася.

 

 

Першы раз з пачуццём самотнасці спаткаўся пасля заканчэння Гродзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі, калі паехаў на практыку ў парафію Струбніца. Неўзабаве пасля майго прыезду пробашч адбыў на вакацыі ў родныя мясціны, і я застаўся на пару тыдняў адзін у парафіяльным доме. І толькі тады да мяне дайшло, як нялёгка перажываць самотнасць.

 

Чым з’яўляецца самотнасць?

Гэта ўнутраны стан, у якім чалавек балюча адчувае адсутнасць іншых людзей. Самотны чалавек патрабуе іншых, каб з імі мець сувязь, знаёмства, сяброўства, любоў. Чалавек патрабуе перажываць здарэнні свайго жыцця ў аднясенні да другой асобы, ведаючы, што яна яго разумее, прымае. Таму самотнасць паяўляецца там, дзе няма добрага паразумення з Богам і чалавекам, бо вынікае з немагчымасці падзяліцца тым, што адчуваем. Самотныя ні з кім нічога не дзеляць – або не маюць з кім, або страцілі здольнасць скарыстаць магчымасці, якія час ад часу з’яўляюцца. Самотнасць умацоўвае ў чалавека перакананне, што ён не заслугоўвае на любоў.

Першым чалавекам, якога стварыў Бог, быў Адам. І першай праблемай, з якой яму прыйшлося змагацца, была самотнасць. Адам не знайшоў ва ўсім створаным свеце нікога, хто мог бы яму дапамагчы вызваліцца ад самотнасці. І толькі пасля стварэння Евы Адам быў задаволены. Ён знайшоў істоту падобную да сябе, і перад ім ад-крылася   магчымасць пераадолець самотнасць.f-str-13

Самотнасць бывае дакучлівай для ўсіх: маладых і старэйшых, простых і мудрацоў, бедных і багатых. Французскі філосаф Габрыэль Марсэль пісаў, што існуе на гэтым свеце адно цярпеннне – быць самотным. І ніхто ад яго не ўцячэ. Нават акружаны іншымі,  чалавек ёсць адзін у хвіліну нараджэння і ў хвіліну смерці, адзін у многіх жыццёвых сітуацыях і рашэннях. Тыя, хто не можа вынесці цяжару самотнасці,  напаўняюць жыццё шумам і рухамі, каб толькі штосьці навокал адбывалася і было шумна. Радыё, тэлебачанне, музыка, інтэрнэт і яго сацыяльныя сеткі выкарыстоўваюцца многімі людзьмі як сродак супраць самотнасці.

Самотнасць многія лічаць за праклён. Нават Біблія гаворыць, што самотнасць можа быць вялікім няшчасцем, што бяда самотнаму чалавеку, бо не зможа добра развівацца. У Кнізе Псальмаў прыгнечаны чалавек звяртаецца да Бога: “Узглянь на мяне і змілуйся нада мной, бо я самотны і няшчасны” (Пс 25,16). Самотнасць часта вядзе да незадаволенасці жыццём, да пачуцця бессэнсоўнасці. Мудрэц Кахэлет прызнае: “Але самотнаму бяда калі ўпадзе, а няма другога, які б яго падняў” (Ках 4, 10).

Балеснае пачуццё самотнасці праяўляецца часта ўжо ў дзяцінстве, маленькае дзіцятка плачам прызывае блізкіх, каб не быць самотным. Потым самотнасць праяўляецца ў цяжкасці выразіць думку, навязаць кантакты і супрацоўнічаць з іншымі. Таксама і дарослы чалавек: каб не быць самотным, шукае кампаніі. Людзі заўсёды патрабуюць супольнасці з іншымі. Ад рэалізацыі гэтай патрэбы залежыць здароў’е чалавека. Таму кожны ў сваім жыцці прыкладае шмат намаганняў, каб не трапіць у глыбокую студню самотнасці. Страх перад самотнасцю можа быць такі вялікі, што часам людзі гатовыя выкарыстаць недазволеныя сродкі, каб толькі ўцячы ад самотнасці, трапляюць у  небяспечныя кампаніі, пачынаюць ужываць алкаголь, наркотыкі.

 

Што з’яўляецца прычынай самотнасці?f-str-15

Прычынай самотнасці можа быць асабовасць, характар чалавека. Адным перашкаджае ў прыбліжэнні да другіх людзей няўпэўненасць у сабе, боязь, маўляў, ці зразумеюць мяне іншыя? Таксама прычынай можа быць нясмеласць, спосаб выхавання (бацькі заўсёды прыпаміналі: не давярай нікому, яны хочуць выкарыстаць цябе, спа-дзявайся толькі на сябе). У самотнасці ўкрываецца часта страх перад хваробай, калецтвам, смерцю. Пачуццё пакінутасці людзей самотных становіцца прычынай многіх стрэсаў, дэпрэсій, хвароб. Трэба памятаць і аб тым, што ёсць людзі грамадска самотныя, якія выбіраюць самотнасць як вольнасць і камфорт. У такой самотнасці эгаізм, асабістае “я” запаўняе ўсё: няма сям”і, не трэба клапаціцца пра іншых, чалавек адчувае сябе вольным у выкарыстанні  свайго часу і сваіх матэрыяльных сродкаў. Такая самотнасць закрываецца ў сценах асабістага эгаізму і губляе з поля бачання іншых.

 

Якія наступствы самотнасці?

Чалавек, які прабывае ў сваей самотнасці, траціць здольнасць нармальнай камунікацыі з другімі. Чым меньш магу зацікавіць іншых сабою, тым меньш годным увагі сябе адчуваю і сапраўды меньш годным увагі станаўлюся для іншых. Таму самотны чалавек можа адчуваць сябе бязвартасным і хутка становіцца ахвярай сваей самотнасці. “Для каго?” – часта пытаюць людзі самотныя.

 

Што чалавек траціць, уваходзячы ў самотнасць?

У самотнасці чалавек траціць перадусім пачуццё прыналежнасці да кагосьці. Таксама траціць давер да сябе і да іншых. Віну за гэты стан шукае ў сабе і ў іншых і памалу даходзіць да пераканання, што нікога не цікавіць, што з ім  будзе далей.

 

Хрысціянскі «рэцэпт» ад самотнасціf-str-16

Веруючыя людзі бываюць самыя, але яны не асамотненыя. З імі заўсёды Бог. Сакрэт перамогі над самотнасцю знаходзіцца ў сіле прабівання, якую мае любячае сэрца Бога і чалавека. Толькі той, хто любіць, не будзе самотным, бо ён жыве для кагосьці. Бог любіць кожнага з нас і Яго любоў можа і нас вызваліць ад самотнасці. Трэба толькі адкрыцца спачатку на Бога, а потым на людзей. З самотнасцю трэба навучыцца жыць, не адкідаючы, аднак, магчымасці выходзіць да іншых, не чакаючы, пакуль хтосьці іншы зробіць гэта за цябе.

Звычайна не маем часу прабываць з сабой. А калі з’яўляецца самотнасць, тады аказваецца, што на самой справе маем шмат часу для сябе. А калі маем час на прабыванне з сабою, то атрымоўваем дар прабывання з Богам. Творчае перажыванне самотнасці адкрыла ў многіх таленты іх творчай асабовасці, на якія дагэтуль не мелі часу.

Вялікай дапамогай у творчым перажыванні самотнасці з’яўляецца малітва да Бога, Які заўсёды прысутны і чакае кожнага. Самотны кантакт з Богам прыносіць выцішанасць і дапамагае ўпарадкаваць жыццё. Многія ў самотнасці адкрываюць вялікую вартасць служэння іншым. У самотнасці чалавек больш адкрываецца на бліжніх, лепей усведамляе, што сам з’яўляецца істотай грамадскай, сумуе па кампаніі, гатовы на кантакт.

Самотнасць патрэбна нам і для вяртання ў нас раўнавагі паміж нашым унутраным і знешнім светам. Жыццё без самотнасці і цішыні шкодзіць чалавеку. Без цішыні няма у нас адпаведнай ацэнкі сябе і асяроддзя, у якім жывём. Перажыванне самотнасці вызваляе ад бессэнсоўнага кружэння толькі вакол сябе. У нашай самотнасці мы становімся здольнымі да сапраўднай гасціннасці, прыняцця тых, хто адчувае балесны стан асабістай загубленасці.

У самотнасці мы сумуем па любові. І дарастаем да яе прымання і праяўлення.  Самотнасць не столькі нас ад іншых аддзяляе, колькі прыбліжае. Таму самотнасць можа быць і благаславенствам. Бог часам дапускае самотнасць чалавека для яго дабра, каб памятаў пра Бога. Самотнасць прымушае да глыбейшага разважання над папярэднім жыццём і да змены жыцця. Самотнасць ачышчае чалавека ад эгаізму, які перад гэтым аддзяляў яго ад блізкіх. У самотнасці чалавек разважае вартасць датыхчасовых сяброўстваў і знаёмасці. Таму нават прымусовая самотнасць можа стаць аказіяй адарвацца ад ілгуноў, пляткароў і падлізаў і трэзва, аб’ектыўна ацаніць тое, што навокал нас. Як ні дзіўна гэта можа здавацца, аднак ёсць людзі, якія свядома імкнуцца да самотнасці. Святы Бруно, які жыў у XI ст., заснаваў закон Картузаў. У манастырах гэтага закону шмат часу праходзіць у самотнасці, але ніхто не адчувае там сябе сапраўды самотным. Таксама і ўсе вялікія творцы шукалі самотнасці для канцэнтрацыі думкі і для адпачынку. Таксама і жыццё духоўнае патрабуе самотнасці. Каб магчы разважаць, маліцца, весці місіі ў Касцёле.

Пратэстанцкі філосаф К’еркегор сцвярджаў, што самотнасць для хрысціяніна з’яўляецца неабходнасцю для нашага жыцця духоўнага, так як ежа ці сон для  жыцця цялеснага. Перадусім самотнасць з’яўляецца асаблівым станам, дзе чалавек лягчэй можа спаткаць Бога. Вялікія Божыя аб’яўленні адбываліся ў самотнасці. На пустыні пад гарой Гарэб Майсей спаткаў Бога ў пылаючым кусце, які не згараў. Прарок Ілля не спаткаў Бога ў шуме, ані падчас неспадзяванай віхуры і землятрусу. Спаткаў Яго ў шуме лагоднага павеву. Праз прарока Ісаю Бог прыпамінаў Ізраэлю: “У навяртанні і спакоі ваш паратунак, у цішыні і даверы ваша сіла” (Іс 30, 15). Бог ад прарокаў патрабаваў жыцця ў самотнасці, каб іх стыль жыцця і іх слова былі пераканаўчымі. І Сам Езус Хрыстус шматразова шукаў самотнасці: перад тым, як цудоўна размножыў хлеб (Мц 14,13), калі адыходзіў на малітву (Лк 9, 18), калі выясняў вучням значэнне прыпавесці (Мк 4,34). Таксама тысячы першых хрысціянаў ішлі ў пустыню на малітву, каб весці жыццё кантэмпляцыйнае.

Трэба ўвайсці ў самотнасць, каб усвядоміць сабе, што на самой справе чалавек не ёсць самотны, што Бог заўсёды з намі. Што Ён нас не пакіне, што ў кожным няшчасці нам дапаможа, кожны раз, калі толькі мы Яго прызавём. Хрысціянін мае вялікі патэнцыял, каб самотнасць для яго была пазітыўнай, каб нясла цішыню, супакой і радасць.

Самотнасць, перажываная па-Божаму, можа выдаць добрыя плады ў жыцці кожнага з нас. Касцёлу і грамадству вельмі патрэбныя сведкі таго, што нават у самотным жыцці можна поўнасцю самарэалізавацца. Патрэбныя асабліва сёння, калі многія  не могуць справіцца са сваёй сітуацыяй самотнасці. І такіх людзей становіцца ўсё больш. Апрача тых, хто па розных прычынах не звязаны сужанствам, групу самотных павялічваюць і тыя, чые сем’і “разышліся”. Таму фармаванне добрых і сапраўды хрысціянскіх узораў самотнага жыцця карысна для ўсяго грамадства, а недахоп такіх прыкладаў, на жаль, запускае механізм прароцтва, якое спаўняецца. Хто адразу прызнае, што ў сваім самотным стане не зможа самарэалізавацца і не знойдзе шчасця, той звычайна так “уладжвае” сваё жыццё, што найгоршыя яго прадбачанні спаўняюцца. А паколькі ніхто не жыве толькі “на свой кошт”, то такі чалавек сваёй горыччу будзе заражаць і сваё акружэнне. Можа здарыцца так, што хтосьці, кіраваны страхам перад самотнасцю, “уцякае” ў сужэнства, не зважаючы ні на выбар партнёра, ні на якія іншыя абставіны, таму няма дзіўнага,  што пасля  ў такім сужанстве бывае многа балесных расчараванняў. Ад часу, калі сам Сын Божы прыйшоў на зямлю як чалавек самотны, мы пазналі самотнасць благаслаўлёную, самотнасць, якая робіць магчымай рэалізацыю такіх справаў любові, якія зазвычай перавышаюць магчымасці людзей, звязаных сямейнымі абавязкамі.

Можна гэта параўнаць з пабудовай дому. Калі канкрэтныя сем’і з’яўляюцца нібы цаглінамі, з якіх будуюцца вялікія людскія супольнасці, то самотныя людзі, якія стараюцца жыць не толькі для сябе, выконваюць ролю цэменту, што злучае асобныя цагліны.

 

 

 

Кс. доктар Юрый ПАВАЙБА.

Фота Карнэлія КОНСЭКА,SVD


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий