СДМ у Кракаве: рыхтуемся!

З 20 па 31 ліпеня б.г. у г. Кракаў (Польшча) адбудзецца ХХХІ Сусветны дзень моладзі. Гэта – важная касцёльная падзея, якая ўжо традыцыйна збірае мільёны маладых людзей з усяго свету. Першыя Сусветныя дні моладзі ў Каталіцкім Касцёле пачаў св. Ян Павел ІІ, які адкрыў вялікую неабходнасць збіраць моладзь з розных краін разам. У СДМ-2016 у Кракаве  прымуць удзел каля пяці тысяч беларускіх католікаў. Як рыхтуюцца яны да падзеі? Чаго ад яе чакаюць? Якія  мары звязваюць з падарожжам у горад святога Яна Паўла II – аб гэтым артыкул, падрыхтаваны сястрой Таццянай, SJE з Браслава.  

 

Вечныя шлюбы. Полацк

Вечныя шлюбы. Полацк

 

 

Некалькі  слоў, дазвольце, скажу адразу пра сябе. На сённяшні  дзень працую  ў  Браславе. У маладым узросце  пачула голас Хрыста, Які клікаў мяне да манаскага жыцця ў Кангрэгацыі  Сясцёр  Эўхарыстак. Асабіста для мяне жыццё, прысвечанае Богу, –  гэта дапамога для рэалізавання таго, чаго хоча ад мяне Ён. Яно робіць маё сэрца вольным,  і Богу  лягчэй кіраваць  маім  жыццём, накіроўваць да тых людзей, да каго Ён хоча, і  дапамагаць  праз мяне ім.
Асновай  нашага  жыцця  з’яўляецца малітва і служба іншым людзям. Адным з маіх служэнняў у манаскім жыцці ёсць праца з моладдзю, якую я вельмі люблю. Шмат мы перажылі разам: летнікі з дзецьмі і моладдзю, пілігрымкі, адпачынак у  Польшчы, вандроўкі  са скаўтамі,  удзел  у  спатканні  моладзі у духу Тэзэ, чуванні, і інш., і інш..

Разам з моладдзю па дарозе на Спатканне Тэзэ ў Празе. Будапешт, 2014 г.

Разам з моладдзю па дарозе на Спатканне Тэзэ
ў Празе. Будапешт, 2014 г.

Ужо некалькі гадоў амаль увесь каталіцкі свет рыхтуецца да Сусветнага дня моладзі ў Кракаве. Паколькі я працую з моладдзю,   мяне  гэтая  тэма   вельмі цікавіць і  хвалюе.  Я сама ўдзельнічала ў СДМ у Кёльне ў 2005 годзе і ўжо некалькі гадоў разам  з  групай  маладых лю-дзей  прымаем  удзел у навагодніх  сустрэчах  моладзі  ТЭЗЭ, таму ведаю, наколькі важныя такія сустрэчы і які плён могуць прынесці ў жыцці чалавека.
Але таксама бачу неабходнасць добрай падрыхтоўкі моладзі да паездкі, таму вельмі радасна, што ёсць магчымасць карыстацца матэрыяламі і ўсім тым,  што робяць іншыя. Напрыклад, гімн гэтай сустрэчы вельмі захапіў моладзь. Разважаем на сустрэчах моладзі на тэму Божай Міласэрнасці і дэ-візам СДМ: “Шчаслівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць”  (Мц 5,8)…

Спатканне моладзі, 2015 г.

Спатканне моладзі, 2015 г.

Запланавана, што прадстаўнікі нашай парафіі едуць у горад  Скаржыск  з 20 па 25 ліпеня,  дзе нас чакаюць. Там таксама ёсць група моладзі, з якой  марым пасябраваць, пакуль што толькі “лістуемся” і дасылаем адзін аднаму фота-здымкі. З  імі  разам,  маю  на-дзею, паедзем ў Кракаў, там бу-дзем з 26 па 31 ліпеня. Канешне, кожны чакае сустрэчу з Папам  Францыскам, ну і, канешне,  з каталіцкай моладдзю ўсяго свету. Са свайго боку, я малюся за тых, хто паедзе ў нашай групе, каб не змарнавалі вызначаны  час, каб гэтая сустрэча змяніла іх жыццё. Ведаю, што і іх сэрцы напоўнены зараз малітвай. Вось што расказаў наконт сябе будучы ўдзельнік паездкі з нашай парафіі Яўген Кажаронак:Яуген Кажаронак
– Ад гэтай сустрэчы я чакаю паглыблення сваёй веры, падказкі, якім шляхам павінен ісці па жыцці. Перажыць сустрэчу моладзі жадаю ў супакоі разам з моладдзю ўсяго свету, а таксама з Папам Францішкам. Прыгатаванне маё вельмі сур’ёзнае і напоўнена Духам малітвы. Сустрэча з Папам Рымскім – гэта мара кожнага католіка, але яна не заўсёды можа здзейсніцца. Калі я быў маленькі, мая старэйшая сястраВольгабыла на сустрэчы моладзі ў Кёльне са Святым Айцом  Бэнэдыктам ХVI.  У той час я яшчэ не разумеў яе шчасця і радасці, якую яна атрымала ад той падзеі. А цяпер, калі да сустрэчы са Святым Айцом Францішкам застаецца зусім мала часу, мяне не пакідае мара ўдзелу ў гэтай сустрэчы, хочацца асабіста прывітаць Папу Рымскага, памаліцца з моладдзю ўсіх краін і падзякаваць Богу за веру і дар жыцця.
Так, калі мы разважаем аб сэнсе жыцця на сваіх парафіяльных сустрэчах з моладдзю, калі звяртаемся да постаці Бога –  адзінага даўцы жыцця, усім зразумела, што  маладыя католікі іншых кантынентаў маюць прыкладна такія ж перакананні. Але бачыць іх, як кажуць, на свае вочы, размаўляць, прымаць удзел ў агульных мерапрыемствах – гэта, канешне, зусім іншае ўспрыманне сябе і свету.

Маргарыта ГанчарТаму, калі Маргарыту Ганчар  спыталі аб яе асабістых чаканнях ад СДМ-2016, то яна ў першую чаргу адзначыла, што для яе гэта будзе час, які дапаможа бліжэй пазнаёміцца з Богам, атрымаць у Яго адказы на ўсе хвалюючыя пытанні, а таксама прыгожа і прыемна  правесці час з моладдзю з усяго свету. Маргарыта стараецца  падрыхтавацца да гэтай сустрэчы не толькі фізічна, але і маральна. І ў гэтым, падкрэсліла яна,  дапамагаюць малітвы, споведзь, а таксама гутаркі з законнымі сёстрамі.
Прызнаюся, мне таксама прыемна працаваць з моладдзю. Хоць свет зараз і  складаны, многа спакусаў, у якія часам  трапляюць па розных прычынах маладыя людзі, але мне падабаецца тое, што  наша хрысціянская моладзь не баіцца, не саромеецца мець свой, хрысціянскі погляд на жыццё, кіравацца Божымі Запаведзямі і не хавае  сваіх перакананняў! 

Яна ГалаваткаРазважаючы пра  гэта, Яна Галаватка з Барысава прызналася, што, калі была яшчэ ў малодшым узросце і бачыла, як старэйшая моладзь збіраецца на СДМ, то і сама чакала, калі прыйдзе час і яна апыніцца на падобнай  сустрэчы. У сучасным свеце хрысціянскай моладзі не так проста быць “іншымі” сярод іншых, але такія глабальныя сустрэчы паказваюць, што ты не адзін, што у цябе ёсць браты і сёстры амаль што па ўсім свеце. “Я думаю, – падкрэсліла Яна, – што менавіта зараз нам не хапае гэтага адзінства, сапраўднай радасці і шчырасці. Спадзяюся, што для мяне сустрэча ў Кракаве не будзе дармовым часам. Бо, калі мы разам, мы змяняем свет, але свет не можа змяніць нас”.

Викторыя МитрофановаВікторыя Мітрафанава з Міёраў збіраецца ўдзельнічаць у СДМ у Кракаве, ставячы перад сабою мэты: паглыбіць сваю веру, змяніць погляды на тое, што адбываецца ў асабістым жыцці, зазірнуць  у  сябе,  распазнаць волю Бога ў сваім жыцці,  узяць  нешта  карыснае  ад  іншых, пазнаёміцца  з  цікавымі людзьмі,  атрымаць прыемныя  ўражанні.  Актыўна рыхтуецца, чытае  матэрыялы  з мінулых такіх сустрэч, прачытала біяграфію і артыкулы пра Папу Францыска, з якім марыць сустрэцца.
…Відаць, зараз кожны малады  вернік, нават той, хто будзе сачыць за падзеямі Сусветнага  дня  моладзі ў Кракаве па паведамленнях СМІ, жыве  чаканнем гэтага форуму,  бо маладосць – гэта абавязкова мары і надзеі, гэта  планы на сваю будучыню, а яшчэ – узрастанне ў веры, узмацненне  даверу Міласэрнаму Богу.  Зараз, у Год Божай Міласэрнасці, асабліва адчуваем патрэбу быць бліжэй адзін да аднаго, дапамагаць бліжняму, ствараць  навокал  такую  атмасферу  даверу  і любові, якая  спрыяе міру і супакою,  вучобе  і творчай працы.  Адным  словам, рыхтуемся!

 

 с. Таццяна ГМЫЗА, SJE.
Фота з архіва парафіі Нараджэння Маці Божай.
 г. Браслаў.


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий