Скарб вялікай вартасці

Str-12

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

«… Святы Дух абуджае ў пажылых людзях мудрыя думкі і словы: іх голас — каштоўны, бо ўзносіць гімн хвалы Богу і захоўвае карані народаў”. Гэтыя словы належаць  Папе Францішку, які ўстанавіў Сусветны дзень дзядуляў, бабуль і пажылых людзей. Ён будзе адзначацца ва ўсім Касцёле штогод ў чацвёртую нядзелю ліпеня, блізка да літургічнага ўспаміну святых Яўхіма і Ганны – дзядулі і бабулі Езуса. Сёлета гэты дзень прыпадае на 25 ліпеня, тэма яго – “Я з вамі ва ўсе дні” (Мц 28, 20).

 

 

…Што ні кажыце, а ўсё ж за Часлава  Рачыцкага любая дзяўчына замуж пайшла б: набожны, сталы, прыгожы, на гаспадарцы усялякую работу выконвае, музыкант і спявак; дзе вяселле, ці іншыя вясёлыя бяседы – Чэсь разам з суседам Болесем Буртовічам  запрошаныя абавязкова. А што яшчэ было цэнным – з вельмі працоўнай (нават  казалі, «заможнай») сям’і.

 

Пра сябеf-str-13

– Мае тата з мамаю, – паслядоўна пачаў свой успамін 87-гадовы мужчына, –  самі былі вельмі набожнымі. Нас малых (усіх было васьмёра, але выгадаваліся, на жаль, не ўсе), бывала, па чарзе бралі на рукі і, паказваючы абразы на покуці,  тлумачылі: гэта – Маці Божая, гэта –  Святы Юзаф, а гэта Сын іх – Езус Хрыстус, і разам  з намі маліліся. Тата з хаты ніколі не выйшаў, не перажагнаўшыся.

 Род  Рачыцкіх  паходзіў  з  Будслава, і  тата  наш  быў гаспадар  добры, дбайны.Узяў на хутары Якубова  зямлю ў пана ў арэнду, а пасля па кавалку весь час дабаўляў: габрэям лён прадасць – зямлі купіць. І так да 20 гектараў дайшло; лес свой  таксама меў. Думаў, мае  чатыры  сыны, кожнаму трэба будзе які-небудзь хутарок  даць. І  пра пасаг дачцы думаў. Гэтую самую хату яны з братам сваім Альфонсам збудавалі, як многія на той  час, – на два канцы, бо ў кожнага свая сям’я. Добра жылі. Амбары, свірны, хлявы, каровы, коні, свінні, авечкі  – мелі ўсё. Ну а пасля гістарычныя часы ўсё, можна сказаць,  і зруйнавалі… Вайна скончылася, дзякаваць Богу, але  колькі  бяды  людзям пакінула. Мае два старэйшыя браты – Тэафіл  і Ўладыслаў –  маладымі былі забраныя немцамі ў Германію, ніхто не ведаў, дзе яны; мама моцна плакала, што  недзе  загінулі. Стрыечную сястру Эльжбету таксама забралі ў Германію, і пра яе родныя  нічога не ведалі. А тут ужо і 48-ы год прыйшоў, калгасы пачалі арганізоўваць. Тата адразу не хацеў уступаць у яго, але як аблажылі гаспадарку падаткамі, вымушаны быў ўсё прадаць, каб разлічыцца, а пасля ўлады пачалі яшчэ пагражаць “Салаўкамі”  з  белымі мядзведзямі, – згадзіўся, хоць і плачучы. З нашага хлява вывелі аж трое коней! Ну і ўсё астатняе, канечне, забралі, нават не далі сабраць азімыя, што былі пасеяны, пакінулі толькі 30 сотак зямлі.

Падчас шлюбу ў касцёле Ўнебаўзяцця Найсвяцейшай  Панны Марыі  ў Мёрах 16 верасня 1962 года

Падчас шлюбу ў касцёле Ўнебаўзяцця Найсвяцейшай
Панны Марыі ў Мёрах 16 верасня 1962 года

Ну і засталіся мы – старэйшы брат Юзаф, сястра Эвеліна і я  – разам з бацькамі ў калгасе. Пра паляводства няма чаго нават казаць –  усе працавалі за “трудадні” і нічога не мелі. У канцы года кіраўніцтва  нібыта павінна было разлічвацца за працу, але і калгас той нічога не меў. Вялікая частка моладзі вербавалася ў Карэлію на лесараспрацоўкі.  Хацеў выехаць на заробкі і я, але мама не дала згоду, пачала моцна плакаць, і я застаўся дома. 

Часлаў Рачыцкі застаўся дома, каб замяніць з цягам часу бацьку, які заўчасна памёр,  стаць надзейнай апорай для маці і звіць на бацькаўшчыне сваё гняздо. Прывычны да працы з дзяцінства, ён скончыў курсы механізатараў і ўдала працаваў з  усімі відамі сельскагаспадарчай  тэхнікі;  вясёлы і кантактны, самастойна авалодаў ігрою на скрыпцы і гармоніку (дарэчы, уся сям’я да музыкі была здольная: бацька іграў на гармоніку, Тэафіл – на акардыёне, Уладыслаў – на скрыпцы, сястра Эвеліна – на балалайцы);  выхаваны  ў праўдзе веры, ён узначаліць намаганні мясцовых католікаў у справе адраджэння Касцёла. Але на гэта яшчэ прыйдзе час

Часлаў і Марыя Рачыцкія.  Здымак 1970 г.

Часлаў і Марыя Рачыцкія. Здымак 1970 г.

 

    Пра Марысю

– Касцёла паблізу ў нас не было, – працягвае  гаспадар ся-дзібы, – і ездзіць даводзілася у Мёры, Браслаў, Глыбокае. З Якубова пехатой ішлі да Шаркаўшчыны, на чыгунку, дамаўляліся з машыністам  якога-небудзь таварнага цягніка, каб даехаць у Мёры. Сёння гэта можа паказацца дзіўным, але мы ведалі прыкладны расклад руху цягнікоў, нас сапраўды бралі, і мы так ездзілі!  Кожная святая Імша ў касцёле была для мяне вялікай і пажаданай падзеяй. Справа ў тым, па-першае, што кс. Ян Грабоўскі, які ў 1956 годзе вярнуўся са зняволення, чамусьці мяне заўважыў і прапанаваў стаць харыстам. Адразу я засумняваўся, але пасля таго, як мяне  паслухаў арганіст, родны брат пробашча, прафесійны музыкант Казімір Грабоўскі, мае адгаворкі не прымаліся, і я навучыўся спяваць  і на латыні, і на  польскай мове. У час святой Камуніі мне было даверана сольна выконваць “Агнуз Дэі” (“Баранак Божы”). Дарэчы, кожны з харыстаў вёў сваю партыю, атрымоўвалася ў нас добра, і гэта вельмі цешыла душу. Спявалі мы не толькі падчас літургіі, але і перад пачаткам святой Імшы, пакуль вернікі запаўняюць храм, і пасля святой Імшы, калі паціху разыходзяцца… Хвалілі Пана Бога, звярталіся да Маці Божай – тэкстаў я ведаў шмат.

З малодшым сынам  Рамуальдам. Здымак 1985 г.

З малодшым сынам
Рамуальдам. Здымак 1985 г.

Па-другое, была ў мяне яшчэ адна прычына, якая надавала зацікаўленасці ў абавязковым наведванні касцёла ў Мёрах, – Марыся. Маладзенькая  і прыгожая дзяўчынка, якая заўсёды была ў касцёле: расстаўляла кветкі, прыбірала, упрыгожвала, нешта ў закрыстыі запісвала… Назіраў за ёю і зачароўваўся яе сціпласцю і далікатнасцю. Заўважаў, што яна хоць маладая, але моцна набожная…

Аднойчы такі выпадак здарыўся. Падвозіў я (на падводзе) кс. Яна да нябожчыка ў суседнюю вёску, а пасля заехалі на хвіліну да нас на хутар. Разгаварыліся, акурат мая сястра  (яна была ўжо замужам, жыла асобна) прыйшла адведаць маму. І кажа яна пробашчу: “Цяжка зараз нашаму Чэсеку, мама зрок згубіла, аперацыю перанесла…”. А  ксёндз, доўга не чакаўшы: “То трэба жаніцца. Я нават маю дзяўчынку на прыкмеце, хіба можа замаладая…”. “То хіба ксёндз Ян сватам будзе?” – пажартаваў я.

Сватам кс. Ян у мяне, пэўна ж,  не быў, але шлюб з Марысяй, тою самаю “дзяўчынкаю на прыкмеце”,  якая была на дзесяць гадоў малодшаю за мяне, благаславіў. Гэта адбылося ў касцёле Ўнебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мёрах 16 верасня 1962 года.  58 гадоў разам. Траіх дзяцей выгадавалі, маем унукаў і праўнукаў.

50-годдзе сужэнскага жыцця, залатое вяселле. 15 верасня 2012 года.

50-годдзе сужэнскага жыцця, залатое вяселле. 15 верасня 2012 года.

…У Драздовічаў (дзявочае прозвішча Марысі)было чацвёра дзяцей, але ні ў піянеры, ні ў камсамол не ўступалі – верылі ў Бога. У яе класе рыхтаваўся адкрыты ўрок, усіх папярэдзілі, каб абавязкова былі ў гальштуках. Дзяўчынка прыйшла дамоў, сказала маме, мама – тату. А ён: “Марыся, тут нічога страшнага няма, можна і павязаць. Але ж гэта няпраўда, усе ведаюць, што ты не піянерка”. Марыся падумала: і праўда, гэта ж будзе хлусня. Назаўтра ў школе важатая ўсё ж павязала Марысі гальштук, але як толькі выйшла з класа – дзяўчынка схавала яго ў парту. Адзін з хлопчыкаў не стрымаўся: “А Марыся схавала…”. Важатая вярнулася і зноў павязала вучаніцы гальштук. Гэта ўшчэнт раз’юшыла Марысю, і яна швырганула  гальштук на падлогу. “Нахалка, нахалка”, – крычала важатая… Дзяўчынку адразу выклікалі  да дошкі…

Праз тры гады – другі выпадак, урок гісторыі ў 7-м класе. Настаўнік задае пытанне: “Марыся Драздовіч, ці ёсць Бог на свеце?”. “Ёсць!”– цвёрда адказвае дзяўчынка. “За такі адказ магу табе двойку паставіць”, – закіпае настаўнік. “Можаце і адзінку, – кажа Марыся, – але ж я не вінаватая, што Бог ёсць!”. f-str16

“Калі будуць вас ненавідзець, калі будуць вам здраджваць за імя Маё ­– не бойцеся!”. Словы Езуса Хрыста  Марыся ўспомніць яшчэ многа разоў, ідучы на “разборкі” ужо не за сябе: спачатку – за Віктара, старэйшага сына, пасля – за Рамуальда. Розніца ва ўзросце між сынамі трынаццаць гадоў, а прычына ўсё тая ж: піянеры… Не зачапілі чамусьці толькі сярэднюю Аню…

 

 “Не адступай, Чэсек!”

…У 1963 годзе савецкія ўлады разбурылі касцёл у Шаркаўшчыне, храм перастаў існаваць, але не перастала існаваць вера ў людскіх сэрцах. Больш таго, парафіяне захавалі надзею на аднаўленне  веры і касцёла, і лісты ад імя вернікаў з просьбамі аб рэгістрацыі парафіі, дазваленні на будаўніцтва новага касцёла, а таксама аб накіраванні святара для духоўнага акармлення мясцовых католікаў праз некаторы час паляцелі ў Віцебск, Мінск, Маскву.f-str-16-2

– Нам адказвалі, – не без хвалявання ўспамінае Часлаў Рачыцкі, –  вашая заява накіравана для разгляду (і па чарзе): з Масквы – у Мінск, з Мінска –  у Віцебск, з Віцебска – у Шаркаўшчыну. Пасля мяне вызывае раённае начальства, камісія па заканадаўству аб рэлігійных культах, або сабяруць выканаўчы камітэт, і райсавет, і гарсавет, і сельскі савет і пачынаюць “спавядаць” па-свойму: маўляў, не парушай Канстытуцыю. А ці ж я парушаю?.. Словам, не адзін раз  пісаў я лісты, і не адзін раз выносілася “рашэнне” мясцовымі ўладамі: то вам павінны даць гатовае культавае памяшканне (а паколькі такога  няма – забярыце былую бальніцу на былой паншчыне, за Шаркаўшчынай), то самі будуйце… Дзе будаваць? І называюць месцы – як на здзек – для гэтай мэты самыя непрыгодныя… Я  не зга-джаўся. Тады кажуць, дамаўляйцеся з лясніцтвам, каб вам зруб зрабілі, а пасля – перавязіце…А хіба ж гэта не здзек? Урэшце,  знайшлі-такі месца для храма,  у  цэнтры!  Далей:  за якія сродкі будаваць? Паехаў я да Казіміра Свёнтка ў Пінск. Кардынал  пад трымаў ідэю будаўніцтва, і ў 1989 годзе кс. Юзаф Булька ў  Мосары цэлебраваў святую Імшу ў інтэнцыі адраджэння нашай парафіі. Пасля кс. Юзаф многа разоў цэлебраваў  імшу  на могілках у Шаркаўшчыне, дзе  мы  зрабілі часовае  месца  для малітвы, пазней прывёз  фігурку  Маці Божай, і пайшлі мы з працягнутаю рукою па ўсёй Шаркаўшчыне, па навакольных вёсках – хто колькі ахвяруе.

Часлаў і Марыя Рачыцкія,  чэрвень 2021 года

Часлаў і Марыя Рачыцкія, чэрвень 2021 года

“Не адступай, Чэсек!”, – падказваў мне нейкі ўнутраны голас, і я штодня маліўся, звяртаўся за благаслаўленнем да Маці Божай, да Святога Юзафа, да Сына Божага Езуса Хрыста і разам з іншымі  вернікамі дамагаўся, каб святыня ў Шаркаўшчыне хутчэй адчыніла дзверы, а людзі каб хутчэй душу сваю адагрэлі. Пасля вялікіх намаганняў, у ліпені 1991 г. былі зарэгістраваны парафія і касцёльны камітэт, мяне абралі старшынёю. Праз год пачалося будаўніцтва касцёла, а ў 1995-м святыня была асвечана.

Як цэнную рэліквію захоўвае былы  старшыня касцёльнага камітэту благаслаўленне ад Папы Рымскага, Святога Яна Паўла II  і сам  моцна дзякуе Богу за дар жыцця, за тое, што клікаў яго ісці дарогамі веры, дапамагаючы расчышчаць тыя дарогі іншым. Дзякуе за лёс, за Марысю, за дзяцей, за ўнукаў і праўнукаў. Цешыцца, што сёння  сын  Рамуальд жыве клопатам касцёльнай супольнасці, займаючы тую ж пасаду, што калісьці займаў  Рачыцкі-бацька.

 

…Пакідалі мы гасцінных гаспадароў  сядзібы  на  хутары Якубова  – Часлава  Віктаравіча  і  Марыю  Францаўну  Рачыцкіх,  як  пакідаюць тых, каго даўно ведаюць і  чыя жыццёвая пастава  вельмі  простая і зразумелая. Сапраўды, жыццё гэтых дваіх, што  амаль шэсць дзесяцігоддзяў  таму  сустрэліся  ў  Мёрскім касцёле, стала скарбам духоўнай вартасці, з якога могуць і павінны чэрпаць іншыя. І не толькі  і х  родныя.

 

 

Раіса СУШКО.

Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD

 і з фотаальбомаў сям’і Рачыцкіх.  

Віцебская вобласць


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий